Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Па слядах аднаго міфа

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Хоць Густынскі летапіс і пазнейшая крыніца (ХVІІ ст.), але адзначанае паведамленне, бясспрэчна, заслугоўвае поўнага даверу. Рэч у тым, што ўсе падзеі, пра якія гаворыцца тут, — гібель аўстрыйскага герцага Фрыдрыха, смерць князя Яраслава Ўсеваладавіча (бацькі Аляксандра Неўскага), прыбыццё пасольства ад папы рымскага да татараў — сапраўды адбыліся ў 1246 г. Пры гэтым звяртае на сябе ўвагу строгае захоўванне летапісцам храналагічнай паслядоўнасці ў перадачы падзеяў: першая з іх адбылася 15 чэрвеня[250], другая — 30 верасня[251], трэцяя — увосень[252]. Паколькі паведамленне пра Міндоўга пастаўлена апошнім, то можна думаць, што ягонае хрышчэнне адбылося дзесьці позняй восенню ці на пачатку зімы, г. зн. пры канцы года (тады сакавіцкага, на пачатку 1247 г.). Прыняцце Міндоўгам праваслаўя трэба лічыць пачаткам яго княжання ў Новагародку ў канцы 1246 ці пачатку 1247 г. Мы не ведаем, хто быў князем у Новагародку перад Міндоўгам. Як ужо адзначалася, у летапісе пад 1237 г. узгадваўся новагародскі князь Ізяслаў[253], але нічога не вядома пра яго далейшы лёс: дакуль княжыў тут і чаму перастаў княжыць. Пазней, у 1256 г., прыгадваўся нейкі князь Ізяслаў у Свіслачы. Магчыма, што гэта былы новагародскі князь.

Новагародскія феадалы добра ведалі Міндоўга як князя суседняй Літвы і ўдзельніка супольных паходаў, напрыклад у 1237 г. Галоўнаю мэтай абрання Міндоўга новагародскім князем было жаданне выкарыстаць яго для заваёвы Літвы, што ўваходзіла ў планы багатых новагародскіх феадалаў якія імкнуліся пашырыць сваю ўладу на суседнія землі. У гэтым часе для Новагародка склаліся спрыяльныя ўмовы. Сама важная з іх тая, што Новагародскай зямлі ўдалося выйсці з-пад залежнасці ад галіцка-валынскіх князёў у першую чаргу таму, што іх зямля была аслабленая мангола-татарскім нашэсцем. Адбылося гэта недзе на пачатку 40-х гадоў ХІІІ ст. Калі ў 1237 г. па волі Данілы Галіцкага супраць Конрада Мазавецкага разам з «літвой Міндоўга» выступіў і новагародскі князь, то ў міжусобнай барацьбе на баку тых жа князёў у 1245 г. выступіў толькі Міндоўг. Ва ўсялякім выпадку ўсе далейшыя дзеянні Новагародка выяўляюць у ім самастойную сілу, што, натуральна, і выклікала супраць яго адпаведную рэакцыю галіцка-валынскіх князёў. Тым часам літва як найманая сіла значна аслабела. У такой сітуацыі Міндоўг для новагародцаў быў добрай знаходкай. Пакрыўджаны сваімі суайчыннікамі, ён лепей, чым хто-небудзь, з большай зацікаўленасцю і рашучасцю мог заваяваць сваю былую радзіму. Гэты вопыт Новагарадка быў эфектыўным, таму пазней яго паспяхова выкарысталі полацкія і пскоўскія феадалы. Яны таксама далі прытулак выгнанцам з Літвы і выбралі іх сваімі князямі.

Неўзабаве Міндоўг прыступіў да заваёвы Літвы, г. зн. да выканання таго, дзеля чаго ўзялі яго новагародцы. Іпацеўскі летапіс пад 1252 г. сведчыць: «В то же лето изгна Миндовг сыновца сваего Тевтевила и Едивида, пославшю ему на войну его со вуем своим со Выконтом на Русь воевать ко Смоленьску и рече: «Што кто приемлеть собе держить», вражбою бо за ворожьство с ними Литву зане, поимана бе вся земля литовьская и, бесчисленое имение их притрено бо богатьство их, и посла на не вои свое хотя убити я»[254]. Тут, як і далей у летапісе, нібы ў люстэрку, адбілася гістарычная праўда. Як бачым, Міндоўг пайшоў на хітрасць. Падгаварыўшы сваіх пляменнікаў Таўцівіла і Едзівіда з іх дзядзькам Віконтам ісці пад Смаленск, ён паслаў наўздагон сваё войска, каб забіць іх. Відаць, Міндоўг паабяцаў ім дапамагчы, бо як інакш, не выклікаючы падазрэння, ён мог паслаць за імі сваё войска. У. Пашута гэты факт тлумачыў тым, што Міндоўг сапраўды паслаў іх ваяваць да Смаленска і нават абяцаў аддаць усё, што яны возьмуць. Больш за тое, спасылаючыся на Суздальскі і Ноўгарадскі летапісы, кожны з якіх называе розныя даты (1248, 1245 гг.), а таксама на папскага пасла Плана Карпіні, які падарожнічаў па Русі ў 1245–1246 гг., гэты даследнік сцвярджаў, быццам паход жамойцкіх князёў сапраўды закрануў полацка-віцебскія землі і паўночную частку Смаленшчыны[255]. Але далей У. Пашута прызнаў, што фактычна Міндоўг «изгна» жамойцкіх князёў[256].

Значыць, Таўцівіл, Едзівіт і Віконт (ці Вікінт) былі выгнаныя з Літвы. Гэта адбылося ў выніку таго, што Міндоўг «Літву зане, поимана бе вся земля литовьская». Прачытаеш гэтыя словы і здзіўляешся, чаму бясконца гавораць і пішуць пра заваёву Міндоўгам так званай Чорнай Русі, калі ў сапраўднасці ён «Литву зане». Гэтыя словы з выключнай яскравасцю пацвярджаюць, што Міндоўг быў у Новагародку перабежнікам, а не яго заваёўнікам. Бо калі б ён з Літвы заваяваў Новагародак, дык навошта яму было займаць Літву? Словы «поимана бе вся земля литовьская» гавораць, што Міндоўг да гэтага не валодаў ніводнай часткай яе. Значыць, ён прыбыў у Новагародак, страціўшы Літву.

Некалі М. Дашкевіч заўважыў, што даследнікі не растлумачылі словы «вражбою бо за ворожьство с ними Литву зане»[257]. І гэта зразумела, бо ў гэтых словах палягае зняпраўджанне міфа пра заваёву Міндоўгам Новагародскай зямлі, які быў узяты на ўзбраенне афіцыйнай гістарыяграфіяй. Сам М. Дашкевіч таксама не рызыкнуў парушыць казённае адзінадушша ў гэтым пытанні. Не ставілася ў навуцы і пытанне, чаму летапісы ХVІ ст. перапоўненыя байкамі пра розных міфічных жамойцкіх князёў, якія нібыта княжылі ў Новагародку, ні слова не гавораць пра гістарычна праўдзівага князя Міндоўга, які сапраўды тут быў. І толькі «Кроніка Быхаўца» перадае звесткі Іпацеўскага летапісу пра Міндоўга, выкінуўшы, аднак, адтуль словы пра заваёву ім Літвы (бо яны зняпраўдзілі б байкі гэтага летапісу пра заваёву літоўскімі князямі Новагародка і Полацка). Характэрна, што і Ў.Пашута, пераказваючы гэтае месца Іпацеўскага летапісу, таксама апусціў словы «Литву зане» і ніяк не каментуе словы «поимана бе вся земля литовьская»[258].

Гэтыя словы летапісу ясна паказваюць, што ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага пачалося не з заваёвы Новагародскай зямлі Літвой, а, наадварот, з заваёвы Новагародскай зямлёй Літвы. Гэтую заваёву новагародскія феадалы ажыццявілі сваімі сіламі пры дапамозе перабежніка з Літвы Міндоўга. Той, помсцячы князям Літвы за іх «ворожьство» да яго, адбіраючы ад іх «бесчисленое имение их», дзейнічаў у інтарэсах новагародскіх феадалаў. І таму не дзіўна, што феадалы Літвы ўчынілі ўпарты супраціў Міндоўгу. Адсюль яскрава бачна, што дзеянні Міндоўга вызначаліся інтарэсамі Новагародка, а не Літвы. Калі ж прыняць супрацьлеглы пункт гледжання, дык становіцца незразумелым, чаму ўтварэнню Літоўскай дзяржавы ўвесь час перашкаджаюць не беларускія, а літоўскія феадалы.

У. Пашута не меў рацыі, калі гаварыў, што «ўсё ішло параўнальна гладка, пакуль Міндоўг дзейнічаў у межах Аўкштоты, але ягоны наступ на правы жамойцкіх князёў выклікаў феадальную вайну»[259]. Гэта супярэчыць фактам. Мы ўжо не будзем казаць, што Ў.Пашута прымаў летапісную Літву за Аўкштоту, да якой Міндоўг не меў ніякага дачынення. У летапісе нічога не гаворыцца пра Жамойць. У ім сказана, што Міндоўг заняў Літву. Словы ж «поимана бе вся земля литовьская» сведчаць пра захоп не толькі «Литвы Міндоўга», але і правабярэжнай Літвы. Аднак паняцце «вся земля литовьская» ў той час не пашыралася на Жамойць. Калі пасля забойства Міндоўга Транята стаў князем Літвы і Жамойці, летапіс гэта і зафіксаваў: «Тренята нача княжити во всей земле Литовьской и в Жемоти»[260]. Пра Міндоўга ж там ні разу не сказана, і таму няма ніякіх падставаў сцвярджаць, быццам ён наступаў толькі на правы жамойцкіх князёў. Невядома таксама, чаму Ў.Пашута называў Таўцівіла і Едзівіда жамойцкімі князямі. Яны былі сынамі брата Міндоўга Даўспрунга[261], а той у дамове 1219 г. названы князем Літвы. Вікінт — жамойцкі князь, але ён быў выгнаны таму, што разам з пляменнікамі пайшоў у паход. Потым ён сапраўды быў у Жамойці. Такім чынам, нельга сцвярджаць, што толькі жамойцкія князі ўчынілі супраціў Міндоўгу. Галоўным чынам яму супрацьстаялі князі Літвы, інтарэсы якіх ён перш за ўсё закрануў.

Таўцівіл, Едзівіт і Вікінт, як і іншыя выгнаннікі з Літвы, страціўшы апору на сваёй зямлі, былі вымушаныя звяртацца па дапамогу звонку. Даведаўшыся пра намер Міндоўта забіць іх, яны ўцяклі да галіцка-валынскіх князёў Данілы і Васількі, ведаючы, што прымуць іх там з радасцю. І не памыліліся.

Захоп Новагародкам Літвы не мог не выклікаць трывогі ў галіцка-валынскіх князёў. Узмацненне Новагародка ў выніку пашырэння яго ўлады на Літву давала магчымасць узяць першынства ў задзіночанні прылеглых усходнеславянскіх земляў. А на гэтую ролю прэтэндавалі самі галіцка-валынскія князі. Даніла Галіцкі добра разумеў геапалітычнае значэнне Літвы. Нездарма ён быў жанаты на сястры Таўцівіла і Едзівіда[262]. І вось, калі Міндоўг апынуўся ў Новагародку і заваяваў Літву, ён ператварыўся з ранейшага хаўрусніка галіцка-валынскіх князёў у іхнага заклятага ворага, і таму яны адразу ацанілі ўсю сур'ёзнасць становішча. Настаў прыдатны момант для ўмяшання ў справы Новагародскай дзяржавы. Даніла Галіцкі адразу накіраваў паслоў да польскіх князёў са словамі: «Яко время есть хрестьяном на поганее, яко сами имеють рать межу собою»[263]. Гэты выраз тлумачыць, чаму ў Галіцка-Валынскім летапісе адсутнічае паведамленне аб прыняцці Міндоўгам праваслаўя ў 1246 г.: яно супярэчыла б прыведзеным словам Данілы Галіцкага і рабіла б бессэнсоўным ягоны заклік да барацьбы з паганымі. Але справа, вядома, не ў паганстве, бо якраз са збеглымі феадаламі-язычнікамі галіцка-валынскія князі ахвотна ішлі на хаўрус.

Збеглыя князі Літвы накшталт іншых перабежнікаў з яе былі паслухмянымі служкамі новых гаспадароў. Тыя паслалі іх у Ордэн і Рыгу, у Жамойць і да яцьвягаў з мэтаю стварэння кааліцыі супраць новай дзяржавы, што ўрэшце і ўдалося зрабіць шляхам подкупу. Аднак калі гэтым удзельнікам кааліцыі адводзілася другарадная роля, дык на сябе галіцка-валынскія князі ўзялі галоўную задачу — барацьбу з Новагародкам як цэнтрам новай дзяржавы. Тым сама яны зноў паказалі, што для іх галоўным ворагам было не паганства, а хрысціянская Новагародская зямля, і разгарнулі супраць яе шырокі наступ адразу па трох кірунках — на Ваўкавыск, Слонім і Здзітаў, у выніку чаго «паидоста к Новугороду»[264] і «поимаша грады многы», «возвратишеся в домы»[265]. З гэтага бачна, што галіцка-валынскія князі не ставілі на той час за мэту заваёву Новагародскай зямлі: яны яе разбуралі, рабавалі і гэтым знясільвалі.

Даведаўшыся, што немцы збіраюцца дапамагчы Таўцівілу ў барацьбе з Міндоўгам, Даніла Галіцкі даў яму сваё войска і полаўцаў. З гэтай сілай Таўцівіл пайшоў у Рыгу, дзе прыняў каталіцкае хрышчэнне. Міндоўг убачыўшы, што вакол яго сціскаецца варожае кола, намерыўся дзейнічаць таксама подкупам у дачыненнях з Рыгай. Тут у яго была перавага над Вікінтам і Таўцівілам: скарбніца новагародскіх феадалаў была багатая. Але адных раскошных дароў было мала. Рыжскім біскупам Андрэем была пастаўлена ўмова: прыняць хрышчэнне ад папы, тады Міндоўг адолее ворагаў, г. зн. атрымае патрэбную дапамогу. Рымская курыя ўжо даўно ўважліва сачыла за падзеямі ва Ўсходняй Эўропе і выкарыстоўвала кожны зручны момант для пашырэння там уплыву каталіцкай царквы. Асабліва прыдатнымі ў гэтым сэнсе былі моманты варожасці і суперніцтва паміж асобнымі землямі, у прыватнасці Новагародскай і Галіцка-Валынскай. Папа рымскі Інакент ХІV не прамінуў даць згоду на хрышчэнне Міндоўга і ўручэнне яму каралеўскай кароны. Паводле Густынскага летапісу, гэта адбылося ў Новагародку ў 1252 г. (паводле некаторых іншых меркаванняў, у 1253 г.). Праз два гады такая ж карона была ўручаная ад імя папы рымскага Данілу Галіцкаму.

Становішча Міндоўга крыху палепшылася. Рыга не ваявала з ім, у ягоным войску з'явіўся нямецкі аддзел. Паміж войскамі Міндоўга і Таўцівіла адбыліся дзве бітвы і абедзве безвынікова. Пад час першай Міндоўг знаходзіўся ў сваёй роднай Варуце, і ягоныя праціўнікі абмежаваліся рыцарскім турнірам, пад час другой ужо сам Міндоўг абклаў горад Вікінта Твірымець, але, паранены, павярнуў назад. Ворагі Міндоўга добра разумелі, што сіла яго ў Новагародскай зямлі і што без знясілення яе перамога над ім немагчымая. Вось чаму Таўцівіл паслаў нейкага Рэўбу да Данілы Галіцкага з просьбай: «Поиди к Новугородку»[266]. Просьба была выкананая з задавальненнем. Даніла сабраў вялікую сілу: з ім былі ягоны брат Васілька, сын Леў і сват — палавецкі хан Цягак. Па дарозе яны ўзялі з сабою пінскіх князёў. Тыя, як сведчыць летапіс, пайшлі неахвотна. І гэта зразумела. Паход арганізоўваўся не толькі супраць Новагародка, але і супраць Літвы, якая служыла заслонай Новагародскай зямлі з паўднёвага ўсходу. А пінскім князям не хацелася варагаваць з суседзямі, з якімі ў іх даўно ўжо вызначыліся агульныя эканамічныя інтарэсы. Літва арганізавала супраціў: паслаўшы старожу на возера Зьяце, гналася за галіцка-валынскім войскам да р. Шчары. Даніла вымушаны быў зрабіць суровую вымову сваім ваякам, асабліва тым, хто не хацеў ваяваць. Супраціў Літвы быў зламаны, і «наўтрее же плениша всю землю Новогородьскую, оттуда же возвратишеся в дом свой»[267]. Аднак гэтага было недастаткова. Даніла паслаў свайго брата Васільку і сына Рамана на заходнюю частку Новагародскай зямлі — Гарадзенскае княства (гэты факт дае падставу лічыць, што яно ўваходзіла ў склад Новагародскай зямлі). Там быў захоплены Гарадзен (Горадня), а пасля таго як Даніла дадаткова «посласте многы своя пешьте и конникы», «плениша всю вотчину их и страны их»[268].

Поделиться с друзьями: