Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Людзі на балоце
Шрифт:

Па другі бок вуліцы, таксама сярод саду, стаяў яшчэ будынак, накрыты гонтай, з пабеленымі аканіцамі — школа. Калі дадаць, што ў сельсавецкім доме, акрамя самога сельсавета, які займаў два пакоі, у бакоўцы мясцілася такая важная ўстанова, як пошта, то можна сказаць, што тут быў самы цэнтр і сяла і ўсіх сёл, якія падпарадкоўваліся сельсавету.

Дружны лад новых устаноў, што сабраліся тут на невялікім пляцы зямлі, вядома, псавала старая цэркаўка, але з яе суседствам даводзілася мірыцца як з нежаданай, але неадхільнай спадчынай…

У гэтым цэнтры неўзабаве і ішоў Міканор. Крама, на якой яшчэ чырванеў першамайскі лозунг, была адчынена. Каля крамы, як звычайна ў нядзелю, тоўпілася нямала святочнага народу.

Людзі стаялі, гаманілі і каля сельсавета. Пазнаўшы куранёўца, спынілі, сталі распытваць, якая дарога ў Курані, што ў іх чуваць, як жывуць сваякі, знаёмыя. У будынку сакратар сельсавета і стары паштар ігралі ў шашкі. Абодва так былі гэтым захоплены, што, адказаўшы на прывітанне, і не зірнулі на Міканора.

Толькі дагуляўшы партыю і пасадзіўшы сакратара ў «адхожае месца», без меры шчаслівы, урачысты стары дастаў Міканоравы газеты — цэлы стус «Беларускай вёскі». Многія лісты газеты аж пажоўклі ад даўнасці. Стары намерыўся быў пайсці да сакратара, што зноў расставіў шашкі, але ўспомніў, пакорпаўся ў століку, падаў Міканору пісьмо.

— Два месяцы з гакам чакала-с, — сказаў ён, з асалодай кіруючы да шашак.

Міканор паклаў газеты на канапу, разгарнуў трохкутнік. «Пісьмо ад былога твайго суседа па ложку і аддзялённага, а цяпер курсанта Івана Мароза», — не прачытаў, а пачуў, здаецца, ён вясёлы голас свайго таварыша. І нібы зноў вярнуўся ў казарму, дзе побач галава к галаве спалі на нарах іх аддзяленні, дзе столькі разоў разам ускоквалі, завіхаліся на знак начной «трывогі». Зноў нібы пачуў павеў вольнага ветру на мазырскіх кручах, рып дошак на мосце пад нястройным крокам аддзялення, цурчанне пяску, што асыпаўся ў мелкія акопчыкі між лазняку ля Прыпяці…

«У першых радках майго пісьма, — гаварыў Іван, — спяшаюся паведаміць табе, што я, не сакрэт, канчаю курсы і скора паеду на новую сваю работу, а куды — гэта ўжо сакрэт…» Міканор нібы пабачыў гарэзную Іванаву ўсмешачку — і тут, прычэпа, не ўтрываў, каб не пакпіць з любімага Міканоравага слоўца! І не забыў пра гэта слоўца, помніць!

З радасцю сустрэчы з таварышам няпрошаная, кволая заныла зайздрасць: цікавая праца будзе ў Івана. Некалькімі радкамі ніжэй таварыш, як бы незнарок, намякнуў, што будзе служыць на граніцы. І ён, Міканор, мог бы з ім быць, і яму ж казалі ісці на тыя курсы. Ды ён не згадзіўся — снілася, звала дамоўка…

Яшчэ раз сум і зайздрасць варухнуліся, калі ў канцы кароценькага пісьма прачытаў: «Ледзь не забыў! Прывітанне табе ад Кісяля! Нядаўна прыслаў вестку — таксама дома заварочвае. Камуну арганізаваў!.. От табе і Кісель!»

«Камуну… А тут — і з грэбляй ніяк не дасі рады!» — папракнула Міканора думка.

Вуліца пачала стракацець белымі, чырвонымі, блакітнымі кофтамі і хусткамі, хлапечымі сарочкамі і світкамі. Людзі ўсё выходзілі і выходзілі з-за хаты. Нізалася мірная гамонка старых, гаспадароў, вясёлы гаварок моладзі. Ва ўсім чуўся спакой святочнага дня і радасць волі: мабыць, кончылася царкоўная служба.

Міканор успомніў бацькаў наказ — паглядзець, ці не прадаюць кос, — і ўжо намерыўся падацца ў краму, калі к дому ціха падкаціла тачанка з Апейкам. Апейка кіраваў сам, вітаўся з людзьмі, што здароўкаліся з ім і кланяліся. Каля плота, калі ён стаў прывязваць каня, некалькі чалавек акружылі яго, пачалі аб нечым раіцца, распытваць. Міканор пастаяў поблізу, але Апейку было не да яго, і ён сеў на парозе пачакаць, калі старшыню адпусцяць.

— А! Якраз дарэчы! — узрадаваўся Апейка, убачыўшы Міканора. — Успамінаў ужо, думаў, як бы дабрацца! Толькі як дабярэшся? Аэрапланам хіба, дык не далі! — Ён загаварыў клопатна: — Болей за паўволасці адарвана. Кіраванне, называецца!.. Ну, што ў вас? Сяўбу скончылі?

— Пасеялі.

— Настрой які ў людзей? Чутак ніякіх не ходзіць, страшных? Пра вайну, пра чарцей балотных?

— Ды не, ціхо. Іншы раз хіба Маслака прыпомняць, матка якая сына пастрашыць. А так — ціхо.

— Спакойна. Гэта добра. Пара і вашым к спакою прывыкнуць. За грэблю калі возьмешся?

— Дак от думаю цяпер.

— Самы час. Бярыся, не валаводзься попусту. Упусціш момант — не сабярэш нікога.

— Дак от, кеб Алешнікі не запазніліся. Кеб у адзін дзень. Зразу з абодвух бакоў.

— Абяцалі, што не падвядуць. Ну, але калі такі неспакой у цябе, сам пасачу, каб не спазніліся… Жалезнякі і сякеры атрымаў?

— Дак дзе там! Першы раз чую, што яны е. Нікога ж шчэ не бачыў… — Было відаць, што Міканора вельмі ўзрадавала гэта навіна.

— Рабочыя з Рэчыцы прыслалі… Трэба будзе падмога якая ад мяне — прыязджай у любы час! Чым магу — памагу!

— Хіба, калі папужаць каго трэба будзе, налегці.

— А ты не сілаю, а свядомасцю старайся браць. Актывістаў арганізуй, каб памаглі. Падбяры групу талковых, сумленных, пагавары шчыра. Паднімі іх над балотнай тванню, выведзі з царства затхласці, пакажы — што навокал робіцца, што наперадзе будзе! Ты ж бачыў многа сам, ведаеш нямала! Зацікаў жа другіх, запалі іх!

— Спробуваў.

— І што? Не паддаюцца? — вочы Апейкі кальнулі.

— Туго. Нецікаўны нейкі народ у нас. Цёмны, ведамо…

— Усе цёмныя, пакуль не стануць светлымі. Працаваць нам трэба з імі, па-ленінску — цярпліва, з верай у іх, з любоўю! З ленінскай любоўю! Не адчайвацца зразу, працы тут не на дзень і не на год!

Падбег зачырванелы Дубадзел. Апейка загаварыў да яго:

— От тут Міканор збіраецца брацца за грэблю і непакоіцца, каб не падвялі Алешнікі.

— Выйдуць усе. Як адзін, — пакляўся Дубадзел, зірнуўшы на Міканора так, нібы той абразіў яго.

Неўзабаве Апейка з Дубадзелам падаліся ў сельсавет, а Міканор, развітаўшыся з абодвума, пайшоў у краму. Яшчэ перад крамай яго зноў спынілі, падступілі з роспытамі пра дарогу, пра куранёўскія навіны. У краму ледзь уціснуўся. У духаце, перамешанай з пахамі дзёгцю, газы, поту, калыхалася святочная гамонка, вісеў тытунёвы дым. Пакуль Міканор праціснуўся к прылаўку, і сам узмакрэў, хоць выкруці сарочку.

Кос не было. Дзядзькі, падхапіўшы Міканорава пытанне, сталі лаяць кааперацыю — што за крама, калі ў ёй касы перад касавіцай не дастаць, — здзіўляцца Нохіму, у якога заўсёды ўсё ёсць, няхай сабе даражэй, але затое без паю. Крамнік, дробны, касавокі дзядзька, відаць, даўно прывыклы да такіх размоў, толькі галавой весела пакруціў: от ахвота часаць языкі без толку…

Купіўшы запалак, кніжачку «Што трэба зрабіць, каб добра расло жыта», Міканор зноў выбраўся на волю, на сонца. Зноў пакіраваў к дому, дзе жыў Гайліс; нельга ж было пайсці з сяла, не пабачыўшыся з ім. Калі ён і цяпер у полі, то прыйдзецца папытацца ў старой злюкі дарогу і падацца туды…

Поделиться с друзьями: