Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Олівер Твіст

Дыкенс Чарльз

Шрифт:

Калі гэты дзень завяршыўся, усхваляванасць дзяўчыны ўзрасла, і пад вечар, седзячы ля хатняга злодзея і чакаючы, пакуль ён не ўп’ецца і не засне, яна так знервавалася і спалатнела, яе вочы набылі такі бляск, што нават Сайкс заўважыў гэта і здзівіўся.

Містэр Сайкс, аслабелы ад ліхаманкі, ляжаў у пасцелі ды разбаўляў джын вадой, каб зменшыць узбуджальныя якасці напою; ён у трэці або чацвёрты раз падсунуў Нэнсі шклянку, каб тая яе напоўніла — і тут, нарэшце, яе скрайне ўзрушаны выгляд уразіў яго.

— Каб я здох на месцы! — сказаў ён, падымаючыся на руках і гледзячы дзяўчыне ў твар. — Ты выглядаеш, як нябожчыца, якую вярнулі да жыцця. Што здарылася?

— Што здарылася! — паўтарыла дзяўчына. — Нічога. Што ты ў мяне ўтаропіўся?

— Што гэта на цябе найшло? — патрабавальна спытаў Сайкс, схапіў яе за руку і рэзка страсянуў. — Што такое? У чым справа? Пра што ты думаеш?

— Шмат пра што, Біл, — сказала дзяўчына, скалануўшыся і закрываючы вочы рукой. — Але Божачка мой, што ў гэтым такога?

Робленая весялосць, з якой былі вымаўленыя апошнія словы, відавочна, зрабіла на Сайкса большае ўражанне, чым дзікі і адчужаны пагляд, які папярэднічаў ім.

— Я скажу табе, што, — пачаў Сайкс. — Калі ты не заразілася ліхаманкай і не захварэла, то тут пахне нечым надта надзвычайным, нечым небяспечным... Ці не ўдумала ты... Каб цябе... Але не, гэтага ты не зробіш!

— Чаго не зраблю? — перапытала дзяўчына.

— На свеце няма, — прамармытаў сабе пад нос Сайкс, не адводзячы ад Нэнсі вачэй, — няма на свеце дзеўкі больш надзейнай, іначай я ёй перарэзаў бы гарляк яшчэ тры месяцы таму. У яе пачалася ліхаманка, вось і ўсё.

Сказаўшы гэта, Сайкс асушыў шклянку да дна, потым нейкі час буркатліва лаяўся і нарэшце запатрабаваў свае лекі. Дзяўчына жыва падхапілася, хуценька наліла лекі ў шклянку і трымала яе ля ягоных вуснаў, пакуль ён піў.

— А цяпер, — сказаў рабаўнік, — падыдзі бліжэй і зрабі твар, як заўсёды, а не — дык я так яго табе ўраблю, што ты сама сябе не пазнаеш.

Дзяўчына паслухалася. Сайкс заціснуў яе руку ў сваёй і глядзеў на яе, не адводзячы вачэй. Вочы яго заплюшчыліся, потым зноў расплюшчыліся, заплюшчыліся і зноўку расплюшчыліся. Ён валтузіўся на адным месцы, колькі разоў засынаў на дзве-тры хвіліны, потым ускокваў са спалоханым выглядам і раптам у тую самую хвіліну, калі хацеў ускінуцца ў чарговы раз, забыўся ў глыбокім, цяжкім сне. Яго пальцы аслаблі, паднятая рука слабка апусцілася, і вось ужо ён ляжаў, бы ў трансе.

— Нарэшце опіум пачаў дзейнічаць, — прамармытала дзяўчына, падняўшыся ад ложка. — Але цяпер ужо можа быць запозна.

Яна паспешліва павязала шалік, надзела капялюш, зрэдку баязліва аглядваючыся, быццам апасалася, што, нягледзячы на снатворнае, на яе плячо раптам цяжка апусціцца рука Сайкса, потым далікатна схілілася над ложкам, пацалавала рабаўніка ў вусны, развярнулася, адчыніла і зачыніла ціхенька дзверы пакоя і заспяшалася з дому.

У цёмным завулку, праз які яна мела ісці, вартаўнік выкрыкваў палову на дзясятую.

— Ужо шмат прайшло пасля паловы на дзясятую? — спытала дзяўчына.

— Яшчэ праз чвэрць буду адбіваць поўную гадзіну, — адказаў чалавек, асвятліўшы яе твар ліхтаром.

— Я не паспею туды хутчэй, чым за гадзіну, — прамармытала дзяўчына, шпарка праслізнула міма яго і што было сілы кінулася ўніз па вуліцы.

Многія крамы ў тых глухіх завулках і вуліцах, якімі яна імчалася са Спітэлфілда ў Вэст-Энд, ужо зачыняліся. Вежавы гадзіннік прабіў дзесяць. Гэта павялічыла яе нецярплівасць. Яна імчалася па вузкім тратуары, расштурхоўваючы локцямі мінакоў, амаль перад самымі мордамі коней перабягала вуліцы з вялікім рухам, дзе людзі цэлымі групамі нецярпліва чакалі магчымасці, каб перайсці цераз вуліцу.

— Жанчына звар’яцела! — казалі людзі, праводзячы яе позіркам.

Калі яна дабралася да больш заможнай часткі горада, вуліцы былі ўжо адносна пустымі, і тут яе імклівы бег выклікаў у мінакоў, міма якіх яна бегла, яшчэ большую цікаўнасць. Некаторыя подбегам паспяшалі за ёй, быццам хацелі даведацца, куды гэта яна так спяшаецца, і тыя з іх, каму ўдавалася дагнаць яе, зазірнуць ёй у твар, дзівіліся, што яна не змяншае хуткасці, але яны адставалі адзін за другім, так што яна непадалёку ад мэты свайго падарожжа засталася зусім адна.

Гэта быў сямейны пансіён на няшумнай, прыгожай вуліцы паблізу ад Гайд-парка. Калі яркае святло лямпы, якая гарэла перад дзвярыма, прывяло яе да гэтага дома, гадзіннік прабіў адзінаццаць. Спачатку яна запаволіла хаду, быццам набіраючыся смеласці, каб увайсці, але гук курантаў надаў ёй рашучасці, і яна ўвайшла. Месца парцье было пустым. Яна няўпэўнена агледзелася і накіравалася да лесвіцы.

— А вы да каго хацелі прайсці, дзеўчына? — спытала прыгожа адзетая асоба жаночага полу, выглядваючы з-за дзвярэй за спінай Нэнсі.

— Да адной лэдзі, якая спынілася ў гэтым доме, — адказала дзяўчына.

— Да адной лэдзі! — адказала асоба і паглядзела на яе пагардліва. — Да якой лэдзі?

— Міс Мэйлі, — адказала Нэнсі.

Добра адзетая асоба, якая паспела ўжо разгледзець і даць ацэнку Нэнсі, адказала адно позіркам, поўным дабрадзейнай пагарды, і паклікала на перамовы мужчыну. Нэнсі паўтарыла яму імя асобы, да якой прыйшла.

— Як паведаміць пра вас? — спытаў слуга.

— Няма патрэбы называць маё імя, — адказала Нэнсі.

— А па якой вы справе? — спытаў той.

— І пра гэта не трэба гаварыць, — адказала дзяўчына. — Мне трэба пабачыць лэдзі.

— Ідзіце адсюль, — загадаў слуга, адчыняючы дзверы. — Нічога не выйдзе. Ідзіце прэч!

— Хіба вы мяне выштурхаеце, а сама я адсюль не пайду, — рэзка запярэчыла дзяўчына, — і яшчэ пастараюся, каб вы ўдваіх мяне не адужалі. Няўжо тут няма нікога, — працягвала яна, азіраючыся, — хто мог бы згадзіцца выканаць просьбу такога ніцага стварэння, як я?

Гэты заклік знайшоў водгук у кухара з добрым тварам, які назіраў за развіццём падзей разам з некаторымі іншымі слугамі і які выйшаў у хол, каб умяшацца.

— Паведамі пра яе, Джо, хіба табе цяжка? — сказаў гэты чалавек.

— Навошта? — запярэчыў той. — Ты што, думаеш, што маладая лэдзі захоча прыняць такую, як вось гэтая вось?

Гэты намёк на сумніўную рэпутацыю Нэнсі выклікаў хвалю шчырага гневу ў грудзях чатырох пакаёвак, якія з вялікай гарачнасцю заўважылі, што гэтае стварэнне ганьбіць свой пол, і рашуча запатрабавалі, каб яе без аніякага выкінулі ў канаву.

— Рабіце са мной усё, што хочаце, — сказала на гэта дзяўчына, зноў паварочваючыся да мужчын, — але спачатку выканайце маю просьбу, і я прашу яшчэ раз імем Госпада нашага паведаміць пра мяне.

Поделиться с друзьями: