Млын на Сініх Вірах
Шрифт:
Андрэй. Мне абы толькі ты шчаслівай была, здаровай, вясёлай. Я, вядома, бервяно, куды мне да такой, як ты. Але я цябе кахаю, я не вытрымаю, калі з табою здарыцца што. Таму я не магу крывіць душою. Іншы, можа, маўчаў бы, каб на яго не думалі, што ён гэта з нізкіх пачуццяў, з рэўнасці, з зайздрасці. Але па мне хоць бы хто быў, толькі не ён. Не люблю яго. Несур’ёзны ён. Сэрцам адчуваю – дрэнны ён.
Марыся. А можа, проста зайздрыш? Розуму зайздрыш, прыгажосці яго. Сорам!
Андрэй (пабялеў, устае). Кепска ты мяне ведаеш. Урачыста кажу, ад думкі маёй не адступлюся, не дам зглуміць тваё жыццё. А там будзь шчаслівай з кім хочаш. Я цябе кахаць заўсёды буду, і дай табе бог быць шчаслівай з іншым. А я моўчкі кахаць буду ці мёртвым прыцягнуся да цябе і другі раз памру. Будзь шчаслівай, жыві, радуйся. Як я цябе кахаю, няхай столькі і шчасця табе будзе з іншым... Бывай.
Амаль бяжыць. Марыся разгублена глядзіць услед.
Марыся. Не трэба! Андрэй!
Андрэй знік.
Што ж гэта атрымалася? Што я гэта яму сказала, не герой, але сэрца добрае, але ж шчыра мяне кахае! Ох, што ж я нарабіла!
Уваходзіць Цыкмун.
Цыкмун. Чаго гэта ты божкаеш так? Андрэя шкода? Мне таксама. Што ты яго мучыш?
Марыся. Не ведаю. Раслі разам, разам з “баранчыкамі” ў лугі хадзілі, разам лазілі ў садкі за яблыкамі. А зараз я не ведаю, такая я маленькая, такая дурная... Віктар з’явіўся, добры, разумны, на Андрэя не злуецца.
Цыкмун. Вось гэта і дрэнна. У наш час былому саперніку косці б пераламалі, а тут (перадражнівае) “не злуецца”.
Сядае поруч з дачкою.
Ходзім мы з табою, дачушка, па нажы над ямаю, кожную хвіліну можам кувырнуцца і тады – зацягнуць нам вяроўкамі шыі. Выбірай чалавека сапраўднага, каб было чым успомніць кароткі век свой... I ведаеш, чаму мне Віктар твой не падабаецца? Таму што наш чалавек, не чыноўны па бацьку, а трымае сябе, як шляхцюк. Мы яго высунулі, нашай воляю ён стырчаў, як пузыр на вадзе, і адразу забыўся, скуль ён і хто. Сапраўдны начальнік, вось як Каляда, заўсёды просты, а гэты спачатку адгарадзіўся ад нас кабінетнай сценкаю, а зараз імкнецца адгарадзіцца сваёй надзвычайнасцю. Ну няхай ён надзвычайны, няхай яму ўсе абяцалі будучыню не абы-якую, але ўсё ж сапля ён у параўнанні, – ну, хаця б, з такім чалавекам, як Купала, а я Купалу бачыў, сам з ім размаўляў. Просты ён быў: і паразмаўляць з чалавекам, і паспачуваць, і, галоўнае, паслухаць чалавека, і выпіць нават з ім. Прастата чалавечая – вялікая справа, такога чалавека з усіх бакоў іншыя падпіраюць, ён як сасна ў бары, а той, хто адгараджваецца, той адзін у полі пад вятрамі. I папомні мае словы, той, хто вось так адгараджваецца ад людзей, рана ці позна хрупне ў спіне і зваліцца, бо ў адказны момант у душы сваёй, у сваім народзе не адчуе падтрымкі. Гэта, дачушка, тая кантора, скуль вярбуюць дрэнных людзей.
Марыся (амаль са слязамі). Ах, татка, ну нічога, нічога я не ведаю! Цяжка мне! I яго я не ведаю, і вас не ведаю... і сябе...
Пры апошніх яе словах з-за будынка з’яўляецца Тэкля Каваль з кошыкамі цераз плячо, асцярожна ставіць іх на лаву. Яна даволі высокая, з прыемным тварам і добра збераглася для сваіх гадоў. На ёй цёмная вопратка з белым фартукам. Гаворыць рэзка і ўладна.
Тэкля. А хто з нас ведае сябе. Ніхто не ведае.
Марыся Цётухна!
Цыкмун Здарова, Тэкля. Нешта даўно я не бачыў цябе.
Тэкля. А табе, бацюхна, і бачыць мяне не трэба было. Ты на дзеўку лепей глянь, да слёз давёў. Чаго ты яе пілуеш, стары грахаводнік?
Цыкмун. Лепей зараз няхай паплача гадзіну, чымсьці потым век плакаць.
Тэкля. Ты ўжо маўчы. Я вам прынесла тое-сёе. Ідзі там разбярыся. (Цыкмун пайшоў. Тэкля прысела да Марысі.) Фу-у! Запарылася. Але стары конь трымаецца, пакуль на нагах. Дык што ж гэта ты так разрумілася? Што з табою?
Марыся. Сэрца маё неспакойнае, цётухна.
Тэкля. Гэта дрэнна. Але што паробіш, заўсёды так было ў чалавека, што спакою яму не было. А ты плюнь. Колькі я сябе памятаю, заўсёды мужыкі адзін аднаму глоткі перарывалі, заўсёды ў вайну гулялі. I яшчэ зараз вайна сапраўдная, неспакою ў сэрцы быць не павінна. Раней, думаеш, спакайней было на сэрцы? Вось як у мяне пайшоў мужык на вайну, не пайшоў – павялі, засталася я адна, з дзяцьмі дробнымі. Колькі слёз было, колькі нястачы! (Прыглядзелася, кажа іншым, сур’ёзным тонам.) I каханне заўсёды было не мёд. Сусед мой, Кандрат, я яшчэ дзяўчынкаю была, ажаніцца хацеў на дзяўчыне з суседняга пачынка. I ўсё добра было, пакуль ягоны бацька з бацькам нарачонай на мяжы не папароліся граблямі да смерці з-за зямлі. Або яшчэ, Базылёвых ведаеш? Дык вось, Янка Базылёў хадзіў да Анэлі з вёскі Казлы, а яе аддалі за суседа. Янка на вяселлі напіўся і лёг на снег, сухоты жадаў зарабіць. Не зарабіў, але пальцы на руках адрэзалі, стаў калекам. I шмат яшчэ такіх невясёлых гісторый было. Так што, калі ты пакутуеш, дык гэта глупства. Цяжкі наш лёс: не ведаем мы дня ані часа. Ніхто ж не забараняе табе цяпер выбіраць таго, каго жадаеш.
Марыся. Ды не, цётачка. Я сама не ведаю, чаго мне цяжка. Можа, таму... (схлусіла), што зубы вось баляць.
Тэкля. Ну, гэта нічога, гэтаму гору мы дапаможам. Пажуй маўнкорань, і ўсё як рукой зніме. I наогул, травы вывучы, хоць некаторыя, гэта патрэбна. Давай вось я табе першы ўрок дам. Гэта што?
Марыся. Баражоўка.
Тэкля. Так, яе трэба даваць, калі чалавек на лёгкія захварэе і адхаркнуць не можа... Тут і алцей дапамагае. А вось гэта чабор, таксама лёгачная трава. А там унь чарнакорань, пакладзі пад падлогу – мышэй не будзе ў хаце. Вось так яно й вядзецца на свеце, амаль кожная трава на якую-небудзь карысць. А замовы – глупства. Адна толькі замова дапамагае і якраз ад зубоў. Хочаш дапамагу?
Марыся. Давайце ўжо.
Тэкля (шэпча). Зара-зараніца, сонца – светлая маці, дапамажы памагаці. На моры-акіяне, на востраве Буяне стаіць камень, на тым камені жарства, над той жарствою дуб зялёны, пад тым дубам ваўкі выюць... Каб жа ж і ты выла так ад зубнога болю.
Марыся (засмяялася). Здаецца, дапамагло, цётачка.
Тэкля. Ну ай добра. Глядзі, дзетухна, не сумуй. Гэта ўсё пройдзе. А галоўнае, як раней спявалі:
Праўда, праўда ў свеце, Праўды не ўзыскаці, праўда ёсць. Як цяжка дзеткам без маткі пражыці, Так цяжка свету без праўды пражыці.I перад гэтай Праўдай нашай, нашы маленькія праўдачкі – глупства... Цыкмун, дзе ты там?!
Цыкмун (выйшаў з-за будынка). Чаго табе?
Тэкля. Я пайшла. Вось што я толькі табе скажу. Уначы, хлопча, не працуй, гук па ветры і да нас далятае. Праўда, той, хто не ведае, не здагадаецца, але лепей не трэба. Немцы ходзяць па пушчы. Я й то чакаю, што вось-вось да Чарнабогаў дабяруцца.
Цыкмун. Добра. Ты б папярэдзіла нас на такі выпадак.
Тэкля. Не ведаю. Я хоць і старая, але мне жыццё не абрыдла, вельмі ўжо лезці на ражон не буду, мы пра гэта не дамаўляліся.
Пайшла. Цыкмун сеў ля Марысі на траву.
Цыкмун. Трэба табе, пэўна, Марыська, перабірацца глыбей у лес, да Каляды.
Марыся. Ты што, татка, жартуеш? Кіну я тут цябе і справу, чакай яшчэ. Вось што, ты мне лепей раскажы нешта старое-старое, каб такі ж час, як наш, каб героі былі, каб усё на карту ставілася... Даўно мы з табою ўжо не размаўлялі.