Па слядах аднаго міфа
Шрифт:
Полацкія князі, апынуўшыся на балцкіх землях, у паганскім асяроддзі, з палітычных меркаванняў прыкідваліся паганцамі, пра што слушна гаварыў А.Кіркор[206]. У сувязі з гэтым заслугоўвае ўвагі тое, што ў пераліку балцка-літоўскіх князёў у дамове 1219 г. сама першы і сама старэйшы з іх носіць славянскае імя Жывінбуд. Гэтак жа і літоўскія князі (Міндоўг, Войшалк, Даўмонт, Таўцівіл і інш.), апынуўшыся на княскіх пасадах у суседзяў славянаў, прымалі праваслаўе. Відаць, ні полацкія, ні літоўскія князі не вызначаліся рэлігійным фанатызмам і таму па некалькі разоў мянялі сваю веру дзеля палітычных інтарэсаў (Міндоўг, Таўцівіл). Тое, што Воін стаў полацкім князем, таксама сведчыць пра ягоную прыналежнасць да роду полацкіх князёў (полацкае веча не прымала князёў чужых дынастый). А гэта ў сваю чаргу пацвярджае, што ягоныя браты Віцень і Гедзімін таксама паходзяць з роду полацкіх князёў. Такім чынам, можна з вялікай доляй упэўненасці сказаць, што з канца ХІІІ ст. у Вялікім Княстве Літоўскім запанавала полацкая княская дынастыя.
Гаворачы пра ўзаемадачыненні хрысціянства і паганства, трэба ўлічваць яшчэ адну акалічнасць. Пашырэнне хрысціянства на беларускіх землях было далёка не мірным працэсам. Яно суправаджалася ўзмацненнем феадальнай эксплуатацыі. А гэта не магло не выклікаць супраціву сялянства, які часам набываў форму барацьбы з хрысціянствам. Трэба думаць, што нямала было сялянаў, якія, ратуючыся ад феадальнага прыгнёту і звязанага з ім хрысціянства, уцякалі ў балцкія землі і там доўгі час заставаліся паганцамі. Таму пашырэнне хрысціянства на беларускіх землях пэўным чынам спрыяла славянскай каланізацыі на балцкіх землях. Доўгі час заставаліся паганцамі і асіміляваныя балты. Усё гэта дае падставу меркаваць, што прыналежнасць да паганства не была выключнай адзнакай балтаў не толькі ў ХІ-ХІІ, але і ў ХІІІ-ХІV стст. і нават на пачатку ХV ст. Гэтым, відаць, тлумачыцца тое, што ў асяроддзі беларусаў аж да ХХ ст. у значна большай ступені, чым у іншых славянскіх народаў, захаваліся перажыткі паганства.
Полацкая каланізацыя, якая ішла галоўным чынам па р. Віліі ўглыб балцкіх земляў, спрыяла далейшаму росту Крывога Горада — Вільні, што ўздымала значэнне віленскіх князёў. Новагародак мог быць цэнтрам Вялікага Княства Літоўскага да таго часу, пакуль яно не выходзіла за межы Нёманскага басейна. З пашырэннем дзяржавы ўсё больш акрэслівалася яго невыгоднае размяшчэнне — ізаляванасць ад іншых земляў, асабліва тых, што ляжалі ў Дзвінскім басейне.
У гэтым дачыненні становішча Вільні было лепшае. Размешчаная на скрыжаванні важных гандлёвых шляхоў, у тым ліку і на Віліі, якая злучала яе з Полацкай зямлёй, яна ўсё больш набывала цэнтральнае значэнне ў дзяржаве. «Яшчэ да часу княжання Гедзіміна Крывы Горад развіўся ў такое значнае паселішча, што Гедзімін палічыў патрэбным перанесці сюды сталіцу Вялікага Княства Літоўскага»[207]. Няма падставы сцвярджаць, што адной з прычынаў перанясення сталіцы ў Вільню было тое, што яна размешчаная «ў цэнтры карэннай літоўскай зямлі, цэнтры народнасці»[208]. Па-першае, што разумець пад «карэннай літоўскай зямлёй»? Ёю была зямля летапіснай літвы, якая, як мы бачылі, знаходзілася ў Верхнім Панямонні, абваколеная славянскімі землямі. Па-другое, Аўкштота і Нальшчаны ўжо даўно з'яўляліся аб'ектам крывіцкай каланізацыі, вынікам чаго і было ўзнікненне Крывога Горада — Вільні, які, паводле дадзеных археалогіі, «быў заснаваны крывічамі пад час пашырэння тэрыторыі Полацкага княства ў раннюю феадальную эпоху на захад»[209]. Таму становішча Вільні вызначалася не тым, што яна была цэнтрам «карэннай літоўскай зямлі», а тым, што гэта быў адзін з даўных і найбуйнейшых цэнтраў крывіцкай каланізацыі балцкіх земляў. Праўда, побач з крывіцкім там жыло і карэннае насельніцтва, стаяла свяцілішча паганскага бога Пяркунаса, аднак усё гэта ўжо не было вырашальным фактарам. Тут, як і паўсюдна на балцкай тэрыторыі, куды пранікала крывіцка-дрыгавіцкая каланізацыя, працягваўся інтэнсіўны працэс асіміляцыі. Наколькі ён быў моцны, сведчыць і тое, што ў летапісе, дзе апавядаецца пра заснаванне Гедзімінам Вільні (як мог летувіс даць ёй славянскі назоў?), Вілія ўжо не называецца па-летувіску Нярысам[210]. А. Качубінскі памыляўся, калі меркаваў, што беларуская мова пашырылася на захад ад Вільні толькі ў апошнія дзесяцігоддзі ХІХ ст.[211], бо ўжо ў кнізе, выдадзенай у 1861 г., гаворыцца, што ў прасторы паміж Вільняй і Трокамі просты народ, г. зн. карэннае насельніцтва, гаворыць па-беларуску[212]. Але А. Качубінскі зусім слушна заўважаў, што Віленская губерня… уваходзіць у тэрыторыю беларускага племя і сама Вільня ўжо за рубяжом літоўскім[213]. Такі вынік быў перадвызначаны яшчэ ў ХІ-ХІІІ стст. заснаваннем Вільні ды іншых крывіцкіх калоній у Нальшчанах і Аўкштоце.
Такім чынам, перанясенне сталіцы Вялікага Княства Літоўскага з Новагародка ў Крывы Горад — Вільню — было вынікам крывіцка-дрыгавіцкай каланізацыі ўглыб балцкіх земляў. Яно сведчыла таксама, што на першае месца ў гэтай дзяржаве выходзіла Полаччына. А гэта выклікала змену новагародскай дынастыі на полацкую. У святле пададзеных фактаў нельга пагадзіцца з сцверджаннем пра «паступовае пранікненне»[214] і «наступленне Літвы на Русь»[215]. Фактычна пад націскам славянскай каланізацыі адбываўся адваротны працэс. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага не толькі не спыніла, а, наадварот, яшчэ больш паскорыла асіміляцыю балцкага насельніцтва. Ф. Д. Гурэвіч лічыць, што прасоўванне межаў беларускай мовы ў зону пашырэння балцкіх археалагічных помнікаў, відаць, адносіцца да ХІV ст.[216], г. зн. да таго часу, калі ўжо ўтварылася Вялікае Княства Літоўскае. І ў гэтым нічога дзіўнага няма, бо ў новаўтворанай дзяржаве беларуская культура была панавальнай, а беларуская мова — дзяржаўнай. Таму нельга пагадзіцца з думкаю, нібыта Беларусь у Вялікім Княстве Літоўскім была падначаленай[217] і займала ў ім нераўнапраўнае становішча[218]. У такім выпадку становіцца незразумелым, чаму падначаленая, эксплуатаваная і нераўнапраўная краіна ўвесь час пашырала сваю тэрыторыю, а панавальная, якой лічыцца Летува, траціла сваю тэрыторыю і насельніцтва. Усё гэта гаворыць за тое, што беларускі народ у Вялікім Княстве Літоўскім прадаўжаў тварыць сваю гісторыю, развіваў сваю культуру, а не рабіў толькі ўклад у чужую гісторыю[219].
Тое, што ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага паспрыяла славянскай каланізацыі балцкіх земляў і асіміляцыі іх насельніцтва, што панавальнай культурай у ім стала беларуская і дзяржаўнай мовай беларуская, характарызуе гэтую дзяржаву як славянскую. Такім чынам, не так званыя «літоўскія набегі на заходнерускія землі», а славянская каланізацыя балцкіх земляў была вызначальным фактарам ва ўтварэнні Вялікага Княства Літоўскага.
5. ДЛЯ КАГО БЫЛА БОЛЬШАЯ ПАГРОЗА?
Мангола-татарскае нашэсце і нямецкая агрэсія ў сучасных падручніках гісторыі і навуковых даследваннях падаюцца як фактары, што нібыта паспрыялі захопу беларускіх земляў Літвой: «Барацьба Русі з татара-мангольскімі заваёўнікамі значна аблегчыла літоўскім князям ажыццяўленне іх захопніцкай палітыкі ў адносінах да рускіх земляў. Ва ўмовах татара-мангольскай няволі некаторыя феадалы Русі ў асобе Літоўскай дзяржавы бачылі сілу, якая не толькі можа даць адпор татарскім і нямецкім захопнікам, але і разам з тым будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню іх панавання над сялянскімі масамі»[220]. Прыблізна тое ж сказана і ў другім даследванні: «Феадалы, якія прыйшлі да ўлады ў Аўкштайціі, пайшлі на змову з феадаламі значна больш развітай Беларусі, напалоханымі Ардой і Ордэнам. Падзяліўшыся рэнтай з літоўскім пануючым класам, беларускія феадалы ўвайшлі ў яго склад»[221]. Але ж добра вядома, што Беларусь, з выняткам яе крайніх паўднёвых мясцінаў, не ведала мангола-татарскага нашэсця. Значыць, феадалам Беларусі не было ніякай патрэбы шукаць у некага абароны ад татараў. Больш за тое, паводле сведчання летапісаў, літоўскія князі ніколі не атрымлівалі ніякіх перамог над мангола-татарамі.
Праўда, у вядомай «Кроніцы Быхаўца» апавядаецца пра дзве бітвы, у якіх татары нібыта былі разгромлены літоўскімі войскамі, - пад Магільнам і пад Койданавам. Аднак шэраг акалічнасцей прымушае сумнявацца ў тым, што яны былі ў сапраўднасці.
Вось што гаворыцца пра Магільнянскую бітву. Пасля таго як літоўскі князь Рынгальт немалы час пракняжыў у Новагародку, князі Святаслаў Кіеўскі, Леў Уладзімірскі і Дзмітры Друцкі намерыліся выгнаць яго адтуль. Узяўшы сабе на падмогу ад цара заволжскага некалькі тысяч татараў, яны рушылі на Новагародак. Рынгальт сустрэў іх на Нёмане, ля Магільна (цяпер на тэрыторыі Уздзенскага р-на, Менскай вобл.), і ў лютым баі, які працягваўся цэлы дзень, разбіў сваіх праціўнікаў і з багатай здабычай вярнуўся ў Новагародак[222]. У «Кроніцы Быхаўца» не паказана, калі адбылася гэта падзея. У ранейшай гістарычнай літаратуры яна адносілася да 1235 г.[223]. Але прыняць гэтую дату нельга, бо тут прыгадваюцца татары, якія з'явіліся на Русі толькі пры канцы 30-х гадоў ХІІІ ст. Апроч таго, Рынгальт не мог княжыць у 1235 г. у Новагародку, бо гэтым часам тут княжыў Ізяслаў, як сведчыць Іпацеўскі летапіс. Сярод князёў, што ішлі на Рынгальта, згадваецца Леў Уладзімірскі. Гэта магло б дапамагчы вызначыць найбольш верагодную дату гэтай падзеі, калі б яна сапраўды была. У Іпацеўскім летапісе пад 1274 г. сказана, што шэраг усходнеславянскіх князёў, сярод якіх быў і галіцкі (а не ўладзімірскі) князь Леў, разам з татарамі ішлі на Новагародак[224], які тады быў сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. Паколькі гэтыя князі і татары рухаліся на Новагародак ад Слуцка[225], то іхны шлях мог праходзіць і праз Магільна. Аднак летапіс, які падрабязна асвятляе гэты паход, нічога не гаворыць пра бітву пад Магільнам. Як мы ведаем, у «Кроніцы Быхаўца» сказана, што гэтая бітва была вялікай і што татары з хаўруснікамі пацярпелі страшэнную паразу, а пасля такой няўдачы яны, вядома, не маглі б ісці далей, да Новагародка. А між тым летапіс гаворыць, што яны, перайшоўшы р. Сэрвеч, падышлі да Новагародка і ўзялі яго вакольны горад. Прыдуманы і сам князь Рынгальт, бо нідзе ў іншых крыніцах ён не прыгадваецца. Апрача таго, «Кроніка Быхаўца» называе яго вялікім князем, але ў 1274 г. ён не мог быць такім, бо гэтым часам у Новагародку княжыў Трайдзень. Не мог ён быць і бацькам Міндоўга, бо той загінуў у 1263 г., а ў «Кроніцы Быхаўца» сказана, што Міндоўг стаў княжыць пасля смерці Рынгальта. Гэты аналіз не пацвярджае таго, што была бітва пад Магільнам, прынамсі ў 1274 годзе, найбольш верагодным для яе, асабліва калі ўлічыць, што ў «Кроніцы Літоўскай і Жамойцкай» яна значыцца пад 1284 г.[226] (у гэтай крыніцы шмат якія падзеі зрушаныя на 10–15 гадоў наперад). Тым не менш усё гэта не выключае таго, што гэтая бітва была. Магчыма, яна калі-небудзь і была, але яе апісанне ў «Кроніцы Быхаўца» скажонае да непазнавальнасці, як гэта адбылося і з бітвай пад Гарадцом у 1161 г., пра што мы гаварылі раней. Не выключана, што і бітва пад Магільнам адбылася таксама ў полацкія часы, а пасля была прыпісаная літоўскім князям.
Малаверагодная бітва і пад Койданавам, бо звесткі пра яе яшчэ больш супярэчлівыя. У «Кроніцы Быхаўца» сказана, што заволжскі татарскі цар Балаклай сабраў вялікую раць і пайшоў на Русь. А вялікі князь Скірмант, сабраўшы сваё войска ў Койданаве, перамог усю раць татарскую і самога цара забіў[227]. У літаратуры гэта падзея адносілася да 1241 г.[228]. Апрача таго, паказваецца яшчэ адна бітва пад Койданавам, у якой нібыта Міндоўг у 1249 г. разбіў татараў на чале з Кайданам і яго хаўруснікаў галіцка-валынскіх князёў Данілу і Васільку. Прычым сцвярджаецца, што Кайдан загінуў тут, і адсюль пайшло найменне паселішча «Койданаў», якое да таго называлася Крутагор'ем. Гэта найбольш пашыраная версія, і яна нават увайшла ў сучасныя падручнікі гісторыі Беларусі[229]. У «Запісках Кацярыны ІІ» прыведзены звесткі пра бітву пад Койданавам у 1276 г., якія нагадваюць падзеі бойкі 1241 г.
Паколькі ўсе гэтыя бітвы звязаныя з татарамі, то яны не маглі адбыцца ні ў 1241, ні ў 1249 г., бо, як паказваюць даследванні, першае ўварванне татараў на тэрыторыю Беларусі адбылося ў 1258 г.[230]. Бітву 1241 г. мы наагул павінны адкінуць як выдуманую, бо ніколі не было ні вялікага літоўскага князя Скірманта, ні татарскага хана Балаклая. Ёсць нешта падобнае ў падзеях 1249 і 1258 гг. Сапраўды, князем літоўскім тады быў Міндоўг, разам з татарамі ішоў валынскі князь Васілька (яго брат Даніла, прыкінуўшыся хворым, ухіліўся ад гэтага паходу). Але татараў узначальваў не Кайдан, а Бурундай, і, што сама важнае, ніякай перамогі Міндоўг не атрымліваў: татары на чале з Бурундаем без супраціву занялі землі літоўскую і нальшчанскую (нагадаем, што гэта тэрыторыя на захадзе сучаснай Беларусі). Гэта пацвярджае і Ноўгарадскі І летапіс, у якім сказана, што татары ўзялі ўсю зямлю літоўскую, а саміх пабілі[231].
Трэба зазначыць, што ёсць яшчэ сумневы ў праўдзівасці існавання Кайдана. Сярод татарскіх ханаў, военачальнікаў і ваяводаў ён не значыцца[232]. Праўда, у татарскага хана Менгу Цімура, які цараваў у Залатой Ардзе ад 1266 да 1280 г., быў сын Кадан[233]. Менавіта ў Менгу Цімура галіцкі князь Леў Данілавіч прасіў дапамогі ў паходзе на Новагародак. У 1274 г. Менгу Цімур даў татарскае войска, але яго ўзначальваў не Кадан, а ваявода Ягурчын[234]. Паводле Галіцка-Валынскага летапісу татары хадзілі на Новагародак і ў 1277 г. Таму можна меркаваць, што яны ішлі праз Койданаў. Але, па-першае, пацярпеўшы там паразу, яны б не пайшлі далей. Па-другое, узначальваў гэтае войска не Кайдан, а ваявода Мамшэй[235]. Усё гэта сведчыць, што Койданаўскай бітвы не магло быць ні ў 1274, ні ў 1276, ні ў 1277 гг. Апрача таго, тапонім «Койданаў» на Беларусі не адзін (населены пункт з такім назовам быў недалёка і ад г. Паставы[236]), што таксама ставіць пад сумнеў паходжанне яго ад імя татарскага хана.
З усяго сказанага вынікае, што Магільнянская і Койданаўская бітвы — гэта хутчэй за ўсё міфы, створаныя ў ХVІ ст., для ўзвелічэння літоўскіх князёў, якія быццам толькі адны маглі супрацьстаяць мангола-татарскім заваёўнікам, чаго ў сапраўднасці не было.
Вядома, нельга адмаўляць пагрозы татарскага нашэсця, якая вісела над беларускімі землямі, бо ўварванні татараў, як мы ўжо бачылі, сапраўды былі. Аднак і нельга справу паказваць так, нібы толькі літва магла абараніць нашую зямлю ад татарскай заваёвы. Яна не магла абараніць ад татараў і сваёй зямлі, як гэта было ў 1258 г. Вось чаму беларускія феадалы не маглі бачыць у асобе літоўскіх князёў сілу, здольную абараніць іх ад татараў. Вось чаму беларускім феадалам не было патрэбы дзяліцца з літоўскімі сваёй «рэнтай».