Олівер Твіст
Шрифт:
Закончыўшы гэты апошні панегірык, Мастэр Бэйц выцягнуў з вонкавай кішэні вялікую добра закаркаваную бутэльку віна, а містэр Доўкінз тым часам наліў поўную шклянку чыстага спірту, якую хворы без аніякага роздуму перакуліў у сваю глотку.
— Ага! — сказаў габрэй, паціраючы задаволена рукі. — Цяпер, Біл, з табой будзе ўсё ў парадку.
— Усё будзе ў парадку, — усклікнуў Сайкс. — Ды я ўжо сто разоў мог здырдзіцца, перш чым вы прыйшлі мне на дапамогу. Чаго ж гэта ты хацеў дабіцца, хлуслівы мярзотнік, пакінуўшы чалавека больш як тры тыдні ў такім стане?
— Вы толькі яго паслухайце, хлопцы! — сказаў габрэй, паціскаючы плячыма. — А мы прынеслі яму ўсе гэтыя цудоўныя рэчы.
— Рэчы і сапраўды неблагія, — заўважыў містэр Сайкс, крыху памякчэўшы пасля таго, як агледзеў стол, — але як вы растлумачыце самі сабе тое, што мяне тут на сваволю лёсу пакінулі, галоднага, хворага, без грошай, наогул без анічога, і столькі часу звярталі на мяне ўвагі не больш, чым на вось гэтага сабаку? Выгані яго ўніз, Чарлі!
— Ніколі яшчэ не бачыў такога пацешнага сабаку! — усклікнуў Мастэр Бэйц, выконваючы просьбу. — Унюхаў спажыву не горш, чым старая лэдзі, якая ідзе на кірмаш. Гэты сабака мог бы зарабіць добрыя грошы на сцэне і ўдабавак ажывіць прадстаўленне.
— Ану замоўкні! — крыкнуў Сайкс, бо сабака забіўся пад ложак і ўсё яшчэ працягваў гырчэць. — Дык як вы растлумачыце сваю адсутнасць, стары злыдзень?
— Мой даражэнькі, я з тыдзень які, а мо болей, быў у Лондане. Справы ўсялякія, — азваўся стары.
— А другія два тыдні? — настойваў Сайкс. — Што наконт другіх двух тыдняў, якія я праляжаў тут, як хворы шчур у сваёй нары?
— Нічога не мог я зрабіць, Біл, — адказваў габрэй. — Не магу казаць, бо тут зашмат народу, але не выпадала мне, сумленна кажу.
— Як, як кажаш? — з найвялікшай пагардай прабурчаў Сайкс. — Гэй вы, адрэжце мне хто кавалак паштэту, бо я зараз сканаю ад гэтага прысмаку ў роце.
— Не бяры да галавы, даражэнькі, — залагоджваў яго габрэй. — Я не забываўся пра цябе, Біл, не забываўся ні на хвіліну.
— Так, магу пабіцца аб заклад, што не забываўся, — з горкай усмешкай сказаў Сайкс. — Пакуль я ляжаў тут у гарачцы, ты ўвесь час выдумваў планы, выштукоўваў інтрыгі: Біл зробіць гэта, Біл зробіць тое — Біл зробіць усё амаль задарма, як толькі паздаравее, бо ён дастаткова бедны, каб працаваць на цябе! Каб не гэтая дзяўчына, я здох бы.
— Даволі, Біл, — ухапіўся за апошнія словы габрэй. — Каб не гэтая дзяўчына! Каму яшчэ, калі не беднаму старэнькаму Фэджыну, ты абавязаны тым, што маеш каля сябе такую працавітую дзяўчыну?
— Гэта ён праўду кажа, — сказала Нэнсі, паспешліва выходзячы наперад. — Пакінь яго, дай спакой.
Умяшальніцтва Нэнсі надало размове новы паварот: хлопчыкі, заўважыўшы хітрае падміргванне габрэя, пачалі падліваць ёй алкаголь, але яна піла няшмат; тым часам Фэджын, у якога прарвалася не характэрная для яго весялосць, патроху прывёў містэра Сайкса ў найлепшы настрой, прыкідваючыся, што лічыць ягоныя пагрозы звычайнымі такімі сяброўскімі досціпамі, а ўсе парагаталі ад душы з аднаго ці двух грубых жартаў Сайкса, на якія той змабілізаваўся пасля таго, як некалькі разоў прыклаўся да бутэлькі са спіртам.
— Усё гэта добра, — сказаў містэр Сайкс, — але сёння я павінен атрымаць ад цябе грошыкі.
— У мяне няма ніводнага пені, — адказаў габрэй.
— А дома? — запытаў Сайкс. — У цябе дома грошыкаў нямала, і нешта павінна было б перапасці і мне!
— Няма-а-ла? — усклікнуў габрэй, пляснуўшы рукамі. — У мяне іх гэтулькі няма, колькі магло б быць...
— Не ведаю, колькі ты там ашчадзіў, і наважуся сказаць, што ты наўрад ці ведаеш сам, бо толькі каб пералічыць усё, патрэбная процьма часу, — казаў далей Сайкс, — але вось тое, што я павінен мець сваю долю сёння ўвечары — гэта факт.
— Добра, добра, — сказаў, уздыхнуўшы, габрэй, — я пашлю зараз Махляра.
— Ты не зробіш гэтага, — запярэчыў Сайкс, — Спрытны Махляр занадта спрытны і — або забудзецца прыйсці, або саб’ецца з дарогі, або будзе ўцякаць ад віжоў і не прыйдзе з гэтай прычыны, або прыдумае яшчэ што-небудзь дзеля таго, каб апраўдацца, калі ты яму загадаеш. Нэнсі пойдзе ў ваш бярлог і прынясе грошы, так будзе больш пэўна, а я тым часам прылягу і дам храпака.
Пасля доўгага торгу і спрэчак габрэй збіў запатрабаваную суму з пяці да трох фунтаў, чатырох шылінгаў і шасці пенсаў, клянучыся, што яму застаецца на закупы па гаспадарцы толькі васямнаццаць шылінгаў. Сайкс змрочна заўважыў, што яму давядзецца задаволіцца гэтым, калі не выпадае разлічваць на большае. Нэнсі падрыхтавалася ў дарогу, а Махляр і Мастэр Бэйц схавалі яду ў буфет. Габрэй развітаўся са сваім мілым сябрам і ў суправаджэнні Нэнсі ды хлопчыкаў пайшоў дадому, а містэр Сайкс кінуўся ў пасцель, збіраючыся праспаць да таго часу, пакуль не вернецца маладая лэдзі.
Без усялякіх прыгод яны прыйшлі да габрэевага прытулку, дзе засталі Тобі Крэкіта і містэра Чытлінга за пятнаццатай партыяй крыбіджа, і было б лішнім казаць, што апошні джэтльмен гэтую партыю прайграў, а з ёю і пятнаццаты, апошні свой шасціпенсовік, што вельмі развесяліла ягоных маладых сяброў. Містэр Крэкіт, які яўна засаромеўся з той прычыны, што яго заспелі за гульнёй з джэнтльменам, які стаяў нашмат ніжэй за яго сацыяльна і ў сэнсе розуму, пазяхнуў, запытаўся пра Сайкса і ўзяў капялюш, каб ісці.
— Нікога не было, Тобі? — спытаўся габрэй.
— Ні душы, — адказаў містэр Крэкіт, настаўляючы каўнер. — Я ледзьве не скіс ад суму, як дрэннае піва. Вы фундуеце, Фэджын, за тое, што я пільнаваў так доўга хату. Ліха матары! Я добра атупеў і заснуў бы гэтаксама моцна, як Ньюгейцкая вязніца, каб не захацеў з дабрыні душэўнай пазабавіць гэтага зелянца. Ну і сум, проста маркота нейкая, і няхай мяне чэрці забяруць, калі гэта не так!
З такімі словамі містэр Тобі Крэкіт згроб выйграныя грошы і з ганарыстым выглядам засунуў іх у кішэню камізэлькі, як быццам такія дробныя срэбныя манеты былі не вартыя ўвагі і асобы такога ўзроўню, як ён. Зрабіўшы гэта, ён так важна і шляхетна выйшаў з пакоя, што містэр Чытлінг, які захоплена пазіраў на яго ногі і боты, пакуль яны не зніклі з поля зроку, запэўніў усю кампанію, што знаёмства з ім за пятнаццаць шасціпенсовікаў — гэта зусім танна і што ён расцэньвае свае страты як меншыя за шчаўбан мезенцам.
— Ну і дзівак ты, Том, — сказаў Мастэр Бэйц, якога вельмі забавіла такая заява Чытлінга.
— Зусім не, — адказваў містэр Чытлінг. — Хіба я дзівак, Фэджын?
— Ты вельмі разумны хлапчына, мой даражэнькі, — сказаў габрэй,
паляпваючы яго па плячы і падміргваючы іншым хлопчыкам.
— А містэр Крэкіт — сапраўдны дэндзі, праўда, Фэджын? — спытаў Том.
— Без сумнення, мой даражэнькі, — адказаў габрэй.
— Мець знаёмства з ім — выгадна, праўда, Фэджын? — працягваў дапытвацца Том.
— Вельмі выгадна, ну вельмі, — быў адказ габрэя. — Яны адно зайздросцяць табе, зайздросцяць, што ён аддаў перавагу табе перад імі.
— Вось-вось! — трыумфуючы, усклікнуў Том. — Але ж ён абчысціў мяне дарэшты. Ну, нічога, я магу пайсці зарабіць, калі мне захочацца, праўда, Фэджын?
— Насамрэч, — азваўся габрэй, — і чым хутчэй ты пойдзеш, тым лепш, так што ідзі, вярні свае страты, не губляй больш часу. Махляр! Чарлі! Час ісці на работу. Рушце! Ужо хутка дзесяць, а нічога не зроблена.