Людзі на балоце
Шрифт:
Поле жыло ўжо іншым настроем, ціхай, шчымлівай журбою. Журба гэтая ішла не толькі ад таго, што поле галела, што ў ім адчуваўся нядобры, пагібельны подых недалёкай восені. Знакі звядання там і тут прыкметна прабіваліся ўжо і ў лесе. Чэзлыя, рэдкія бабкі, што нядружна ўставалі пад сумныя, падобныя на ціхае галошанне песні жанок-жней, былі як страшныя знакі марнасці, няспраўджанасці чалавечых надзей. Сіратлівыя бабкі гэтыя выглядам сваім як бы казалі: вось усё, на большае не спадзявайся, большага не будзе, гэта ўсё, чым магла адплаціць за працу няшчодрая на аддарункі тутэйшая зямля…
Спявала, дажынаючы паласу, і Ганна, якой час ад часу памагала, падгалошвала мачыха.
— Да перастаньце вы ўжэ, — не вытрываў нарэшце Чарнушка. — Усё роўна як на могілкі сабраліся везці!..
— А не падабаецца, дак не слухаў бы, — адказала, аціраючы з гарачага твару пот, мачыха. — Грошай не просім жа!..
— Грошай… Да кеб булі грошы, дак не пашкадаваў бы, заплаціў, штоб не гулі, памаўчалі… І так маркота, а тут — як на хаўтуры!..
Бачачы, што мачыха не жне, Ганна паклала зжатую жменю белаватых чэзлых сцяблоў на разгорнутае на пожні перавясла і таксама разагнулася. Хвіліну стаяла так, выпрастаная, нерухомая, у выцвілым зрэб'і, з падаткнутым фартухом, з хустачкай, казырочкам насунутай на бровы, — чакала, калі перастане ныць, памякчэе здранцвелая спіна. Стаяла, нічога не бачыла, нічога не думала, жыла ціхай радасцю: можна трохі перадыхнуць. Потым, калі села на сноп, пачула, як шчыміць уколатая аб пожню нага каля костачкі, выставіла яе, смугла, да чарнаты загарэлую, распісаную да кален белаватымі пісягамі і закарэлымі плямкамі крыві, паслініла палец і прыклала да паколіны. Паглядзела на рукі — яны таксама былі чорныя, з белаватымі пісягамі і знакамі сляпнёвых укусаў.
У галаве яшчэ стаяў шорхат жытнёвых сцяблоў, мернае жыканне сярпа. Стомлена жмурачыся ад зіхотнага сонца, яна перавяла позірк на поле: нібы ўпершыню заўважыла, як сумна спусцела навокал апошнімі днямі. Рэдкія бабкі тырчаць, дзе-нідзе віднеюцца вазы. На адны з іх складваюць снапы, другія, перавальваючыся з боку на бок, як жоўтыя жукі, цягнуцца к Кураням.
Нямала палос ужо зжата зусім, на другіх жыта яшчэ млее маленькімі і большымі купамі. На кожнай паласе, дзе толькі стаяць бабкі ці расце жыта, варушацца людзі: хлопцы, жанкі, дзяўчаты, мужчыны, дзеці; шарэюць, бялеюць сарочкі, хусткі — усе Курані, здаецца, перабраліся ў поле. У каторых дзеці малыя, тыя прыехалі з калыскамі. Унь Хадора падышла да калыскі, што вісіць на састаўленых дручках, узяла малое, расшпіліла кофту, не садзячыся, прытуліла дзіця да грудзей…
Карчы ладуюць воз. Яўхім чапляе перадок рубля за вяроўку… Хадоська жне ўтраіх, з бацькам і маткаю. Хутка ўжо кончаць — стараюцца, з самага рання ідуць не разгінаючыся, руплівыя. Ім сёлета пашанцавала: жыта ў іх не такое паганае, як у іншых, будзе хоць што змалаціць.
А ў Дзятлікаў, у Васіля яе, жыта таксама нікчэмнае, мэндлікаў столькі і такія, што і глядзець горка. Як і ў іх, у Чарнушкаў…
Васіль ужо таксама блізка да канца паласы. Жнуць удваіх, маці з сынам. Жне і не азірнецца, сагнуўся, утаропіўся ў зямлю, бачыць толькі жытнёвыя сцяблы ды перавясла — хоць бы раз кінуў вокам на яе, на Ганну. Дык не ж…
Няўжо ж такі і не павернецца да яе, не гляне? — ужо раўніва думае Ганна, не сярдзіта, а больш лагодна, цікаўна, і не зводзіць вачэй з Васіля. Ну, калі не азірнецца, не адкажа позіркам, няхай дабра не чакае!.. Ганна думае ўжо, чым адпомсціць яму на такую няўвагу, але ў гэты момант Васіль, што звязаў сноп, як бы пачуў яе думкі, пагрозы — зірнуў на яе.
Ага, спужаўся! Не хоча, значыцца, каб злавала!.. Ганна сочыць цікаўна: Васіль не толькі азірнуўся, а стаіць ужо, думае штосьці, як на раздарожжы. Паклаў серп, шоргаючы нагамі па пожні, з усмешкай і радаснай і, як заўсёды перад яе бацькам, вінавата-сарамяжай ідзе да іх. Васілёва маці таксама перастала жаць, глядзіць услед сыну…
Такі як бы сарамяжы, рахманы, а колькі гонару, строгасці колькі ў ім! Ганне ўспомнілася, як хмурна глядзеў Васіль на яе зімою, вярнуўшыся з Юравіч, калі спаткаліся першы раз адны. Як раўнаваў, дзівак, да Карча! І хоць бы слова сказаў — стаяў, апусціў непадступна жорсткія вочы, капаў лапцем снег… Толькі губы ад крыўды крывяцца, дрыжаць… Аб чым яна тады гаварыла?.. Помніцца толькі, што спачатку было няёмка, як бы грэшная перад ім была, а потым неспадзеўкі стала смешна. Ледзь стрымалася, каб не засмяяцца: баялася, што зазлуе, пойдзе ад яе!
Недарэмна хацелася смяяцца: з той раніцы колькі вечароў, начэй былі разам, грэліся ў маразы, у завірухі, тулячыся да вугла яе хаты. А вясна — голадна было, кару ў муку падмешвалі. Другім свет нямілы, здавалася, — ці да кахання, а ні аднаго вечара, мусіць, не ўседзелі асобна!..
Толькі Корч часам прыб'ецца, прыстане, нагоніць хмурнасць на Васіля, але Ганна ўмее ўжо разганяць гэту хмурнасць. Не ўгаворамі, а смешкамі — кплівая ўсмешка ўраз нішчыць Васілёву падазронасць.
Вось і цяпер Ганна ловіць Яўхімаў позірк — на хвіліну перастаў увязваць воз, глядзіць, як Васіль падыходзіць да яе, як сустрэнуцца. І да чаго ж упарты гэты Корч! Усё роўна як прыліп! Чым больш гоніш яго, тым, здаецца, больш ліпне. Ды яшчэ злуе — праўда, не паказвае, усмешачкай хавае злосць. Але Ганна ўсё чуе: думаў, кожная, абы толькі зірнуў, растане адразу, а тут раптам — дуля. Ну, цяпер ужо, мусіць, адчэпіцца, паспрабаваў, апёкся… Недарма ж да новай леснікоўны зазіраць стаў.
— Што ето вы, дзядзько, паселі ўсе? — сказаў Васіль, абы сказаць. — Сама пара рабіць, а вы — як на свято.
— Дак і ты ж, здаецца, не робіш?
— А я, гледзячы на вас!..
— І што ты, грэц яго, знайшоў ва мне, што ўсё глядзіш да глядзіш, — як бы пажартаваў бацька, але прамовіў сур'ёзна: — Упадабаўся я табе, ці што?
— А то — не, думаеце? — Васіль падміргнуў Ганне і разам з ёй засмяяўся.
— Пажаніць бы іх! — падышла Васілёва маці. — А то ж, сказаць, не днюе, не начуе дома. Схуднеў — адны шчэлепы тырчаць!
— Мамо, што ето вы нас усё жэніце? Толькі падыдзеце — пажаніць ды пажаніць!..
— Пажаніць, можно і пажаніць, — сказаў Чарнушка. — Дык ты ж, мабуць, не аддасі Васіля ў прымы? — Ён зірнуў на маці хітра, але ўсё з той жа панурасцю.
— А нашто ў прымы? Ці ў мяне хата поўна дзяцей?
— Поўна не поўна, а і мне без Ганны не выходзіць. Без Ганны я — як без рук…
— Дак то ж хіба далёко пойдзе? — спрачаецца не на жарт маці. — Як трэба будзе, дак яна ж тут як тут. Зробіць вам усё, што трэба!..
— Ето, як той казаў, пакуль: косю, косю — да ў аглоблі. — Чарнушка не даў сказаць Васілёвай маці, прамовіў панура: — Есці от што яны будуць? Што мы будзем? Ёй не тое што замуж ісці, а, можа, кеб з торбай па хатах не прыйшлося!
— Што ты кажаш, суседко! Перажывем неяк. Перагораем, буць не можа. Прывыклыя…
— Ето такая прывычка, што здохнуць нядоўга… І калі яно ўсё кончыцца! Усё думаеш: от-от узаб'ешся на хлеб, жылы рвеш, і — нб табе! — Чарнушка плюнуў.
— Кеб усім зямлі пораўну, адзінакавай, то маглі б і перабіцца. А то ж аднаму густо, а другому — пусто, — адгукнулася мачыха. — Савецкая ўласць, называецца…
— Упарадкаванне абяцалі, а нешто і носу не паказуваюць…
— А хто табе яго будзе рабіць? — адказвае Васілю Чарнушка. — Улада што? Яна дае закон, а закон той — як дышло… Закон той людзі прымерваюць. Як людзі людзьмі, то і закон — закон. А як маўчаць кожны будзе ды сядзець склаўшы рукі, дак і ўлада не паможа!