Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Людзі на балоце
Шрифт:

Калі Міканор перавязаў рану Хадосьчынай латкай, Хоня параіў даць хлопцу гарэлкі. Ён сам наліў, падаў Міканору; але толькі Міканор паднёс шклянку да рота хлопца, той моцна сціснуў губы. Міканор здзіўлена глянуў у вочы хлопца і сумеўся — такая крыўда і такая нянавісць была на твары ў таго.

— С-сволачы!.. — пачулі раптам усе, хто быў блізка. — Гады вы!..

Ужо вяртаючыся дамоў, Міканор даведаўся ад Хоні, што хлопец — з Глінішчаў, што яму вельмі даспадобы Ганна, з-за яе яго, мабыць, і пабілі — Яўхім тут пастараўся, не інакш.

— Іх тут трое, з Глінішчаў. Дак дурань еты, Ларывон, адзін не палез, а падгаварыў шчэ на помач. Ну, а — п'яныя ўсе, рады старацца!.. Папробуваць сілу на чужом чалавеку!.. А як пачалі, дак як падурнелі — раз'ятрыло шчэ болей! Я хацеў памагці проціў Ларывона, сунуўся таксамо!.. Ну, далей-болей!.. — Хоня сказаў раптам весела: — Усё-такі я пераламаў дручок на яго галаве! Мацае, мабуць, Бугай, добры гузак!..

Доўга не спаў Міканор у гэту ноч. Круціўся, шамацеў саломаю, пасланай на падлозе, побач з Вольчыным чалавекам, з хвоенцам, з адным алешнікаўцам. Чуў, як Алёша з гармонікам прайшоў: абарваўшы полечку, ударыў «Марш Будзённага», некалькі маладых галасоў хвацкі падхапілі:

Кар'ерам, кар'ерам — давай, давай, давай!

Рота кулямётная, ў баю не адставай!..

Радасць прайшла ў душы, калі пачуў дарагі марш, — спадабалася, палюбілася Кураням песня! Але радасць сышла скора: думкі апаноўвалі клопатныя, неспакойныя. Зноў і зноў згадвалася, як хлопец у Ігнатавай хаце сказаў: «Сволачы! Гады!..», не цярпелася пагаварыць пра ўсё з Шабетам і Дубадзелам — перадаць у суд, каб прыпаялі каму-нікаму! Каб другія каламі махаць закаяліся, каб кончыць дзікасць гэту — бойкі!

«От дзе яно, балото другое, шчэ, мабуць, горшае за тое, — паплыла невясёлая развага. — Тут мілірацыю сваю рабіць, можа, шчэ цяжэй!..» Пад п'янае храпенне і мармытанне дзядзькоў побач — не першы раз за гэтыя дні — падумаў-памарыў: «Асветы, газет паболей бы! Кіно б сюды!.. Іншы звон буў бы!..» Тачылі думкі пра сваю вінаватасць: няма ў яго цвёрдасці, жаллівы аж вельмі — увесь у матку! Але гэтым думкам пярэчылі іншыя: жаллівы не жаллівы, а і напралом лезці — не метад, калі ўсё так пераблыталася, сплялося, урасло!.. Строгі суддзя ўсярэдзіне, што ніяк не хацеў спаць, не мог утрываць, каб не ўпікнуць: сплялося-то сплялося, а характар усё-ткі — мяккаваты! Не сакрэт, піць на рэлігійныя святы ў другі раз не трэба!.. Пабачыў бы камісар Курбацкі, як ты за сталом сядзеў, які быў! Як ты надзею яго на цябе спраўдзіў!..

Ад гэтага, напэўна, найбольш і пякла вінаватасць. Як бы камісар, хлопцы — Мароз, Кісель, усе таварышы па службе — былі поруч, чулі, — кляўся: усё-такі вы не думайце нічога паганага! Хоць і саступаю я дзе-нідзе — з-за тактыкі і па другіх прычынах — з жаласці, не сакрэт — сораму не зраблю вам! Не скрыўлю камсамольскую нашу лінію, можаце не сумнявацца!..

Раздзел трэці

1

Глядзелі, як асядае, чарнее, вадзяніцца снег, як цурчаць, пераліваюцца сонечнымі зайчыкамі ручаіны, як паруе, сохне пахучая красавіцкая зямля. Хадзілі да знямогі за плугам, чуючы пад босымі нагамі сыраватую мяккасць растрывожанай зямлі. Аралі, баранавалі, сеялі…

Як і ўсе, з ранку да вечара быў у полі Міканор. Араў, сеяў, як усе, але думка пра грэблю не давала спакою яму нават у гэтыя дні. Чакаў Міканор, калі падступіць тая часінка, у якую можна будзе адарваць куранёўцаў ад поля, прывесці на грэблю, часінка зацішку пасля таго, як пасеюць, і да таго, як пачнецца сенакос.

Чакаў нецярпліва. Не раз, не два хадзіў на ўзболатак, ад якога павінна была пачынацца грэбля, стаяў, узіраўся ў халоднае шырокае разводдзе, з якога адно вылазілі чорныя дзеркачы кустоў, чэзлых бярозак і алешынак. Вада, што разлівалася аж да самай выспы, на якой віднеліся з-за хмызняку некалькі крайніх алешніцкіх хат, хавала не толькі балота, але і амаль усю дарогу разам з мастком. Першымі днямі здавалася, што разводдзе не спадае зусім і, можа быць, утрымаецца не толькі ўвесну, але, як бывала іншы год, дастаіць да сярэдзіны лета. Многа дзён сышло, пакуль не ўбачыў, як пачалі выглядваць на пацяплелай, поўнай сонца, люстранасці першыя купіны, вясёлыя, сакавіта-зялёныя грыўкі травіцы на іх.

Дзень за днём на сонечнай вадзе купін вылазіла больш. То тут, то там выбіраліся грэцца на паверхню ўжо цэлыя астраўкі. І ўсюды, на кожнай купінцы, на кожным астраўку, проста на вадзе — зялёная радасць. Зелянела асака, зелянела лаза, усё гусцей зелянелі алешнікі.

Сыходзіла вада і з дарогі, але адступала неахвотна — пакідала ўсюды равы і ямы з лужынамі, чорную ліпучую гразь, што ніяк не хацела падсыхаць. Нельга было і думаць, каб пераехаць ці нават перабрацца пешкі. Са смуткам і нецярплівасцю пазіраў Міканор на такую нібы недалёкую, але недасяжную выспу, на якой былі Алешнікі. Ужо трэці месяц ні адтуль не прыходзіў ніхто, ні туды ніхто не дабіраўся. Трэці месяц не чутно было нічога з сельсавета, з воласці, не было газет…

Пасля паўдня цёплым майскім днём Міканор наважыўся дабрацца да жаданай выспы. Выпраўляючыся з хаты, узяў даўно ўжо не ношаныя салдацкія чаравікі з абмоткамі: нядобра ж было паказвацца ў чужым сяле, як дома, у лапцях. Чаравікаў, аднак, не надзеў, — звязаўшы шнуркі, перакінуў цераз плячо, праз свае Курані, па даволі падсохлай дарозе пайшоў басанож.

Ішоў весела і лёгка, толькі перад балотам спыніўся, выбраў з кучы галля, складзенага зімой, добры, моцны дручок, зламаў верх і абламаў сучкі. Удваіх з гэтым спадарожнікам, які павінен быў памагаць мацаць глыбіню гразі і лужын, а дзе трэба, і стаць апірышчам, Міканор смела рушыў на балота.

Гразь, дзе было яе неглыбока, ужо ўгрэлася, але калі ногі ўязджалі па калені ці глыбей, костачкі нылі ад холаду. Міканор як бы і не заўважаў гэтага холаду — душа была поўная клопату: дарога ўвесь час запыняла, ашуквала. Што ні крок, то загадка — сачы, мерай, выбірай, не хіб. У некалькіх месцах дарога была ўпоравень з дрыгвою, твань і рудая вада падступалі так высока пад грудзі, што ўсярэдзіне халадзела.

Вымак і ўтаміўся, пакуль дабраўся да мастка. Калі стаў на мастку аддыхацца, здзіўлена азірнуўся — столькі фарбаў было ў гэтым бліскучым дні: у бляску азёрцаў на балоце, у зеляніне травы і асакі, у россыпе красак. Колькі ж іх, красак, жаўцела ўсюды, аж вочы сляпіла, як ад сонца.

Бярвенні на мастку былі цёплыя, гразь на іх падсохла, і зямля сыпалася ў шчыліны. Ужо напалову струхлелыя дрэвы ляжалі нетрывала, ездзілі пад нагамі. Адно бервяно было праламана, і край яго вісеў над вадою. Міканор бачыў: вада не цурчала, стаяла — цячы не было куды. Разводдзе даўно ўсталявалася роўна…

Ён агледзеў сваю вопратку: штаны і нават ніз гімнасцёркі былі аблеплены тванню. «Мыць трэба будзе і сушыцца», — заклапочана падумаў ён і зноў палез у балота.

Перабраўшыся на другі бок, Міканор падступіўся к лужыне, змыў гразь, выціснуў ваду, сеў абсушыцца. Але сядзеў нядоўга, карцела хутчэй пайсці ў сяло. Не абсохшы як след, стаў абуваць чаравікі, накручваць абмоткі. «Пакуль дайду, якраз высахну!..»

2

Спачатку зайшоў у хату, дзе жыў Гайліс, сакратар ячэйкі. Не застаў — на двары адно грэлася слепаватая старая, якая злосна буркнула: «У полі». Міканор і без слоў ведаў, чаму яна злуе: нядзеля, божы дзень, грэх рабіць. Міканор пайшоў к сельсавету.

Сельсавет размяшчаўся ў былым папоўскім доме, што стаяў сярод ладнага садку. Побач з сельсаветам была крама, а за садам, акружаная бярозкамі і клёнамі, — алешніцкая цэркаўка. Прысады да цэркаўкі ішлі паўз самы цяперашні сельсавецкі дом, які стаяў як бы на дарозе веруючых, што густа цяклі ў царкву святочнымі днямі.

Поделиться с друзьями: