Млын на Сініх Вірах
Шрифт:
Гудок аўтамашыны.
Здаецца, Швальбе, уласнай персонай. Не ўставай, Зігфрыд, замнога гонару.
Адчыняюцца дзверы, уваходзіць Швальбе, за ім Ранцоў, Штаркенфауст, Ламсдорф і Эверт.
Швальбе. Зіг хайль!
Ільзенвельдэ.
Адлерберг. – Зіг хайль!
Швальбе. Зачакаліся мяне? А я з таго ёлупа, што вы прывезлі, Адлерберг, здабыў тое-сёе цікавае. Ён чакае ў прыёмнай... Ну што ж, не будзем дарэмна ганяць час, нам яшчэ трэба дагаварыцца пра ўзаемаадносіны ў аперацыі.
Адлерберг. Сядайце, панове. Зігфрыд, адкрыйце карту. У вас, Швальбе, дзіўная страсць усё прыкрываць літарамі і нават асенізацыйныя работы на вадакачцы называць вытанчана, нешта накшталт “Эдэльвейсы квітнеюць”, як быццам справа ідзе пра чарговы наступ арміі. Мы з вамі невялікія палітыкі, абыдземся простымі словамі: “Аперацыя супраць партызанскай брыгады нейкага Дубоўскага”.
Швальбе. Пазнаёмцеся... Камендант Адлерберг... гаўптман Ільзенвельдэ... маёр Ранцоў, нязломнасць, старанны афіцэр: ...Штаркенфауст, розум і моц. ...Фердынанд Эверт, “свой” хлопец. Ламсдорф. Лічу, што далейшая частка збораў пасля такога знаёмства будзе праходзіць нявымушана.
Адлерберг (да Ільзенвельдэ). Амікашонства нейкае. Штучная “свойскасць”. А сам проста жывёла. (Уголас.) Сядайце, панове.
Швальбе. Дык вось, Ранцоў, Штаркенфауст, Ламсдорф, Эверт прыбылі з карным загонам. Загад – камандавання – засцерагчы ад небяспекі тры чыгункі, што праходзяць у наваколлі горада. Зараз справы дрэнь. Справы трагічныя. Рух – ад выпадку да выпадку. У дапамогу Ранцоў вылучылі частку сілы каменданта горада. Загад: аб’яднанымі сіламі прыкончыць загон Дубоўскага.
Ранцоў. Выканаем.
Швальбе. І я думаю. Але дзе яны? Разведкі няма, звестак ніякіх.
Штаркенфауст. Дазвольце мне. Хаця мы і не ведаем, але мне здаецца, што перш за ўсё іх трэба шукаць у самым вялікім масіве: Звініцкіх пушчах.
Адлерберг. Р-разумная прамова. Але вы не ведаеце гэтага народа. У іх тут у кожнай страсе арсенал, у кожнай хаце інсургент. I, можа, не пушча, а любая вёска з’яўляецца месцазнаходжаннем гэтых людзей.
Ранцоў. Выселім.
Швальбе. Не маем пакуль што магчымасці. Рэпрэсіі супраць мясцовых жыхароў – пасля. Але Штаркенфауст таксама мае рацыю. Пушчу трэба блакіраваць.
Штаркенфауст. Пакуль возьмемся за блакаду – нядрэнна было б узяцца за тыя вёскі, якія ляжаць у раёне пушчы. Якая вёска лічыцца тут самай глухой?
Швальбе. Чарнабогі.
Штаркенфауст. Заняць яе, направіць загон у лясніцтва, якое я тут бачу, у хаты палясоўшчыкаў. Жыхароў хат расстраляць, хаты спаліць.
Швальбе. А пасля гэтага пачнём метадычнае прачосванне пушчы. Пачнём з поўдня і з поўначы, ад лініі чыгункі.
Штаркенфауст. Іх трэба паступова адцясняць у мяшок паміж гэтымі рэкамі. Вакол – дрыгва. Яны пападуцца там, як мышы ў пастку.
Швальбе. А зараз і я парадую вас. У мяне ёсць чалавек, які сёе-тое ведае, хоць вельмі мала.
Націскае званок, у пакой салдат уводзіць Трубайлу.
Адлерберг. А, гэты бандзюк.
Швальбе. Шляхціц Трубайла паведаміў, што ў апошнія гадзіны горада, яго, Трубайлу, прывялі да старшыні гарвыканкома Каляды. Што вы чулі там?
Трубайла. Прашу дараваць мне, панове, але я чуў мала. Мяне амаль адразу загадалі падвергнуць страце цераз расстралянне. Я паспеў зразумець, што справа вялася пра ўстаткаванне млына недзе ў пушчы. Размову вялі Каляда і Сміхальскі, адзін з іхніх начальнікаў. Казалі, што млын павінен абслугоўваць вялікую колькасць людзей. Казалі яны і пра месца, але я забыў. Я быў у такім становішчы... Але я абавязкова ўспомню.
Швальбе. Добра. Пойдзеце разам са мною і маёрам Ранцоў. Выведзіце яго.
Трубайлу выводзяць.
Я, здаецца, прадчуваю той момант, калі яны заскачуць у паветры. I дай бог, каб я быў добрым прарокам. Я задам ім лазню.
Штаркенфауст. Ну што ж, нядрэнна. Мы ведаем зараз, што яны ў пушчах, што Чарнабогі належыць узяць за глотку, што там недзе ёсць нават млын, значыцца, гаспадарка нядрэнная. Нам трэба шукаць перш за ўсё гэты млын. Заняўшы або спаліўшы яго і блакіраваўшы пушчу, мы задушым іх голадам.
Штаркенфауст. І я схільны да таго, каб млын, калі адшукаем, не паліць. Заняць яго невялікім гарнізонам. Гэта будзе нядрэнная прынада для галодных.
Ільзенвельдэ. Але гэта не ёсць метад сумленнай вайны.
Штаркенфауст. Вы ідэаліст. Якая можа быць з імі сумленная вайна. Гэта дзікуны, і гэтыя дзікуны знішчылі, за апошні час, сем нашых вайсковых гарнізонаў. Я ўжо не кажу пра дыверсіі і сабатаж на чыгунцы. I яны становяцца ўсё больш нахабнымі. Нельга выйсці ўначы з хаты. Дол для мёртвых, пекла для жывых – вось адзіны метад з імі.
Швальбе. Ну вось і кароткі план. Вы, Адлерберг, трымаеце, згодна загаду камандавання, наваколле горада і паўночную ветку чыгункі. Я бяруся за лясніцтва. Ранцоў і вы, паны афіцэры, займаеце Чарнабогі і прачосваеце паўночную частку пушчы. Гаўптман ідзе з вамі. Пасля мы ў згодзе з паўднёвымі часцямі пачынаем блакаду. Гэта складаная і не хуткая справа, але я пастаўлю гэта пытанне перад камандаваннем. Адсунуць іх у балотны мяшок і знішчыць голадам і зброяй. Вось здаецца і ўсё. Падрабязна – заўтра. Аперацыя пачнецца праз тыдзень. Я лічу, што ўсё ясна? Можна разыходзіцца, панове.
Афіцэры развітваюцца, выходзяць. Швальбе выходзіць апошнім, ціха размаўляючы пра нешта з Адлербергам. Нарэшце ўсе пайшлі. Засталіся Адлерберг і Ільзенвельдэ. Ільзенвельдэ круціць радыёпрыёмнік, чуваць гукі 5-й сімфоніі Бетховена.
Ільзенвельдэ. Гэта, вядома, вайна, але гэта не вайна рыцараў. Гэта не нямецкая вайна. I гэта жахліва, жахліва, душыць людзей голадам, няхай яны і ворагі.