Пастка для пярэваратня
Шрифт:
Сонца плямамі ў вачах. Заўжды свяціла, а цяпер плямамі. Як нядобра! Слабеюць рукі, вырываецца слізкае цела. Не, не адпушчу. Буду сціскаць. Чаму няма такой сілы, каб мог ваду з каменя выціснуць? Была б такая сіла…
Вясёлка ў вачах. Прыгожымі-прыгожымі праменьчыкамі ззяе, дрыгаціць… Ой, рэчанька, рэчанька… А-а-а… Маміна песня… Хто гэта пяе? Ён ці мама? А-а-а… А-а-а… Здаецца, ягоны голас…
Зноў вясёлка ў вачах. У вачах? Не. Гэта ён з мамай на агародзе стаіць, а над Шчарай вясёлка. Выцягнулася ад лесу, нібы дарога-дуга. «Ваду п'е», — кажа маці. «І з балота вып'е?» — цікавіцца ён. «Ха-ха-ха…» — смяецца маці. Смех такі лагодны! «Некалі вып'е», — смяецца яна. «А чаму тут балота?» — «Бацька сваю дачку замуж аддаў. Далёка-далёка. Чужая старана тугою арана, слёзкамі засявана. Сем гадоў не вялеў быць у хаце, у матулькі роднае», — уздыхае маці. «А яна?» — непакоіцца ён. «А яна… — маці туліць яго да сябе, туліць. — Яна на другое лета прыляцела шэраю зязюлькаю. Бачыць з вышыні: бацька ходзіць каля хаты з меншым братам. Села на грушу-дзічку і пачала кукаваць. Не даспадобы брату зязюльчына «ку-ку». Узняў лук, прыцэліўся… Узмахнула крыламі зязюлька, паляцела за вёску, заплакала горка- горка. Усе-ўсе лугі слязьмі заліла. Вось і стала балота, што ні праехаць ні прайсці». — «Вясёлка вып'е балота. Гэта брат у вясёлку ператварыўся», — сказаў ён. «Мажліва, — пагадзілася маці.— Няхай так будзе, як добрыя людзі кажуць».
Вясёлка… У вачах… Дрыжыць агеньчыкамі. Яму хочацца ўзняць рукі, гукнуць: «Бягу-у… Вясёлка, да цябе бягу…» Хочацца, але дыхаць цяжка, не сапнуць. А рукі нямеюць. Што ж такое важкае яны трымаюць? Калі апусціць? Будзе лягчэй? Канешне, будзе. А-а-а… Хто так крычыць? Няўжо вясёлка? Няўжо і ёй баліць? Няўжо ад таго, што слёзы п'е?..
Янка расплюшчыў вочы. Мацей нахіліўся над ім.
— Братка, братка…
Мацей побач. Але ж змяя… Што, калі накінецца на яго, пачне душыць? Дзе ж яна? Дзе?
— Братка! Ну й ты крычаў!
— Крычаў?
Галава нібы волавам налітая. І ў грудзях баліць. Няўжо змяя на грудзях? Ён страпянуўся.
— А-а-а…
— Не крычы. Братка-а…
Недзе знік Мацей. Алесін твар над ім. Заплаканы. Вунь як пісягі распаўзліся.
— Няма змяі. Яначка, уставай.
Няма. Выходзіць, выратаваўся? Жывы? Убачыць бацьку, маці? Няўжо жывы? Сонца свеціць. Не плямамі ў вачах. Ласкава свеціць. А дзе ж вясёлка? Вясёлкі няма? Дзе? Дзе?
— Яначка, уставай.
— Братка, уставай.
Алеся і Мацей. Блізкія і родныя. Просяць, каб устаў. Але ж страшна. Што, калі ўбачыць перад сабою шкляныя вочы і доўгі раздвоены язык?
— Янка, уставай.
Хто ж яшчэ нахіліўся? Дык гэта ж Ясь! Як ён тут з'явіўся? Здаецца, за раку, на балота пайшоў.
— Янка, уставай.
Ясь абхапіў яго за плечы, прыўзняў. Сонца свеціць, матылі лятаюць. Як і той раз, калі з мамай сядзелі, калі расказвала пра ваўчыцу, якая дзяцей няньчыць.
— Братка, табе не баліць?
Сонца свеціць, матылі лятаюць. Толькі яе, мамы, няма.
— А… А…
— Не стагні,— дакрануўся да твару Ясь. — Я тую змяю касою на кавалкі пасек і ў балота кінуў.
— Пасек?
— Я так бег, каб цябе выратаваць! На балота са Слоніма княскі дружыннік прыскакаў, сказаў нам, што крыжакі ў рэчку змяю пусцілі.
Крыжакі… Няўжо зноў наляцяць, закутыя ў жалеза? Няўжо зноў дзідай, дзідай?..
Янка тузануўся, стараючыся вырвацца.
— Пусці-і-і…
— Не бойся. Мы тых крыжакоў разбілі. З шалёнага атрада яны. Аднаго ў палон узялі, князю перадалі. Хіба не ведаеш? Прызнаўся крыжак, што змяю ў Шчару пусцілі. З-за мора яе прывезлі. Няма яе. Чуеш?
Янка сеў, перасільваючы млявасць. Сонца свеціць. Матылі лятаюць. Сонца… Матылі…
— Чую, — азваўся.
— Сказаў нам княскі дружыннік. А ў мяне ў галаве як тахне: «Змяя там, дзе вы». Быццам падказаў хто. Схапіў касу і сюды. Пасек праклятую.
— Яначка, ты ў ваду ўпаў, калі Ясь прыбег, — прамовіла Алеся.
— Табе не баліць? — Ясь пальцамі памацаў ягоныя грудзі, спіну, прамовіў: — Здаецца, косці цэлыя. Устань.
Янка ўстаў. Ступіў крок, другі. Баліць у грудзях. Нічога. Пройдзе. Няма крыжакоў. Няма іхняй заморскай змяі.
— Ідзіце дамоў,— сказаў Ясь. — Я вашым накажу. Пабягу. Ідзіце.
Ясь схапіў касу і шпарка пакрочыў, раз-пораз азіраючыся. А недзе за ракой гучала: «Ой, рэчанька, рэчанька…»
Па дарозе ў вёску
Мабыць, дайшлі б да вёскі без прыгод, калі б Мацей не азірнуўся, не крыкнуў:
— Гляньце! Васілевіцкія плывуць. Сапраўды, з-за павароткі ракі паказаўся човен, у якім сядзелі Антон і Макар.
Янка цяпер зусім не хацеў сустракацца з імі. Хацелася аднаго: зайсці ў хату, упасці ніцма і ляжаць, ляжаць…
Човен уткнуўся носам у бераг, стаў.
— Эй! — галёкнуў Антон.
— Васілі-кавалі… Мала вам на Каўпаку далі? — рэзнуў Мацей.
— Хочам пагаварыць, — гукнуў Антон. Мацей у адказ:
— Чаго вас прынесла? Чый бераг, таго і рыба. Мала вам сваёй ракі? Пакажам дзе ракі зімуюць.
— Запытацца хочам.
— Скруцім рогі,— расхрабрыўся Мацей.
— Маўчы, жаўтароты, — не сцярпеў Антон. Мацей зачмыхаў, нібы вожык, ад якога забралі сподачак з малаком, а пасля крыкнуў:
— Антон вылез з баразён!
— Мацейка, памаўчы. Мацей заскакаў на беразе.
— Рабы! Рабы! Рабы крыжак. Янка глянуў на брата. Крыжаком Антона абазваў. І як толькі язык павярнуўся? Крыжакі — лютыя ворагі. А ён крыжаком абазваў. Есць даўні закон. Ен такога не дазваляе. Як бы там ні было, а Антон свой, сусед. Свайго крыжаком абазваць!.. Парушыў Мацей закон, пераступіў мяжу.
— Ну, Мацейка, пачакай, — крыкнуў Антон. — Пакруцішся як уюн на патэльні.
Янка пачуў, як Макар звярнуўся да Антона:
— Я табе што казаў? Не трэба было плыць да іх. А Мацей на ўсё горла закрычаў:
— Рабы! Рабы! Рабы крыжак! Янка тузануў яго за плячо.
— Чаго стаў слупам? Хадзем.
— Мы з вамі яшчэ сустрэнемся, — данеслася наўздагон.
«Яны ж хацелі з намі памірыцца, — дайшло да Янкі.— А Мацей вунь як на іх. Парушыў даўні закон. А я ні слова яму не сказаў, не перапыніў. Выходзіць, што заадно з ім. Пляма і на мне. Парушылі…»
Ён ішоў бы ў сне. Анічога не заўважаў. Ногі самі сабою вялі па той сцяжынцы, якую таптаў, пратоптваў. Часам выплывалі, як з небыцця, шкляныя нерухомыя вочы. Тады здавалася, што канец свету, што ніколі-ніколі не зможа радавацца, смяяцца.
— У той змяі во якая пашча была! — падаў голас Мацей. — Казаў я: змяю не злаві.
— Не трэба! Не трэба! — крыкнуў Янка.
— Не будзем, Яначка. Не будзем, — спалохаўся Мацей. — Я вам раскажу пра князя дрыгавіцкага Міраслава і ягонага сына Славуту. Мне Ясь расказваў. Даўно тое было. Калі бажкоў у лес праганялі.
— Якіх бажкоў? — не зразумела Алеся.
— Тых, даўніх. Рода, Рожаніцу, Перуна… Князь Міраслаў заступаўся за бажкоў, шкадаваў, а Славута быў заадно з тымі, хто іх праганяў. Адрокся ад бацькі, да ягоных ворагаў — князёў пайшоў служыць. Да тых, якія бажкоў у лес праганялі.