Олівер Твіст
Шрифт:
Мяккасардэчны кухар яшчэ раз даў сваю рэкамендацыю, і справа скончылася тым, што слуга, які прыйшоў першым, узяўся выканаць даручэнне.
— Што перадаць? — спытаў ён, паставіўшы адну нагу на прыступку.
— Што маладая жанчына вельмі просіць пагутарыць сам-насам з міс Мэйлі, — сказала Нэнсі, — і што лэдзі дастаткова будзе пачуць толькі некалькі слоў наконт тэмы размовы, і яна зможа прыняць рашэнне, слухаць гэтую жанчыну да канца або выгнаць яе як махлярку.
— Нешта вы надта настойлівая, — сказаў слуга.
— Перадайце, што я сказала, — проста адказала дзяўчына, — а я буду чакаць адказу.
Слуга пабег па лесвіцы. Бледная Нэнсі, цяжка дыхаючы, з дрыготкімі вуснамі слухала гучныя пагардлівыя заўвагі на яе адрас, якімі шчодра абсыпалі яе цнатлівыя пакаёўкі і колькасць якіх яшчэ больш павялічылася, калі слуга вярнуўся і сказаў, каб маладая жанчына ішла наверх.
— Які сэнс у тым, каб быць прыстойнай у гэтым свеце? — сказала першая служанка.
— Медзь іншым разам цэняць больш за золата, якое прайшло праз агонь, — сказала другая служанка.
Трэцяя задаволілася тым, што выявіла здзіўленне: «З чаго зробленыя лэдзі?», а чацвёртая паклала пачатак квартэту, і ўсе чатыры Дыяны разам выгукнулі: «Проста сорамна!»
Нягледзячы на ўсё гэта — на сэрца ёй ціснуў груз больш важкі, — Нэнсі на слабых нагах увайшла следам за слугой у маленькую вітальню, асветленую лямпай, якая звісала са столі. Тут слуга пакінуў яе і сышоў.
РАЗДЗЕЛ ХL
Дзіўнае спатканне, якое стала працягам падзей, выкладзеных у папярэднім раздзеле
Жыццё дзяўчыны праходзіла на вуліцах, у самых агідных прытонах і «малінах» Лондана, але ў ёй усё яшчэ заставалася нешта здаровае, уласцівае менавіта жаночай прыродзе, і калі яна пачула лёгкія крокі, якія набліжаліся да дзвярэй, што былі насупраць тых, праз якія яна ўвайшла, яна падумала пра выразны кантраст, які праз хвілю засведчыць гэты пакойчык, адчула ўвесь цяжар сваёй ганьбы і скукожылася, быццам ёй была невыносная сама прысутнасць той, спаткання з якой яна дамагалася.
Аднак з гэтымі лепшымі пачуццямі змагалася ганарлівасць — загана самых распусных, самых прыніжаных стварэнняў, а роўным чынам і самых моцных і самаўпэўненых. Нікчэмная хаўрусніца злодзеяў і рабаўнікоў, распусная істота, пачвара прытонаў, падручная самых агідных злачынцаў, якая жыве пад ценем шыбеніцы, — нават гэтае страчанае стварэнне было занадта гордым, каб дазволіць праявіцца хоць у малой меры жаноцкаму пачуццю, пачуццю, якое яна лічыла слабасцю і якое адно знітоўвала яе яшчэ з чалавечай прыродай, сляды якой знішчыла цяжкае жыццё яшчэ ў самым дзяцінстве.
Яна падняла вочы настолькі, каб можна было распазнаць, што перад ёй стройная, прыгожая дзяўчына, потым зноў апусціла іх долу, з удаванай бесклапотнасцю матлянула галавой і сказала:
— Нялёгкая задача дабрацца да вас, лэдзі. Каб я ўзяла да галавы, завярнулася дый пайшла сабе, як шмат хто зрабіў бы на маім месцы, вы пашкадавалі б — і не без падстаў.
— Мне вельмі шкада, калі хто-небудзь дазволіў сабе быць з вамі грубым, — адказала Роз. — Забудзьцеся на гэта. Скажыце мне, чаму вы хочаце паразмаўляць са мной. Я тая, каго вы хацелі бачыць.
Ветлы тон гэтага адказу, анёльскі голас, выкшталцоныя манеры, адсутнасць самага малога адцення высакамернасці або незадаволенасці заспелі дзяўчыну знянацку, і яна расплакалася.
— О лэдзі, лэдзі, — сказала яна, страсна склаўшы рукі перад тварам, — каб на свеце было больш такіх людзей, як вы, то было б менш такіх, як я, менш... менш...
— Сядайце, — сур’ёзна сказала Роз. — Сядзьце і скажыце, у чым справа. Калі вы бедная або вас спасцігла няўдача, я сапраўды буду вельмі радая дапамагчы вам, чым змагу.
— Дазвольце мне пастаяць, лэдзі, — сказала дзяўчына, усё яшчэ ў слязах, — і не размаўляйце са мной так спагадна, пакуль не пазнаёміліся са мной бліжэй. Але ўжо позна. Гэтыя дзверы... зачыненыя?
— Так, — адказала Роз, адступіўшы на некалькі крокаў, быццам для таго, каб ёй хутчэй змаглі прыйсці на дапамогу ў выпадку неабходнасці. — А чаму вы пытаеце?
— Таму, — адказвала дзяўчына, — што я збіраюся аддаць у вашыя рукі маё жыццё і жыцці іншых людзей. Я — тая дзяўчына, якая скрала малога Олівера і завяла яго да старога Фэджына, габрэя, увечары, калі ён выйшаў з дома ў Пэнтанвіле.
— Вы?! — ускрыкнула Роз Мэйлі.
— Так, я, лэдзі, — пацвердзіла дзяўчына. — Я — тое нягоднае стварэнне, пра якое вы чулі, якое жыве сярод злодзеяў і якое — няхай дапаможа мне Гасподзь — з таго часу, як сябе помню, і з таго часу, як вуліцы Лондана адкрыліся для маіх вачэй і пачуццяў, не ведала лепшага жыцця за тое і лепшых слоў за тыя, якімі мяне ўзнагароджвалі. Не вагаючыся, можаце прылюдна адхіснуцца ад мяне, лэдзі. Я маладзейшая, чым выглядаю, але я да гэтага прывыкла. Нават найбяднейшыя жанчыны адхістваюцца ад мяне, калі я іду па людных вуліцах.
— Які жах, — сказала Роз, міжволі адступаючы ад дзіўнай суразмоўніцы.
— Дзякуйце Богу на каленях, дарагая лэдзі, — плачучы, працягвала дзяўчына, — што вы ніколі не зазналі ні холаду, ні голаду, ні боек, ні п’янства, ні... ні яшчэ чагосьці больш гідкага, што я зведала з калыскі. Я магу сказаць гэтае слова, таму што маёй калыскай былі глухі завулак ды канава, яны стануць і маім смяротным ложам.
— Мне шкада вас, — дрыготкім голасам сказала Роз. — Маё сэрца сціскаецца, калі я слухаю вас.
— Няхай неба ўзнагародзіць вас за дабрыню! — азвалася дзяўчына. — Каб вы ведалі, якой я бываю час ад часу, вы б дапраўды пашкадавалі мяне. Але я патаемна збегла ад тых, якія мяне, напэўна, забілі б, калі б даведаліся, што я прыйшла сюды, каб расказаць тое, што падслухала. Ці ведаеце вы чалавека па імені Манкс?
— Не, — сказала Роз.
— Ён вас ведае, — працягвала дзяўчына, — і ведае, што вы прыехалі. Я пачула, як ён назваў адрас, і вось па гэтым адрасе знайшла вас.
— Ніколі не чула такога імя, — сказала Роз.
— Значыць, у нас ён называе іншае імя, я пра гэта даўно здагадвалася. Колькі часу таму назад, неўзабаве пасля таго, як Олівера ў ноч рабаўніцтва закінулі ў ваш дом, я, падазраваючы гэтага чалавека, падслухала ў цемры размову паміж ім і Фэджынам. Я ўчула, што Манкс, той самы мужчына, пра якога я ў вас пыталася, памятаеце?
— Так, — адказала Роз, — разумею.
— ...што Манкс, — працягвала дзяўчына, — выпадкова бачыў Олівера ў кампаніі двух нашых хлапцоў у дзень, калі ён згубіўся, і прызнаў у ім якраз таго самага хлопчыка, якога ён з нейкай прычыны шукаў, хоць я і не разумею навошта. З Фэджынам была заключаная ўгода, што калі Олівера выкрадуць ізноў, то габрэю перападзе пэўная сума, і ён меў атрымаць яшчэ больш за тое, калі ён зробіць з Олівера злодзея. Гэта Манксу для нечага патрэбна. Нейкую карысць ён з гэтага мецьме.