Ля аднаго вогнішча
Шрифт:
І марай свяшчэннаю самай у сэрцах надзея гарыць, Што нас не ўпікнуць камісары — Суровыя нашы сябры.
Маральны рыгарызм камісараў далёкай грамадзянскай імпануе сённяшняй моладзі, рыцарам абавязку, чэсці, высокай чалавечай годнасці.
«Паэт нашай эпохі,— пісаў Яўген Вінакураў,— гэта мастак, які ўмее дыялектычна бачыць свет, разумець яго складанасць, шматбаковасць з’яў». І далей: «Інфармацыі для паэзіі мала. Ёй павінна быць уласціва такая якасць, якую я назваў бы духаўздымнасцю» (Правда, 5 сакавіка 1974 г.).
Мне заўсёды імпанавала ў таленце Г. Бураўкіна «духаўздымная» страснасць палеміста, вострае маральнае бачанне жыцця, гатоўнасць ісці нават на рызыку, калі ён глыбока перакананы ў сваёй праваце. Перадаліся гэтыя якасці і кнізе «Выток».
Я не люблю людзей, якія Не маюць ворагаў зусім І носяць кулакі цяжкія, Не паспытаныя нікім. За дабрату стаю сцяною. І ўсё ж не давяраю ім, Што абдымаюцца са мною І з непрыяцелем маім.Словам, перад намі паэт, якім ён быў і раней: заўсёды гатовы да спрэчкі, да сутыкнення думак, да бою. «Што паробіш, калі ціхманы я ніколі не быў эмалі», — прызнаецца ён у адным з вершаў.
Калі ў сучаснай беларускай паэзіі шукаць сваякоў Г. Бураўкіна па творчаму духу і грамадзянскаму напалу слова, то гэта будзе, безумоўна, Пімен Панчанка з яго нізкім «болевым парогам» і тонкім адчуваннем пульсу часу. Іх родніць смеласць, здольнасць і гатоўнасць кожную хвіліну ісці на бой за свае перакананні. У іх мы знаходзім тую разнастайнасць сацыяльных інтанацый, якія нязменна суадносяцца з жыццём, штодзённай стваральнай дзейнасцю нашага грамадства.
Юрась Свірка некалі правільна заўважаў, што «манера пісьма Г. Бураўкіна адкрытая. Ён свае думкі не хавае за глыбокія падтэксты, не абрывае недагаворкай. Таму яго вершы гучаць напорыста, публіцыстычна, набліжаючыся часам да палемікі» (Полымя, 1970, № б, с. 184). Аднак цяпер, думаецца, мы маем справу з новым узроўнем палемічнага стылю паэта. З аднаго боку, узбагацілася праблематыка паэзіі Г. Бураўкіна, абвастрыўся яе маральны максімалізм. А з другога — больш паслядоўным стаў працэс мастацкага пазнання. Цяпер у гэтым працэсе няма такіх «правалаў», якія трапляліся раней.
У лірыцы паэта значнае месца заняў аналіз самаадчування, роздум над сваім месцам у буднях жыцця.
Успамінаюцца шляхі ўсе, І прызнаешся ў цішы, Што па-блазенску мітусіўся І часта, як хлапчук, спяшыў, І нёс вядро сваё няпоўным, І спатыкаўся шмат разоў, І хваляваўся не галоўным, А выпадковай драбязой…Лірыка Г. Бураўкіна робіцца своеасаблівым дзённікам паэтавай душы, але гэта не толькі не выключае яго грамадзянскай актыўнасці, а наадварот — абумоўлівае яе.
Нялёгкі талент грамадзянскасці — у разуменні паэта — гэта ўменне бачыць і думаць над пытаннямі свайго часу, імкнучыся зразумець і вырашыць іх. Праўда, не ўсе і не заўсёды, вядома, яны бываюць падуладны пяру паэта — любога паэта. Але Г. Бураўкіна гэта не бянтэжыць: смеласці і энергічнасці ў яго хапае. Нават, паўтараю, там, дзе «паэтычнае» вырашэнне тэмы здаецца на першы погляд мала надзейным, паэт знаходзіць свой нечаканы, свежы паэтычны ход. Як, напрыклад, у вершы «Уцякаюць хлопцы ў гарады», дзе ён кранае актуальную праблему сённяшняй вёскі — міграцыю сельскага насельніцтва, разумеючы аб’ектыўную заканамернасць гэтай з’явы.
І без іх, хто пакінуў вёску, «на палях не ўзыдзе кураслеп…» — упэўнена зазначае паэт,
Ды пад старасць хлопцам здасца дзівам, Як гэта зямля без іх радзіла Аржаны незамянімы хлеб.У другім месцы паэт выказваецца яшчэ больш катэгарычна: «Колькі б нам за жар-птушкай услед не ганяцца, усё роўна прыблудзім назад у сяло…» З гэтым, вядома, можна спрачацца. Мяне асабіста не вабіць падобнае «почвенничество». Пад ім, на мой погляд, няма глебы.
У кнізе «Выток» роздум паэта пад маральным абавязкам людзей, над іх узаемаадносінамі ўзмацняецца: «Мы слухаем маўклівае міжзор’е, а блізкіх нам не можам зразумець». У другім месцы ён усклікае:
Як многа ў нас звычайнасці! Як мала ў нас адчайнасці!Пазнаецца, «адчайны», грамадска заклапочаны голас паэта ў вострым з’едліва-выкрывальным вершы «Сабакары», антымяшчанскім па свайму гучанню, скіраваным супраць тых «дзябёлых кабет» і «джынсовых дзецюкоў», што — у згодзе з модай ды каб, крый божа, не адстаць ад яе — абзаводзяцца сабакамі: «вязуць, вядуць, нясуць, як дзетак, сабак і сучак „прагуляць“». І, павінен прызнаць, з пазіцыяй паэта нельга не пагадзіцца: «Я б паважаў іх, каб не бачыў, што ім дайсці няма калі ад клопатаў пра лёс сабачы да клопатаў пра лёс зямлі…»
Магчыма, у апошніх словах і гучыць рэха той фарсіраванасці прысуду, якая мела некалі месца ў некаторых вершах паэта, але, паўтараю, сказаны яны вельмі шчыра. Мастацкае пазнанне жыцця, асабліва такое інтэнсіўнае, як у Бураўкіна, не гарантавана ад супярэчнасцей, і гэта заўсёды трэба мець на ўвазе.
У кнізе «Выток» голас паэта гучыць паўнакроўна і шматгранна. Яго паэзія, безумоўна, пашырае свае геаграфічныя, інтэрнацыянальныя межы. Глыбокае ўражанне пакідаюць «Чатыры песні пра Эрнеста Чэ Гевару» і верш «Памяці Пабла Нэруды», у якім выяўляецца погляд на месца вялікага чылійца ў сучасным свеце:
Ён быў паэтам. І калі яго неслі на могілкі, За ім жанчынай няўцешнай ішла эпоха.Так, не слабее грамадская пранікнёнасць кніг паэта, не бяднее іх эмацыянальны спектр, рамантыка, захапленне жыццём!
Вы чуеце — чаромха расцвіла? Гайда ў лясы, у веснавыя нетры, Раз’ятраныя, халастыя ветры! Гуляюць ад сяла і да сяла.Такія радкі і вершы сцвярджаюць і наша ўспрыняцце свету, жыцця, прыроды, вучаць любіць і любавацца ёю.
Дыялектыка «інтыму» і «публіцыстычнасці», якія адно аднаго ўзбагачаюць, здавён характэрна для лірызму Г. Бураўкіна, для стылю яго паэтычнага мыслення. У кнізе «Выток» шмат такіх вершаў, дзе паэт дае прастор свайму лірычнаму пачуццю, сэрцам дакранаючыся да родных мясцін, пейзажаў, краявідаў…
Духоўнае, палітычнае пасталенне паэта станоўча адбілася як на росце майстэрства, ідэйнай, маральнай сталасці таленту, так і ў адчуванні эстэтычнай моцы і сілы слова, уменні выкрасаць з яго дастатковую паэтычную энергію.