Па слядах аднаго міфа
Шрифт:
Як бачым, у выніку гэтага паходу была занятая левабярэжная Літва і ўся Новагародская зямля. І хоць Міндоўг паслаў свайго сына пад Турыйск, хоць да гэтага часу яму ўдалося падкупіць яцьвягаў, справа была прайграная і ён папрасіў у Данілы міру. Аднак умовы яго, прапанаваныя Міндоўгам, былі, відаць, непрымальныя для Данілы Галіцкага. Мір быў учынены пасля яшчэ аднаго паходу Данілы «на Литву, на Новогородок»[269].
Чамусьці Ў.Пашута нічога не гаварыў пра гэты паход, магчыма, таму, што гэтае месца летапісу выразна паказвае на знаходжанне летапіснай Літвы паміж Пінскай і Новагародскай землямі. А менавіта гэты паход прымусіў Новагародак пагадзіцца на ўмовы, прадыктаваныя Данілам Галіцкім. Вось чаму нельга паказваць заканчэння вайны 1248–1254 гг. як трыумф палітыкі і дыпламатыі Міндоўга, як гэта сцвярджаў У. Пашута, зазначаючы, што за Міндоўгам засталася Чорная Русь[270]. Пры гэтым не растлумачыў, чаму ён змяніў свой ранейшы погляд, паводле якога гэты мір быў перамогай Данілы[271], што больш адпавядае сапраўднасці. У. Пашута яшчэ пісаў: «Заваяваць Літву нікому не ўдалося»[272]. Але Літву і Новагародак ніхто і не хацеў заваёўваць. Мы бачылі, што галіцка-валынскія князі тры разы займалі Новагародскую зямлю і два разы Літву і кожны раз пасля «возвратишеся в дом свой». Для заваёвы і асабліва ўтрымання ў сваіх руках Новагародскай зямлі і Літвы ў іх проста не было сілаў: Галіцка-Валынская зямля тым часам была занятая барацьбой з мангола-татарамі і вайной за аўстрыйскую спадчыну. Вайна 1248–1254 гг. была выклікана заваёвай Літвы Новагародкам, што прывяло да пашырэння тэрыторыі і ўзмацнення Новагародскай дзяржавы. Таму галіцка-валынскія князі, якія вялі вайну з Новагародкам, мелі на мэце прымусіць яго адмовіцца ад Літвы. Яны гэтага дасягнулі. Міндоўг павінны быў здаволіцца толькі роляй князя Літвы, тым часам як Новагародак узяў сабе другога князя — Войшалка, старэйшага сына Міндоўга.
7. ПАЛІТЫКА ВОЙШАЛКА І ДРУГАЯ ЗАВАЁВА ЛІТВЫ
Як бачым, першая спроба заваёвы Літвы Ноўгародскай зямлёй скончылася няўдачай. Галоўнымі праціўнікамі гэтага былі: знутры — літоўскія феадалы, а звонку — галіцка-валынскія князі. Гэтыя дзве сілы найбольш паслядоўна змагаліся за раз'яднанне Новагародка і Літвы і давялі сваю справу да канца.
Аднак, нягледзячы на першую няўдачу і спусташэнне, якое прынеслі тры паходы галіцка-валынскага войска на Новагародскую зямлю, яе феадалы не адмовіліся ад свайго намеру заваяваць Літву. Яны ўлічылі горкі вопыт першай сваёй спробы, выканаўца якой — Міндоўг — паказаў сябе няўмелым палітыкам. Яго дзеянні выклікалі міжнародны канфлікт, цэлая кааліцыя выступіла супраць Новагародскай дзяржавы. Асабліва няўдалым палітычным манеўрам Міндоўга быў альянс з Ордэнам. Па-першае, гэта вельмі пашкодзіла балцкім землям. Міндоўг рабіў за кошт іх зямельныя ахвяраванні Ордэну і адмаўляўся дапамагаць Жамойці пад час барацьбы з немцамі. Рыцары, развязаўшы сабе рукі ўмовай з Міндоўгам, разгарнулі шырокі наступ супраць Прусіі і Жамойці. З другога боку, манеўр Міндоўга нічога не даў і Новагародку — не спыніў галіцка-валынскага наступу, што і было галоўнай прычынай няўдачы.
Улічваючы праваслаўны фанатызм будучага новагародскага князя Войшалка, можна думаць, што прыняцце Міндоўгам каталіцтва выклікала незадаволенасць новагародцаў і сталася адной з прычын пазбаўлення яго княскага пасада ў Новагародку.
Такім чынам, роля Міндоўга ў гісторыі яўна перабольшваецца. Ён фактычна не быў стваральнікам Вялікага Княства Літоўскага, як гэта да апошняга часу тлумачыцца ў літаратуры[273]. Не ён зрабіў сваёй сталіцай Новагародак[274], а Новагародак выбраў яго сваім князем. Не літоўскую ўладу ажыццяўляў тут Міндоўг[275], а быў выканаўцам дзяржаўных імкненняў Новагародка. Калі ж не апраўдаў спадзяванняў новагародскіх феадалаў, дык і страціў пасад.
Праўда, апошнім часам сцвярджаецца, што сталіцай Міндоўга быў не Новагародак, а Вільня[276]. Аднак гэта супярэчыць пісьмовым крыніцам. Нельга ігнараваць і тапаніміку: у Новагародку ёсць гара Міндоўга[277] і гай Міндоўга[278]. Вільня ж упершыню як сталіца Вялікага Княства Літоўскага прыгадваецца толькі ў 1323 г.
Мы не ведаем дакладна, калі Міндоўг пакінуў Новагародак, гэта, відаць, адбылося ў 1254 г., як быў заключаны мір з галіцка-валынскімі князямі. Але ад імя Новагародка ў гэтай акцыі ўдзельнічаў не Міндоўг, а Войшалк.
Новагародскім феадалам, як і раней, патрэбны быў князь-ліцьвін, які, захапіўшы Літву, мог бы з'явіцца там як спадчыны гаспадар. Ён меўся быць такім жа непераборлівым у сродках для дасягнення сваіх мэтаў, такім жа рашучым і вераломным, як і Міндоўг. (Будучыня паказала, што Войшалк у гэтым не толькі не саступаў свайму бацьку, але і перасягаў яго.) Адначасова патрэбны быў тонкі палітык і дыпламат, які б дзейнічаў больш дальнабачна і меў менш ворагаў, чаго не здолеў зрабіць Міндоўг. І тут новагародскія феадалы таксама не памыліліся. Нарэшце, князь гэты павінны быць больш прывязаным да Новагародка, дзейнічаць у яго інтарэсах. Міндоўг жа, як вядома, у асноўным помсціў за свае крыўды, ва ўсіх яго ўчынках бачна імкненне найперш задаволіць асабістыя амбіцыі. Ён больш прыстасоўваўся да адпаведных умоў, чым ствараў іх, сведчаннем чаго з'яўляецца яго пераход з паганства ў праваслаўе, з праваслаўя ў каталіцтва, потым зноў у паганства. Войшалк быў поўнай процілегласцю Міндоўга. Служэнне Новагародку і праваслаўю — вось тая спружына, якая рухала дзейнасць Войшалка. Тут ён нагадваў Даўмонта, які, нягледзячы на літоўскае паходжанне, верна служыў Пскову і праваслаўю, за што быў абвешчаны пасля смерці святым.
Вось такі чалавек стаў новагародскім князем. Тым часам яму было 32 гады (паводле Тацішчава, ён нарадзіўся ў 1223 г.). Першай буйной дзяржаўна-дыпламатычнай справай Войшалка было дасягненне міру з галіцка-валынскімі князямі. У летапісе сказана: «Потом же Воишелк створи мир с Данилом и выда дщерь миндовгову за Шварна, сестру свою»[279]. Прыйсці да згоды было нялёгкай справай. Князю пераможанай і знясіленай краіны трэба было дамагчыся выгаднага для сябе міру. Войшалк добра разумеў галоўны пралік Міндоўга: захоп Літвы выклікаў варожасць галіцка-валынскіх князёў. Таму яго асноўнай задачай было перацягнуць былых праціўнікаў на свой бок і на пэўны час абапірацца на іх дапамогу. Гарантыяй гэтага стала выданне дачкі Міндоўга за сына Данілы Галіцкага. Сама летапісная формула сведчыць, што ўсё было зроблена супраць волі Міндоўга. Праўда, той у 1252 г. таксама разам з пытаннем пра мір ставіў і пытанне «о сватьстве», але, відаць, на іншых умовах, і таму зараз ужо не Міндоўг выдаваў «свою дщерь», а Войшалк выдаваў «дщерь Миндовгову и свою сестру за Шварна». Але замацаванне міру праз шлюб было звычайнай з'явай, якая ў бальшыні выпадкаў не гарантавала трываласці пагаднення. Таму Войшалк пайшоў на незвычайны ўчынак. Ён аддаў Новагародскую зямлю разам з Новагародкам, Слонімам, Ваўкавыскам і астатнімі гарадамі сыну Данілы — Раману. Такі дзіўны крок сучаснікі не маглі растлумачыць інакш як імкненнем Войшалка пастрыгчыся ў манахі. У сапраўднасці ж гэта быў вельмі тонкі і дальнабачны палітычны ход. Войшалк канчаткова ўваходзіў у давер да галіцка-валынскіх князёў. У. Пашута сцвярджаў, нібыта па ўмовах міру «Чорная Русь засталася за Літвой» і «што ў ёй правіў Войшалк»[280], не тлумачачы і не аналізуючы таго, навошта патрэбна было Міндоўгу аддаваць Войшалку Новагародскую зямлю. Мы ўжо ведаем, што яна ніколі не належала Літве, а ўсё было наадварот. Больш за тое, У. Пашута гаварыў, што Міндоўг пакінуў сабе Новагародак, а Войшалку аддаў усе астатнія гарады Новагародскай зямлі, таму Войшалк перадаў Раману Новагародак ад імя Міндоўга, а Ваўкавыск, Слонім ды іншыя гарады — ад сябе. Гэта як быццам пацвярджаецца словамі летапісу: «…вдасть… Новогородок от Миндовга и от себе и Вослоним и Волковыеск и все городы». Але гэты тэкст летапісу дае падставы для розначытанняў у залежнасці ад таго, куды аднесці словы «и от себе» — да Новагародка ці да астатніх гарадоў. Затое летапісны запіс пад 1257 г. ясна гаворыць, што Войшалк ад сябе, а не ад Міндоўга перадаў Раману Новагародак: «Войшелк бе дал Новогородок Романови»[281]. Як бачым, тут летапіс не згадвае Міндоўга. Чаму ж ён фігуруе ў папярэднім тэксце? Войшалк мог прадбачыць, што ў яго адсутнасць Міндоўг мог прэтэндаваць на Новагародак і ўсю зямлю і пры зручным выпадку вярнуцца туды. Забягаючы крыху наперад, скажам, што пільнасць Войшалка не была лішняй. Хто-хто, а ён ведаў свайго бацьку. Той сапраўды, выхваляючыся, неўзабаве паабяцаў Данілу Галіцкаму, падбіваючы яго ісці на татараў (ён не мог ім дараваць нападу Бурундая на яго зямлю ў 1258 г.): «Пришлю к тобе Романа с новогородце»[282]. Відаць, ён і хацеў, карыстаючыся адсутнасцю Рамана з войскам і занятасцю галіцка-валынскіх князёў барацьбой з татарамі, нейкім чынам вярнуцца ў Новагародак. Звычайна даследнікі паказваюць на прыведзеныя вышэй словы Міндоўга як на сведчанне залежнасці ад яго Новагародка і пры Рамане. Але яны не ўлічваюць, што новагародцы аказаліся непаслухмянымі, і Міндоўгу давялося пасылаць сваё войска, тым часам як Раман прывёў «мало людий»[283].
Вось чаму Войшалк прымусіў Міндоўга пацвердзіць і ад сябе перадачу Новагародскай зямлі. Адсюль упамінанне Міндоўга пра перадачу земляў Раману сведчыць не аб прыналежнасці яму гэтай тэрыторыі, а пра канчатковае і прымусовае адрачэнне ад яе, тады як Войшалк аддаваў яе толькі да часу.
Тое, што Войшалк без хістанняў аддаваў Новагародскую зямлю галіцка-валынскім князям, сведчыць пра яго дальнабачнасць. Ён добра разумеў, што Новагародская зямля для галіцка-валынскіх князёў — адзін з сама прывабных кавалкаў, валоданне якім адчыняе дарогу да літоўскіх і полацкіх земляў. Ён таксама бачыў тыя нутраныя і вонкавыя супярэчнасці, у якія трапляла Галіцка-Валынская зямля, і таму прадбачыў яе немінучае аслабленне, у выніку якога яна не толькі не зможа ўтрымаць за сабой Новагародскую зямлю, але і сама стане аб'ектам захопу суседзяў. Вось чаму Войшалк пайшоў на такую смелую палітычную камбінацыю, як перадача Новагародскай зямлі галіцкаму князю. Апрача таго, гэта на пэўны час забяспечвала ягонай Новагародчыне мірнае жыццё.
Вартае ўвагі і тое, што Войшалк перадаў Новагародскую зямлю не Шварну, а Раману. Шварн, жанаты з сястрой Войшалка, меў бы ў выпадку перадачы яму Новагародскай зямлі законныя правы на яе. Іншая справа з Раманам. Няўдалы прэтэндэнт на аўстрыйскую карону, ён мог быць задаволены становішчам новагародскага князя, не прэтэндуючы на спадкаемства. Распальванне супярэчнасцяў паміж сынамі Данілы Галіцкага ў іх дамаганнях на Новагародскую зямлю, як мы пабачым далей, стане нязменным элементам палітыкі Войшалка і з'явіцца нават прычынай яго смерці.
Аддаўшы Новагародскую зямлю пад надзейную ахову галіцка-валынскіх князёў, Войшалк пакінуў яе. Куды ён пайшоў і з якой мэтай? Летапіс так гаворыць пра гэта: «Иде Войшалк до Галича к Данилови князю и Василькови, хотя прияти мниски чин»[284]. Прыкінуўшыся богабаязным манахам, Войшалк, аднак, настойліва ствараў умовы для дасягнення сваіх палітычных мэтаў. Ён бачыў яшчэ адну перашкоду ў задзіночанні Новагародскай зямлі з суседняй Літвой, а менавіта паганства апошняй. Дарэчы, зазначым, што ў Іпацеўскім летапісе пад 1262 г. сказана, што Войшалк стаў княжыць у Новагародку, будучы паганцам, і вылучаўся таму незвычайнай жорсткасцю. І толькі пасля, прыняўшы хрысціянскую веру, стаў іншым чалавекам. Аднак гэтае месца — пазнейшая ўстаўка ў летапіс. Густынскі летапіс пад 1246 г. ды іншыя запісы Іпацеўскага летапісу яскрава сведчаць, што Войшалк перайшоў у хрысціянства да таго, як стаў князем у Новагародку. Сваё знаходжанне ў Галіцкай зямлі Войшалк выкарыстаў для падрыхтоўкі хрышчэння літвы, для чаго патрэбны былі значныя рэлігійныя сілы. Іх, відаць, не хапала ў самога Новагародка, на землях якога не было тады яшчэ ніводнага манастыра. Таму Войшалк тры гады знаходзіўся ў Палонінскім манастыры, дзе збіраў манахаў для заснавання манастыра ў Новагародскай зямлі. Мала таго, ён пайшоў у Грэцыю, у Афонскі манастыр, зноў жа, відаць, з мэтай прывесці і адтуль манахаў. Аднак з прычыны вайсковых перашкодаў вымушаны быў, дайшоўшы да Балгарыі, вярнуцца з дарогі. Ён цалкам увайшоў у давер да галіцка-валынскіх князёў. Выказвалася меркаванне, што Войшалк знаходзіўся ў Галіцкай зямлі ў якасці закладніка, што гарантавала бяспеку Рамана ў Новагародку. Такая магчымасць не выключаная. Але як бы там ні было, галіцкія князі паверылі ў яго намер аддацца выключна манаскаму жыццю (сведчаннем чаго былі манахі, якіх ён браў з сабою) і адпусцілі яго. Гэта была вялікая дыпламатычная перамога Войшалка. Яму толькі тое і трэба было. У летапісе не занатаваная дакладная дата вяртання Войшалка ў Новагародскую зямлю. Увесь ягоны жыццяпіс дадзены пад 1262 г. Аднак, беручы пад увагу, што ён пакінуў Новгародак у 1254 г., прабыў у Палонінскім манастыры тры гады, ды яго падарожжа цягнулася не менш за паўгода, можна меркаваць, што Войшалк вярнуўся дадому не пазней як на пачатку 1258 г. Пасля вяртання ён не раскрыў адразу сваіх палітычных намераў. Войшалк працягваў насіць маску богабаязнага манаха і заснаваў манастыр. Тое, што гэты манастыр знаходзіўся паміж Новагародкам і Літвою, сведчыць пра яго галоўнае прызначэнне — стаць у далейшым асяродкам хрышчэння паганскай літвы.
Заснаваўшы манастыр і дзеля прыліку пасяліўшыся ў ім, Войшалк перайшоў да ажыццяўлення галоўнай мэты — вызвалення ад галіцка-валынскай залежнасці. Але, каб зрабіць гэта, трэба было знайсці іншага хаўрусніка. Тут Войшалк звярнуў увагу на Полацак, дзе тым часам княжыў Таўцівіл.
Калі і як з'явіўся ён у Полацку? Адны лічаць, што Таўцівіл быў залежным ад Міндоўга і стаў княжыць у Полацку дзякуючы яму[285]. Другія сцвярджаюць, што Таўцівіл пашырыў сваю ўладу на Полацак у тым часе, калі пасля прыбыцця ў Рыгу яму абяцалі дапамагаць «божии дворяне и бискуп и вся воя рижская»[286]. Аднак ніводнай з гэтых спрэчных думак нельга даць веры. Таўцівіл ніколі не мірыўся з Міндоўгам, ніколі не залежаў ад яго і ні з яго дапамогай, ні з дапамогай рыжанаў не пашыраў сваёй улады на Полацак. Верагодней за ўсё, што Таўцівіл (як і Едзівід) быў князем у правабярэжнай Літве, шчыльна звязанай з Полацкай зямлёю. Вось чаму ён больш за ўсё і быў незадаволены ўладай Міндоўга і адыграў у далейшым асноўную ролю ў перамозе над ім і выгнанні яго з Літвы. Не дзіўна, што Міндоўг, стаўшы новагародскім князем, перш за ўсё намерыўся расправіцца з ім. Таўцівіл, як вядома, у сваёй барацьбе з Міндоўгам уступіў у хаўрус з галіцка-валынскімі князямі. Але тыя, дасягнуўшы сваёй мэты — раз'яднання Новагародка і Літвы, страцілі ўсялякую цікавасць да Таўцівіла і не падумалі дапамагчы яму ўсталявацца ў Літве. Ды ў летапісе ж і сказана, што Даніла на Таўцівіла «гнев имеющу»[287]. Таму зразумела, што ён, затаіўшы гнеў на свайго былога хаўрусніка, вымушаны быў шукаць сабе іншых гаспадароў. І знайшоў іх у асобе полацкіх феадалаў. Яны не маглі не бачыць, што Літва дажывае апошнія дні свайго палітычнага існавання. Толькі было няпэўна, каму дастанецца яна. Правабярэжная Літва ўжо даўно была ў залежнасці ад Полацка, адкуль ён чэрпаў матэрыяльныя сродкі і вайсковую сілу. Але адкрыта далучыць яе да сябе Полацак не наважваўся. На Літву, апрача яго, было яшчэ некалькі прэтэндэнтаў: Новагародак, Валынь, Жамойць. Таму захоп яе мог выклікаць вялікія ўскладненні: прыклад Новагародка быў яшчэ свежы ў памяці. Заставалася чакаць зручнага моманту. А пакуль, каб умацаваць свае пазіцыі ў гэтым складаным суперніцтве, Полацак намерыўся па прыкладзе Новагародка прыдбаць законнага спадкаемца Літвы. У гэтым галоўная прычына з'яўлення Таўцівіла на полацкім пасадзе. Немалое значэнне ў выбранні яго полацкім князем было і тое, што Таўцівіл меў пэўны ўплыў у Літве, пра што сведчыць і летапіс: «Литовьская земля в руку бе их»[288]. А полацкім феадалам асабліва патрэбная была ў гэтым часе немалая вайсковая сіла, і, беручы да сябе Таўцівіла, яны разлічвалі на яго ўплыў у Літве, у чым і не памыліліся. У паходзе 1258 г. на Смаленск удзельнічалі аб'яднаныя сілы Полацка і Літвы. Абранне Таўцівіла полацкім князем пацвердзіла і тое, што ён быў з правабярэжнай Літвы і меў цесныя сувязі з Полацкам і, магчыма, сваяцтва з яго князямі.
Войшалк быў упэўнены, што атрымае дапамогу ад Таўцівіла, бо той быў зацікаўлены ў аслабленні Галіцка-Валынскай зямлі, чаму садзейнічала вызваленне з-пад яе залежнасці Новагародка. Акрамя гэтага, Войшалк ведаў, што ён лёгка дамовіцца з Таўцівілам і таму, што той захаваў гнеў на галіцка-валынскіх князёў. Дзякуючы Таўцівілу і праз вераломства Войшалк схапіў Рамана Данілавіча (і, магчыма, забіў яго), стаўшы такім чынам паўнапраўным гаспадаром Новагародскай зямлі. Адбылося гэта ў 1258 г., незадоўга да паходу Бурундая і Васількі на Літву. Апошні пад час гэтага паходу шукаў Рамана па гарачых слядах.