Олівер Твіст
Шрифт:
— Дык гэта тая жанчына? — патрабавальна спытаў Манкс.
— Гм. Гэта тая жанчына, — адказваў містэр Бамбл, помнячы жончын наказ.
— Вы, пэўна, думаеце, што жанчыны не ўмеюць захоўваць таямніцы? — рашуча ўмяшалася матрона, гледзячы Манксу проста ў вочы.
— Адну таямніцу яны захоўваюць заўсёды, пакуль яна не адкрыецца, — з пагардай адказаў Манкс.
— І што ж гэта за таямніца? — у такім самым тоне спытала матрона.
— Гэта страта ўласнага добрага імя, — адказаў Манкс. — Значыць, калі жанчыне расказалі таямніцу, якая можа прывесці яе на катаргу або шыбеніцу, я не баюся, што яна яе раскажа. Разумееце?
— Не, — адказала матрона, злёгку пачырванеўшы.
— А як жа! — сказаў Манкс. — Куды ўжо вам зразумець!
Ён паглядзеў на абоіх не то змрочна, не то насмешліва, зноў даў знак ісці следам і перасёк пакой, даволі вялікі, але з нізкай столлю. Ён ужо пачаў быў падымацца па стромкай лесвіцы, якая была падобная на прыстаўную і вяла ў калідор другога паверха, як тут адтуліну ўверсе асвяціла бліскавіца, і сакрушальны ўдар перуна скалануў напаўразбураны дом да падвалінаў.
— Вы чуеце? — крыкнуў ён, адхіснуўшыся. — Чуеце? Грыміць! Грукоча так, быццам рэха ідзе з тысячы пячор, дзе хаваюцца ад гневу д’яблы. Ненавіджу гэты гук!
Колькі хвілін ён маўчаў, потым раптам адняў рукі ад твару, і містэр Бамбл з невыразным жахам убачыў, што твар Манкса перакрывіўся нейкай грымасай і спалатнеў.
— Не звяртайце ўвагі, гэтыя прыпадкі бываюць у мяне часам, — сказаў Манкс, заўважыўшы рэакцыю Бамбла, — іх можа спрычыніць і гром. Усё ўжо прайшло.
Сказаўшы гэта, ён падняўся па лесвіцы, хутка зачыніў аканіцы ў пакоі, куды ўвайшоў, апусціў ліхтар, які вісеў на канцы вяроўкі з блокам, перакінутай цераз адну з масіўных бэлек столі. Цьмянае святло ліхтара акрэсліла з цемры стары стол і тры крэслы побач з ім.
— А цяпер, — зазначыў Манкс, калі ўсе трое ўселіся, — чым хутчэй мы зоймемся справай, тым лепш. Жанчына ведае, пра што будзе размова?
Пытанне было адрасаванае містэру Бамблу, але жонка ягоная папярэдзіла адказ, адрапартаваўшы, што яна ведае ўсё ў дэталях.
— Ці праўду казаў ён, быццам вы былі ля той старой порхаўкі, якая памерла, і перад смерцю яна нешта вам сказала...
— Пра маці хлопчыка, якога вы згадвалі, — перапыніла яго матрона. — Так.
— Пытанне першае: якога роду гэта была інфармацыя?
— Гэта ўжо другое пытанне, — адказала вельмі разважліва жанчына. — Першае пытанне — гэта колькі каштуе інфармацыя.
— Хто, пад халеру, можа сказаць колькі, не ведаючы, якога яна кшталту? — запытаўся Манкс.
— Лепш за вас — ніхто, і я ў гэтым перакананая, — заявіла місіс Бамбл, якая не мела такой заганы, як нясмеласць, што без сумнення мог засведчыць яе супольнік.
— Гм, — шматзначна, з выглядам вялікай зацікаўленасці прамовіў Манкс, — значыць, інфармацыя гэтая можа вывесці на грошы?
— Можа быць, — быў сціслы адказ.
— З яе нешта знялі, — сказаў Манкс, — нейкую рэч, якая была на ёй, нешта.
— Лепш прызначце кошт, — перапыніла яго місіс Бамбл. — Я пачула дастаткова і ведаю, што вы якраз тая асоба, з якой трэба размаўляць.
Містэр Бамбл, якога яго лепшая палова да гэтага часу не дапускала да ўдзелу ў валоданні таямніцай больш, чым тады, калі ён упершыню пра яе пачуў, слухаў гэты дыялог, выцягнуўшы шыю і вырачыўшы вочы; ён пераводзіў пагляд з жонкі на Манкса і наадварот з выглядам цалкам агаломшаным, і агаломшанасць гэтая яшчэ ўзмацнілася, калі Манкс злосна запытаўся, колькі яны з яго хочуць за раскрыццё таямніцы.
— Колькі? — спытала жонка гэтаксама сабрана, як і раней.
— Можа быць, ніколькі, а можа быць, фунтаў дваццаць, — адказаў Манкс. — Кажыце, я сам вызначу, колькі.
— Дадайце да названай сумы яшчэ пяць фунтаў. Дайце мне дваццаць пяць фунтаў золатам, — працягвала жанчына, — і я раскажу вам усё, што ведаю. Аднак раскажу толькі тады, калі атрымаю грошы.
— Дваццаць пяць фунтаў! — сказаў Манкс, адкінуўшыся на спінку крэсла.
— Я сказала ясна, — азвалася місіс Бамбл. — Да таго ж, гэта невялікая сума.
— Невялікая за нейкую там таямніцу, якая, можа стацца, і пені не вартая, калі будзе раскрытая! — нецярпліва ўсклікнуў Манкс. — Да таго ж, яна пахаваная ўжо дванаццаць ці больш гадоў таму.
— Такія рэчы захоўваюцца добра і, як добрае віно, часта з бегам часу падвойваюць свой кошт, — адказвала матрона, усё яшчэ захоўваючы паставу абсалютнага спакою. — Што да пахавання, то ёсць рэчы, якія могуць праляжаць дванаццаць тысяч або мільёнаў гадоў — колькі, не ведаем ні я, ні вы, — і расказаць цікавыя, дзіўныя гісторыі!
— А што, калі я аддам грошы марна? — няпэўна спытаў Манкс.
— Вы зможаце лёгка забраць іх назад, — адказала матрона. — Я ўсяго толькі жанчына, я адна тут, без абароны.
— І не адна, мая даражэнькая, і не без абароны, — паважна ўставіў містэр Бамбл дрыготкім ад страху голасам. — Я з табой, мая дарагая. Акрамя таго, — працягваў містэр Бамбл, стукаючы зубамі, — містэр Манкс занадта джэнтльмен, каб учыніць гвалт прыходскім асобам. Містэр Манкс, мая дарагая, усведамляе, што я ўжо не малады, што, вобразна кажучы, крыху адцвіў, але містэр Манкс, без сумнення, ведае, мая дарагая: калі мяне разварушыць, то я магу стаць асобай вельмі рашучай і даволі моцнай. Разварушыць мяне трэба, хоць крышку, вось і ўсё.
З гэтымі словамі містэр Бамбл зрабіў кволую спробу з палымянай рашучасцю забраць ліхтар, але па яго спалоханым твары, па кожнай рысачцы яго выразна было бачна, што яго і сапраўды трэба разварушваць, і разварушваць нямала, перш чым ён распачне якія-небудзь агрэсіўныя дзеянні, — зразумелым чынам, калі гэтыя дзеянні не скіраваныя супраць беднякоў або асоб, спецыяльна натрэніраваных для гэтых мэтаў.
— Ты дурань, — сказала місіс Бамбл. — Лепш бы ты трымаў язык за зубамі.
— Лепш бы ён выразаў яго наогул перад тым, як ісці сюды, калі не можа гаварыць цішэй! — змрочна сказаў Манкс. — Ён што, ваш муж?
— Ён мой муж, — хіхікнуўшы, пацвердзіла жанчына.
— Я адразу так і падумаў, — сказаў Манкс, адзначыўшы, як злосна зіркнула жанчына на свайго сужэнца. — Тым лепш. Мне спакайней мець справу з дваімі, ведаючы, што яны аб’яднаныя адным інтарэсам. Я сур’ёзна кажу. Глядзіце!
З гэтымі словамі ён засунуў руку ў кішэню, выцягнуў адтуль парусінавы гаманец, адлічыў дваццаць пяць фунтаў і падсунуў іх у бок жанчыны.
— Забірайце іх. А калі перастане грымець гэты пракляты гром, які, нутром чую, збіраецца над дахам, паслухаем вашу гісторыю.