Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Млын на Сініх Вірах

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Трубайла прыслухоўваецца.

Каляда. Тут не месца гаварыць пра гэта, Віктар. З млына вы пойдзеце тады, калі прыкажуць.

Уваходзяць двавартавыя. Бяруць Трубайлу пад рукі.

Трубайла. Свалота! Куды вы схавалі наш ціхі край! Паркі нашы высеклі, палацы нашы запаскудзілі!

Каляда. Ты маўчы, ты на новую Беларусь смярдзючае джала не высоўвай. Воўк.

Трубайла. Нічога, мы вас вылегчаем. Каціцеся адсюль, сабачыя сыны, чырвоная падла!!! Чака-айце. Наш час прыйшоў!

Трубайлу выводзяць, выходзіць за вартавымі і дэлегацыя.

Злодзей. Бывайце здаровы, таварыш старшыня. Я думаю, што гэта ўсё хутка скончыцца, і мы з вамі яшчэ пабачымся, калі я, вядома, буду на волі.

Каляда. Бывайце.

Уваходзіць Лаўрановіч.

Лаўрановіч. Машына чакае. Выбух непадалёку.

Каляда. Пачакай, давай пасядзім. Вось быў я, браце, пісьменнік, дрэнны пісьменнік, не хапала ўсведамлення самага важнага, у гарвыканкоме больш быў да месца. I раптам звалілася гора: гарады палаюць, дзеці маленькія без хлеба, без бацькоў. Сакратара гаркома бомбай напавал, партызаншчына на нашы плечы ўпала. Добра, хоць цябе з вобласці прыслалі. Дзе тая былая цішыня. Але які народ! Асінскі гэты, знахарка, Ветка наш. I нават зладзеі гэтыя, язык не паварочваецца іх так назваць. I я ведаю, чаму гэта. Мы хлябнулі за дваццаць год сапраўднай волі. I нас з кожным годам будзе ўсё больш і больш немагчыма загнаць у калішнюю цемру. Як бы гэта ні было газетна і банальна, але шлях ад кувалды да аэраплана – гэта велічна. Не, не так я буду пісаць, калі давядзецца. З сэрцам, з болем, са шчырасцю вялікай.

Блізкі выбух.

Лаўрановіч. Час ехаць.

Хутка ўбягае адзін з вартавых. На твары ягоным кроў.

Вартавы. Таварыш Каляда, выбухам забіты Рубанаў... Словам... арыштаваны скарыстаў момант і ўцёк.

Каляда. Ну і трасца яго матары. Бандзюк звычайны. Хадзем, Лаўрановіч. Час ехаць.

Накіроўваецца да дзвярэй, у гэты час зноў выбух, і, як бы ў адказ, загаварыў рэпрадуктар. Усе спыніліся.

Голас. Увага! Увага! Жыхары горада. Хто мае магчымасць – пакідайце горад. Немцы ўзялі Заходнюю. Апалчэнцам ля прычалаў трэба адыходзіць, іх могуць адрэзаць.

Каляда. Што ён робіць, вар’ят! Могуць вузел адрэзаць.

Лаўрановіч. Ён не пойдзе. У яго жонку забіла. Памятаеш, як калісьці смяяліся. Важна так кажа: “Чытаў аб’явы дыктар Ветка”. Што яшчэ акрамя аб’яў, чытаць даводзілася? Сёння, можа, ўпершыню адчуў сябе сапраўдным дыктарам, на сваім месцы.

Каляда. Трэба яго ратаваць. Паехалі.

Голас. Яны падпалілі вузел. Выйсця няма (трывожна). На Чартальне пачаў гарэць старажытны помнік, будынак калегіума. Добраахвотнікі, змагайцеся з агнём, змагайцеся з агнём. Гарыць ваша старына. Гарыць ваш горад. Ратуйце яе, ратуйце яго!

3 рэпрадуктара чутны глухія ўдары.

Яны ўдзіраюцца сюды. Бывайце, таварышы, бывайце, сябры мае, браты. Яны ламаюць дзверы, яны пагражаюць, што будуць страляць.

3 рэпрадуктара аўтаматная чарга. Цішыня.

Т-таварышы, я яшчэ жывы. Яны ламаюць дзверы... М-м-м...

Каляда. Дабілі, дабілі Ветку... Ветку дабілі.

Голас. Таварышы!.. Таварышы!.. Без панікі... Пакідайце кватэры... Пакідайце. Горад гіне... Гіне наш горад. Жывіце ў барацьбе, жывіце ў славе.

Паўза.

Хай жывуць Саветы!

Паўза. Пасля адрывіста, хрыпла.

Хай жыве Беларусь!

Заслона

Карціна другая

Млын на Сініх Вірах. Звініцкія пушчы. Цёплы жнівеньскі дзень ружавее над пушчаю. На пярэднім плане, справа, ціхі поплаў, пакрыты вільготнай зялёнай травой. Амаль на сярэдзіне сцэны некалькі густых кустоў здзічэлага бэзу. Яшчэ лявей таўшчэзны дуб-волат, лісце якога звісае над поплавам, утвараючы зялёны паўзмрок. Дуб вельмі стары, вялікае дупло ззяе ў яго ствале. Пад дубам старая, тоўстая, далоні ў тры, лава, на чурбаках, укапаных у зямлю. Тут жа каменны будынак, дзверы яго адчынены, маленькае акенца забрана кратамі. Віецца сцежка ў глыб сцэны, да млына. За поплавам увесь другі план злева займае рачулка, якая разлілася тут даволі вялікім стаўком і блішчыць пад сонцам. Люстра яе зарасло лотаццю, кугой, дзе-нідзе бялеюць ля берагоў лілеі. Ставок перагарадзіла ўдалечыні зялёная грэбля. Над ёю, справа, бачны шэры будынак млына. За стаўком – густыя кусты каліны над вадою, далей – палоса падлеску, у якім яшчэ стаяць руіны старой карчмы. А далей густыя, цяністыя, зялёныя шаты лясоў. Неба амаль нямое над імі. Зялёна, вільготна. Спяваюць птушкі, даносіцца далёкі гоман млынавага кола. I цішыня толькі падкрэсліваецца гэтым, цішыня стаіць такая, што звініць у вушах. Марыся на траве сядзіць і зашывае нешта, мармыча сабе паднос і зрэдку запявае ўголас:

“Як табе, рачушка, без крутых беражкоў, Так і мне, дзяўчыначцы, без любага дружка”.

Віктар (асцярожна падыходзіць, ціха). Марыська!

Марыся. Віктар, даражэнькі. Ой, якая я шчаслівая. Мне так цяжка бывае, калі ты ідзеш. Усё мне здаецца, што ты ўжо недзе схоплены, забіты.

Віктар. Ну кінь, кінь. Я не з тых, што лёгка даюцца ў рукі.

Марыся. Я ведаю. Але ўсё адно баюся.

Віктар. Нічога, Марыська. Не дзеля сябе аспрэчваем смерць, а дзеля тых, што ўладараць над нашым сэрцам, нельга ж прымірыцца з тым, што яны загінуць. Нічога, у апошняй бойцы перамогуць каханне і любоў.

Марыся. Нейкі ты дзіўны сёння, Віця... Ты лепей раскажы, што ў горадзе?

Віктар. Ат, месяц як там немцы і месяц як там робіцца няведама што. Думаеш, усе тыя, што крычалі пра перамогу, і зараз крычаць. Сядзяць, як бараны, па хатах... паразмаўляем пра іншае, Марыся.

Марыся. Што ты?

Віктар. Я не ведаю, што са мною робіцца, не магу гэтага растлумачыць. Уся мая энергія перайшла да кагосьці іншага, ніяк не магу пазбегнуць адчування пустаты. Нішто мне не лезе ў галаву, акрамя аднаго, і гэта адно ўсю маю душу запаланіла. Не то я, што раней, іншым уяўляю сабе свет. Балюча мне, але самы боль мне вялікі – радасць і таямніца. Ты мяне не разумееш?

Марыся. Не.

Віктар. Ну дык вось (бярэ яе галаву ў далоні, цалуе). Вось і ўсё. I можаш зараз рабіць са мною што хочаш. Усяго сябе, з усёй душой аддаю. I якая мне справа да ўсяго, калі ты са мною, лепшая мая. Усё гэта сон, гэтыя спрэчкі, бойкі. Шкода, што праходзіць маладосць пад гэты надакучлівы акампанемент. А ты мяне кахаеш?

Поделиться с друзьями: