Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для пярэваратня

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Працерлі вочы паляўнічыя — русалкі танцуюць, рукі, што дым, выгінаюцца. Клічуць паляўнічых, завабліваюць.

Янка азірнуўся. З русалкамі, як і з цёткай, у якой барада, як у мужчыны, у лесе лепей не сустракацца. Лепей з галодным воўкам. Ад яго хоць на хваіне ўратуешся.

— Што сталася з паляўнічымі? — не выцерпеў Мацей.

— Паляўнічыя па пояс у балота праваліліся, ледзь вылезлі. Русалкі іх вакол пальца абвялі.

— Яшчэ не такое бывае, — не стрымаўся Янка. — Ехаў праз лес адзін чалавек. Бачыць: на дрэвах русалкі сядзяць. Валасы аж да зямлі спускаюцца. Цягнуць да чалавека рукі, не пускаюць. А конь на дыбкі становіцца.

— Во дзе набраўся страху! — сказаў Мацей ці то пра каня, ці то пра падарожнага.

— У таго чалавека якраз у кішэні хлеб ляжаў. Кінуў яго русалкам. Чуе: над галавою прашумела, нібы чарада груганоў праляцела. І ціха-ціха стала.

— Галодныя былі русалкі,— паспачувала Алеся. — Хлеба ім захацелася.

Балоцісты бераг скончыўся. Яны выйшлі на Мокры Груд (так у вёсцы гэтае месца называюць). Напэўна, таму, што заўсёды залівае яго, калі разводдзе. Бераг тут нізкі, пясчаны. Пясок белы, што мука. І каля берага неглыбока, па пояс, не болей. Тут, на водмелі, ляжаць, усмоктаныя пяском, пачарнелыя, слізкія бярвенні, карчы, груды, дзесьці адкрышаныя ад берага. Пад гэтымі бярвеннямі, карчамі, грудамі, ведае Янка, хаваюцца плоткі, мянькі, нават язі. Не раз іх проста рукамі лавіў. І цяпер зарупела.

— Алеся, Мацей, пачакайце. Мянькоў налаўлю.

Ён скінуў кашулю і ў нагавіцах, нават не падкасаўшыся, пабрыў па вадзе. Вада, як і ў крынічцы, якая каля вёскі, за агародам, чыстая, на дне кожны каменьчык відзён. А вось і корч ляжыць, пачварай вытыркаецца з вады.

Янка, нагнуўшыся, пачаў мацаць рукамі.

— Яначка, змяю не выцягні,— гукнуў Мацей. Бач ты, вучыць. Быццам ён, Янка, не ведае, што робіць. Рыбу нават з бацькам лавіў. І сеткай, і на восці. На восці звычайна едуць ноччу, вясною, калі рака па балоце разліваецца. Сунецца човен. Спераду, на носе, агонь гарыць. Падаюць водбліскі на ваду, асвятляюць. А яны плывуць нячутна, узіраюцца. І вось рыбацкае шчасце — шчупак, стаіць, ледзь-ледзь жабрамі варушыць. Б'е бацька восцямі — невялікім шастом, на канцы якога жалезнае вастрыё, падобнае на наканечнік дзіды, толькі з зацёнам, як на кручку, каб рыба не сарвалася. Б'е, цэлячы ў спіну. Шчупак затрапечацца, ваду ўскаламуціць, а бацька яго ў човен. За ноч іншы раз паўчоўна шчупакоў наб'юць.

Янка мацае рукамі пад карчом. Дзіўна. Нават плоткі не ўцякаюць. А корч гэты сюды, відаць, даўно прыкаціла. Глыбокую яміну вымыла вакол вада, умасціўшы ў яе корч.

— Яначка, глядзі, змяю не выцягні!

Непакоіцца Мацей. А мо знарок гукае, каб настрашыць? Не. Непакоіцца. Было б з-за чаго. Ён, Янка, гэтай вясною нават сачком, сплеценым з лазы, налавіў краснапёрак. Ёсць непадалёку азярынка пеўню па грэбень, якая вузкай пратокай злучаецца з ракой. У такія азярынкі часта плоткі і краснапёркі заходзяць. Любяць на сонцы пагрэцца. Вось і тады заўважыў цэлы касяк краснапёрак. Падкраўся, загарадзіў пратоку сачком. А краснапёркі высунулі спіны, луской пабліскваюць. У яго аж дух заняло. Абышоў азярцо, гукнуў, што на гусей: «Гыля! Гыля!» Краснапёркі стралою. І ў сачок, у сачок… Цэлую нізку дамоў прынёс. А Мацей непакоіцца.

Янка адчуў, што намацаў нешта слізкае, мяккае, жывое.

— Мянёк! — крыкнуў, не паварочваючы галавы.

Мацей ступіў у ваду.

— Вялікі?

— Ты не паднімеш.

Хацеў схапіць за жабры, а ён крутнуўся, выслізнуў.

— Яначка, не пускай, — затрапяталася Алеся.

— Не выпушчу, — прамовіў ён, стараючыся плячом зрушыць корч.

Здаецца, паддаўся, зрушыўся. Зноў намацаў доўгае слізкае цела. Падумалася: «Адною рукою не схапіць. Вялікі. Не трэба спяшацца».

Ён абхапіў абедзвюма рукамі нешта слізкае, устаў, выцягваючы з вады.

— Яначка, змяя! — крыкнула Алеся.

— Змяя! — залямантаваў Мацей — і ў два скокі з вады.

Янка зірнуў і здранцвеў. Змяя. Тоўстая, доўгая. Такой ён яшчэ не бачыў.

Вясёлка ў вачах

Але, такой змяі Янка яшчэ не бачыў. На Панямонні ёсць гадзюкі. У гадзюкі цёмная, зігзагам, паласа ўздоўж спіны. Сама яна бураватая ці шараватая. Ёсць падобная на гадзюку мядзянка, але яна не мае ядавітых зубоў. Ёсць вераценніца, як яшчэ называюць яе, бязногая яшчарка. і, канешне, ёсць вужы. Яны могуць жыць і ў балоце, і ў вадзе. Калі падысці да вужа, то ён пачынае шыпець, як змяя, тыцкае галавою, паказваючы, што ўкусіць. Ды толькі паказвае. У яго, як і ў мядзянкі, як і ў вераценніцы, няма ядавітых зубоў. Пазнаць вужа лёгка: на галаве дзве жоўтыя альбо белаватыя плямы. І гадзюка, і вуж, і мядзянка, і вераценніца зусім невялікія.

А гэтая… Глядзіць не мігаючы, нібы кажа: «Нікуды не ўцячэш». Тонкі, доўгі, раздвоены на канцы язык бесперапынна высоўваецца, стараецца дацягнуцца да твару…

— Братка, уцякай! — гукнуў Мацей.

Янка анічога не чуў, анічога не бачыў, акрамя змяі. Патухла сонца, перасталі стракатаць конікі, заціхлі птушкі. Усе-ўсе галасы згінулі. Ён і сам знямеў, сам, не мігаючы, што гэта змяя, глядзеў на яе, сціскаючы з усёй сілы.

Ніхто з іх не сказаў бы, ці доўга так было. Відаць, нейкае імгненне. Змяя, тоўстай пугай свіснуўшы ў паветры, нечакана абвілася вакол яго.

Ён не ўтрымаўся, упаў на калені. Заняло дух. Кольца змяі абвівалася ўсё шчыльней.

— Не дамся! — вырваўся з ягоных грудзей зусім не дзіцячы крык.

Дыхаць стала лягчэй. Няўжо крыкам напалохаў? А мо сціснуў не па-чалавечы? Лягчэй… Лягчэй…

Абвязаны гэтым жывым кольцам, ён, хістаючыся, рушыў на бераг. У вочы свяціла сонца.

— А-а-а!.. — загаласіла Алеся.

— А-а-а!.. — заенчыў Мацей, даўшы лататы. Янка паволі, нібы пасля цяжкай хваробы, брыў па вадзе. Сонца сляпіла вочы. Не, яшчэ не патухла, яшчэ свеціць яно яму.

Змяя рванулася, імкнучыся вызваліць галаву. Ледзь утрымаў. Але раздвоены язык цягнецца да твару. Бліжэй, бліжэй.

— Яначка-а!..

— Братка-а!..

Як цяжка дыхаць! Як балюча! Нібыта жалезныя рукі абхапілі. Сонца жоўтымі плямамі ў вачах.

«Яначка, — аднекуль здалёку данёсся голас маці,— не хадзі адзін у лес». Маці, прыгажуня- чараўніца, стаіць на лузе, залітым промнямі сонца, а вакол матылі, матылі… Тут і там. Лятаюць, кружацца жывымі кветкамі. «Сынок, не хадзі. Па лесе ваўчыца бегае. Яе ваўчанят забралі, і яна чыё-небудзь дзіця ўкрадзе. Будзе няньчыць яго», — кажа маці. «Я не баюся. Я ваўчыцу не баюся», — смяецца ён. Маці туліць яго, і ён чуе, як у яе грудзях часта-часта б'ецца нейкі камячок. «Мама, што так тукае?» — пытаецца. «Сэрца», — адказвае яна. «Сэрца — гэта што?» — не разумее ён. Маці паціху кажа: «Жыццё. Маё жыццё». Ён зноў смяецца: «Я ваўчыцу не баюся». «Дурненькі. Які ж ты дурненькі!» — лашчыць яго маці. «Раскажы, як ваўчыца дзяцей няньчыць», — ціснецца да яе. «Лепей песню праспяваю. Не будзем пра ваўчыцу. Няхай яна згіне», — кажа маці.

Ён садзіцца на траву, такую ж мяккую, як і маміны рукі.

Ой, рэчанька, рэчанька, Чаму ж ты не поўная? Чаму ж ты не поўная, Чаму ж ты не вольная?

Маці спявае, а над імі трапечуцца матылі. Многа-многа іх. Быццам пчолы з вулля вылецелі. «Кыш! Кыш!» — крычыць ён на іх, што на курэй, заліваецца смехам.

Берагі высокія, Сцежачкі далёкія. Далёка да морушка, Блізенька да горушка,—

спявае маці.

Янка брыдзе па вадзе. А мо і не брыдзе? Мо на адным месцы топчацца? Чаму ўспомнілася маці? Чаму менавіта той дзень, на лузе? Ён жа тады, напэўна, толькі хадзіць навучыўся. Да гэтага ніколі не ўспамінаў. Выходзіць, жыло ў памяці.

Дыхаць цяжка, губы перасмяглі. Каб хоць хто вады падаў. Што гэта да твару цягнецца? Рука? Чыясьці рука? Каб вады падаць? Не, не, не. Змяіны раздвоены язык.

А ў вушах гучыць: «Далёка да морушка, блізенька да горушка». Якая дзіўная песня! Маміна песня.

Поделиться с друзьями: