Млын на Сініх Вірах
Шрифт:
Марыся. Я цябе даўно кахаю. Я чула, што не трэба так адразу казаць. Маўчаць, так будзе мацней. Але я баюся цябе пакрыўдзіць, перарваць тонкую ніць. Нашто мне мучыць цябе, каб было мацней? Я ж цябе таксама кахаю, я цябе не паўкрыджу. За Андрэя ты не крыўдзішся? Я яго вельмі люблю. Ён сябра з дзяцінства.
Віктар. Не, за Андрэя я табе даўно дараваў. Я яго проста шкадую.
Марыся. Не трэба, ён таксама вельмі добры. Іншы раз мне здавалася...
Віктар. Пачакай. Слухай цішыню. (Цалуе ёй рукі.) Мне другі раз здаецца, што ўсё гэта сон, гэтыя выбухі. Расплюшчу вочы – і будзе ціхі дзень, акно адчынена, ты яшчэ спіш.
Уваходзіць Асінскі.
Асінскі. Да вас можна сюды, моладзь? Дзень добры, Віцька. Як справы ў горадзе?
Віктар (незадаволены). А трасца яго бяры і разам з немцамі.
Асінскі. Цю-у, здурэў дзяцюк! Ты якія гэта словы гаворыш, га?
Віктар. Я і на самай справе, Ім бы барыкады будаваць, а яны сядзяць ціхутка, як мышы. Што я ім дапамагаць хавацца буду, ці што? Мяшчане! Тыранія дробязяў. А дробязяў гэтых у жыццё чалавеку напхана, як сардынак у бляшанку. Адзін гіне, а другому пляваць – у яго мазалі. Дый не так ужо там жахліва, як я думаў. Камендантам нейкі Адлерберг. Я думаў, што будуць паліць і на кожным ліхтары вешаць, – аж ціха ўсё. Лётчыка нашага падбілі, упаў за горадам, а калі немцы прыехалі, дык яго ўжо нейкая падла абрабавала. Ну, гэты Адлерберг і кажа, што вы, – свінні, сваіх герояў не паважаеце. Вярнуць вопратку і ўсё, што забралі з самалёта, інакш вёску спалю і ўсіх пад корань. Праз пяць мінут усё прынеслі, цалюткае. Тады яны лётчыка пахавалі і далі над магілаю салют: “Глядзіце, як шануюць нямецкія героі гонар героя рускага”. А таго, хто рабаваў, Трубайлу нейкага, забралі з сабою, але, кажуць, не забілі. Што ж, годны, рыцарскі ўчынак.
Асінскі. Глупства ты вярзеш. Такія для нас яшчэ больш небяспечныя, чым адвартыя гады. Але ж мярзота якая! “Ру-ускаму гер-рою!” А мы сваіх гадуем. Адаслаў ужо другі абоз з мукой. Комам стане ў іхняй глотцы наш хлеб. А што яшчэ чуць? Як Дзюбка?
Віктар. Адкрыў краму і зараз прагарае. Што праўда, знайшоў выхад: робіць са спарахнелае драўніны ідалаў. Купляюць. “О-о, беларусішэ калёрыт! Еўрапейскія папуасы!” Дзюбка гэты яшчэ! Турак нейкі.
Паўза.
Ну, мне час. Трэба зноў у горад. Я там занёс да вас што трэба, Цыкмун Пятровіч.
Асінскі (павярнуўшыся спіною). Добра. Можаш ісці.
Віктар (карыстаючыся, што Цыкмун не бачыць, ціха). Бывай, мая каханая (цалуе ёй руку).
Асінскі (усё яшчэ стоячы спіною). Гэх, усім бы ты добры быў, Віця, ды вось толькі не ўмееш ты з сучаснымі паненкамі абыходзіцца. (Павярнуўся.) Ты б гэта зараз пеўнікам падскочыў, дыгнуў ножкаю, вусы падкруціў, падставіў руку абаранкам і па-французску : “Куркуле-муркуле альфоне ролле”.
Віктар (змрочна). Гэта не па-французску.
Асінскі. Нічога, яны ўсё роўна не зразумеюць. Яны толькі па-тутэйшаму, яны высуванцы.
Віктар. Слухайце, Цыкмун Пятровіч, кінулі б вы, праўда, гэтыя вульгарныя выразы, гэты вульгарны дыялект.
Асінскі. Што, па-французску лепей? А чаму? Чым не французская мова: “Марылён трэ, Сымон целяпасэ, Сідар рэ пужрэ?” Чаму “рэ пужрэ” – добра, а “рэпу жрэ” дрэнна? Не бачу розніцы. Значыцца, і мова нічым не горшая за французскую. Не, браце, як ты не вучыся – усё адно будзе ў цябе “дзе” і будзе “ру” і “г” будзе грубае, хоць ты па-італьянску брашы. Як калісьці “культурныя” семінарысты казалі, калі ім прапанавалі тытуню (націскаючы на р): “Бла-га-да-ру, я не куру, ваша табака – дрань, трапкай ваніць”. Толькі сорам адзін будзе і сабе і людзям. (Сур’ёзна.) I я табе кажу, хлопча, дрэнна ты скончыш, калі будзеш сваё лаяць. (Адышоў да будынка.)
Віктар. Гэта ўсё ўжо ўстарэла, пяцьдзесят год як стала глупствам.
Марыся. Віця, пакінь, пакінь зараз жа. Гэтага ты не смееш чапаць. Я ведаю, ты жартуеш, але з гэтым – і зараз – не жартуюць. Гэтага я не дазволю... нават табе.
Віктар. Так, я сапраўды пажартаваў, дрэнна пажартаваў (да Марысі, ціха). Даруй мне за гэта, любая.
Марыся. Чакай мяне, любы.
Віктар. Чакаць? Ну да, як жа... чакаць. Я вельмі кахаю цябе. Я буду чакаць... Але бывай. Бывайце, Цыкмун Пятровіч!!!
Асінскі не адказвае, Віктар выходзіць. Некаторы час ціха, толькі чуваць кумканне жаб. Потым з’яўляецца Андрэй, перапэцканы мукою, пасталелы.
Андрэй. Цыкмун Пятровіч, я спыніў працу. Малоць няма чаго.
Цыкмун. Ну што ж, на сягоння пашабашым. Ты еў хаця што-небудзь, сынок?
Андрэй. Нічога, я зараз пайду, мне трэба наведацца ў Чарнабогі. Нешта зноў рука баліць.
Цыкмун. Казаў табе, не цягай такія мяхі. Гэтак няцяжка і грыжу зарабіць. Адпачывай. На млыне я дараблю.
Цыкмун выходзіць. Андрэй і Марыся сядзяць, апусціўшы вочы.
Андрэй. Што з табою, Марыся. Мне балюча глядзець на цябе. Нейкая ты сумная, як асенні дзень. Ці не магу я табе дапамагчы чым?
Марыся. Не, Андрэй, тут і ты мне не дапаможаш. Смутна ў будучым. Але дзякую, ты добры друг. З табою дзяўчыне спакойна і не страшна.
Андрэй. Сумны камплімент. Я б жадаў, каб табе са мною не было спакойна. А страшна? Няхай іншыя страх выклікаюць, я чалавек просты.
Марыся. Мне заўсёды добра з табою, Андрэйка. Ты добры. Але ад сапраўднага чалавека, ад Георгія-перамаганосца мала ў табе ёсць чаго.
Андрэй. З табою... з табою быць грозным, гордым? Нельга ж так.
Марыся. Аднак вось па Віктару адразу можна бачыць, што гэта за чалавек. Нязломны, сумленны.
Андрэй. Ат, Віктар. Што пра яго казаць. Не варта.
Марыся. Чаму ты яго не любіш? Гэта несумленна. Ён ніколі дрэнна пра цябе не кажа. А гэта дрэнны спосаб спадабацца мне: лаяць таго, хто мне дарагі. За што ты яго?
Андрэй. Я кахаю цябе... Я так кахаю цябе, што дыхаць не магу, няміла мне ўсё без цябе, жыцця няма.
Марыся. Андрэй, дарагі, не пакутуй... Дарагі ты мой, стары сябра мой. Можа, усё было б іначай, каб я не сустрэла яго, лепшага чалавека на свеце. Ён верны, ён верна будзе кахаць мяне. Мы вырашылі пажаніцца, як толькі скончыцца вайна. Табе цяжка, але такое лепей ведаць адразу. Не сумуй толькі, сябра. Не трэба.