Пастка для пярэваратня
Шрифт:
Мы няспешна ішлі па лесе. «Як жа было тут раней? Напрыклад, сто гадоў назад. Ці так, як цяпер? — думалася мне. — Ці крычала круцігалоўка «кяй-кяй-кяй», ці чырвоны каршун выводзіў «хія-я-хія-я»? Напэўна, і мой дзядуля, калі быў такі, як я, таксама слухаў птушыныя спевы. Пра што ж ён думаў? З кім сябраваў?»
— Ігна-ат, — прамовіў Пятрусь.
— Га, — азваўся я. Пятрусь зноў:
— Ігна-ат…
Голас трывожны, нібы ў круцігалоўкі, калі закрычала «кяй-кяй-кяй…».
Я глянуў уперад. На невялікай палянцы сядзелі Мірон Казіміравіч і Ландыш. Мне здалося: змяю знянацку ўбачыў. Помніцца, мінулым летам збіраў брусніцы. Нагнуўся, каб сарваць спелыя ягады, якія абляпілі гнілы, парослы мохам пяньчук, і ўбачыў перад самым тварам маленькую змяіную галаву. Здалося, што глядзіць проста ў вочы, працінаючы. Я міжволі сцяўся, застыў, як скасцянелы.
Вядома, не спалохаўся б, калі б заўважыў здалёку. Але ж перад самым тварам… Вылезла, як з засады. Упершыню на галаве пашэрхлі валасы.
Вуж у кабуры ад веласіпеда
Я стаяў як вады ў рот набраўшы. Вось яны, мае згубіцелі. Падпільноўваюць мяне. Пашчасціла ж сустрэцца з імі на шашы! Лепей я ў гэты дзень захварэў бы.
— Прысядзь, — пацягнуў мяне за кашулю Пятрусь.
— Мірон Казіміравіч, — данёсся да нас голас Ландыша, — праваронілі мы яго.
— Але. Вылузнуўся. Хітры як д'ябал. Д'яблам мяне называе. Сам сапраўдны д'ябал.
Людзі косяць, хлеб пякуць, кніжкі пішуць, а ён па лесе бадзяецца, дзяцей ловіць. Блёкату аб'еўся, няйначай.
— Ігнат, яны цябе ловяць, як шчупака ў азярыне, — сказаў Пятрусь.
— Глядзі, каб і цябе не злавілі,— агрызнуўся я. Пятрусь адкрыў рот, хацеў нешта сказаць, ды Мірон Казіміравіч усклікнуў:
— Эксперымент!.. Трэба эксперымент праводзіць. Такія дарагія хвілінкі прападаюць.
— Плюнем на яго, паедзем, — прамовіў Ландыш. — Няўтульна ў гэтым лесе.
— Захацелася на праспект, у рэстаран? — са злосцю прагаварыў Мірон Казіміравіч. — Усё роўна схопім.
— Зловім, — падхапіў Ландыш. — На ўсё трэба мець цярпенне. Так?
— Так, — буркнуў алхімік.
— Хопіць тут сядзець, — падаў голас Пятрусь.
Мы папаўзлі, хаваючыся за кустамі. Пасля ўсхапіліся і — на ўсе лапаткі. Калі адбегліся, Пятрусь сказаў:
— Ігнат, бяда па самых пятах ходзіць.
І праўда, ходзіць. Не так павярніся — канец. Жыў, як усе, а цяпер кожнага слупа бойся. Што ж рабіць? Зачыніцца ў хаце і сядзець? Усё роўна страшна. Адно застаецца: дубальтоўку ў рукі ўзяць.
— Я так мяркую, — падаў голас Пятрусь. — Нам нельга разлучацца. Куды ты, туды і я.
Сапраўдны сябар Пятрусь. Не пакідае аднаго ў бядзе, хоць і сам баіцца. Але ці дапаможа, калі ўдвух станем хадзіць?
— Пятрусь, яны і цябе схопяць.
— Я скажу, што многа ем, што такіх, як я, няма выгады трымаць.
— Скажы. Калі такое пачуюць, то, каб танна было…
Я не даказаў, махнуў рукою. Цяжка на душы. А нядаўна радаваўся, блінцы еў, стараўся. Цяпер нішто ў рот не палезе.
— Трэба ўзбройвацца, — кажу.
— Чым? Хіба віламі? — прамовіў Пятрусь.
— У твайго бацькі ёсць дубальтоўка?
— Ёсць. На сцяне вісіць.
— І ў майго ёсць.
— Возьмем цішком, патроны соллю наб'ём і ў атаку?..
— Так. Трэба прагнаць іх з лесу. Клін клінам выбіваюць.
Пятрусь патрос кулаком.
— Ну, алхімікі! Пачухаецеся… Назаўжды запомніце азарыцкіх.
Я ўздыхнуў. Вось да чаго дайшло! Як гаворыцца, прыйдзецца за зброю ўзяцца. А што рабіць? Сядзець і чакаць, калі гэтыя госцейкі ў хату завітаюць і за вушы, як зайца?.. Кожны бароніцца, як можа.
Мы з Петрусём паволі клыпалі па лесе, час ад часу азіраючыся. Ведалі, што Мірон Казіміравіч і Ландыш дзесьці побач.
— Ігнат, вунь вуж, — стаў Пятрусь. Сапраўды, непадалёку, на пні, скруціўшыся, ляжаў, грэўся на сонцы вуж. На ягонай галаве, як і ва ўсіх вужоў, выразна вымалёўвалася карона — дзве жоўтыя плямы.
Пятрусь падышоў бліжэй, прамовіў:
— Вось дзе наша зброя! Я вылупіў вочы.
— Чаму зброя?
Пятрусь хітра прыжмурыўся.
— Зараз злаўлю вужа, загарну ў кашулю…
— Ну і што? — паціснуў я плячыма.
— Калі сустрэнем Мірона Казіміравіча і Ландыша, то… — Пятрусь зарагатаў: — Ха-ха-ха…
— Што зробіш, калі сустрэнем?
— Кінем на іх вужа. Думаеш, не спалохаюцца? Добра прыдумаў Пятрусь. Пэўна ж спалохаюцца! Нават самы найпершы смяльчак залекаціць, калі ўбачыць, што на галаву ляціць гэткі жывы клубок. Гэта ж сапраўдная зброя — вуж! Яшчэ лепшая, чым дубальтоўка. Варыць у Петруся галава. Толькі глянуў на вужа і адразу скеміў, што рабіць.
Я як на свет нарадзіўся. Мне вельмі хацелася сустрэцца з Міронам Казіміравічам і Ландышам. «Хто з іх мацней заверашчыць, калі Пятрусь кіне вужа?» — падумалася.
— Будзе ім казка, — усклікнуў я. Пятрусь пстрыкнуў пальцамі.
— Наробяць смуроду. Ха-ха-ха…
— Скідай кашулю, — прагаварыў я. Пятрусь скінуў кашулю, ступіў наперад. Вуж сыкнуў, тыцнуў галавою.
— Палохае, — заўважыў я. Пятрусь прысеў.
— Вужык, не нервуйся.
Вуж зноў сыкнуў, тыцнуў галавою.
— Чаго ты так? Супакойся. Саслужы нам службу, — стаў прасіць яго Пятрусь.
Вуж, як відаць, не хацеў саслужыць нам службу. Ён бесперапынна сыкаў па-змяінаму, выгінаўся, тыцкаў галавою.
— Хопіць танцаваць. — Пятрусь схапіў вужа каля самай галавы, кінуў у кашулю, загарнуў.
— Вось каб яшчэ аднаго злавіць! — усклікнуў я.
— Хопіць і аднаго. — Пятрусь завязаў кашулю і панёс вужа, як кілбасу.
Я чакаў, спадзяваўся, што выскачаць Мірон Казіміравіч і Ландыш. Знарок наступаў на сухія галінкі, каб трашчалі. Ды ні адзін з іх і носа не высунуў.
Калі мы падышлі да маёй хаты, Пятрусь запытаў:
— Ігнат, што з вужом рабіць? Я хуценька адказаў:
— Няхай у мяне пажыве.
— Калі на падворак выпусцім, то ў лес уцячэ, — сказаў Пятрусь.
Так, уцячэ, папаўзе. Зноў у рукі не дасца. Навучаны.
Я, не падумаўшы, ляпнуў:
— Давай прывяжам. Пятрусь у рогат:
— Прывяжам, як сабаку? У яго ж шыі няма.
Але, няма. Як ні прывязвай, усё роўна выкруціцца. У хату пусціць? Ноччу яшчэ на ложак запаўзе. Маці так перапалохаецца, што на бяссонніцу захварэе.
— Пятрусь, можа, выпусцім? Пасля яшчэ аднаго зловім.
— Не, — сказаў Пятрусь. — Вужы — не грыбы. Іншы раз па лесе цэлы тыдзень цягаешся і ніводнага не ўбачыш. А Мірон Казіміравіч і Ландыш не будуць спаць у шапку. Заўтра падпільнуюць нас на дарозе.