Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для пярэваратня

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

У Янкі так і часаліся рукі, каб за касу яе пацягнуць. Распускае язык. Хутка пра гэта погаласка пойдзе па ўсёй вёсцы.

— Вазьміце. Хлеб удаўся. Мяне мама пахваліла.

Янка ўбачыў, як пачырванела маці. Яе шчокі што агнём апякло. А бацька… Бацька, як і тады, у хаце, нібы паменшаў, паблажэў.

— Бярыце, — працягнула бохан Алеся.

— Мы ўчора спяклі. Ёсць на нашым стале хлеб, — нейкім не сваім голасам сказала маці.

Бацька ўзяў Алесю за плячо.

— Вось што, дзіця. Хлеб дамоў нясі. Нясі, пакуль я не ўзлаваўся. Ён і ў вашай хаце не лішні.

— Не злуйцеся. Пусціце Янку і Мацея на рэчку.

Нарэшце Янка здагадаўся, чаму Алеся хлеб прынесла. Для іх стараецца. А хацеў за касу…

— Нясі дамоў,— загадаў бацька.

Алеся павярнулася і пайшла нага за нагу, трымаючы бохан перад сабою.

Маці і бацька адышліся ўбок.

— Вазьмі ты іх з сабою. Не след адных у хаце пакідаць. Учора ў каморцы шукалі нейкую цётку з барадой. Каб ліха не было, — пачуў Янка, як сказала маці.

Бацька ўздыхнуў.

— І крыжакі, і змяя… Пасля гэткага немаведама што здасца.

— Вазьмі. Няхай з людзьмі пабудуць. Галодныя былі…

— Няхай ідуць, — нарэшце пагадзіўся бацька. Мацей, не стрываўшы, падскочыў, абхапіў яго за шыю. Бацька падкінуў Мацея ўгору, апусціў на зямлю.

Мацей неспадзявана заспяваў:

Ой, паехаў Халімон Рана поле араці. А забыўся Халімон Хлеба, солі ўзяці.

Што ж, шчаслівы. Бацька дараваў. Добрага ніколі не замнога. Пэўна, да самай рэчкі салоўкам заліваўся б Мацей, ды іх дагнала запыханая Алеся.

— Я так бегла за вамі… Так бегла… Вас пусцілі?

— А як жа, — з гонарам сказаў Мацей.

Каля рэчкі ўжо распачалася работа. На вазах дзяўчаты, маладзіцы падвозілі камяні, скідалі ў горбу. Хлопцы, стаўшы ланцужком, адзін каля аднаго, падавалі камяні барадатым дзядзькам, якія масцілі, укладвалі іх на дно.

Маці адразу пабегла да жанчын, а бацька, крыху пастаяўшы, паўзіраўшыся, палез у раку, туды, дзе масцілі.

— Нам куды? — запытаў Мацей.

Невядома, што яны рабілі б, калі б не Ясь, добры, слаўны вой Ясь. Янка яшчэ раней заўважыў, што ён стаіць каля самай горбы камянёў, што ланцужок пачынаецца з яго. Карцела падысці, ды пабаяўся.

— Да мяне ідзіце, — паклікаў Ясь.

— Ідзіце да Яся, — гукнуў бацька.

Ён, закасаўшыся па калені, стаяў у рацэ. Рака ў гэтым месцы ўлетку неглыбокая. Дзе па калені, дзе па пояс. Але былі і яміны, вымытыя вадою.

— Янка, ну чаго сталі? — зноў крыкнуў Ясь. — Просім на талаку, а не то за чупрыну павалаку.

Яны падбеглі да яго. Ясь, кульгаючы, прайшоўся туды-сюды.

— Во як вы мяне…

А ў вачах смяшынкі сонейкам пырскаюць. Хоць каб кропелька злосці была.

— Камяні мне падавайце. Па сіле бярыце.

— Ясь, нікому не кажы, што мы так… — папрасіла Алеся.

— Мядзведзя думалі злавіць?

— Мы… — заікнулася Алеся. Ясь перапыніў яе:

— А мо воўка? Ёсць на воўку кажух, ды прышыты.

Янка як мог стараўся, дапамагаў Ясю. Ды шчымела ў грудзях, калі пазіраў на яго. Вінаваты, яшчэ як вінаваты: не падумаў, што па сцежцы і свае людзі ходзяць. Мог бы і бацька ў пастку трапіць.

— Яська, табе нага моцна баліць? — не вытрываў, запытаў.

— Мы, славяне, умеем цярпець. Нашы продкі раней і не такое перанеслі.

— Калі раней?

— Калі обры славянскую зямлю захапілі. Быў такі нялюдскі народ.

— Обры — народ?

— Народ. Былі яны ўсе як адзін дзябёлыя, рослыя. Веліканамі іх называлі. Ох і здзекаваліся са славян! У сані альбо ў воз запрагалі не каня, а трох ці чатырох славянскіх жанчын.

Янка на момант разагнуўся. Авой! Жанчын запрагалі! А калі б ягоную маці цяпер так? Сэрца ад болю зайшлося б. Чаму ж яны былі такія нялюдскія? Яны ж народ. Вось і крыжакі. Лезуць смаліцаю. Чаго ім не хапае? Зямля вунь якая вялікая. Шмат і лесу, і рэчак, і азёр. Чаму нялюдскія? Людзьмі ж нарадзіліся. Свайго мала, чужое грабуць. Чужое дабро не ідзе на карысць.

— Дзяўчаткі прыехалі! — перапыніў думкі Ясь. Сапраўды, прыехалі, каменне прывезлі, сталі на зямлю скідаць. І Паўлінка сярод іх. Тоўстая каса аж да пояса спускаецца, вочы, як і ў Алесі, сінія, што васількі. Пазірае на Яся, усміхаецца. Відаць, не толькі яна Ясю даспадобы, але і ён ёй.

— Яська, чаму ты кульгаеш? — данеслася з гурту дзяўчат.

Ясь рот адкрыў, каб адказаць, а нейкая з дзяўчат звонкім голасам, са смехам падцэліла:

— Яму Паўлінка нагу перабіла. Увесь дзявочы гурт выбухнуў смехам.

А нехта з хлопцаў (Янка не заўважыў хто) як ліне вадой з берасценя на іхні гурт! Закрычалі, запішчалі дзяўчаты, ускочылі на воз і давай паганяць каня:

— Но! Но!..

А неўзабаве здалёку данеслася песня:

Не я яго палюбіла, Палюбіла маці: Яна ж бо мне прыказала Ручнічкі даваці…

— Хораша спяваюць, — сказала Алеся.

— І хлопцы не горай, — прамовіў Мацей. — Янка, скажы.

Янка на ўсе вочы глядзеў на гаманлівы люд. «Спорыцца работа, — думаў ён. — Шмат летаў прабяжыць, а гэтыя камяні застануцца. Цікава: ці падумае хто, чаму яны тут ляжаць? Ці будуць ведаць, хто масціў? Ці праведаюць, як спявалі, як жартавалі, як талакой працавалі? Няўжо быллём парасце? Напішу пра гэта. І маё імя няхай помняць».

Мёд і дзікія пчолы

На другі дзень Янка, Мацей і Алеся стаялі на вуліцы і ўспаміналі ўчарашняе.

— Наша Паўлінка прыгажэй за ўсіх спявала, — пахвалілася Алеся.

— А я працаваў лепей за ўсіх, — ні з таго ні з сяго сказаў Мацей.

Янка паківаў галавою. Лявоніха сама сябе хваліць. Можна падумаць, што без яго брод не вымасцілі б.

— Ты з камянямі барукаўся, — пажартаваў ён. — Паднімеш кругляк угору, а ён цябе ўніз цягне. Мацей аж падскочыў.

— Ды я… Ведаеш, які вялікі камень я падніму? Янка перапыніў яго:

— Чаго скачаш, як певень на сваім сметніку? Мацей зачмыхаў носам.

— Я — певень? Я — не працаваў?

«Зараз надзьмецца, — падумаў Янка. — Трэба выбачыць».

— Працаваў, Мацейка. Добра працаваў. Але ж лепшы работнік — Ясь. Ён камяні, што яблыкі, кідаў.

Расцвіў Мацей.

— І Ясь добры работнік, — пагадзіўся ён.

А Ясь лёгкі на ўспамін. Тут як тут. Чыкільгае па вуліцы. У адной руцэ торбачка, сякера, у другой — скураны мяшок.

Поделиться с друзьями: