Людзі на балоце
Шрифт:
— Ты самы смелы!
Малы ад уцехі аж вылупіў чарніцы воч, так надзьмуўся. Не мінула і хвіліны, як надзець шапку захацелася другому хлопцу, а ледзь той схаваў паўгалавы ў будзёнаўцы, і абедзве дзяўчынкі таксама загарэліся — і нам дай, дзядзько, і мы смелыя. Першы ж — наравісты «кабанчык» з хібам — мірыцца з гэтым не захацеў, нецярпліва тузануў шапку да сябе. Але бялявая малая толькі мацней учапілася за яе, — быць бы бою, каб не ўмяшаўся Міканор. Дастаў дзяўчатам з чамадана кніжку з малюнкамі…
Неўзабаве Вольчына чарада — асабліва «кабанчыкі» — расхадзілася так, што скакалі і на печы, і на палацях, і пад палацямі лазілі. Міканору ўжо стрымліваць іх давялося, адабраць шынель, які сталі валачыць па падлозе. Давялося, за старэйшую бялянку, на якую больш спадзявалася Вольга, гушкаць, карміць малаком з пляшкі тую, каторая была на палацях…
Вясёлы гэта быў час, поўны гоману, добрых уражанняў, дзейнасці. І нажартаваўся Міканор, і насмяяўся, гледзячы на малых, і нарабіўся, пакуль вярнулася з царквы Вольга з бацькамі і чалавекам.
Хутка пасля таго як яны вярнуліся, гасцей у хаце стала большаць. Прыехала з Алешнікаў двое дзядзькоў з маладзіцамі, прыбіўся нейкі матчын сваяк з Хвоенкі, барадаты, шапялявы; нарэшце, прыдыбаў з другога канца Куранёў кульгавы Сямен з Насцяй, Міканоравай сястрой. Пакуль дзядзькі гаварылі з Міканорам, а жанкі растарэквалі каля прыпека, матка з Вольгай і Насцяй, а потым і з бацькам узяліся клапаціцца каля стала.
— Дак, можа, ужэ сядзем, — сказала ласкава маці. — Папробуем, чым Бог надзяліў… — Пасадзіўшы жанок, дзядзькоў, тады, як бацька стаў наліваць гарэлку, адазвала Міканора ў дальні кут, занепакоена зашаптала: — Памаўчы бо пра Бога і пра святых… Гасцей хоць не трывож…
— Пастараюся, калі сцерплю… — не то з жартам, не то зусім сур'ёзна паабяцаў ёй Міканор.
Ён не трывожыў ні гасцей, ні маці: тут трэба было лічыцца з законамі гасціннасці, законамі, якія ён не меў ніякага права не шанаваць; нельга ж было наганяць нядобры цень на бацькоў. Еў і піў, асабліва спачатку, усё ж без ахвоты: чуў, што нібы робіць саступку бацькам у спрэчцы з-за кабанчыка і брагі; але чым больш п'янеў пад пільным прыглядам гасцей, што насядалі кожны раз, калі спрабаваў паставіць шклянку недапітай, тым слабей чуў свой папрок сабе. Потым і зусім забыў ніякавасць: і піў, і жартаваў, і галёкаў, як усе.
Сп'янелы, не адразу ўстаў і тады, калі маці, якая ўнесла з сенцаў халадзец, сказала, што на вуліцы нейкія крыкі. Толькі калі Насця і бацька выйшлі на ганак, паслухалі ды, вярнуўшыся, сказалі, што крычаць не на жарт, б'юцца, здаецца, каламі, калі прыціхлі ўсе за сталом, устаў ён, не апранаючыся, пацягнуўся з хаты. Маці выбегла ўслед, вынесла шынель, хацела накінуць на плечы, але ён не ўзяў. Надзеў толькі шапку. Трохі стаяў каля варот з гасцямі, слухаў, паволі нібы прытомнеў.
Ад сярэдзіны сяла наляталі злыя воклічы, крыкі болю, мацюкі, якія часам счапляліся ў дзікі, люты роў…
— Паламаюць камусьці рэбра!.. — сказаў доўгі алешнікавец.
Кульгавы Насцін Сямен жвава адгукнуўся:
— Тут і на той свет — нядоўго!
— От дурасць, — Вольгу, здаецца, аж закалаціла ад абурэння, — абы выпілі трохі — дак кроў пушчаць адзін аднаму!..
Міканор толькі варухнуўся, нібы скідаючы рэшткі п'янай няцямнасці, толькі ступіў крок рашуча к галасам, як маці кінулася наперад:
— Не ідзі! Міканорко, прашу!
Ён узяў яе за плечы, мякка, але цвёрда адарваў ад сябе:
— Мамо! Не мяшайце! І не бойцеся!.. Біцца не буду! Разбараню толькі!.. Чуеце, мамо?
— Адыдзі! Нічого яму не будзе! — памог Міканору бацька. Затрымаў старую.
Ужо набліжаючыся да тых, што біліся, Міканор, нібы аглядваючы сваё войска, убачыў, што з ім ідуць даўгі алешнікавец, Вольчын Пятро і борзда падскоквае са сваім кастылём Сямен. За мужчынамі, як верная падмога, смела рушыла Вольга і маладзіца алешнікаўца… Галава ў Міканора была цяпер зусім ясная: мароз, што сцінаў рэбры пад гімнасцёркаю, добра цверазіў, даваў дужасці. Ішоў Міканор цвёрда і рашуча.
Яшчэ не дайшлі, як шум бойкі пачаў хутка ападаць; постаці, якія толькі што бегалі, круціліся, крычалі, чамусьці дзіўна прыціхлі, сталі расступацца. Усе адыходзілі к платам, к хатам. Міканор, не разумеючы яшчэ нічога, мімаволі насцеражыўся.
Тады халодную вуліцу з цёмнымі постацямі і цёмнымі стрэхамі абапал пранізаў тонкі, жахлівы жаночы крык:
— Забілі!!!
Міканор угледзеў — на шэрым ад цемры снезе, пасярод вуліцы, чарнее нерухомая постаць, подбегам кінуўся да яе. Нахіліўся над чалавекам — бядак быў як нежывы, вочы заплюшчаны, губы сціснуты, выбіты лапцямі і ботамі снег чарнеў крывёю. Недзе глыбока і далёка ў галаве прайшла думка: хлопец — не куранёўскі, незнаёмы, — у той жа час, помнячы вайсковую навуку, ухапіўшы кісць хлапечай рукі, мацаў пальцамі, шукаў пульс — знак надзеі, нязгаслага жыцця. Знайшоў не адразу: ад хвалявання ці з непрывычкі; аж горача стала, пакуль пачуў, што пульс б'ецца. Жывы!..
— Патры снегам твар, шыю! — сказаў сястры, а сам стаў мацаць галаву хлопца.
Хтосьці падышоў — некалькі чалавек, хтосьці нахіліўся каля Вольгі над хлопцам. Першы момант усе маўчалі, не маглі вымавіць слова.
Вакол усё больш мацнеў шум, цяпер ужо трывожны, шум, у якім часта можна было б чуць страшнае: «забілі». Хтосьці з жанок залямантаваў… Народу ўсё прыбывала…
— А можа, не саўсім яго?.. — пачуў Міканор нясмелае Хадосьчына пытанне; гэта яна, значыцца, была каля Вольгі.
— Галава, здаецца, цэлая… — Натоўп абступаў з усіх бакоў усё цясней, усё гаманлівей. Але і ў гэтым гомане Міканор пачуў хрыпаты стогн — хлопец на снезе цяжка варухнуўся.
— Косцічак! Дзякуй Богу!.. — вырваўся ў Хадоські ўзрадаваны шэпт.
Вольга сказала, параіла Міканору:
— Трэба ў хату занесці яго…
— К нам яго! У нас у гасцях ён буў! — папрасіла Хадоська і зноў забедавала: — Божачко ж, Божа! Ето ж трэба!..
Утрох — Міканор, Хоня і Нібыто-Ігнат — узялі хлопца пад пахі, за ногі, паднялі. Калі неслі, Хоня пакрыкваў на людзей, каб расступіліся, людзі прапускалі іх, але не адставалі, гаманліва цягнуліся ўслед да самай Ігнатавай хаты. У гомане, Міканор чуў, адны вінавацілі Ларывона — ён, казалі, пачаў усё, другія вінавацілі ўсіх: усе былі добрыя, трэція — нехта з жанок — клялі гарэлку. Дзіўна, сярод гэтай гамонкі разы два згадвалі Ганну…
Багата хто з натоўпу пацягнуўся і ў Ігнатаву хату. Набілася столькі, што цяжка было павярнуцца, глядзелі, гаманілі, чакалі. Ігнаціха ціха, стрымана галасіла, Хадоська, дастаючы па Міканораваму загаду чыстую латку, божкала.
Міканор агледзеў яшчэ раз галаву хлопца, папрасіў чыстай гарэлкі — узяўся прамываць рану. Але толькі пачаў, як хлопец скрывіўся ад болю, расплюшчыў вочы. Момант ён глядзеў, нібы не цямячы нічога, нібы стараючыся зразумець, павёў позіркам па Міканору, па тых, хто стаяў побач. Ігнаціха, Хадоська радасна загаманілі, весялейшы гоман пайшоў і па ўсёй хаце…