Людзі на балоце
Шрифт:
Але Гайліс быў ужо дома, толькі што выпраг каня з калёс, на якіх ляжаў плуг. Хударлявы, доўгі, з сухім, вуглаватым тварам і чубком жоўтых валасоў, ён адразу пайшоў насустрач, трохі пакульгваючы, але разам з тым па-вайсковаму зграбна. Сінія вочы глядзелі мякка і нават нібы сарамяжа, а поціск рукі быў дужы, рашучы.
— Даўно ўжэ не было! — засмяяўся ён вачыма.
Гаварыў Гайліс з акцэнтам. Словы, якія ён толькі што сказаў Міканору, выйшлі ў яго так: «Тафно фжэ не было». Куранёвец ведаў, што з Гайлісавай гаворкі нямала хто падсмейваўся, але Міканор нібы і не заўважыў акцэнту, такую павагу ў яго выклікаў дзіўны латыш, які браў мяцежны Кранштат і бачыў блізка Леніна…
— Сядай, — запрасіў Гайліс. Яны селі на бервяно каля хлява. Гайліс зноў пяшчотна засмяяўся: — Даўно ўжэ не былё! Тры месяцы?
— Тры…
— Даўно. Бірук у лесе! А мы тут, брат, такія справы заварочваем! Па-першае, у Алешніках і Глінішчах — машынныя товарыствы. У Алешніках — яшчэ і малочнае! — Дзіцячай радасцю сінелі добрыя вочы.
Міканора гэта таксама радавала. Але, як і тады, калі ў Марозавым пісьме чытаў пра Кісялёву ўдачу, да радасці прымяшалася зайздрасць, смутак: зноў нібы пачуў дакор сабе.
— Клуб стаў клубам. Кожны вечар адчынены. Бібліятэка. Гурткі: агранамічны, антырэлігійны, драматычны. Падрыхтавалі смешны спектакль. Называецца «Прымакі». Напісаў Янка Купала. Вельмі смешная штука — людзі жываты папарвалі! Мы этот спектакль вазілі паказваць у Глінішчы і Княжыцу. Таксама смеху было!
— К нам бы прыехалі!..
— Прыехалі б. Дык, д'ябал яго знает, як дабрацца! Артысты могуць патапіцца! Наогул, брат, твае Курані мне — як зуб баліць. Вельмі баліць. Як скула. У кааперацыю палавіна не ўступіла!
Калі гаворка пайшла пра грэблю, з хаты выйшла дужая, лагодная маладзіца з поўнымі голымі рукамі, паклікала абедаць. Міканор, хоць бачыў яе не ўпершыню, чуў сябе трохі няёмка: не ведаў добра дасюль, кім яна была Гайлісу, гэтая прынадная ўдавіца-салдатка, што прытуліла бяздомнага, добрага латыша. Жонка не жонка, усе навокал гаварылі, што вяселля не гулялі, а вось жа — цяжарная, праз месяц-другі народзіць…
Дзіўнае было іх жыццё, дзіўнае і знаёмства. Толькі адзін вечар пабыў у Любы-Харытоніхі ўзводны Гайліс, калі гналі за Прыпяць банду Балаховіча, але і праз год сярод усіх сваіх ваенных дарог не забыў сцежкі да яе хаты. Вярнуўся, асеў каля ўдавіцы…
Хаця — куды ж падацца было яму, маладому, адзінокаму, калі родны кут застаўся недзе там, па другі бок мяжы…
Гайліс запрасіў і Міканора паабедаць. Але Міканор сказаў, што няма калі, — трэба дабірацца назад, пакуль светла. Дамовіўшыся аб усім, што датычыла пачатку работы пры грэблі, ён ускінуў на плечы дзве важкія нізкі сякер і жалезнякоў, якія Гайліс вынес з сенцаў.
— Ето груз! Як пакаўзнешся ў воду — зразу на дно! — засмяяўся Міканор. Праз хвіліну, згорблены, ён тупаў ужо к балоту.
3
Заходзіў на двары, у хаты, у хлявы, на прыгуменні — дзе каго мог пабачыць, — загадваў заўтра ісці рабіць грэблю. Побач пакорліва цягнуўся Грыбок, то падтрымліваў нясмелым «аге», то зусім маўчаў.
Прыйшлося зноў Міканору не аднаго ўгаворваць, не з адным нават лаяцца. Нібы і не было ніякага сходу, ніякай пастановы — хоць ты пачынай усё спачатку. Праўда, Чарнушка, да якога Міканор з Грыбком збочылі найперш, сам слова не сказаў супроць, але затое жонка яго так накінулася, кленучы і балота, і грэблю, і сход дурны, што Міканор выйшаў з хаты, не даслухаўшы ўсяго.
Васіль Дзяцел на Міканораў загад нездаволена засоп, адвёў вочы ўбок:
— Тут са сваім няўпраўка… І без таго, як шкурат, круцішся…
— Пазней горай будзе адарвацца на грэблю.
— Горай-то горай… Да і цяпер…
Іван Зайчык сустрэў весела, ахвотна сказаў, што прыйдзе, — калі толькі Міканор з Грыбком пачастуюць гарэлкай.
— Пастаў, Міканорко, бочку гарэлкі, дак не тое што я — усе прыпусцяць навыперадкі! Ей-богу, Міканорко, прыляцяць, от пабачыш! Толькі скажы, і прыляцяць!.. Можно, канешне, тую гарэлку і не везці, а толькі паабяцаць — будзе, маўляў! А потым, як сабяруцца, скажаш — няма!.. Вот смеху будзе!
Ларывон, якому трэба было прыехаць з канём, заявіў наадрэз:
— Што я — гарбаты? Другія — без коней, а мне дак каня губіць!..
— Прыходзь без каня! — ускіпеў Міканор. — У балото палезеш, канаву капаць!
Здавалася, пасля ўсіх гэтых спрэчак, усёй прыкрасці такім прыемным павінна было б прыйсціся ветлівае абыходжанне Глушака, які не толькі сказаў адразу, што абавязкова прышле Яўхіма з канём, але нават пахваліў, што добрую справу ўзяліся рабіць. Хоць таксама ж ветліва, без лішняй гаворкі, правёў Глушак іх за вароты, у Міканора было такое адчуванне, як бы даткнуўся да чагосьці слізкага, халоднага.
Усё сяло абышоў Міканор, ні аднаго двара не мінуў. Вяртаўся дахаты ўжо ў добрых поцемках, стомлена, узрушана думаў: зноў столькі прыйшлося ўгаворваць, упрошваць, дакараць — нібы гэта грэбля не ўсім, а яму аднаму трэба.
«Вот жа людзі! Што б ні сказаў зрабіць — усё насуперак. Як бы бяду якую ім рыхтуеш…»
Раніцай, ледзь у расхрыстанай зрэбнай сарочцы, басаногі, выйшаў на ганак, кінуў вачыма навокал, прыслухаўся: збіраюцца на грэблю ці не збіраюцца? Убачыў за плотам Васіля, які паіў з жолаба каня, па халаднаватай, роснай траве падышоў да хлопца, паздароўкаўся.
— На грэблю сабіраешся?
Васіль адвёў вочы ўбок, буркнуў, як адмахнуўся:
— Пойдзе нехто…
— Чаго ето — нехто?
— Ну, мабуць, дзед пойдзе.
— Чаму — дзед? А ты?
— А мне тут работы — па горло.
— Усім дома работы багато. Не сакрэт. Дак калі кожны будзе дзядоў ды баб пасылаць, а сам дома сядзець — вот грэблю зробім!
— А тут ты за мяне рабіць будзеш?
— І тут, і там ніхто за цябе рабіць не будзе! — Міканор загаварыў грозна, загадна: — Тут — як сабе хочаш рабі: хоць дзеду, хоць Валодзьку паручай, а на грэблі — кеб буў сам!
Міканор павярнуўся і злосна, цвёрда пакрочыў дахаты. «От жа — натура: так і глядзіць, кеб збоку пераседзець! — ледзь не лаяўся ён, думаючы. — Аж калоціцца, кеб не перарабіць за другога! Малако шчэ матчынае не абсохло на губах, а ўжэ за ўсіх хітрэй буць хоча! — Не першы раз успомніў вайсковую службу: — Папаўся б ты мне там такі! Я цябе б — не сакрэт — умэнт чалавекам зрабіў бы!»
Нічога, нічога, дайце час — ён, Міканор, і тут каго-нікаго па-людску рабіць навучыць!
На грэблю выехаў удвух з бацькам не вельмі рана, каб адразу ўслед пацягнуліся і іншыя. Але праз тыя паўсяла, што ехаў вуліцаю, давялося ехаць адным, ніхто не далучыўся ні на калёсах, ні пешкі. Так адны і выехалі ў поле. Усё ж не трывожыўся — бачыў, што людзі збіраюцца, раней ці пазней падыдуць. Душу поўніла святочная радасць: вось ён, той даўно чаканы дзень!