Млын на Сініх Вірах
Шрифт:
Цыкмун. Што б табе расказаць? Хіба што пра гісторыю белага воіна.
Марыся. Раскажы.
Цыкмун. Добра. Вось закуру толькі... Дык вось, было гэта дзвесце год таму. Яшчэ больш страшная навала прыйшла на нашу зямлю, але мы выстаялі, як выстаім, вядома, і зараз. Мы – каменныя. Але было цяжка, вялікае пала гора... Па начах білі гакаўніцы недзе па-над Сожам-ракой і нешта палала, палала... палала...
Дзея другая
Карціна трэцяя
Кабінет Адлерберга. Той самы кабінет, што і ў першай карціне першай дзеі, толькі тут адбыліся некаторыя змены. На вокнах цяжкія чырвоныя шторы. У правай сцяне зроблены электрычны камін. На супрацьлеглай сцяне нейкі маляр намаляваў ландшафт: Рэйн, зялёныя горы і вежы на іх. Ад гэтага пакой стаў нейкі чужы, надзвычайны. У крэслах ля камінка сядзяць граф Адлерберг, камендант горада, і ягоны сябра, гаўптман Зігфрыд фон Ільзенвельдэ. Тут жа маленькі столік, бутэлька віна. Точыцца ціхая размова. За вокнамі позні вечар, дождж. 3 рэпрадуктара музыка Вагнера.
Адлерберг. I ўсё гэта, урэшце, глупства. Нават уласныя нашы салдаты глядзяць на нас павучымі вачыма, хаця іх вядуць зараз праз перамогі, кветкі, славу. За душою ў нас ані паламанага шэлега. Зараз – галеча духоўная, потым – смерць, а пасля, зусім па-Дастаеўскаму, шматгадовае ляжанне ў яме сярод павукоў. Паўсюль на зямлі адна мярзота і, калі ёсць, нават нешта станоўчае, дык гэта полымя, віно, ціхая размова з табой, мой любы друг. Адсюль назад: менавіта тымі самымі дабротамі карысталіся пітэкантрапы. Толькі ў нас замест вогнішча – электрычны камін, замест настою з мухамораў – бардо (трохі цяжкаватае для страўніка), а замест размовы пра паляванне – размова пра сучасны дадаізм. Змены, як бачыце, толькі фармальныя, а сутнасць тая самая.
Ільзенвельдэ. Я ў гэта ніколі не паверу, Паўль. Жыццё развіваецца. Вядома, тут многія зняверыліся ў нашай перамозе, хаця мы і рухаемся наперад. Але я скажу табе па сакрэту, што падтрымлівае мяне. Гэта Германія, яе веліч. Я веру, што, калі нам давядзецца цяжка, адчыніцца гара Кіфгайзер і стуль з’явіцца вялікі Барбароса з рыцарамі. Памятаеш?
Хвацкія ў бітве, ўдалыя ў сядле, Выспаліся на славу. Вырашыў Кайзер вялікі ўчыніць Забойцам суд і расправу.Адлерберг. Той чалавек, які напісаў гэта, зараз забаронены. I твой рамантызм тут недарэчны, бо далей, як памятаеш.
Забойцам нявіннай кветкі маёй З вачыма праменнымі дзевы, Залатакудрай Германіі, Сонца, ты, полымя гневу! На ўсіх, хто ў багатых замках сваіх На сорам забыўся просты, Пятлю адплаты вяжа рука Караючага Барбаросы.Так што прыклад няўдалы. Гэта напісана патрыётам не ў нашым разуменні. I гэта досыць дрэннае прароцтва адносна нас. Скончым давай пра гэта.
Ільзенвельдэ. З табою, Паўль, зусім нельга размаўляць. На ўсё ўзвышанае ў цябе знойдзецца неадменна нешта дрэннае. А я не веру ў наш канец. Вось мы тут, і пойдзем яшчэ далей, і хоць мне агідна глядзець на гэтых мардатых афіцэраў, але я гляджу на нашы поспехі і пачыцаю думаць, што фюрэр – гэта Калібан, у якім, як гэта не парадаксальна, увасобілася ідэя Дабра, ну няхай не дабра, але Велічы. Ён з’явіўся вяршыць вялікую справу, і ў ім душа нашага народа. Ён, магчыма, і ёсць абсалютны дух справядлівасці. З’явіўся ў выглядзе мільёнаў і чыніць справу ўваскрасення людзей да новага жыцця.
Адлерберг. Ты, Зігфрыд, не філосаф. (Пазяхае.) Я не лезу ў такія нетры. Ва ўсякім выпадку, у яго нельга адняць цвёрдай волі... I вось яшчэ што, выключы ты гэта глупства. Не люблю Вагнера... Штукарства!
Ільзенвельдэ. Дарэчы, фюрэр яго любіць, і, да таго ж, прыгожа, эпас.
Адлерберг. Гм... Цябе замясілі на ружовай вадзе... Ах-ах, нібелунгі! Ах, бойка ў палаючай зале!.. Гаген п’е кроў!.. Скарб Рэйна! А я не спадзяюся на лешпае. Рухаемся мы дрэнна, сустрэліся з самым дзіўным народам на свеце... I я яшчэ болей пераканаўся ў гэтым, калі пабачыў тутэйшых мужыкоў. Прымітыўныя і жахлівыя, як вандэйцы. Я не ўпэўнены ў тым, што наш эпас, музыку, філасофію трэба было, як ты кажаш, насаджаць тут. Ды яшчэ зброяй. Пфуй!
Ільзенвельдэ. Ну і што ж рабіць?
Адлерберг. Што? Вешаць. Нарэшце, людзі паўсюль аднолькавыя. Аднолькавае ўгнаенне пад ідэі, а якія з ідэй верныя, і сам бог не разбярэцца. Сёння буду я вешаць, а заўтра, калі ласка, вешайце мяне, я не пакрыўджуся.
Ільзенвельдэ. Не жартуй, Паўль. Я ведаю, ты не такі. Іначай чаго б ты даваў салют па таму рускаму пілоту.
Адлерберг. А што ж ты мне прыкажаш, рабіць як гэты парвеню Швальбе? Страляць людзей? У мяне для гэтага занадта тонкія нервы, я ўсё ж інтэлігент. Гвалтаваць, паліць, у ямы закопваць – не мой профіль. Але і зрабіць што-небудзь з гэтым паскуднікам я не магу і, праўду кажучы, не жадаю. Людзі – цвіль на нашай планеце. I я, і гэтыя тутэйшыя мужыкі аднолькава не ведаем, нашто з’явіліся, чаго жывём, куды знікаем. Так што ўсё адно... Вось толькі цябе я яшчэ люблю, мой малады, прыгожы, гарачы, сумленны нават у памылках, друг. Ты думай, можа, і выдумаеш нешта вартае, а я так ужо неяк пражыву, сузіральнікам. Спакайней будзе.
Ільзенвельдэ. Каб цябе ставілі на адну дошку са Швальбе? I не страшна? Ён з тых людзей, што, калі б перад ім Хрыста раскрыжоўвалі, ён бы сядзеў і аршад піў з асалодаю, бо Хрысту піць хацелася б.
Адлерберг. Ну і што? Не ўсё адно, калі наперадзе мне і яму тая ж яма. (Пазяхае.) У венскім паноптыкуме паказвалі чэрап высакароднага рыцара, а пасля выявілася, што пераблыталі экспанаты і гэта не рыцар, а вядомы гільяцінаваны злодзей. Аднак без паперкі адрозніць чарапы нельга было.
Ільзенвельдэ. Ты не дражні мяне, Паўль. Такія, як Швальбе, псуюць справу германскай культуры на гэтых землях.
Адлерберг. Я ўжо сказаў, што не лічу патрэбным, каб тут была наша культура. У іх свая культура, свая музыка, свае сагі, свае балады, свая ідэалогія – гэты марксізм. Яны трымаліся за яго сорак год і, відаць, не вельмі жадаюць яго пакінуць. I, зрэшты, калі ўжо на тое павялося, яны лепшыя, чым мы. Просты, вялікі, чыстасардэчны народ. Я захапляюся іхнімі саматужнымі вырабамі, у іх вялікая будучыня, хоць няма, пакуль што, свайго Гётэ. Яны шчырыя, гасцінныя, мужныя людзі. Што, дабіўся ад мяне дыфірамбаў? А я іх дзесяць год як не спяваў, і вось яшчэ, пакуль я зноў не пачаў гаварыць жартамі – на гэты раз ужо да канца дзён сваіх, – я раю табе сур’ёзна над гэтым падумаць, вызначыць свае адносіны да гэтай вайны, і да нямецкага поступу, і да твайго шаноўна-паважанага фюрэра... Пакуль не позна. I ведаеш яшчэ чаму? Гэта іхняя новая ідэалогія, як бы мы яе ні лаялі, робіць іх у сто разоў мацнейшымі. Гэтага не трэба забываць.
Ільзенвельдэ. Ты – і раптам сур’ёзнасць... Добра... я... падумаю.
Адлерберг. Можа, я і памыляюся. Але скажу адно, хай фюрэр будзе хоць тройчы геніем у справах палітыкі і вайны, але ж ён такі – дрэнны мастак. Дапусціць, каб дзяржавай кіраваў бяздарны мастак – гэта ў духу немцаў. А я не магу так – і таму я не немец, не афіцэр, не камендант, я проста скептык, якому да таго ж вельмі хочацца спаць і які не дачакаецца сустрэчы са Швальбе, каб пасля адправіць яго да д’ябла, пачытаць штосьці вясёлае з твораў тутэйшых паэтаў (раю, мова паходзіць на рускую). I пайсці ў абдоймы Марфея.