Пастка для пярэваратня
Шрифт:
— Куды гэта ты? — забыўся пра ўсё Мацей. Ясь хітра прыжмурыўся.
— А калі не скажу?
— Не адчэпімся, пакуль не скажаш.
— Па мёд іду. Каля Шчары ёсць старая ліпа. У яе дупле пчолы вядуцца. Дастану соты з мёдам — і ў мяшок.
У вёсцы — Янка гэта добра ведаў — здавён збіралі мёд, бортніцтвам займаліся. На стаўках — старых разлапістых соснах — ставілі вуллі, чакалі, калі які-небудзь рой у такі вулей прыб'ецца. Бывала, што інакш рабілі. Выдзеўбуць у дрэве долатам борці, лётвы прыладзяць — ёсць стаяк — каранёк для залётнага рою. А некаторыя, як Ясь, шукалі дуплістае дрэва, у якім вяліся дзікія пчолы.
— Ясь, вазьмі нас з сабою, — папрасіў Янка.
— Пастку там не паставіце? Янка пачырванеў.
— Незнарок выйшла. Не хацелі мы, каб ты ў пастку трапіў.
— Што з вас возьмеш? Кожны па часе розум мае. Хадзем. Толькі каб пасля не плакалі. Пчолы не хочуць свой мядок аддаваць.
Радасныя, усцешаныя, яны пацёпкалі за Ясем. Янка ні разу не збіраў мёд, нават не бачыў, як гэта робяць, хоць бацька соты з мёдам зрэдзь прыносіў дамоў. Аднаго разу прыйшоў такі, што не пазнаць. Вочы запухлі (толькі маленькія-маленькія шчылінкі засталіся), а губы, што калоды. Адно вуха так разнесла, што стала нібы груша. «Хто цябе пабіў?» — пляснула ў далоні маці. «Па мёд лазіў, пчолы пакусалі», — прызнаўся бацька.
Так, відаць, нялёгка мёд з дупла дастаць. Але ж цікава. Гэта быццам незвычайная гульня, пра якую амаль нічога не ведаеш. Усё-ткі ўзяў іх Ясь з сабою. А сам кульгае, бедны.
Янка нясмела запытаў:
— Ясь, нага моцна баліць?
— Баліць — перабаліць, — пажартаваў Ясь.
— Мядзведзя каля той ліпы не будзе? — падаў голас Мацей.
— Не бойся, — сказаў Ясь. — Калі і будзе там таптун, то дасць лататы. Я ведаю, як яго прагнаць.
— А я ведаю, як мядзведзя прыманьваюць, — пахваліўся Янка. — Гэта вельмі проста. Ствол дрэва мёдам змазваюць.
— Чаму? — запытала Алеся.
— Мядзведзі здалёк чуюць, як мёд пахне. Вось і ідуць. Мядзведзя нялёгка абхітрыць, каб вы ведалі.
— Малайчына, — пахваліў Янку Ясь. — Рукі — да работы, ногі — да ахвоты, галава — да ўсяго. Быць табе пераможцам. Запомні мае словы.
У Янкі быццам крылы выраслі. Сам храбры вой Ясь пахваліў. Карцела яшчэ пра што-небудзь расказаць, ды Мацей ніяк не ўгамоніцца:
— Мядзведзь на нас не накінецца?
Янка скоса зірнуў на брата. Завёў пра мядзведзя… Нібы першы раз у лес нагою ступіў.
— Зараз я ўсіх мядзведзяў паразганяю, — сказаў Ясь.
Янка думаў, што ён возьме кій, пачне па дрэвах стукаць. Так робяць людзі, каб напалохаць мядзведзяў. Але ж не. На ўвесь голас завёў песню:
На балоце касец косіць Ды кінуў касу, дый галосіць: Ой, ці ты, мая каса, тупа? Ой, ці ты, мая жонка, скупа? Ой, сем дзён не тапіла Ды й нічога не варыла.Панеслася песня, перабягаючы ад дрэва да дрэва.
— Хіба не паразбягаюцца мядзведзі? — усміхнуўся Ясь, скончыўшы спяваць.
— Яны з усяго лесу збяруцца, — засмяялася Алеся.
— Чаму? — здзівіўся Ясь.
— Спяваеш прыгожа. І ім захочацца паслухаць.
— Вось тая ліпа! — усклікнуў Ясь.
Ліпа, тоўстая, разгалістая, схілілася над самаю ракою. У густой вершаліне пчолы гудуць.
— Чуеце? Во стараюцца! — прамовіў Мацей.
— Многа пчолаў — многа мёду, — сказаў Ясь.
«Многа мёду, але як жа дастаць яго? — падумаў Янка. — Паспрабуй залезці. Жывога не выпусцяць».
— Ясь, а сам ты не баішся лезці? — запытаў.
— Я палез бы, але… — Ясь прайшоўся, кульгаючы. — Бачыце, што з нагою? На зямлі яшчэ сяк- так, а на ліпу не залезу.
— Дык чаго ты ішоў?
— На вас спадзяваўся.
— Я не палезу. Я маленькі. Пчолы мяне хутка з'ядуць, — усклікнуў Мацей.
— І я не палезу, — усклікнула Алеся. — Дзяўчынкі па дрэвах не лазяць.
Ясь паківаў галавою.
— Не хочацца, дык і не можацца. Янка, і ты баішся?
Ці баіцца Янка? Вядома, страшна. Бач, як пчолы гудуць. Што ж будзе, калі ашалеюць? На гэтую ліпу страшна нават глядзець.
— Баішся, — сказаў Ясь. — А я думаў, што ты не такі.
Янка сцяў зубы. Трэба прагнаць страх, трэба даказаць, што ён не баязлівец.
— Добра, палезу. Цяпер во…
— Пачакай, пачакай… У гарачай вадзе купаны. Спярша пчолак дымком супакоім. А пасля яны самі салодкі мядок аддадуць.
— Ой, пчала!.. Пчала!.. — нечакана закрычаў Мацей і пабег, махаючы рукамі. Потым гоп на траву! Сеў, скрыжаваўшы ногі, руку да вуха прыклаў.
— Уджаліла-такі… Алеся зайшлася смехам:
— Відаць, салодкае вуха ў цябе.
— Глядзі, каб твой нос не стаў салодкі,— прабубніў Мацей.
— Ой! — ойкнула Алеся. — Каля мяне кружыцца!..
— Не мітусіся, — прагаварыў Ясь. — Сядзьце далей, калі такія салодкія. Мы з Янкам за работу возьмемся.
Знайшлася ім работа. Нацягалі сухога галля, склалі стажком каля ліпы. Ясь ссек тонкую ялінку, ацерабіў, пакінуўшы старчакі, і вяршыняй аж да дупла прыставіў.
— Я дыму нараблю, — сказаў Ясь, — а ты, Янка, калі рой вылеціць, па ялінцы палезеш.
Цяпер Янка зусім не баяўся. Ён верыў Ясю, кожнаму ягонаму слову верыў.
— Янка, калі пчолы накінуцца, ты з ліпы нырцом у раку, — параіў Мацей.
Ясь падпаліў галлё. Угору пацягнуўся густы дым. Пчолы яшчэ мацней загулі. Ясь дастаў з торбы закурадымленую вопратку, захутаў у яе Янку з ног да галавы. Падаў скураны мяшок.
— Гляньце! Пчолы над ліпай! З дупла ўцякаюць! — ускочыў Мацей.
Ясь падштурхнуў Янку:
— Лезь. Зараз шчэ болей дыму нараблю. Павыкурваю. Не бойся.
Янка ўхапіўся за ялінку і, ступаючы па старчаках, палез. Не раз і не два ён лазіў на дрэвы. Нават вышэйшыя за гэтую ліпу. Але ж цяпер скураны мяшок пад пахаю, дым лезе ў вочы, слёзы цякуць з вачэй. Хутчэй. Трэба хутчэй. Відаць, крышачку засталося.
Намацаў вяршыню ялінкі, засунуў руку ў дупло, ухапіўся за ліпкія соты, выцягнуў, кінуў у скураны мяшок. Яшчэ, яшчэ… А дым сцелецца, свету не відаць, слёзы з вачэй цякуць. Нялёгка салодкі мядок дастаецца. Праўду казаў Ясь.
Здаецца, усё. Пустое дупло. Цяпер уніз. Але ж нешта ў рукаве трапечацца. Няўжо пчала?.. Што агнём, апякло руку. Усё-ткі пчала. Уджаліла, адпомсціла. Хоць адна. Хутчэй уніз.
Ён, часта-часта перабіраючы нагамі, спусціўся ўніз і адбегся як мага далей ад ліпы. Скінуў закурадымленую вопратку, закасаў рукаво кашулі. На руцэ чырванеў вялізны пухір.