Пастка для пярэваратня
Шрифт:
Янка ўздыхнуў.
— Вось каб прыблудаў адзін раз і назаўжды прагнаць. Шчаслівыя былі б.
— Шчаслівыя, — рэхам адгукнуўся Ясь. — Калі тое будзе? Пакуль жа трэба і ў іх нечаму павучыцца.
— У каго павучыцца? У ворагаў? — здзівіўся Мацей.
— А чаму б і не?
— А якія яны, татарове?
— Хітрыя.
«І крыжакі хітрыя, і гэтыя хітрыя, — думаў Янка. — Усе ворагі хітрыя. Няхай дома, у сябе, хітравалі б. Не. Іншых карціць ашукаць».
— Хітрыя татарове, — працягваў Ясь. — Калі бачаць, што іх больш, то бы апантаныя скачуць, стараюцца ўсёю сілаю наваліцца, растаптаць. А калі заўважаць, што пароўну, то коней паварочваюць, нібыта адступаюць.
— Каб абмануць? — скумекаў Мацей.
— Каб абмануць. Прыпусцішся за імі, а з засады іншыя на цябе налятаюць. Вокам не паспееш міргнуць, як абкружаць. Без літасці знішчаюць. А яшчэ на такую хітрыку ідуць. Каб паказаць, што іх многа, робяць чучалы людзей, прывязваюць да коней. Альбо палонных між сваімі атрадамі пасылаюць.
— Я не пайшоў бы, — сказаў Мацей.
— Нікому не хочацца сваіх у зман зводзіць, — прамовіў Ясь. — Татарове палонных і на крэпасці пасылаюць. Прымушаюць, каб сцены разбівалі, каб равы вакол сцен засыпалі зямлёю, галлём.
Янка стараўся кожнае слова запомніць. Ён запомніць, назаўжды запомніць. Каб не трапіць у засаду, каб гнаць ліхадзеяў. Ён сустрэнецца з імі ў сечы.
— Татарове ў стэпах жывуць, — расказвае Ясь. — Стэп шырокі і роўны. Ніводнага дрэўца няма. І такі вялікі, што канца-краю не відаць. А вось хата, у якой жывуць татарове, называецца юртай. Яе яны робяць з дубцоў, якія ўверсе сыходзяцца, нібы маленькае кола. Пасля накрываюць белым лямцам. Юрты на буданы падобныя. Татарове іх ставяць на колы і вязуць на быках.
— Нібы смоўж сваю хатку, — засмяялася Алеся.
— Смоўж сам цягне, а ў іх быкі,— заўважыў Мацей.
— Ціка-ава, — задуменна працягнула Алеся. Ясь устаў, памяшаў кіем смалу.
— Вольна ў стэпе, але я там не жыў бы. На чужой старонцы, як на скале адзінокай сасонцы. Чаго прыціхлі, верабейкі?
— Калі нам зброю дасі? Ты абяцаў,— напомніў Мацей.
— Прынясу, калі абяцаў.
— Я ведаю, чаму ты адразу не даў,— усклікнула Алеся.
— Чаму, перапёлачка?
— Хацеў сваім умельствам пахваліцца.
— Усё вы ведаеце, — усміхнуўся Ясь і падаўся Ў хату.
Дзе ж гусак?
Ясь прынёс басалык — пугу з замацаваным на канцы кавалкам волава.
— Лепей меч даў бы. Навошта нам пуга? — скрывіўся Мацей.
— Цябе ён пакоціць.
— Не пакоціць. Я яго абедзвюма рукамі буду трымаць. Пугу нам прынёс…
— Гэта не пуга, а басалык. Гэтай зброяй я не аднаго прыблуду-ворага правучыў. Гляньце, як б'е. — Ясь размахнуўся і свіснуў па дошцы, што ляжала каля хаты.
Мацей падбег, нагнуўся.
— Ну й рэзнуў! Напалову дошка раскалолася.
— Зброя. Сапраўдная зброя. Яе, мабыць, і нашы прашчуры — радзімічы, крывічы, дрыгавічы — у руках трымалі,— сказаў Ясь.
— Дрыгавічы? — прагаварыла Алеся. — Яны, напэўна, на дрыгве жылі?
— Сярод балотаў,— кіўнуў галавою Ясь. — Славілася гэтае племя. Князь Тур княжыў у дрыгавіцкай зямлі. Мудры і смелы ён быў. А сілу меў такую, што не выказаць. Не знаходзілася асілка, які адважыўся б з ім падужацца. Таму і празвалі Турам. Не раз дрыгавічы перамагалі ворагаў. А на беразе Прыпяці пабудавалі горад і крэпасць Тураў. Пазней дрыгавіцкае княства стала называцца Тураўскім, а дрыгавічы — тураўцамі. Каля горада Турава была Турава гара, а на той гары быў бяздонны Тураў калодзеж. Пасля бітвы прыходзіў сюды князь, бо вадой толькі з яго мог суняць смагу.
— Усю сілу ў бітве аддаваў,— заўважыў Янка.
— І жыццё аддаў. Загінуў, абараняючы сваю зямельку. — Ясь працягнуў яму басалык. — Бяры і памятай пра сваіх прашчураў.
Янка ўзяў басалык, моцна сціснуў у руцэ.
— Ясь, мы пойдзем на выган, — сказаў ён. — Павучымся басалыком біць.
— Што ж, старайцеся, — пажадаў на развітанне Ясь.
Янка, абагнаўшы Алесю і Мацея, першы прыбег на выган, дзе часта з Мацеем гусей пасвілі. І цяпер ходзіць тут гусіная чарада, траву шчыпае. Крыху збоку іхні вялізны шэры гусак. Злосны. Не раз стараўся Янку за калашыну схапіць. Вось і цяпер. Убачыў і загагатаў, зашыпеў, выцягнуўшы шыю.
Янка падняў басалык, прыгразіў:
— Пачастую!..
— Заб'еш, — падбег Мацей.
— Не, я проста палохаю.
Размахнуўшыся, ён свіснуў басалыком. Хацеў пацэліць па асоце, ды прамахнуўся.
— Не папаў,— падскочыў Мацей. — Дай мне.
— Спярша заслужы.
Думаў, што Мацей адчэпіцца, перастане кленчыць. Не тут тое было.
— Яначка, дай. Буду прасіць, пакуль не дасі. Будзе. З карка не злезе. Смала. Вядома, можна даць, не шкада. Але пасля з рук не вырвеш. Што ж прыдумаць, каб не назаляў?
— Мацей, давай загадкі загадваць. Хто адгадае, таму і басалык.
— Ой як добра! — падбегла Алеся. — Сёння мне Паўлінка загадкі загадвала. Я ўсе-ўсе запомніла. Цяпер вам загадаю.
— Загадвай, — прагаварыў Мацей.
— А што ўецца круг дзерава? — запытала Алеся.
— Пчала, — усклікнуў Мацей.
Янка ўсміхнуўся. Памятае Мацей, як пчала ўджаліла, калі мёд з дупла даставалі.
— Хмель уецца круг дзерава, — сказаў ён. Мацей махнуў рукою:
— Бі. Твая ўзяла.
Янка ўзняў басалык, а гусак зноў загагатаў:
— Га-га-га…
Янка замахаў рукамі.
— Гыля! Гыля! Не лезь пад ногі, дурань. Гусак, перавальваючыся, адышоўся, стаў шчыпаць траву. Янка зноў узняў басалык і, крэкнуўшы, свіснуў.
— Не папаў! — аж падскочыў Мацей. Так, не папаў. Нялёгка навучыцца.
— А што плача — слёз не мае? — запытала Алеся.
— Дзіцё, — гучна прамовіў Мацей. Алеся вытрашчыла вочы.
— Якое дзіцё?
— Маленькае.
— Хіба яно плача без слёз? Ты бачыў? Мацей шмыгнуў носам.
— Я яшчэ падумаю.
— Падумай, — усцешылася Алеся. — І ты, Яначка, думай.
— Думаю, — сказаў ён.
Што ж плача без слёз? Здаецца, такую загадку Ясь загадваў. Такую? Не. Ягоная загадка па-іншаму гучала: а што плача без голасу? Розныя загадкі. Плача — слёз не мае… Плача… Плача…
— Салавей, — усклікнуў Янка. Мацей адразу ж за ім усклікнуў:
— Сасна.
Янка не пагадзіўся.
— Чаму сасна? Салавей!
— А калі вецер усходзіцца? Сасна тады: гу-гу-гу, гу-гу-гу… Хіба не плача?
Нічога не скажаш. Быццам плача, быццам стогне. Нават не па сабе становіцца. Запомніў Мацей. Малайчына.