Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Песьні-жальбы

Колас Якуб

Шрифт:

Нягода

Мы чакалі нецярпліва Лета, цёплых, ясных дзён, Каб ня гнулась наша ніва, Не глушыў яе драсён. Хмурна ж наша, хмурна лета, Сьцелюць хмары валакно, Сонцам поле не сагрэта, Дробны дождж сячэ ў акно. Затоплена сенажатка — Верх травы адно відаць, Збожжа ў полі гіне, братка, Няма сілы працаваць. Вось Ільля ўжо недалёка, Жаць пара, пара касіць. Дарма ў неба глядзіць вока — Хмар густых ім не прабіць. Перакідаем, брат, лета I сяк-так перажывём. Час наш будзе — вер у гэта — Зь верхам працу мы зьбяром.

Братом згнаннікам

Гэй вы, смутныя, Гэй вы, бедныя, Мае мілыя Сябры-згнаньнікі! Ці вы сіраты У сям’і людской, Што глядзяць на вас Вокам ворагаў? Ці разбоем вы Даставалі хлеб, Што караюць вас Горш за злодзеяў? Або ў вас няма Сілы, розуму, Што прытулкі вам Пазачынены? Ці то сэрца ў вас Цьвярдзей каменя, Што ад вас браты Адракаюцца? Не! Душа у вас, Сэрца — добрыя, Думкі чыстыя, Мысьлі ясныя! Толькі вам няма Долі-радасьці. Сіла цёмная Вас прыціснула. Гэй, выгнаньнікі, Сябры любыя, Да канца, браты, Будзьма цьвёрдымі!

Сябрам

Ой, сябры мае вы, мілы, Дзе цяпер вы, дарагія? Ці схавалі свае сілы? Ці ёсьць думкі маладыя? Тыя думкі, тыя мысьлі, Што душу нам хвалявалі, З-за каторых хмары зьвісьлі, За што зь нівы нас сарвалі? Нас з народнай ціхай нівы Разагналі па ўсім сьвеце… Ці здаровы вы, ці жывы? Дзе вы, мілыя? Гукнеце! Ці зьбяромся зноў калі мы Ў нашым бедным родным краі, Як бы птушкі пасьля зімы? Дзе вы, хлопцы? Я гукаю! Не, няпраўда! Быць ня можа, Каб ня грэла цёпла сонца. Наша праўда нам паможа — Блісьне нам сьвятло ў ваконца!

Не бядуй

Не бядуй, што сонца нізка, Што прыходзіць нудны дзень, Не бядуй, што восень блізка I на дол кладзецца цень. Не бядуй, што сьнег халодны Скрые землю ад вачэй: Не загіне край твой родны У тэй цемені начэй! Будзе час, і сьнег растане, Прыйдзе зноў да нас вясна, Ветла зь неба сонца гляне, Ачуняе старана. Не бядуй, што цяжка стала Жыць у вечнай цемнаце, Што нас доля вечна гнала, Што жывём у беднаце. Не бядуй, што зьвісьлі хмары, Што нам сонца не відаць, Не бядуй, што ўноч пажары Сталі неба заліваць, — Дымам пойдзе ўсё ліхое, Ўсё, што душыць нас і гне. Вер, брат, — жыцьце залатое Будзе ў нашай старане.

*** Толькі стогне зямля…

Толькі стогне зямля, Толькі вецер шуміць, — Ў нашым бедным краі Ўсюды ночка ляжыць. Што ж? Сьцяліся, туман, Покі восень стаіць: Восень — сьвята тваё, Ўсюды цемень ляжыць. Не маўчы ж ты, сава, Ў цёмным лесе гукай, Ведай, ночка — ня год, Заварушыцца гай…

*** Што вы, хлопцы, спахмурнелі…

Што вы, хлопцы, спахмурнелі? Ці каго вы пахавалі? Ці няшчасьце так здалела, Што нуда апанавала? Плюньце, хлопцы! Засьпявайма, Каб аж вокны задрыжалі! Ва ўсе грудзі загукайма, Каб і думкі паўцякалі! Ці ж мы будзем вечна гнуцца, Апускаць бязвольна рукі? Няхай сьлёзы больш ня льюцца, Няхай нас ня знаюць мукі! За работу жыва, жыва! Каб нас доля не ўшчувала, Каб ня сохла наша ніва, Каб нуда нас больш ня гнала!

V. С турмы

Турэмная камэра

Цесна камэра, як клетка, — Вузкі ход праміж дзьвюх нар; Пры вакне жалеза сетка, Над дзьвярамі «каляндар», Разьлінеены ў радочкі, Ды «буфет» зь пяці дасок. У павуцьці ўсе куточкі, Ў пыле кожны вугалок. Два ваконцы, дзьве рашоткі, Два цабэркі для вады; Столік, вузкі і кароткі, Сеньнікі у два рады. Абабіт пабел усюды, А праз столь цячэ вада. Ў закарвашках зьвярок руды, Клоп і ўсякая брыда. Пахне потам чалавечым… Цяжкі, сьпёрты, кіслы дух. Рана ўстанеш — дыхнуць нечым, Проста вешай хоць абух.

Катаржнікі

Цесны дворык. Непрыгожа! Дзьверы пад замкамі, У тры сажні агарожа, — Глуха, як у яме. Толькі бразгаюць кайданы Дзікім бразгатаньнем, Звон пакуты, звон паганы Аддае стагнаньнем. Будзіць звон той боль у сэрцы, Смутак наганяе. Цяжка, цяжка ў паняверцы! Ой, доля ліхая! * Сьвеціць сонца, жарам пыша, Ў небе — ні хмурынкі. Лёгкі ветрык сад калыша, Гойдае галінкі Ды жартліва задзімае — Накурыць, напыліць, Пух угору падымае, Красачку пахіліць. Прабяжыць і ціха стане… Зьвякаюць кайданы. Ў гурт сышліся катаржане, Від іх змардаваны. Вось на лаўку яны селі, Галовы спусьцілі, Думкі моцна іх здалелі, Сэрца засмуцілі. Не згадаць іх дум маўклівых, Дзе яны іх носяць — Мо гуляюць там, на нівах, А мо волі просяць. Катаржане — хлебаробы, Дзеці вёсак, поля: Таго бойка з-за худобы Прывяла ў няволю, Той з суседам пасварыўся, Ў таго зяць паганы, А той, з братам як дзяліўся, Зарабіў кайданы, Той за нораў свой сярдзіты Ці за лішак жару… Гэта — цёмны люд, забіты, Беднаты ахвяра. * Што за думкі — не згадаю: Цьмяна іх гаворка. Адно толькі добра знаю: Горка людзям, горка!

У вастрозе

Нудна Сьцёпку за рашоткай, Нудна, эх, старому! Плачуць думкі, рвуцца думкі Сьцёпкавы дадому. Дома жонка, дома дзеткі… Бог сьвяты іх знае, Як жывецца небаракам Там, у родным краі! Ходзіць Сьцёпка з вугла ў вугал Ды зірне ў аконца: За рашоткай відно неба, Хмарак валаконцы. Эй, хмурынкі! Плывяце вы У старонку тую, Дзе пакінуў я сямейку, Хатачку старую! Ох, паплыў бы я, здаецца, Хмаркі, разам з вамі, Каб на вёску сваю глянуць Нуднымі вачамі. Там, далёка, за дамамі, Разьляглося поле, Лес, узгоркі і курганы… Эх, прастор там, воля! Дзесь у полі дым сінее — Бульбу люд капае. Сьцёпка ж бедны так марнее, Долю праклінае… Ляжа Сьцёпка спаць на нары, I праз цэлу ночку Сны аб роднай вёсцы сьняцца, Аб сваім куточку!.. Нудна Сьцёпку за рашоткай, Нудна, эх, старому! Плачуць думкі, рвуцца думкі Сьцёпкавы дадому.

Сон у турме

Рана Сьцёпка абудзіўся I ляжыць — ня сьпіцца: Сон яму такі прысьніўся — Толькі падзівіцца! Быццам жыта сеяць выйшлі Ў поле пры дарозе, — Сьцёпку нават зышло з мысьлі, Што ён у астрозе, — Поле сонцам скрозь заліта,— Шырыня, раўніна! Глеба тлуста, сакавіта — Чарназём ды гліна. Не дакінеш проста вокам Да суседскіх межаў, А на лузе іх шырокім Што ні стог, то вежа! I суседзі тут у полі Ходзяць з карабкамі, Сеюць жыта на прывольлі, Рэжуць дол плугамі, Робяць гоні і разоркі… Ветрык ціха вее. Трохі воддаль на прыгорку Вёска іх чарнее. З-за сялянскіх хат адметна, Між гумён, адрынак, Пазірае так прыветна I Сьцёпкаў будынак… Углыбіўся Сьцёпка ў мары, Думцы ўвесь аддаўся, Пра астрог забыў, пра нары, Дзе ўсю ноч валяўся. Тут ён целам, там — душою, Там, у родным полі, Дзе хадзіў ён за сахою, Дзе пазнаў нядолю. Ды забыта ўсё ліхое, Ўсё, што дух смуціла, Засталося дарагое, Што так сэрцу міла. Але зараз расьсьвітала, Нудны дзень вярнуўся. Сон і мары — ўсё прапала, Як астрог ачнуўся.

Пісьмо з турмы

— Напішы мне, калі ласка, Пісямко дахаты! Піша з дому мне Параска, Што сын здан ў салдаты… Охо-хо! — Пракоп ўздыхае, Джургае чупрыну, А ў руках пісьмо трымае I канверцік сіні. Просіць шчыра грамацея, Нават шапку скінуў. Сам Пракоп пісаць ня ўмее — Дзе? Ў бядоце гінуў! Гадаваўся на мякіне, Жыў з худобай змалку, Смак жыцьця пазнаў на сьпіне, Высах сам у палку. А нарэшце вось папаўся Ў сьпісак арыштанцкі. А за што? Нібы зьбіраўся Падпаліць лес панскі! — Што ж табе пісаць, старэнькі? — А пішы, нябога! Жонка, сын мой даражэнькі! Шлю паклон з астрога. Сэрца мне баліць, і вас я З думак не спускаю. Кожны Божы дзень і час я Дом успамінаю. Жонка мая дарагая! Ты ня скрыўдзь Івана. Калі грошай не хватае, Папрасі ў Сьцяпана. Няхай Сьцёпка не баіцца — Аддамо з падзякай. Хлопцу ж трэба хоць акрыцца, А ня йсьці сабакам. Спраў кажух яму і боты, Выпраў, як і людзі. Дай з сабою колькі злоты — Весялейшы будзе. Калі корму досыць маеш, Падкармі больш сьвінку, Мо якую захаваеш На Вялікдзень шынку. А калі на грош няхватка Або корму мала, Закалі і з паўдзесятка Фунтаў прышлі сала… Сын мой! Снасьці рыбаковы Добра ты прыпратай — Згодзяцца, а венцер новы — Маеш час — залатай. Захавай, мой сын, прашу я, Човен у адрыне, Няхай вецер не сьвідруе, Няхай так ня гіне. Ўсё, што можна, захавайце, Пакуль я вярнуся. Нераток стары аддайце Міхалю з Габрусем. Кнігі ўсе, апроч Псалтыра, Вы аддайце Грышку, Хай сабе чытае шчыра, Бо ён любіць кніжку. Дарагі сын! Перад здачай Да мяне зайдзі ты, Можа, болей і ня ўбачу, Не пачую, дзе ты. Не смуткуйце, не бядуйце — Дасьць Бог спосаб новы. Што ж ты зробіш? Пагаруйце… Будзьце ўсе здаровы!
Поделиться с друзьями: