Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Па слядах аднаго міфа

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Але моцы Новагародка і Пінска хапіла Войшалку толькі для заваёвы Літвы. Бачачы гэта, ён зноў пайшоў на альянс з галіцка-валынскімі князямі. Магчыма, бярог уласныя сілы і хацеў грэбці жар чужымі рукамі. Нялёгка было зноў увайсці ў давер да галіцка-валынскіх князёў, і ён сыграў на іх слабай струнцы — імкненні валодаць Новагародскай зямлёй і Літвою.

Войшалк прызнаў іх вярхоўную ўладу над сабой: «Нарекл бо бяшеть Василка отца себе и господина»[310]. Галіцка-валынскія князі пасля гэтага згадзіліся дапамагчы Войшалку ў падпарадкаванні іншых балцкіх земляў. Няма чаго казаць, што яны дзейнічалі недальнабачна, трацячы свае сілы на захоп таго, што ім не магло належаць. Галіцка-Валынская зямля і без таго была знясіленая залежнасцю ад татараў, пасля смерці Данілы Галіцкага ўжо абазначыўся яе распад. Вось чаму так смела пайшоў Войшалк на вонкавае падначаленне яе князям.

Атрымаўшы дапамогу Шварна і Васількі, Войшалк не менш жорстка расправіўся з феадаламі Дзяволтвы і Нальшчанаў і, далучыўшы гэтыя абшары да сваіх уладанняў, вярнуўся «восвояси»[311], г. зн. у Новагародак. Такім чынам, утварэнне Вялікага Княства Літоўскага суправаджалася амаль пагалоўным вынішчэннем феадалаў балцкіх земляў. Усё гэта лішні раз пярэчыць тым сцверджанням, што ўтварэнне гэтай дзяржавы «вызначалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў».

Нельга пагадзіцца і з тым, што «Войшалк не рабіў замаху на паганства ў Літве»[312]. Галоўнай мэтай пасля заваёвы Літвы Войшалк лічыў хрышчэнне яе. Для таго і быў заснаваны ім Лаўрышаўскі манастыр. Але, відаць, яго магчымасцяў для хрышчэння Літвы было недастаткова. Таму Войшалк у 1265 г. увайшоў у зносіны з пскоўскім князем, які абяцаў прыслаць святароў з Пскова, бо яны больш за іншых знаёмыя з мовай і звычаямі Літвы[313]. Войшалк, вядома, не атрымаў іх, бо ў 1266 г. пскоўскім князем стаў Даўмонт, былы нальшчанскі князь, які ўцёк у Пскоў, ратуючыся ад Войшалка. Вось чаму хрышчэнне Літвы ці, магчыма, нейкай часткі яе зацягнулася да 1405 г., калі толькі верыць Т. Нарбуту, звесткі якога не заўсёды вызначаюцца праўдзівасцю.

Захоп Новагародкам Літвы, Нальшчанаў і Дзяволтвы быў адначасова і ўдарам па Полацку, які пасля страты Ніжняга Падзвіння страціў сваю апору і ў гэтых землях. Каб і надалей карыстацца матэрыяльнымі рэсурсамі і вайсковай сілай балцкіх земляў, Полацак мусіў прызнаць «волю» Новагародка. У гэтым і палягаў стратэгічны план Войшалка. Падначаленне Полацка Новагародку адбылося, відаць, у 1265 г. Грамата полацкага князя Гердзеня, напісаная 22 снежня 1264 г.[314], не гаворыць пра залежнасць Полацка і Віцебска ад Войшалка. Затое грамата полацкага князя Ізяслава, напісаная крыху пазней, ужо сведчыць пра гэта[315].

Летапісныя крыніцы нічога не гавораць пра тое, ці заваяваў Войшалк Жамойць. Магчыма, каб ажыццявіць гэтую мэту, дзеля чаго патрэбная была новая дапамога галіцка-валынскіх князёў, ён аддаў сваё княства Шварну, а сам зноў пайшоў у Галіцкую зямлю. Варта нагадаць, што ў 1254 г. Войшалк не пажадаў аддаць яму княства, бо асцерагаўся, што, жанаты з ягонай сястрой, той будзе мець законняй правы на ўладанне. Цяпер ужо ён не баяўся гэтага, бо Шварн не меў дзяцей, значыць, у выпадку яго смерці не было каму атрымаць у спадчыну княскі пасад. Перадача гэта не спадабалася брату Шварна — галіцкаму князю Льву Данілавічу, які хацеў сам валодаць Новагародскай і Літоўскай землямі, злучанымі зараз у адзінае цэлае. Вось чаму гэты князь і забіў Войшалка, «завистью оже бяшеть дал землю Литовськую брату его Шварнови»[316]. Аднак, паводле іншых крыніц, што, магчыма, болей праўдзіва, Шварн памёр раней за Войшалка, і той зноў вярнуўся ў сваё княства. Пасля ён прыехаў на перамовы са Львом Данілавічам, які лічыў Літоўскае княства сваёй спадчынай пасля смерці брата Шварна. Войшалк не згадзіўся на прэтэнзіі Льва і быў забіты[317]. Але запозненая помста Льва не дала ніякіх вынікаў для яго. Вялікім князем літоўскім стаў Трайдзень, які працягваў палітыку Войшалка. Аднак далейшы разгляд гісторыі Вялікага Княства Літоўскага не ўваходзіць у задачу гэтага даследвання. 

ЗАКАНЧЭННЕ

Аб'яднанне Войшалкам Новагародскай, Пінскай, Літоўскай, Нальшчанскай, Дзевалтоўскай і Полацка-Віцебскай земляў у адзіную дзяржаву было фактычна трывалым пачаткам утварэння Вялікага Княства Літоўскага. У гэтым і палягала гістарычная заслуга Войшалка. Але калі далучэнне балцкіх земляў Літвы, Нальшчанаў і Дзяволтвы да Новагародка было гвалтоўным, то далучэнне Пінска, Полацка і Віцебска праходзіла добраахвотна. Гэтак сама пазней да Вялікага Княства Літоўскага далучаліся і іншыя беларускія абшары. Такое аб'яднанне было вынікам гістарычнага працэсу эканамічнага, палітычнага і культурнага збліжэння беларускіх земляў у басейнах рэк Дзвіны, Дняпра, Нёмана, на аснове чаго ішло фармаванне тэрыторыі Беларусі. Вызначальную ролю ў складванні і пачатковай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага меў найперш Новагародак. Нездарма ж і герб гэтага горада — коннік з мечам у руцэ — стаў дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага[318]. Важнае значэнне Новагародка ва ўтварэнні Вялікага Княства Літоўскага і ў пашырэнні тэрыторыі гэтай дзяржавы паказаў і М. Улашчык[319]. І хоць пазней, на пачатку ХІV ст., Новагародак страціў сваё цэнтральнае значэнне, аднак яшчэ доўга жыла памяць аб ім як сталіцы. Вось чаму ў летапісах ХVІ ст. яшчэ гаворыцца аб «Новогородской державе, над Немном лежачее»[320], якая прасціралася «ад Вилии аж до жродел Неменовых, где ся за Копылем пять миль починается»[321].

Складванне гэтай «Новагародскай дзяржавы» было паскорана і знешнімі палітычнымі прычынамі — пагрозай з боку крыжакоў і татараў. Тым, для каго застаюцца аўтарытэтамі заснавальнікі навуковага камунізму, адрасую выказванне на гэты конт Ф. Энгельса, які адзначыў, што ўкраінскія і беларускія землі «знайшлі сабе абарону ад азіяцкага нашэсця, далучыўшыся да так званага Літоўскага княства»[322]. Як бачым, Ф. Энгельс лічыў гэтую дзяржаву Літоўскай толькі па назове, што і адпавядае сапраўднасці. Сучасныя летувіскія землі ў гэтай дзяржаве займалі толькі дзесятую частку яе тэрыторыі, і з гэтай прычыны, вядома, не маглі ў ёй дамінаваць. У старой гістарыяграфіі факт пашырэння ў Вялікім Княстве Літоўскім славянскай беларускай мовы, культуры тлумачыўся звычайна тым, што, маўляў, літоўскія князі заваявалі славянскую тэрыторыю, і таму, каб кіраваць такой вялізнай прастораю, павінны былі прыняць славянскую мову і культуру як панавальныя ў дзяржаве. Як мы бачылі, ніякай літоўскай заваёвы нават у самым пачатку гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, не было. Ф. Энгельс адкінуў такое яўна валюнтарысцкае тлумачэнне ўтварэння Вялікага Княства, адзначыўшы, што ў гэтым гаспадарстве «ва ўладанні саміх літоўцаў» былі толькі «паўночныя землі Прыбалтыкі»[323], г. зн. уласна летувіскія (жамойцкія) землі, а не ўсе землі дзяржавы. К. Маркс таксама разглядаў Вялікае Княства Літоўскае як славянскую, «рускую» дзяржаву. Ён пісаў у сваёй працы «Сценька Разін»: «Русь тады была падзеленая на дзве дзяржавы: Маскву і Літву»[324]. Славянскі характар Вялікага Княства Літоўскага быў ужо перадвызначаны, як мы бачылі, пры ўтварэнні гэтай дзяржавы ў сярэдзіне ХІІІ ст.

Падсумоўваючы ўсё сказанае ў гэтай кнізе, мы прыходзім да наступных высноваў.

Ніводная гістарычная крыніца не пацвярджае літоўскай заваёвы Чорнай Русі ды іншых беларускіх земляў, што нібыта і паклала пачатак утварэнню Вялікага Княства Літоўскага. Такое сцверджанне ўзнікла ў сярэдзіне ХVІ ст., каб ідэалагічна абгрунтаваць права вялікага князя літоўскага на беларускія землі, значная частка якіх тады часова была занята войскамі Івана Жахлівага. Праз «Кроніку» М. Стрыйкоўскага гэтая версія перайшла ў многія кнігі па гісторыі, пазней была некрытычна прынятая шмат якімі даследнікамі і, стаўшы традыцыйнай, доўгі час не пераглядалася.

Значнай перашкодай для аб'ектыўнага асвятлення працэсу ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага ёсць атаясамліванне летапіснай Літвы з усходняй часткай сучаснай Летувы. Аднак гістарычныя сведчанні і тапаніміка паказваюць, што пад Літвой у ХІ-ХІІІ стст. разумелася тэрыторыя Верхняга Панямоння, якая знаходзілася паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Новагародскай землямі і якая побач з імі з'яўлялася адным з гістарычных рэгіёнаў Беларусі. Менавіта яна і была далучаная да Новагародка спачатку ў 50-х гадах ХІІІ ст. літоўскім перабежнікам Міндоўгам, а пасля ў 60-х гадах ХІІІ ст. канчаткова яго сынам Войшалкам. Гэта было першым крокам у пашырэнні ўлады Новагародка, які дасягнуў да таго часу значнага эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця, на іншыя беларускія і балцкія землі. Толькі гэтым і можна вытлумачыць, чаму Новагародак стаў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. Адсюль, з Беларускага Панямоння, дзе знаходзілася летапісная Літва, і пайшло найменне новай дзяржавы як Літоўскай.

Тое, што ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага суправаджалася заваёвай балцкіх земляў (Літвы, Нальшчанаў, Дзяволтвы), знішчэннем і выгнаннем іх феадалаў, адхіляе пашыранае ў навуцы сцверджанне, што ўзнікненне гэтай дзяржавы дыктавалася іхнымі інтарэсамі. Паколькі ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага было найперш вынікам эканамічнага, палітычнага і культурна-этнічнага збліжэння і аб'яднання беларускіх земляў, то гэты гістарычны працэс быў у інтарэсах беларускіх феадалаў, што і характарызуе гэтую дзяржаву найперш як беларускую. Таму становіцца зразумелым, чаму ў Вялікім Княстве Літоўскім панавальнае месца заняла беларуская культура і дзяржаўнай стала беларуская мова. 

КРЫНІЦЫ І ЛІТАРАТУРА 

1. Антонович В. Б. Очерки истории Великого княжества Литовского. Киев, 1878. С.25; Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства. М., 1915. С.14; Советская историческая энциклопедия. Т.3. С.246; Гісторыя Беларускай ССР. Мн., 1972. Т.1. С. 125–126; История Литовской ССР. Вильнюс 1978. С.34.

2. Дашкевич Н. П. Литовско-Русское государство // Университет. изв. Киев, 1882. № 8. С.325.

3. Алексеев Л. В. Полоцкая земля. М., 1966. С.288.

4. Пашуто В. Т. Образование Литовского государства. М., 1959. С.341.

5. Ibidem. С.8.

6. Дмитриева Р. П. Сказание о князьях владимирских. М.; Л., 1955. С.109.

7. Полное собрание русских летописей (ПСРЛ). М., 1975. Т.32. С. 17–19, 130.

8. ПСРЛ. М., 1962. Т.2. Стб.526–527.

9. ПСРЛ. Т.32. С.20, 21, 23, 130.

10. Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Zmudska i wszystkiej Rusi. Warszawa, 1846. T.1. S.242.

11. Дашкевич Н. П. Княжение Даниила Галицкого. Киев, 1873. С.175.

Поделиться с друзьями: