Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ля аднаго вогнішча

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Вясковая тэма заўсёды шмат значыла для яго. «Маё сэрца ў жыце б’ецца перапёлачным боем»; «жыву сяўбой, бяру сяўбой»; «Прыходзіць хлеб у хаты. Ён ад зямлі, а з ім ўсё — гасціны, заручыны, вяселлі, парадзілі, і геній, што ў стагоддзях уваскрэсне…» Ён перакананы: «сэнс жыцця — у працы», тут паядналіся для яго практычны і духоўны пачаткі, сялянскае і мастакоўскае. І ў гэтым сэнсе паэт ідзе, калі так можна сказаць, за сваімі продкамі. «Продкі мае, — піша ён у аўтабіяграфіі,— людзі простай сялянскай працы. Яны ўлагоджвалі зямлю-карміцельку, здабывалі хлеб свой. І калі ўзносілі малітву, дык не аб вечным жыцці, а найбольш аб ім — аб хлебе надзённым. Яны спрадвеку былі нашымі аднадумцамі: яны былі матэрыялістамі — няхай сабе стыхійна, неўсвядомлена, без кручкаватага шкалярскага мудраслоўя. Яны гаварылі: паміраць ладзься, а жыта сей. І ў гэтым быў залог бессмяротнасці…» Яшчэ ў першай яго кнізе быў цікава разгорнуты вобраз:

Дні — колавыя спіцы, А час — агонь-рысак. Стрымай, стрымай, вазнічы, Фурманку-паражняк…

Сэнс гэтых радкоў дастаткова зразумелы — паэт выступае за змястоўнасць, напоўненасць чалавечага жыцця добрымі справамі. І паглядзіце, як ён графічна — «горкай» — пабудаваў радок «стрымай, стрымай, вазнічы», быццам бы і сапраўды па ім з усё нарастаючай хуткасцю коціць парожняя фурманка. Народны вопыт, народная мараль сталі асновай паэтычнай канцэпцыі. Адсюль той «запас трываласці» ў яго вершах, які адзначаў у адным з артыкулаў А. Грачанікаў.

«Крэсіва» — першая кніга вершаў, якія адрэдагаваў на грамадскіх пачатках Р. Барадулін, — не была кнігай пачаткоўца: голас паэта гучаў натуральна і вельмі шчыра.

У 1969 годзе ўбачыла свет другая кніга вершаў В. Зуёнка «Крутаяр», якая развівала думкі, закладзеныя ў першым зборніку. «Асноўны яе матыў,— пісаў А. Вярцінскі,— памяць вясковага дзяцінства, роднай вёскі». Хаця ў цэлым яна, на нашу думку, не стала значным крокам наперад, аднак у многіх творах шырока і пераканаўча праявіўся дэмакратызм паэта, яго павага да жыцця. Больш удалым аказаўся зборнік «Сяліба» (1973) — вершы і паэмы аднайменнай назвы, якія істотна наблізілі аўтара да сучасных жыццёвых пытанняў і турбот.

Я сябра кожнай птушцы, Ва ўсіх — наперахоп: Бярэ гляшэц у пушчу, Бакас — на расцяроб, А салаўі — на спеўку, А жаўранкі — у рунь…

Для В. Зуёнка — сялянскага сына, які нарадзіўся і жыў на ўлонні прыроды, гэта гучала вельмі арганічна. Нездарма адзін са сваіх зборнікаў нарысаў і замалёвак, выдадзены ў 1962 годзе, ён назваў: «Любіць прыроду — любіць Радзіму». Пачуццё «сябра кожнай птушцы» прывілося аўтару «Сялібы» з дзяцінства, аднак, безумоўна, з цягам часу, з гадамі яго «прыродныя» адчуванні нашмат узбагаціліся. Паэт адчуў небяспеку для ўсяго чалавецтва з боку тых, хто атручвае паветра стронцыем, іншымі смяротнымі рэчывамі і рознымі суперсучаснымі відамі ўзбраенняў, накіраванымі на магчымасць змены надвор’я і прыроднага асяроддзя ў ваенных мэтах.

Ідуць дажджы. А птушкі млеюць І нема падаюць на дол.

Дождж — дарунак нябёс, заступнік жыцця — ператвараецца ў нешта зусім супрацьлеглае. Свет поўны супярэчнасцей. Неабходнасць абароны прыроды мысліцца паэтам у адзінстве глабальных намаганняў чалавека ў барацьбе за сусветную гармонію. В. Зуёнку не ў меншай ступені, чым іншым пісьменнікам старэйшага пакалення і равеснікам, уласціва задумвацца над сэнсам і тайнамі чалавечага жыцця, гісторыі, над «чалавечымі якасцямі», ад якіх залежыць лёс прыроды, лёс планеты. Яшчэ, помніцца, у першым зборніку быў змешчаны выдатны верш «*** Тры вышыні, тры сілы знаю ў лесе…» Аўтар павёў у ім зацікаўленую размову не толькі пра лёс беларускіх лясоў, але і пра родную культуру. Верш цікавы сваёй канцэптуальнасцю і духоўнай напоўненасцю. Паэт пераконвае ў глыбокай сувязі і ўзаемазалежнасці, якая існуе паміж галінамі і каранямі, паміж мінулым і будучым. «Чаму дух смольны з нашых хат знікае і гніль вянцы бярэ? І гэтак вяла і глуха так чаму пяюць цымбалы?» — вось пра што клопат паэта. В. Зуёнак — адзін з прызнаных майстроў канцэптуальнага, так сказаць, верша, дзе выяўляецца не проста душэўны жэст паэта, а разуменне жыцця. Дэталі і падрабязнасці часцей за ўсё патрэбны ім для асэнсавання больш агульназначных пытанняў. Паэзія ўжо не можа абмежавацца знешне зразуметымі дабратой і гуманнасцю, якія самі па сабе, безумоўна, прыгожыя. Паэты хочуць самастойна даследаваць рэальны змест гэтых катэгорый. Разам з павышэннем грамадскай актыўнасці паэзіі ўзрастала яе імкненне да аналізу.

У сваіх вершах і паэмах ён разглядае чалавека не толькі як частку грамадства, але і як частку прыроды і гісторыі. Ужо ў першай кнізе В. Зуёнка паявіліся матывы, звернутыя ў гістарычнае мінулае.

Мачулішча… Відаць, і пры Ярыле Ільны ў нас сеялі, Вымочвалі ў Мачыле. Бель-кужаль пралі, ткалі, вышывалі, Кашулі ў кайстры Напамінкам клалі…

Паэт нібыта ўзнаўляе нейкі старажытны міф, які ў сваім духоўна-практычным (ці наадварот — практычна-духоўным) значэнні дайшоў да нашых дзён. Яго мастацкі свет па многіх прыкметах блізкі да фальклорнага ўспрымання рэчаіснасці, аднак гэта свет нашага сучасніка, узброенага і ўзбагачанага веданнем многага з таго, што стала даступна ў наш час.

В. Зуёнка некаторыя беларускія крытыкі нездарма называюць сонцапаклоннікам: «Сонца — па рупнасці — брат мой», — камса ён. Старажытныя паэтычныя погляды і вераванні беларусаў застаюцца для яго вобразатворным эстэтычным матэрыялам. Ён майстар своеасаблівага паэтычнага «калажа»: вобраз, узяты з сівых пластоў старажытнай міфалогіі і фальклору, паэт умее наставіць у сучасны кантэкст. Гэта — прынцыповы падыход: паглыбляецца змястоўнасць і паэтычная прывабнасць верша. Для прыкладу прывядзём яго верш «Дуб у чатырох вымярэннях»:

На небе сёмым, быццам на палку, Ён веццем плечы трэ маладзіку, А каранямі хвошча ў падзямеллі Чарцей, бы дружка коней на вяселлі… Камель — як печ: раздаўся ў сем абхватаў — Стагоддзямі абветраны, шурпаты… Каб зрэзаць дужага, здавён казалі людзі, Піл не было, няма, ды і не будзе.

Відаць, ёсць свой «зорны час» у тым знамянальным моманце, калі навеліст сядае за раман, а паэт-лірык бярэцца за паэму. Адразу, на самым пачатку творчага шляху, узяцца за такія палотны не лёгка: яны патрабуюць значнай падрыхтоўкі, вопыту, духоўнага назапашвання, роздуму, каб усё гэта сінтэзаваць у абсягу новых якасна іншых жанраў з іх надзвычай высокімі патрабаваннямі. «Маўчанне травы» В. Зуёнка — не першая ягоная паэма: да гэтага была «Сяліба», увогуле прыхільна сустрэтая чытачом і крытыкай, якая, між іншым, адзначала глыбіню мыслення аўтара, сур’ёзнасць яго задумы, клопат пра агульную «сялібу» людзей — свет, у якім яны жывуць. Паэма «Сяліба» была напісана ў 1970 годзе. Сёння шмат гавораць пра ўплыў НТР на свядомасць чалавека, пра выхаванне яго адносін да навакольнага асяроддзя, пра месца літаратуры, паэзіі ў гэтых складаных працэсах — вось да якіх пытанняў звярнуўся аўтар «Сялібы». Чалавек і навакольнае асяроддзе, прырода, час, сувязь мінулага і будучыні — усё гэта яго вельмі цікавіць. «Саперніцтва з прыродай — непазбежнасць, — гаворыць у ёй паэт, — як непазбежнасць — розум у прыродзе». Аднак, пры ўсім пры тым, «саперніцтва» — «яно не бой крывавы… Хто, як не мы, ёй у бядзе паможа», калі парушаецца гармонія ў прыродзе? Можа дапамагчы толькі чалавек і перш за ўсё, як лічыць В. Зуёнак, камуніст:

Мы, камуністы, з бою — як салдата — Выносім на руках сваіх планету. Мы раны забінтуем ёй, загоім, Перададзім — блакітную — нашчадкам…

У гэтых радках непасрэдна, публіцыстычна выказаны актыўнаваяўнічая, наступальная грамадзянскасць паэта, вера ў будучыню нашай цудоўнай блакітнай планеты, вядучыя сацыяльныя сілы эпохі.

Язычніцкая адухоўленасць гэтай рэчы не супярэчыць актуальнасці яе зместу. У паэме «Сяліба» паэт прыходзіць да ёмістага, сацыяльна і маральна насычанага эпічнага абагульнення, шырока разгорнутага ў прасторы і часе.

У 1979 годзе ён напісаў новую паэму — «Маўчанне травы».

Далёка не кожнай паэмы хапае на цэлую кнігу (маецца на ўвазе, зразумела, не памер твора), «Сялібы» напэўна, не хапіла б. «Маўчанне травы», трэба адзначыць, адпавядае такім патрабаванням: гэта па-сапраўднаму маштабны мастацкі свет, «паэма лёсу» як называе свой твор аўтар. Называе не без падстаў — гаворка ідзе пра няпросты жыццёвы шлях чалавека, у якім адлюстраваўся народны лёс на цяжкіх, пераломных этапах гісторыі, ад дакастрычніцкіх часоў да нашых дзён. Паэма ўражвае шырынёй і ўгрунтаванасцю светапогляду паэта, глыбокім роздумам над лёсам роднага краю, які паэтызуецца ў вобразе веснагоркі — прыдарожнай гары-кургана.

Веснагорка, маці Беларусь, І адкуль, скажы, не перла намець?.. На крыжах — Скарына і Кастусь, Лёс народа, сэнс яго і памяць. На крыжах кружыў з усіх Еўроп Вецер злы з крывавым чадам Азій. Ды знаходзіў люд мой чарнатроп І да сонца зноў і зноў вылазіў.

Зрэшты, В. Зуёнак не першы ў беларускай літаратуры спрабуе асэнсаваць пытанне аб гістарычным лёсе народа. Але, як вядома, шляхі мастакоўскіх пошукаў шматстайныя — у кожнага свой…

Поделиться с друзьями: