Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Песьні-жальбы

Колас Якуб

Шрифт:

На прадвесьні

Эх, наперла ліха-гораі Ні сяніны, ні зярна. А тут сьнег яшчэ ня скора Згоніць цёплая вясна. У кішэні ні грашынкі, Хата поўная дзятвы! Ні паленца, ні лучынкі — Хоць у землю лезь жывы. Папалілі, пераелі, — Нічагутка ані ў зуб! Хлеба толькі да нядзелі, На два разы ўсяго круп! А даўгоў ты нахватаўся, Таму дзесяць, таму пяць… Ось дзе, Грышка, ты папаўся: Чым ты будзеш аддаваць? Эх, наперла ліха Грышку — Рук няма за што зацяць! Хіба вып’ем па кілішку — Лягчэй будзе гараваць.

Панас гуляе

Што мне жонка! Што мне дзеці! Эх, Панас, ваўсю гуляй! Ёсьць шчэ мерка жыта ў клеці, Хаім, піва падавай! Напляваць мне на падатак. Што мне земскі, старшына! Хаім, люльку на ў задатак, — Дай мне царскага віна, Дай мне булку на паўзлоты Ды прыпраў мне селядца! Ўсё прап’ю: халат і боты… Пачынай, Панас, з канца! Вось ідзе Панас, сьпявае, Страшыць жонку і дзяцей, Кулаком усім махае, Пабудзіў усіх людзей. Дома ён разбушаваўся, Ды вяроўку дзед прыпас… Пад сталом ноч пракачаўся П’яны зьвязаны Панас.

Мужык

Я — мужычы сынок, Ні двара, ні кала, Поле — жоўты пясок, Хата ў землю ўвайшла, Не жыву, а гнію, Прападаю, як мыш… Глянь на долю маю, Глянь на цяжкі мой крыж! Я балоты сушу, Надрываю жывот, Я за бесцань кашу, Рыю землю, як крот. Ўсе вуглы і куты Сваім целам я зьмёў, Сьсек і лес, і кусты I дарогі правёў, Ды ня езджу па іх, А хаджу пехатой Ў рваных ботах старых, Часьцей босай нагой. Збудаваў я палац, Многа фабрык, мастоў. Сам жа голы, як бац, — Пары дзьве рызманоў. Пад аконьнем ня раз Я зь мяшэчкам хадзіў, Міласьціны у вас Хрыстом-Богам прасіў. Мяне мочыць раса, Мяне сонца пячэ, А у песьнях маіх Сьляза ціха цячэ. Я па сьвеце хадзіў, Косьці ўсюды занёс, Я на землю праліў Многа сьлёз, многа сьлёз. То ня дуб у бары Заскрыпеў, застагнаў — Гэта я без пары Богу душу аддаў. Нудна звоняць званы, То мацьней, то замруць, Адзін дзяк ля труны — Гэта прах мой нясуць. На магілцы маей Крыж трухлявы стаіць, А над прахам касьцей Вольны вецер шуміць. Я — мужычы сынок, Я ня маю дарог. Мая школка — шынок, Маё жыцьце — астрог.

Пахаваньне

Чую звон я нудны, Рэдкі, невясёлы. Дзень сягоньня будны, Не сьвяткуюць сёлы. Чую прычытаньне, Чую плач я нечы, Скончыўся зараньне Век твой, чалавеча. Вось труну я бачу, Кучка йдзе народу. Колькі жалю, плачу! Жонцы мужа шкода, Мужа маладога, Добрага Рыгора, I сабе у Бога Просіць сьмерці з гора. Сёстры плачуць горка Вуйнымі сьлязамі: «Ой, Рыгор, Рыгорка! Што зрабіў ты з намі?» Двое дзетак з краю — Бедныя сіроткі! Цяжка будзе, знаю, Вам, мае блазноткі! Ззаду дзед сагнуўся — Нудна, жаль старому. Падышоў, вярнуўся Скора поп дадому. О, мой братка родны! Ой, мужык ты бедны! Ўсё жыцьцё галодны, Худы, чорны, бледны. Хто табе уважыць? Хто паспагадае? Сушыць доля, пражыць, Гне, не аглядае. Біўся ты, як рыба, Часу ты ня ўседзіш… У зямельцы хіба Шчасьце ты угледзіш. А памёр — ні знаку, Звон адзін пазвоніць, Ў яму, небараку, Кінуць, пахароняць… Смутна і ціхутка… Могілкі з крыжамі. Круцяцца блізютка Галкі над палямі. Жаль скаваў мне грудзі, I нуда напала… Каб вы зналі, людзі, Як мне цяжка стала!

Наша доля

Наша доля нас ня знае, Жыцьце наша — ноч і цьма. Жар улетку нас даймае, Цісьне холадам зіма. Не красуе наша ніва, Луг ня цешыць нам вачэй. Гне к зямлі нас праца жыва I ў труну кладзе дзяцей. Наша жыцьце не вясёла… Ноч і цьма на нас ляглі. Нашы хаты, вёскі, сёлы Сівым мохам абрасьлі. Нашы сьлёзы незьлічоны, З нас крывавы льецца пот… Люд забіты, люд хрышчоны, Абяздолены народ!..

*** Мы ходзім спатыкаемся…

Мы ходзім спатыкаемся, Бадзяемся, як пьяные; Мы з голадам зрадніліся, Худые, абарваные. Асьмеяны, аблаяны, Гразёю мы абмазаны, Багатымі мы скрыўджэны. Няволею мы звязаны. У балоты мы адціснуты, Загнаны мы у шчыліны; I вочы нам завязаны, I вушы нам зачынены. Адно мы добра ведаем: Хоць вечна мы блукаемся, А ўсё-ж такі, хоць некалі, А праўды дапытаемся.

IV. На разстані

На разстані

Ты скажы мне, цьма глухая: Доўга будзеш ты ляжаць? Доўга будзе думка злая Сэрца жалем калыхаць? Не шумі ты, лес высокі, Нудных песень не сьпявай, Дзён шчасьлівых, дзён далёкіх Ты мне, лес, не ўспамінай! Не відно мае дарогі — Горы, лес, балоты, гразь… Колькі смутку і трывогі Ў гэты цяжкі, цёмны час! Дзе ж, дарога ты другая? Я стаю адзін, адзін, Ноч вакол ляжыць глухая… Ці ж то сьвет сышоўся ў клін? Дык скажы мне, цьма глухая: Доўга будзеш ты ляжаць? Доўга будзе думка злая Сэрца жалем калыхаць?

На мяжы

Перад Новым, 1909 г

Бывай здароў, мой год старэнькі! Ў маіх ты думках будзеш жыць I многа будзеш майму сэрцу Ў мінуту жалю гаварыць. Я буду помніць, доўга помніць: Сваё бадзяньне ў гэты год, Свае надзеі і сумненьні За родны край, за свой народ I тых людзей, што йшлі са мною, Хто зваў на працу, дух будзіў, Хто весяліў мяне у смутку, Каго я шчыра палюбіў… Дык будзь здароў, мой год старэнькі! Ў маёй душы ты будзеш жыць I многа будзеш майму сэрцу Ў мінуту жалю гаварыць.

Песьняр

Кажуць людзі: «Што ты смутны? Што сьпяваеш ты пра гора? Твае песьні — стогн пакутны, Сьлёзы ветру на прасторы! Ты злажы нам песьню волі, Песьняй шчасьця залівайся, Ціхім сьпевам нівы ў полі Ў струнах сэрца адклікайся, Каб на нас вясна дыхала, Грэла душу цеплынёю, Каб нам сэрца сагравала Ціхім шчасьцем, дабратою». Ой вы, людзі! Няма ж волі: Скуты мысьлі ланцугамі. Пусты нівы нашы ў полі, Злосны віхар дзьме над намі! Ці ж я сэрцам не хварэю? Ці ж мне смутак лёгка даўся? Я сьпяваю, як умею, Я пра радасьць пець ня здаўся.

Пад шум ветра

Праляцела борзда лета, Наша сьветлая пара. На дарозе нашай вузкай, Як раней, стаіць гара… Скора, скора дзьмухне холад, Сьнег пасыпле зь сівых хмар, Зноў мароз надыдзе люты I клубком паваліць пар. Разам зь ветрам, з халадамі Думак рой к нам наляціць, — Нудных думак, неспакойных, — Сэрца беднае сушыць. Будуць ветры за вугламі Выць, і плакаць, і стагнаць, А ў той вечар доўгі, цёмны — Песьні ў коміне сьпяваць. Бор стары завые нудна, Зашуміць гальлём лаза. Пад іх шум ня раз на сэрца Капне горкая сьляза.

Хмары

Як ліхія думкі-мысьлі, Над зямлёю хмары зьвісьлі. Ой вы, хмары, што вы сталі? Што вы неба нам заслалі? Скрылі сонца, чарадою Таўчацеся над зямлёю? Чаму ўлетку над палямі Не ліліся вы сьлязамі? Чаму збожжа не мачылі, Калі ветры так сушылі I гарэлі нашы нівы, — Тады, хмары, дзе былі вы? Мы на неба пазіралі, Вокам, хмары, вас шукалі, Сохла праца наша ў полі, — Як мы, хмары, вы бяз волі!
Поделиться с друзьями: