Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Па слядах аднаго міфа

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Летапісны назоў «Дзяволтва» — мабыць, сцягнутая форма наймення «Дзевалотва», што можа гаварыць аб насельніках гэтай вобласці як адгалінаванні балцкага племя лотвы, што ў старажытныя часы насяляла цэнтральную і паўночна-заходнюю частку Беларусі[161], тым больш што ў Хлебнікаўскім летапісе Дзяволтва і названая Лотвай[162]. «Кроніка Быхаўца», створаная ў ХVІ ст., паказвае на існаванне Дзевалтоўскага княства[163], якое нібыта знаходзілася ў раёне Вількаміра. Няпэўнасць крыніц спарадзіла неразбярыху ў навуковай літаратуры нават аднаго і таго ж аўтара. Так, на карце, прыкладзенай да кнігі Ў.Пашуты «Героическая борьба русского народа за независимость» (1956), Дзяволтва паказана ў міжрэччы Нявежы і Швянтоі. А на карце «Земли и населенные пункты Древней Литвы» у кнізе Ў.Пашуты «Образование Литовского государства» на месцы Дзяволтвы паказана вобласць Упітэ, а асноўная частка тэрыторыі Дзяволтвы аднесена на ўсход ад ракі Швянтоі, туды, дзе звычайна паказваецца Аўкштота.

Праблема месцазнаходжання Аўкштоты таксама заблытаная. Нават нельга ўпэўнена сказаць, ці на тэрыторыі яе была Вільня, бо некаторыя даследнікі лічаць, што гэта гістарычная вобласць знаходзілася на захад ад Вільні. Тапаніміка сведчыць, што племя аўкштота займала прастору ў міжрэччы Меркіс і Стравы і міжрэччы Жаймяны і Швянтоі. Але наўрад яно жыло за правым берагам Швяйтоі, аж да р. Нявежыс, як гэта паказвае Ў.Пашута. У адной з нямецкіх кронік гаворыцца, што ў 1332 г. лівонцы зрабілі набег на Жмудзь (Жамойць) і дайшлі да Швянтоі. У наступным годзе яны зноў хадзілі на Жмудзь і дайшлі да Вількенбэрга (Укмерге)[164]. З гэтага можна зрабіць выснову, што заходні рубеж Аўкштоты не перасягаў Швянтоі.

Гаворачы аб месцазнаходжанні Жамойці, тэрыторыя якой цягнулася да Балтыйскага мора, мы хочам звярнуць увагу на наяўнасць значнай колькасці танонімаў тыпу «Жамойцішкі», «Жамайтэлі» і ім надобных у былых Бутрымонскай і Язненскай валасцях Троцкага, у Падбярэзскай, Рукойненскай, Янішскай валасцях Віленскага пав., у Аляксандраўскай, Беняконскай, Ганчарскай і Эйшышскай валасцях Лідскага, у Дубатоўскай воласці Свянцянскага, у Забрэскай і Суботнікаўскай валасцях Ашмянскага паветаў ды інш.[165]. Гэтыя тапонімы досыць сканцэнтраваныя і шчыльна абымаюць усходнія і паўднёва-ўсходнія межы сучаснай Летувы. Е. Ахманьскі заўважыў неадпаведнасць наймення «Жамойць» (нізкая зямля) таму геаграфічнаму становішчу, якое займае гэта вобласць, размешчаная на высокім месцы. І ён выказаў меркаванне, што гэты назоў паўстаў тады, калі жамойты сядзелі на нізінным месцы над р. Нявежай. Але адсюль іх нібыта выцеснілі аўкштоты, якія прыйшлі з ашмянскіх пагоркаў (адсюль і Аўкштота — высокая зямля). У выніку гэтага жамойты і засялілі сваю сучасную мясцовасць, выцесніўшы адтуль куронаў[166]. Так гэта ці не, але наяўнасць у адных і тых жа мясцінах жамойцкіх і аўкштоцкіх тапонімаў можа ў некаторай меры пацвярджаць гэту думку. Адначасова адсюль можна дапусціць, што ў нашых летапісах Аўкштота выступае над старым назовам сваёй тэрыторыі. І гэта найбольш верагодна, бо яшчэ ў канцы ХІХ і пачатку ХХ ст. жыхары ўсходняй Літвы нярэдка называліся жамойтамі, а летувіская мова — жамойцкай[167].

З разгледжанага бачна, што балцкія землі некампактна цягнуліся з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход ад Балтыйскага мора да вышнявіны Шчары. У даследваннях сцвярджаецца аб наяўнасці на гэтых землях ужо ў пачатку ХІІІ ст. адносна адзінай дзяржавы[168], сведчаннем чаго нібыта з'яўляецца дамова 1219 г. Аднак з гэтым цяжка пагадзіцца. У ёй упамінаюцца больш за 20 старэйшых князёў, што яскрава сведчыць аб выключнай раз'яднанасці гэтых земляў. Выраз «старэйшыя князі» адносіцца ў гэтай дамове не толькі да князёў Літвы, як гэта звычайна сцвярджаецца даследнікамі, але і да князёў усіх пералічаных тут земляў. Тое, што князі Літвы названыя першымі, яшчэ раз паказвае яе месцазнаходжанне ў Верхнім Панямонні. Яна была найбліжэй да Валыні і таму названая першай. Апрача таго, не звярталася ўвага на адсутнасць у гэтай дамове нальшчанскіх князёў. А гэта таксама не дае права гаварыць аб наяўнасці нават адносна адзінай дзяржавы на гэтых землях. Але самае галоўнае, гэтак званае адзінства было вынікам не нутранога развіцця, а вонкавага фактару: балцкія князі былі пакліканыя валынскімі князямі для барацьбы з палякамі і тым сама паказалі сябе ў якасці наймітаў.

На заканчэнне зноў вернемся да старажытнай Літвы. Найбольш важна тут будзе падкрэсліць, што яна ўрэзвалася клінам паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Новагародскай землямі і побач з імі з'яўлялася адной з гістарычных абласцей Беларусі. Зразумела, што пры аб'яднанні гэтых земляў яна не магла не ўвайсці ў склад тэрыторыі Беларусі як адна з яе складовых частак. Не бачачы такога геаграфічнага становішча старажытнай Літвы, нельга зразумець, чаму яна ў сярэдзіне ХІІІ ст. апынулася ў фокусе палітычнага суперніцтва суседніх з ёю земляў, якія імкнуліся заваяваць яе, што было першым звяном у пашырэнні іх улады на іншыя землі. У гэтым суперніцтве атрымаў перамогу Новагародак, які і стаў цэнтрам утварэння новай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага. 

4. ЛІТОЎСКІЯ НАБЕГІ І СЛАВЯНСКАЯ КАЛАНІЗАЦЫЯ 

«Літоўскія набегі» гістарычная навука разглядае як фактар, які нібыта падрыхтаваў заваёву «літоўскімі феадаламі» беларускіх земляў. Даследнікі звычайна спасылаюцца для пацверджання гэтага на «Слова аб палку Ігаравым». Так зрабіў і Ў.Пашута. Зазначыўшы, што гэты твор паведамляе пра страту полацкімі князямі былых пазіцый у Літве і Падзвінні, ён падмацоўвае сваё меркаванне наступнымі радкамі: «И Двина болотом течет оным грозным полочаном под клики поганых. Един же Изяслав, сын Васильков, позвони своими острыми мечи о шеломы литовськыя, притрепа славу деду своему Всеславу, а сам под чрьлёными щиты на кроваве траве притрепан литовськими мечи… Не бысть ту брата Брячислава, ни другаго Всеслава…»[169] Як вядома, «Слова» не летапіс, а мастацкі твор. Таму перад даследнікам стаіць задача высветліць, якія гістарычныя падзеі адлюстраваныя ў гэтым месцы твора. Хутчэй за ўсё аўтар яго, гаворачы пра з'яўленне «паганых» на Дзвіне, меў на ўвазе падзеі 1167 г., калі вядомы нам менскі князь Валадар Глебавіч рушыў з сваім войскам, у складзе якога, як і ў 1162 г., магла быць літва, на Полацак, захапіў яго і пайшоў далей уздоўж Дзвіны на Віцебск, дзе яго напаткала няўдача[170]. Выкарыстанне полацкімі князямі літвы і ліваў як вайсковай сілы ў паходзе на Друцак мела месца і ў 1180 г.[171], незадоўга да напісання «Слова». Вось гэтыя і падобныя факты далі падставу аўтару «Слова» гаварыць пра з'яўленне «паганых» на Дзвіне. Але гэтыя факты сведчаць, што не сама літва прыйшла на Полаччыну, як звычайна сцвярджаецца, а была прыведзеная полацкімі князямі для барацьбы паміж сабой. Такія дзеянні былі характэрныя не толькі для полацкіх князёў. Кіеўскія князі ў міжусобнай барацьбе часта выкарыстоўвалі полаўцаў. За гэта аўтар «Слова» асуджае і кіеўскіх, і полацкіх князёў: «Ярославли (г. зн. кіеўскія князі) и вси внуци Всеславли (г. зн. полацкія князі)!.. Вы бо своими крамолами начасте наводити поганыя полкы на землю Рускую, на жизнь Всеславлю…» Вось гэтых слоў і не падаюць даследнікі, а якраз у іх і паказаная праўдзівая прычына з'яўлення «паганых» на Дзвіне.

Што да князя Ізяслава Васількавіча, які загінуў у барацьбе з літвою, то найперш трэба адзначыць, што гэта адзіны герой у «Слове», якога не ведаюць летапісы, і таму цяжка сказаць, дзе ён княжыў. Выраз «трубяць трубы гарадзенскія» яшчэ не дае падставы гаварыць, што ён быў князем у Гарадзені (сучасная Горадня), бо ў тым часе гарадоў з такім назовам было даволі шмат. Але, як паказвае «Слова», полацкі і віцебскі князі Брачыслаў і Ўсяслаў Васількавічы не падтрымалі свайго брата Ізяслава ў барацьбе з літоўцамі. Гэтым яно таксама пацвердзіла, што полацкія князі не былі ў варожых стасунках з літвою нават і тады, калі з ёю ваяваў іх брат. Такім чынам, «Слова» дае праўдзівую гістарычную карціну дачыненняў паміж Полацкам і літвой. І таму не маюць рацыі тыя даследнікі, якія вырываюць з тэксту «Слова» паасобныя месцы, каб пацвердзіць штучную канцэпцыю пра падначаленне літве беларускіх земляў.

І ўсё ж у першыя тры дзесяцігоддзі ХІІІ ст. у розных крыніцах зарэгістраваныя тры літоўска-полацкія канфлікты, на якіх у даследваннях асабліва завастраецца ўвага. Таму яны патрабуюць уважлівага разгляду, каб высветліць іх характар.

Першы з іх знайшоў адлюстраванне ў «Кроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага пад 1201 г. Тут сказана, што летоны, пасля таго як, прыйшоўшы ў Рыгу, учынілі мір з хрысціянамі, «наступнай зімою, спусціўшыся ўніз па Дзвіне, з вялікім войскам накіраваліся ў Семігалію. Пачуўшы, аднак, яшчэ да ўступлення туды, што кароль полацкі прыйшоў з войскам у Літву (Летонію), яны кінулі семігалаў і паспешліва адышлі назад»[172]. Найперш узнікае сумнеў, ці былі гэтыя «літоўцы» з тэрыторыі сучаснай Летувы, як гэта прынята лічыць, бо ім у такім выпадку не было сэнсу плысці па Дзвіне ў Семігалію, паколькі апошняя знаходзілася на левабярэжжы Дзвіны і на поўдзень ад яе была Летува ў сучасным разуменні і таму да семігалаў прасцей і бліжэй было дабрацца па сушы. Калі ж гэта былі сапраўды літоўцы, то яны жылі не на тэрыторыі сучаснай Летувы, а дзесьці далей на ўсход, побач з Полацкай зямлёй, ім у такім разе зручней было дабірацца да семігалаў па Дзвіне. Незразумела, чаму В. Данілевіч сцвярджаў, што вынікі гэтага паходу полацкага князя ў Літву невядомыя і што, маўляў, такія адзінкавыя спробы ўціхамірыць літву мала прыносілі карысці для Полацка[173]. Як ўжо відаць з вышэй пададзеннага ўрыўка, летоны, даведаўшыся, што полацкі князь пайшоў у іх зямлю, адмовіліся ісці ў Семігалію, бо менавіта за намер напасці на апошнюю як на ягонае ўладанне і помсціў Полацак паходам на Летонію. Такім чынам, тут яўна выявілася сіла Полацка і бяссілле Летоніі. Звяртаем увагу і на тое, што «Кроніка Лівоніі» засведчыла прыналежнасць Семігаліі Полацку.

Паводле Я. Длугаша, у 1216 г. літоўскія дружыны ўварваліся ў ваколіцы Полацка і сталі рабаваць іх. Яны нібыта былі разгромленыя і выгнаныя смаленскім князем Мсціславам Давыдавічам[174]. Такую магчымасць нельга адмаўляць. Якія б ні былі прыязныя дачыненні паміж суседнімі землямі, яны тым не менш не перашкаджалі спробе пажывіцца пры нагодзе за кошт суседа. А такая нагода ў 1216 г. магла з'явіцца. Полацкі князь у гэтым годзе сабраў войска, каб ісці на Рыгу, але раптоўна памёр. Таму літва, якая была ў складзе полацкага войска, магла выкарыстаць замяшанне ў Полацку і пачаць рабаваць пры адыходзе менавіта яго ваколіцы. Можна таксама дапусціць, што з прычыны часовай адсутнасці ў Полацку свайго князя палачане звярнуліся да смаленскага князя (які мог быць удзельнікам паходу на Рыгу і таму прысутнічаў тады ў Полацку), каб расправіцца з літоўцамі. І ўсё ж такога не было. Па-першае, наяўнасць літвы ў войску Ўладзіміра гаворыць пра шчыльны хаўрус Полацка з ёю ў гэтым часе. Па-другое, смаленскім князем тады быў не Мсціслаў Давыдавіч, а Ўладзімір Рурыкавіч, які княжыў тут у 1214–1219 гг.[175] Па-трэцяе, апошні таксама не мог бы прыйсці на дапамогу Полацку, бо тым часам удзельнічаў разам з іншымі князямі ў паходзе на Суздаль[176]. Усё гэта адмаўляе факт нападу на Полацак і разгром яго Мсціславам Давыдавічам у 1216 г.

Адзначаецца і яшчэ адзін факт, калі ў 1225 г. літва напала на Полацкую, Ноўгарадскую і Смаленскую землі. Сапраўды, у Лаўрэнцеўскім летапісе занатавана: «Тою же зимы воеваша Литва Новгородскую волость, и поимаша множество много христиан и много зла сотворише, воюя около Новгорода, и около Торопца и Смоленска, и до Полотьска, бе бо рать велика ака же не было от начала миру»[177]. Аднак у тым жа летапісе, паводле Акадэмічнага спіса, гаворыцца пра нашэсце літвы ў раён Тарапца і Таржка, а Полацак не называецца[178]. І гэты запіс больш праўдзівы, бо ён супадае з адпаведным запісам Ноўгарадскага І летапісу[179]. А каму, як не ноўгарадцам, лепш было ведаць, на каго ў гэтым выпадку нападала літва. Як бачым, усе тры факты, якімі аперуюць даследнікі дзеля пацверджання нападаў літвы на Полацак, малаверагодныя. І сапраўды, як ў ХІІ ст., так і ў ХІІІ ст. літва была зброяй у руках Полацка для барацьбы з суседнімі землямі. Больш за тое, каб кампенсаваць свае страты ў Ніжнім Падзвінні, якім завалодалі крыжакі, Полацак усё больш умацоўваў сувязь з літвой і свой уплыў на яе. Аб гэтым і сведчыць усё большы лік набегаў літвы на Пскоўскую, Ноўгарадскую і Смаленскую землі. Вось іх пералік паводле Пскоўскага, Ноўгарадскага і Суздальскага летапісаў: 1200 г. — на Ловаць да Налюця, 1310 г. — на Хадынічы, 1213 г. — на Пскоў, 1217 г. — на Шэлонь, 1223 г. — на Тарапец, 1224 г. — на Русу, 1225 г. — на Таржок і Тарапец, 1229 г. — на Любну, Марэву і Селігер, 1234 г. — на Русу, 1238 г. — на Пскоў, 1245 г. — на Таржок і Бежыцу, 1247 г. — на Пскоў, 1248 г. — на Зубцоў. Дарэчы, заўважым, што А. Сабалеўскі на падставе гэтых звестак зрабіў выснову, што Літва тады была не ля Вільні і Трокаў, а ў раёне Ўсвятаў, між Віцебскай і Смаленскай земляў[180]. Але ён не ўлічыў, што Ўсвяты, далей якіх за «літвой» не гналіся ноўгарадцы ў 1223, 1225 і 1245 гг., былі крайнім полацкім уладаннем, дзе яна і знаходзіла сабе надзейнае прыстанішча. Апрача таго, ён не ўзяў пад увагу, што пададзеныя ім словы літоўскага паходжання, як «твань», «нетра» і іншыя, сустракаюцца не толькі на Смаленшчыне, але і на ўсёй тэрыторыі Беларусі і ўсюды там, дзе ў далёкія часы жылі балцкія плямёны.

Аднак вернемся да разгляду так званых літоўскіх нападаў. Найперш заўважым, што не заўсёды летапісы адрознівалі «літву» ад суседніх народаў. Так, у Пскоўскім летапісе пад 1213 г. чытаем: «Изгнаша от себя псковичи князя литовьского Владимира Торопецкого»[181]. Такім чынам, нават князь з Тарапца, сын вядомага Мсціслава Ўдалога, называецца літоўскім. На жаль, даследнікі не звяртаюць увагі на такія дэталі. Калі ў разрад «літоўскіх» залічваўся князь з Тарапца, то гэта яшчэ ў большай ступені магло рабіцца ў дачыненні да полацкіх князёў. У свой час гісторык І.Бяляеў зазначыў, што ў летапісах літву атаясамлівалі з палачанамі, і пад літоўскімі набегамі разумеліся полацкія[182]. І хаця літва і палачане не заўсёды ўспрымаліся як адно, пра што сведчаць запісы ў Ноўгарадскім І летапісе пад 1191, 1198, 1258 і 1262 гг., аднак у выснове І.Бяляева ёсць вялікая доля праўды. Усе гэтыя набегі былі перш за ўсё інструментам полацкай палітыкі незалежна ад таго, хто ў іх браў большы ўдзел — палачане ці літва. Як паказваюць летапісы, у пераважнай бальшыні выпадкаў літва складала галоўны кантынгент полацкага войска і таму гэтыя набегі ў летапісах называліся набегамі літвы. Нельга згадзіцца з думкай, што яны прыносілі ўзбагачэнне князям Літвы, мэтай якіх было рабаванне, захоп палонных, жывёлы, што з'яўлялася адной з крыніц назапашвання багацця класа феадалаў, які ў тым часе фармаваўся там[183]. Бясспрэчна, што ўдзел у гэтых набегах не мог быць бескарыслівым. Аднак у цэлым яны не толькі не ўзбагачалі і не ўзмацнялі Літву, але яшчэ больш яе знясільвалі, бо, як правіла, пераважная бальшыня з іх канчалася паразай, стратай палонных і нарабаванага, вялікай колькасцю забітых. На жаль, усё гэта замоўчваецца ў даследваннях ва ўгоду штучнай схеме: Літва мацнела, Полацак слабеў. Такі сумны зыход мелі набегі 1200, 1210, 1225, 1229, 1234, 1245, 1248, 1253 гг., і толькі мала якія з іх (у 1217 і 1223 гг.) былі больш-менш удалыя. Некаторыя паразы насілі яўна катастрафічны характар. Так, у 1225 г. загінула 2 тыс. «літвы» з агульнай колькасці 7 тыс., а ў 1245 г. Аляксандр Неўскі пад Тарапцом знішчыў больш за 8 князёў, а пад Жыжцом і ўсіх астатніх. А колькі ж тады загінула простых вояў? Пры такім стане рэчаў неразумна гаварыць, што гэтыя набегі прыносілі карысць Літве. Не, гэта магло быць толькі ў інтарэсах полацкіх феадалаў. У. Пашута лічыў, што пра падначаленае становішча палачан сведчыць Ноўгарадскі І летапіс, які пад 1258 г. паведамляе пра напад ужо не «полочан с литвой», як раней, а «литвы с полочаны» на Смаленск[184]. А крыху вышэй у сваёй кнізе гэты даследнік папракае той сама летапіс за тое, што ў паведамленні пра паход 1240 г. на Вендэн на першае месца ставіцца літва, тады як галоўную ролю там адыгралі немцы[185]. Гэтым сама аспрэчыў і свой уласны довад наконт стасункаў Полацка і літвы. Не меў рацыі Ў.Пашута і тады, калі сцвярджаў, што гэты паход на Смаленск быў «справай рук Таўцівіла»[186], які княжыў тады ў Полацку. Вядома, што яшчэ задоўга да Таўцівіла палачане хадзілі на Смаленск, а цяпер прымусілі ісці і яго. Што набегі літвы на Ноўгарад залежалі ад полацкай палітыкі, сведчыць і такі факт. Як толькі Полацак і Ноўгарад у 1262 г. учынілі мір, літва не толькі спыніла набегі на ноўгарадскія землі, але і стала разам з палачанамі дапамагаць ноўгарадцам, як, напрыклад, пры паходзе на Юр'еў супраць немцаў у 1262 г.[187]

Поделиться с друзьями: