Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для пярэваратня

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

Я ў роспачы махнуў рукою.

— Куды ж яго? Такая зброя прападзе! Пятрусь падышоў да веласіпеда, які стаяў каля плота, стукнуў рукою па кабуры.

— У кабуру пасадзім. Тут яму будзе, як у гарадской кватэры з усімі выгодамі.

— У кабуры ключы ад веласіпеда.

— Ключы вымем. Вужу месцейка хопіць. Ён клубочкам любіць ляжаць.

— А калі бацька ў кабуру палезе? Калі яму захочацца ключы ўзяць?

— Нікуды ён сёння не паедзе. Хутка звечарэе. А проста так не любіць катацца. Гэта ж не ты. Адшпільвай.

Я адшпіліў кабуру, выняў ключы, а Пятрусь туды вужа галавою. Хуценька зашпіліў кабуру, нагнуўся, прытуліў вуха, прыслухоўваючыся.

— Што робіць вуж? — не вытрываў я. Пятрусь расплыўся ва ўсмешцы.

— Са сваёй кватэрай знаёміцца. Хадзем у хату. Халоднай вады нап'юся. У роце перасохла.

Ой, людцы-ы!

Мы з Петрусём сядзелі ў хаце і вялі між сабою гаворку. Яе Пятрусь распачаў.

— Ігнат, чаму людзі бываюць розныя? — запытаў.

Я задумаўся. Сапраўды, людзі не толькі знешне адрозніваюцца. Што ні чалавек, то характар. Адзін спакойны, памяркоўны, а другі — што порах. Скажы слова не ў радок — успыхне, загарыцца.

— Людзі не робаты, — кажу. — Што было б, калі б былі падобныя адзін на аднаго?

Пятрусь паціху сказаў:

— Нічога не было б.

Што ж, мае ён рацыю. Чаму ў нас гэтулькі песень, казак? Чаму і вёскі, і гарады пабудавалі? Чаму розныя машыны прыдумалі? Бо людзі розныя. Адзін песні складае, другі зямлю арэ, трэці думае над тым, як у космас паляцець.

— Нічога не было б, — паўтарыў Пятрусь і, крыху памаўчаўшы, дадаў: — Ды я не пра гэта.

— А пра што?

— Чаму адзін добры, а другі злы? Чаму адзін табе спрыяе, а другі на ражне рад цябе бачыць?

— Ад душы залежыць, — сказаў я. — Калі душа добрая, то і сам чалавек добры.

— Але ж людзі не нарадзіліся злымі. Бачыў, як немаўляты ўсміхаюцца, як маленькімі ручкамі цягнуцца, каб абхапіць? У іх няма зла.

Цяжкае пытанне задаў Пятрусь. Што ж выходзіць? Чалавек падрастае і нейкім зусім іншым становіцца? Вось гэтыя… Мірон Казіміравіч і Ландыш. Яны таксама калісьці смяяліся, цягнуліся рукамі, каб абняць. А цяпер цягнуцца, каб схапіць. Каб прымелі, то ў лыжцы вады ўтапілі б. Чаму ж так перайначыліся?

— Дык чаму ж адзін добры, а другі злы? — паўтарыў Пятрусь.

— Не ведаю, — прызнаўся я.

— Ніхто не ведае, — упэўнена сказаў Пятрусь. — Калі б ведалі, то такога, як цяпер, не было б.

На двары пачулася гамонка. Я выглянуў у акно. Каля хаты стаялі маці і наша суседка цётка Ганна.

— Хто там? — пацікавіўся Пятрусь.

— Цётка Ганна, — сказаў я. — Захацелася ёй лясы патачыць. Не ўсядзела ў хаце.

У кожнай Палашкі свае замашкі. Любіць цётка Ганна язык пачасаць. Пра такіх, як яна, кажуць: не дай паесці, а дай пагаварыць. Вось і цяпер распачала:

— А ведаеш, мая суседачка, пра што ў газетах пішуць?

— Пра што? — азвалася маці.

— Пішуць, што каля аднаго горада, які ў Расіі, спусціліся іншапланецяне на апаратах, падобных на бочкі. З адной бочкі вылезла пяць іншапланецян, і ўсе двухгаловыя. З другой бочкі таксама пяць. Толькі ўжо трохгаловыя. Селі яны на траву і давай гуляць у карты. Двухгаловыя супраць трохгаловых.

Я, магчыма, паверыў бы ёй, калі б сам у газеце не прачытаў, што ў Валагодскай вобласці дзеці заўважылі жаўтаватую іскрынку, якая з'явілася ў небе. Іскрынка з кожнай секундай павялічвалася і хутка стала падобнай на вялізны шар, які свяціўся. Гэты шар, апусціўшыся на луг, як бы раздзяліўся, і з яго выйшлі нейкія безгаловыя істоты, падобныя на людзей. У іх рукі апускаліся ніжэй каленаў. Пасля на луг апусціліся яшчэ тры такія шары. І што самае цікавае? І гэтыя шары, і гэтыя людзі неўзабаве як бы растварыліся ў паветры.

Канешне, цётка Ганна нешта чула пра гэта. Але хваліцца, што чытала.

— Во дае! — сказаў я. Пятрусь усміхнуўся.

— Умее фантазіраваць. Ёй толькі прыгодніцкія аповесці пісаць. Дзеці чыталі б. За вушы не адарваў бы.

Цётка Ганна не спыняецца, расказвае:

— Сядзяць, гуляюць у карты і ў вус не дзьмуць.

— Хто ж выйграў? — падала голас маці.

— Вядома, трохгаловыя. У іх на адну галаву болей. Яны разумнейшыя. Ну, я паеду, суседачка.

— Куды яна паедзе? — глянуў на мяне Пятрусь.

Я не паспеў адказаць, бо цётка Ганна нечакана як завішчыць!

«Мірон Казіміравіч і Ландыш на цётку Ганну напалі, хочуць з сабою забраць», — мільганула ў галаве.

— За мною! — крыкнуў я Петрусю і — на двор.

Ні Мірона Казіміравіча, ні Ландыша на падворку не было. Цётка Ганна стаяла каля веласіпеда і, абхапіўшы рукамі галаву, галасіла: «Ой, людцы-ы!.. Ой, людцы-ы!..» Каля яе, спалатнелая, стаяла мая маці. Я кінуўся да яе.

— Што з табою?

— Ой! — ойкнула маці.

— Мамачка, што з табою?

— Ой! — паўтарыла маці.

Я хацеў бегчы ў хату па дубальтоўку, ды Пятрусь тыцнуў пальцам, паказваючы на кабуру ад веласіпеда.

— Бачыш? Кабура расшпілена.

— Не падыходзь! — заверашчэла цётка Ганна. — Там змяя! У кабуры гняздо звіла.

— Любяць на веласіпедзе катацца, — са смехам сказаў Пятрусь.

Цётка Ганна, мусіць, зусім перапалохалася, бо падхапіла:

— Яшчэ як любяць! Адна вылезла, папаўзла, а там яшчэ сядзяць.

— Цётка Ганна ў мяне веласіпед папрасіла. Хацела ў Клімавічы да сваякоў з'ездзіць. Хацела сядло апусціць. Расшпіліла кабуру, каб ключ узяць, а там змяя, — растлумачыла маці.

Да сваякоў… На нашым веласіпедзе… Як на грэх. Наламалі дроў.

Пятрусь узяўся за кабуру. А цётка Ганна не пускае яго.

— Не лезь! За руку ўджаліць.

— Не ўджаліць, — усміхнуўся Пятрусь. — Там вуж сядзеў.

Цётка Ганна глянула на яго як мыла з'еўшы.

— Вуж? Ты ведаеш?

— Ведаю, калі кажу.

Цётка Ганна апусцілася на калодку, на якой звычайна колем дровы. Добра, што калодка стаяла якраз тут. Інакш проста на траву села б.

— Ой, не магу! Паміраю-у!..

Да яе падбегла мая маці, абхапіла за плечы.

— Што з табою, Ганначка?

— Вады! У грудзях пячэ, распірае. Маці азірнулася.

— Ігнат, вады!..

Я на адной назе ў хату. Схапіў са стала конаўку, зачэрпаў з вядра вады і назад бягом.

— Бярыце, — працягнуў цётцы Ганне. — Гэта не змяя. У кабуры вуж сядзеў. Праўду кажам.

Цётка Ганна ўзяла конаўку, паднесла да рота.

— Там… Там вужы гняздо звілі?

— Не. Мы з Петрусём вужа ў кабуру пасадзілі.

Лепей я не прызнаваўся б. Забыўся, што часта праўда бокам вылазіць.

Поделиться с друзьями: