Олівер Твіст
Шрифт:
Гром і насамрэч як быццам бы набліжаўся і грымеў амаль над самымі іхнімі галовамі; калі ён заціх, Манкс падняў галаву і нахіліўся крыху наперад, гатовы слухаць, што раскажа місіс Бамбл. Твары траіх амаль датыкаліся, бо абодва мужчыны схіліліся над сталом, каб лепш чуць, а жанчына таксама нахілілася ўперад, каб было чуваць яе шэпт. Цьмянае святло ліхтара, якое падала проста на іх, узмацняла трывожную бледнасць іхніх твараў, і яны ў атачэнні панурага змроку сталі зусім падобнымі на прывідаў.
— Калі памірала гэтая жанчына, — мы яе звалі старой Сэлі, — мы былі толькі ўдзвюх, — пачала матрона.
— Там не было больш нікога? — такім самым глухім шэптам запытаўся Манкс. — Ніякай старой руіны, ідыёта якога-небудзь у іншым ложку? Нікога, хто мог бы пачуць або як-небудзь здагадацца?
— Ні душы, — адказвала жанчына. — Мы былі адны. Толькі я была каля цела, калі наступіла смерць.
— Добра, — сказаў Манкс, пільна на яе гледзячы, — далей.
— Яна казала пра маладую асобу, — працягвала далей матрона, — якая колькі гадоў таму нарадзіла дзіця не толькі ў тым самым пакоі, але і на тым самым ложку, на якім яна цяпер памірала.
— Няўжо! — з трымценнем прамовіў Манкс і азірнуўся праз плячо. — Халера! Вось жа бываюць супадзенні!
— Дзіця было не кім іншым, як хлопчыкам, імя якога вы называлі ўчора ўвечары, — тут матрона безуважна паказала галавой у бок свайго мужа, — служанка абрабавала ягоную маці.
— Яшчэ пры жыцці? — спытаў Манкс.
— Ужо мёртвую, — адказвала жанчына, крыху ўздрыгануўшыся. — Яна скрала з трупа, ледзь тая паспела памерці, рэч, якую маці перад смерцю заклінала зберагчы дзеля свайго дзіцяці.
— Яна прадала яе? — у роспачы выгукнуў Манкс. — Прадала яна яе ці не? Дзе? Калі? Каму? Як даўно?
— Яна ўжо з вялікай цяжкасцю сказала мне, што яна зрабіла, — прамовіла матрона. — Потым яна ўпала на ложак і памерла.
— Не сказаўшы больш нічога? — усклікнуў Монк голасам, які здаваўся яшчэ больш злосным таму, што быў прыцішаны. — Гэта хлусня! Са мной жарты дрэнныя. Яна сказала больш. Я з вас абоіх душу выму, але даведаюся, што яна сказала яшчэ.
— Яна не прамовіла больш ні слова, — сказала жанчына, якая, відавочна, зусім не спалохалася (што да містэра Бамбла, дык з ім усё было якраз наадварот) пагрозаў дзіўнага чалавека, — але яна адной рукой моцна ўчапілася ў мой халат, і калі я ўбачыла, што яна памерла, я вызвалілася ад яе рукі, і ў ёй, у руцэ, аказаўся брудны абрывак паперы.
— На якім было напісана... — уставіў Манкс, схіліўшыся да жанчыны.
— Нічога на ім не было напісана, — адказала жанчына. — Гэта быў дублікат закладной з ламбарда.
— Закладной на што? — дапытваўся Манкс.
— На ўсё свой час. Зараз скажу, — працягвала жанчына. — Думаю, што яна спачатку трымала каштоўную рэч у сябе, спадзеючыся як-небудзь збыць яе з выгадай, а потым заклала яе ў ламбард і ашчаджала або збірала грошы, каб год за годам сплачваць ліхвяру працэнты і такім чынам захаваць рэч. Каб надарылася якая-небудзь нагода, яна тую рэч магла б адразу выкупіць. Але з гэтага нічога не атрымалася, і яна, як я ўжо вам расказвала, памерла з гэтай зацёртай, бруднай цыдулкай у руках. Тэрмін закладу сыходзіў праз два дні. Я таксама падумала, што з часам што-небудзь можа з гэтага выйсці, і выкупіла заклад.
— Дзе ён цяпер?
— Вось ён, — адказала жанчына.
Быццам спяшаючыся пазбавіцца ад драбніцы, яна кінула на стол маленькі лайкавы гаманец, у якім ледзьве мог памясціцца французскі гадзіннік. Манкс схапіў яго і адкрыў дрыготкімі рукамі. У ім быў маленькі залаты медальён; у медальёне былі дзве пасмы валасоў і просценькі заручальны пярсцёнак.
— На ім знутры выгравіравана імя «Агнэс», — сказала жанчына. — Пакінуты прагал для прозвішча, а потым ідзе дата, прыкладна на год менш, чым дата нараджэння дзіцяці. Гэта мне ўдалося высветліць.
— І гэта ўсё? — сказаў Манкс, нецярпліва і дакладна вывучыўшы змесціва гаманца.
— Усё, — быў адказ жанчыны.
Містэр Бамбл глыбока ўздыхнуў, як быццам ён быў задаволены, што гісторыя ўжо закончылася, і не запатрабавалі назад дваццаць пяць фунтаў. Цяпер ён нарэшце наважыўся і выцер кроплі поту, якія адна за адной сцякалі па ягоным носе падчас усяго дыялога.
— Я нічога не ведаю пра гэтую гісторыю, акрамя таго, пра што магу здагадвацца, — сказала жанчына пасля кароткай паўзы, звяртаючыся да Манкса. — І я не хачу больш нічога ведаць. Так спакойней. Але можна мне задаць вам два пытанні?
— Можна, — адказаў Манкс з пэўным здзіўленнем, — а вось адкажу я на іх ці не — гэта само па сабе пытанне.
— Разам іх будзе тры, — заўважыў містэр Бамбл, спрабуючы пажартаваць.
— Ці з’яўляецца гэтая рэч тым, што вы спадзяваліся ад мяне атрымаць? — пацікавілася матрона.
— Так, — адказаў Манкс. — Другое пытанне!
— Што вы мяркуеце зрабіць з ёю? Ці не думаеце вы скарыстаць яе як-небудзь супраць мяне?
— Ніколі, — азваўся Манкс. — Ні супраць вас, ні супраць сябе. Глядзіце сюды. Але не падыходзьце, а то на вашае жыццё не паставіш у заклад і саломіны!
Сказаўшы гэта, ён раптам адсунуў убок стол, тузануў за жалезнае кольца ў падлозе і адкінуў вечка вялікага люка, які расчыніўся адразу каля ног містэра Бамбла, так што той з вялікай паспешлівасцю адступіў на некалькі крокаў назад.
— Загляніце ўніз, — сказаў Манкс, апускаючы ў прагал ліхтар. — Ды не бойцеся. Я даўно ўжо мог бы спусціць вас уніз, калі вы тут сядзелі, каб меў такое жаданне.
Падбадзёраная такім чынам, матрона наблізілася да краю, і нават містэр Бамбл, якога даймала цікаўнасць, насмеліўся зрабіць тое самае. Унізе імкліва сплывала вада; плынь пасля залевы набрала сілы, і ўсе гукі губляліся ў рокаце, з якім яна набягала на зялёныя ад водарасцяў палі. Калісьці тут быў вадзяны млын. Плынь, пенячыся і віруючы вакол некалькіх гнілых слупоў і рэшткаў машын, з яшчэ большай магутнасцю імкнула наперад, пазбавіўшыся ад перашкодаў, якія марна спрабавалі замінаць яе накату.
— Калі ўкінуць сюды цела чалавека, то дзе яно будзе заўтра на ранак? — запытаўся Манкс, разгойдваючы ліхтар у цемры.
— Міль дванаццаць уніз па цячэнні, і пашкуматанае на кавалкі, — уздрыгваючы пры гэтай думцы, адказаў містэр Бамбл.
Манкс выняў з-за пазухі паспешліва схаваны там у свой час гаманец, прывязаў яго да свінцовага грузу, які калісьці быў часткай нейкай машыны, і кінуў у раку. Груз крута, як ігральная костка, нырцануў уніз, з ледзьве чутным усплёскам рассёк ваду і знік.
Тройца пераглянулася. Здавалася, што ўсе сталі больш вольна дыхаць.
— Вось так вось, — сказаў Манкс, завальваючы вечка, якое з цяжкім грукам упала на месца. — Калі мора і аддасць калісьці сваіх нябожчыкаў, як гэта пішуць у кнігах, то золата і срэбра, а таксама гэтую драбязу яно захавае. Размаўляць нам больш няма пра што, пара закончыць гэтае прыемнае спатканне.
— Чыстая праўда, — адразу адгукнуўся містэр Бамбл.
— І трымайце язык за зубамі, — пагрозліва паглядзеўшы на яго, сказаў Манкс. — За вашу жонку я не баюся.