Людзі на балоце
Шрифт:
— Як хто, а я дак і ад етай бяды — ад белай булкі не адмовіўся б, калі ўжэ няма хлеба! — сказаў весела Хоня, якога падтрымалі дружныя смешкі. Калі смешкі аціхлі, ён прамовіў задуменна, сур'ёзна: — Кален не памачыўшы, мабуць, нічога не дабудзеш! Ні булкі, ні хлеба чорнаго!
— Ето праўда! Ніхто ў рот не пакладзе! — падтрымаў Алёша Губаты.
— Усё-такі, грэц яго, нешта ўрабілі ўжэ, — Чарнушка глядзеў на жаўтлявую паласу грэблі. — Небагато пабулі, а ўжэ — сказаць — відно трохі!
— Не вельмі — нібыто — і відно. Ето — як жменька скошанаго на вялікім лузе…
— Работы — не сакрэт — багато, — згадзіўся Міканор. — А толькі ж — не попусту яна, на карысць — і людзям, і сабе! От што, па-мойму, галоўнае…
— Патом, канешне, нічого не скажаш — анігадкі будзем! Абы — от агораць усё! — Алёша Губаты заклапочана задыміў цыгаркаю.
— У тым-то і соль уся — штоб агораць! А патом — патом, канешне, маючы сваю грэблю, — анігадкі!..
— Агораем! — Хоня разлёгся на горцы пяску, пацягнуўся дужа. Жмурачыся ад сонца, сказаў весела: — Ето толькі пачынаць страшно! — На мурзатым ад твані твары зубы бліснулі бела, ярка.
— Усё выканаем, калі людзей сарганізуем! Трэба, Міканор Дамецевіч, перапісаць усіх, каторыя не явіліся, і, та-сказаць, заставіць у абавязковым парадку!
— Ето правільно! — прабубнеў Пракоп Лясун. — Штоб усе рабілі!
Міканор паабяцаў, што сёння ж з Грыбком, як членам сельсавета, абыдзе людзей, якія не прыйшлі на грэблю, і даведаецца, чаму каго не было, і калі трэба будзе — перадасць прозвішчы іх у сельсавет.
— Як ето ў другіх сёлах у камуны паўступалі! — падумаў уголас Хоня, што жмурыўся на сонца. — І робяць, і жывуць разам, дружно, не ядзяць адзін аднаго!
— Усяляк, мабуць, і там, Хартонко, бувае, — сказаў Зайчык. — Не людзі хіба там?
— Людзі-то людзі. Да ў нечым, можа, і не такія…
— Там — та-сказаць — як сям'я, каторая дружно жыве! — кінуўся тлумачыць Андрэй Руды. — Усе, следавацельно, — як браты дружныя!..
Міканор перабіў яго:
— Там галоўнае — не сакрэт — сумленно робяць і сумленно жывуць адзін з адным! На свядомасці ўсё!
— Я ж і кажу — як дружная сям'я! — Андрэй, што трымаў цыгарку далікатна, кончыкамі пальцаў, адмыслова ж, тоненькім струменьчыкам выпусціў дымок цераз ноздры, прамовіў філасофскі, павучальна: — У балоце, між лесу гібеем. Та-сказаць, як звяры якія. От і дзікасць ад таго, следавацельно!..
— Ето праўда, грэц яго, як ваўкі якія. Толькі і розніцы — што ў ваўка бярлога…
— А ў цябе дак палац?
— Гора ўсё людское, нястача, — уздыхнуў Грыбок. — З бяды людзі крывуюць адзін на аднаго, з'есці адзін аднаго гатовы…
— А па-мойму — ад цеснаты ўсё! — Чулася, што Хоня перакананы ў гэтым да канца. — Куды ні кінься — лес, пясок, балото. Разгарнуцца, дыхнуць няма як!
— Жытка, маць яе…
— Жытка-то жытка, ды і самі вінаватыя!
Курылі, моўчкі думалі кожны пра сваё, той-сёй з дзядзькоў драмаў. Зайчык першы разбіў думную маўчанку:
— То ж, мабуць, шчэ ніколі не було, штоб столькі сыходзілася на якую работу разам! Як у Юравічы на добры базар, дзетачкі!
— Праўду казалі — галава еты Апейко! І алешніцкіх — на помач!
— У етым, грэц яго, уся рацыя, штоб народ падняць! А як народ паднімецца, дак усё зробіць!
— От жа, кеб можно було тое, што Міканор на сходзе казаў, — з юначым захапленнем загаварыў Алёша. — Кеб асушыць балото. Ды жыто і авёс і ўсё другое пасеяць! Ето ж зямлі було б!
— Сказаў! Вазьмі яе!
За Алёшу адгукнуўся Хоня:
— Бяруць жа некаторыя!
Людзі не вельмі спрачаліся — чулася гарачыня і стомленасць. Міканора і самога хіліла на дрымоту, і ён падумаў, ці не на дождж санлівасць гэта паказвае; але неба было пакуль чыстае, з рэдкімі белымі хмаркамі, што, здавалася, таксама драмалі ў нерухомай, гарачай высі.
Не вельмі думалася ў спякотнай дрымотнасці, але і цераз яе Міканор чуў: настрой у людзей змяніўся, як бы і самі людзі змяніліся. Адарваліся ад стаянкі, крануліся і вось — ідуць і ідуць; і хоць чорныя ад твані, хоць млеюць ад спёкі, дарога ўжо не такая непрыемная нібы, не палохае ўжо. Цікавая нават дарога — вабіць, бадзёрыць, весяліць людзей, кліча зазірнуць, што там далей на ёй…
«І нашы куранёўцы не горай за другіх, — плылі паволі думкі ў Міканора. — І з нашымі можно рабіць… Абы толькі падняць ды павесці… А так яны пойдуць… Людзі як людзі… Нічого, мы шчэ пакажам з етымі людзьмі!..»
Ён весела адагнаў млоснасць, устаў першы.
— Дак, можа, — перадыхнулі ўжэ?
— Перадыхнулі, — устаў і Чарнушка. — Можно ехаць.
За імі пачалі ўставаць і другія…
Амаль два тыдні дзень у дзень збіраліся куранёўцы на грэблі, капалі канавы, цягалі галлё, вазілі, раскідалі зямлю. Пад канец другога тыдня грэбля вымяралася ўжо не дзесяткам-другім крокаў: без малога на вярсту між балотных алешнікаў, беразняку, шызых купчастых лазнякоў напрасткі ішла жаўтлявая цвёрдая паласа, па якой так лёгка, так радасна было і ісці і ехаць возам.
Дні гэтыя былі ці не самыя турботныя і, мусіць, самыя шчаслівыя ў Міканоравым жыцці. Яшчэ б які тыдзень-другі — і абодва канцы грэблі маглі б сысціся, яны былі ўжо як дзве рукі, што вось-вось павінны былі злучыцца. Але акурат у гэты час жыццё на грэблі стала хутка ўціхаць. Што ні дзень людская ўвішнасць тут спадала і спадала, усё менш і менш прыходзіла на грэблю. Людзі жылі іншым клопатам.
І як ні шкада было Міканору, гэтага ніяк няможна было змяніць: падступіла касавіца. А за касавіцай блізілася жніво: значыцца, сціхала на грэблі не на дзень, не на два — надоўга.
Сціхала, і нічога няможна было зрабіць, трэба было і самому ісці касіць. Касіць і чакаць, калі зноў прыйдзе час для грэблі, чакаць доўга. Да позняй восені, да зімы.
Раздзел чацверты
1
Ішоў жнівень. Дні плылі спякотныя, неба глыбілася нязмерна высокае, неабсяжнае, сонца зіхацела нясцерпна іскрыстым кругам. Трава на вільготных узлессях, купы і купкі хмызняку на падсохлых узболатках, асіны каля цагельні буялі, былі ў пары самага росквіту. Узлессі, палянкі поўніў неўтаймоўны, руплівы гул, звон незлічоных дробных насельнікаў добра ўвагрэтай зямлі. Звон гэты і шматгалосы птушыны спеў у шчодрых, пранізаных сонцам зарасніках сплеценага галля і лісця чуліся тут цудоўнай песняй жніўня.