Ля аднаго вогнішча
Шрифт:
Абставіны вымушаюць па-грамадзянску пільна ўзірацца ў стракатую панараму навакольнага свету, у якім адбываюцца трывожныя перамены: «кароткае чалавечае жыццё, — паводле слоў С. Залыгіна, — можа цяпер аказацца больш працяглым, чым прырода, якая існуе ў сваёй нязменнасці тысячы год» (Правда, 1980, 10 сакавіка).
У абсягу гэтай тэмы А. Вярцінскім напісаны розныя творы.
У сувязі з крытыкай некаторых выдаткаў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі хочацца ўспомніць яго паэму «Начны бераг». Твор гэты прэтэндуе на праблемнасць гучання. Аўтар на прыкладзе ракі Сож хоча паказаць, да чаго прыводзяць занадта «валявыя» адносіны да прыроды, да эксплуатацыі яе багаццяў.
Для нас прырода — маці, хоць і маці строгая, суровая. Якія ж мы, калі з мячом ідзём, накшталт варожай раці, скараць і рабаваць багацці (чые багацці? — роднай маці!). Сук, на якім сядзім, сячом!Гэта правільна, але выхад паэта на праблему, як вынікае з паэмы, з’яўляецца ў многім выпадковым. На самай справе, а калі б не адбылося так, што герою паэмы не хапіла месца ў гасцініцы і каб ён не вымушаны быў правесці ноч на беразе Сожа, дык і не заўважыў бы, што «плёнка брудна-тлустая пагойдваецца на вадзе». Не ўпрыгожваюць паэму і такія радкі: «прыйшоў на пушкінскі я круг», следам за якімі цытуюцца словы Пушкіна «Восстань, пророк, и виждь, и внемли». І ёсць усё-такі ў паэме — пры паўторным чытанні ў гэтым пераконваешся — значная доза экалагічнага песімізму, заснаванага на нейкай асабістай крыўдзе:
Адплата йдзе… Чытаю ў прэсе (ты не чытаеш, Сож, газет?): «На самай воднейшай з планет вады хапаць не будзе прэснай…» Была, плыла, цякла вякамі, і больш не будзе тых крыніц, і будзе ўся зямля, як каня, прасіць адчайна: «Піць-піць-піць!»І ўсё ж такі ў гэтых радках шмат праўды. Некалі Пушкін сказаў: «равнодушная природа». Сёння так пра яе не скажаш, таму што прырода востра адчувае прысутнасць чалавека ў свеце, і гэта ісціна добра вядома беларускім паэтам, якія імкнуцца глыбей асэнсаваць адзінства чалавека і прыроды, іх супольны лёс.
А. Вярцінскі не стамляецца сцвярджаць чалавека маральна актыўнага, багатага на любоў да жыцця.
Паміраюць ад кулі шалёнай, ад вады, ад жуды, ад бяды. І яшчэ — ад зялёнай-зялёнай, ад зялёнай, як раска, нуды.І гэта яшчэ адзін з аспектаў яго маральнай канцэпцыі: не стой у баку ад жыцця, абараняй справядлівасць, дзярзай!
Яго паэзія звязана з развіццём псіхалагічна заглыбленага, аналітычнага стылю. Маральнае быццё чалавека, свет яго духоўнай дзейнасці — вось што асабліва цікавіць паэта. Адным з асноўных законаў мастацтва для яго з’яўляецца, паводле ўласнага прызнання, «закон пераходу энергіі любві, маральнай энергіі ў ідэйна-мастацкую якасць» (Літаратура і мастацтва, 1971, 10 снежня). Паэзію ён разглядае як адну з цудоўных магчымасцей раскрыць глыбінны сэнс жыцця.
— Што значыць сапраўдным другам быць? — Любіць — Што значыць аддана справу рабіць? — Любіць. — Што значыць дарогу ў жыцці не згубіць? — Любіць. — Што значыць зямное шчасце здабыць? — Любіць.Акно паэта шырока расчынена ў сучасны свет. Трывогі свету ўваходзяць у яго душэўны вопыт, хвалююць і непакояць. Пра гэта, дарэчы, сведчаць не толькі вершы. Яго творчая дзейнасць дастаткова шматгранная. Набыла вядомасць паэма «Дажынкі» — надзвычай усхваляваная, эмацыянальная — вучыць паважаць у чалавеку працаўніка, цаніць яго і даражыць ім. Паэт гнеўна асуджае раўнадушша і чэрствасць. «Заазер’е» прысвечана роднай маці. Гэтая тэма ўзнікла яшчэ раней — у кнізе «Тры цішыні», нават у самай першай — «Песня пра хлеб», пра якую мы ўжо вялі гаворку. Паэма «Заазер’е» вылілася з сэрца, гэта — паэма развітання з роднай маці…
«Даруйце!» мае падзагаловак «паэма віны». У ёй гэта пачуццё віны перададзена, хаця, прызнаюся, не зусім ясна, у чым герой вінаваты перад тымі людзьмі, у якіх ён просіць прабачэння.
Кожная з гэтых паэм патрабуе асобнай гаворкі, і думаецца, што па часе мы вернемся да яе. Зазначым толькі, што не ўсякія пачуцці віны, болю садзейнічаюць стварэнню сапраўднай паэзіі, а толькі тыя, у якіх праяўляецца супольнасць перажывання з усімі людскімі нягодамі. У гэтым сэнсе «чалавечы боль, — як добра сказаў Алесь Ганчар, — інтэрнацыянальны, як інтэрнацыянальна і вечнае парыванне чалавека да шчасця, да свабоды, да свабоднай творчасці».
Пра пашырэнне інтэрнацыянальных даляглядаў паэта сведчыць яго паэма «Колькі лет, колькі зім!», якая мае падзагаловак: «паэма надвор’я з метэаралагічнымі звесткамі, гістарычнымі экскурсамі і лірыка-псіхалагічнымі эцюдамі». Мастацкая думка рухаецца ў ёй у межах раскаванага лірычнага сюжэта, які шырока ахоплівае разнастайныя з’явы і прадметы розных часоў і эпох: «жалобны трыпціх», «голас Францішка Багушэвіча», «маналог Напалеона», «апошні дождж камунара Мільера», «сон пад шум зімовага дажджу», першыя маёўкі і г. д. Паняцце «надвор’е» трактуецца ў маральным плане і характарызуе адносіны паміж людзьмі. «Якое надвор’е — такі і дзень». Раздзелы, з якіх складаецца гэтая незвычайная паэма, нераўнацэнныя па сваіх ідэйна-мастацкіх вартасцях; у лепшых з іх аўтар узнімаецца да сцверджання чалавечай адказнасці за лёс планеты, за мірную будучыню.
А. Вярцінскі працуе і ў жанры драматургіі. Вядомы яго п’есы для дзяцей «Дзякуй, вялікае дзякуй» (1978) і «Скажы сваё імя, салдат» (1977). Шмат перакладае, выступае як крытык і публіцыст. Увесь творчы шлях яго на нашых вачах — ад першай кнігі да самай новай, пад назвай «Ветрана». Інтэнсіўнасць успрыняцця жыцця, прага адкрыццяў, заглыбленасць у сучаснасць, імкненне да самасцвярджэння на падставе пашырэння грамадзянскіх інтарэсаў абвастраюць у яго пачуццё формы, стылю, развіваюць паэтыку, адкрываюць умоўна-асацыятыўныя магчымасці верша. Яго паэтычная мова «графічная», «лагізаваная» — не ў прыклад, скажам, «жывапіснаму» Р. Барадуліну. Стылістыка адзначана мноствам «бязвобразных» выразаў, паэт даволі часта звяртаецца да прыёмаў паняційнага мыслення. Аднак у лепшых сваіх вершах ён пераадольвае пэўную «аголенасць» думкі, сцвярджае прыналежнасць чалавека да чужога лёсу, да трывог і радасцей іншых людзей.
У апошніх кнігах А. Вярцінскага ўзрасла схільнасць да ўмоўнасці, прытчывасці. Яму дапамагае апора на фальклор, сувязь з якім адчувалася, яшчэ ў самай першай яго кнізе. Праўда, цяпер гэта сувязь у многім змянілася. Паэт не абмяжоўваецца, як у некаторых выпадках раней, стылізацыяй пад фальклорныя ўзоры, а ідзе ў глыб народнага светаразумення, яго эстэтычных і этычных уяўленняў.
Шарая гадзіна. Вечара адзнака. Шарая гадзіна. Ні воўк, ні сабака. Ні сонца, ні месяц. Ні дзень і ні вечар. Ні цёмна, ні светла. Ні ціша, ні вецер. Ні суша, ні мора. Ні плывём, ні едзем. Ні радасць, ні гора. На якім мы свеце? Пагасаюць фарбы. Патанаюць гукі. Адпачніце, сэрцы! Адпачніце, рукі! Сціраюцца грані. Знікаюць кантрасты. Гаіцеся, раны! Заціхайце, страсці!.. Давайце ціха, моўчкі З табой пасядзім мы. Я люблю чамусьці Шарую гадзіну.Аўтар выкарыстоўвае элементы замовы (гукавыя і сінтаксічныя паўторы), але фальклорнай зададзенасці тут няма, верш прасякнуты роздумам і запрашае да яго чытача. У гэтым змястоўная асаблівасць яго паэзіі — спалучэнне логікі і інтуіцыі, высокай культуры творчасці з фальклорнай спадчынай, звернутай да «пралагічных» форм свядомасці. Актыўнасць формы неабходна паэту, каб сцвердзіць сваю індывідуальнасць, адзінства маральных адносін да жыцця. С. Гаўрусёў, вядомы трапнасцю сваіх літаратурна-крытычных ацэнак, пісаў пра Вярцінскага: «Спалучэнне абвостранага інтэлекту і напружанай эмацыянальнасці, чуйнасць да навальніц веку трывала і даўно забяспечылі яму адно з найпершых і самастойных месцаў у сённяшняй нашай паэзіі» (Літаратура і мастацтва, 1980, 28 сакавіка).
Аднак на дасягнутым А. Вярцінскі, здаецца, не спыняецца. У адной з кніг ён кажа: «Вершы мае — пісьмы». Гэта можна зразумець так, што пісьмы абавязваюць і запрашаюць да шчырасці, даверу, самавыяўлення. І ў гэтым сэнсе вершы яго падобны на пісьмы. Прынцып самараскрыцця мае важнае значэнне ў паэзіі, пазнанне здзяйсняецца як самапазнанне. Думаецца, што гэта перспектыўна ў адносінах і да яго творчасці.
А. Вярцінскі — у дарозе. Ад кнігі да кнігі (а іх у яго ўжо добры дзесятак) ён натуральна мяняецца, расце. Але галоўнае — сувязь са сваім народам, грамадзянскі неспакой, шчырасць, шчодрасць, спалучаныя з пастаяннай нацэленасцю на эстэтычны пошук, — застаецца.