Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:
Благаслаўлён сын, які за Маці чэсьць гатоў да бітвы стаць нябарна: свабоды дзень для ўсіх сваёй крывёй купіць ахвярна… Благаслаўлён будзь, каторы адплату кроўную дасьць за кроў і ворага прымусіць імя Беларусі чціць… Хай прыйдзе ён, як Бог, адзет у помсты тучу: пад громаў гук, маланак блеск, пад славы песьнь пявучу!

…А сёмай гадзіне ўвечары ў сераду 24 траўня ў Беластоку па брукаванцы вуліцы Сянкевіча тарахцела ў накірунку да Палескай станцыі шырокая калымага, а на ёй — пяць суспеш збітых з негабляваных дошак трун-скрынак. За калымагай зморана крочылі ўзброеныя жандары. Паглядзець на жудаснае відовішча з рэстарацый і крамак выходзілі гарадчукі.

–  Гэта расстраляных сёння бандытаў вязуць… — мовіў даўгавязы дзяцюк з кароткімі вусамі.

–  Якія бандыты? Яны ж свайго дамагаліся… — ціха абурылася жанчына ў вылінялай вясковай хустцы, яшчэ раз зірнула ўслед працэсіі і схавалася ў дворык.

Аднаго з паўстанцаў-партызан — Тамаша Баброўскага, які цудам выжыў пасля пажару ў Горадні і, толькі ачуняўшы ад апёкаў, напрасіўся на новае заданне — забілі апошнім і адразу ж уклалі ў дамавіну. Куля разарвала Тамашу сэрца; кроў праз шчыліны ў дошках — якраз калі калымага праязджала перад крамнымі лаўкамі — пачала капаць-сцякаць на брукаванку.

–  О Матка Боска! Кроў! — піскнула нейкая кабета і закрыла даланёй вочы…

На другі дзень у беластоцкай «Свободной мысли» відаводца карнай працэсіі пісаў:

«Каму і навошта трэба было дэманстраваць гэтае жудаснае відовішча на многалюднай вуліцы, сярод белага дня… Кроў — заўсёды кроў. Яна п'яніць, як відно, яна аглушае, яна палохае, яна расхіствае натоўп. І не трэба паказваць яе дарэмна».

Праз некалькі дзён польская паліцыя схапіла раённага атамана паўстанцаў Тамашука, які дзейнічаў пад псеўданімам Андрэй Пятрэнка. Прыкладамі яму пераламалі некалькі рэбраў, затым прывязалі пад калені палку і білі па пятах — пакуль не пачало адставаць ад касцей цела… Абвязвалі праколатым цвікамі й шпількамі поясам і білі па ім, клалі на раскаленае жалеза.

–  Гіну, але мае браты-беларусы… — сабраў усе сілы і выкрыкнуў Тамашук, — …прагоняць вас са сваёй зямлі і ўбачаць незалежную Бацькаўшчыну!

Гэта пачулі не толькі жаўнеры, але й іншыя палоненыя партызаны.

–  Убачаць, атаман! — адказаў Тамашуку селянін з разбітым носам. Адзін з сепачоў падскочыў і адсек яму вуха.

–  Каб менш слухаў! — злосна рыкнуў…

Арышты пашыраліся. Да Скамароха прыйшла яшчэ адна жудасная вестка: схапілі бацьку — Дзям'яна Шыманюка. Скамарох сабраўся ісці дамоў — ратаваць бацьку.

«Яны ж мяне шукаюць», — абураўся.

Ледзь адгаварылі яго: ці выправіць гэтым што?

Пасланцом у ягоную вёску Грабавец напрасіўся Васіль Муха — каб даведацца пра ўсё на месцы. Вяскоўцы стоена распавядалі, як білі Дзям'яна Шыманюка:

«Галава ўся ў ранах была, ногі страшэнна пакалечылі — паламалі на пятах косці…»

Калі ж 19 чэрвеня выпушчаныя з турмы Дзям'ян разам з нявесткай дабраліся да Грабаўца, суседзі, гледзячы на іх, плакалі: Барбара была ўся ў сіняках, пераламаная рука падвязана да шыі шнурком… Дзям'ян жа пазіраў наўкол і ўсміхаўся — не стрываўшы пакутаў, дзед звар'яцеў.

Ад Скамароха прыхаваць такое было немагчыма. Атаман хацеў застрэліцца — не далі сябры…

Адна бяда, як вядома, не ідзе — другую за сабой вядзе… Францішак Аляхновіч мусіў у турботным артыкуле для травеньскага нумара «Беларускага Звона» — «Беларусаў вывозяць з бацькаўшчыны» — пісаць:

«Нядаўна ў сваім м. Мігаўцы Радашкоўскай гміны… - і міжволі ўзгадваць мігаўскі дворык Уласава, зараз, пэўна, у зеляніне, у садовай квецені… дзесь і сыны-падшыванцы Уласава па двары гойсаюць… — арыштаваны і вывезены ў канцэнтрацыйны лагер углыб Польшчы стары беларускі дзеяч Аляксандр Уласаў. Абвінавачваюць яго ў Савінкаўскай, нібы то, рабоце, хоць у той самы час запраўднага савінкаўца, які жыў у аколіцах Радашковіч, п. Гаінкевіча толькі папрасілі выехаць. Беларускія колы вельмі ўзрушаны такой бязпраўнасьцю і лічаць гэта за новы спосаб з боку польскага ўраду пазбавіць беларускі народ яго інтэлігенцыі».

Уласаў праз некторы час нейкім цудам — апынуўшыся на волі — зможа атрымаць у польскіх уладаў дазвол на… адкрыццё ў Радашковічах беларускай гімназіі. Яе дырэктарам прызначаць вядомага беларуса — ксяндза Абрантовіча.

…Аляхновічу зноў мроіліся маляўнічыя лясныя ўзгоркі пад Радашковічамі. Ён любіў той край — з хваёвымі ўзлескамі, з рэчкамі й лугамі, - вясною ў духмяна-п'янкай лотаці. А да ўсяго куток той меў… вёску, якая паўтарала ягонае прозвішча! Вёску Аляхновічы! Некалькі разоў ён быў там, гасцяваў у хаце, што стаяла найбліжэй да Вілейскага тракта — у гаспадара Ракіты. Пакінуў таму — «на ўсялякую прыгоду» — свой віленскі адрас, і раптам — з тыдзень назад — атрымаў ад Ракітавага сына няўмела складзены доўгі ліст… З польскага войска вярнуўся ў свой маёнтак Зыгмантова пан Гідрусь, але ваяцкі дух не выветрыўся з яго. Ноччу напаткаў начлежнікаў — двух аляхновічаўцаў, Ракіту з суседам, — і, штось гыркнуўшы, стрэліў у іх з рэвальвера. Забіў Ракітавага суседа, пагражаў і самому Ракіце — за тое, што нібыта коні былі навязаны на ягоным, Гідрусёвым, дзірване… Раніцай Гідруся забрала паліцыя, а праз тры дні ён зноў быў на свабодзе: змог апраўдацца, распавёўшы аб тым, што яго хацелі забіць канапасы, а ён адно бараніўся. Гідруся выпусцілі з пастарунка, а схапілі замест яго нявіннага Ракіту…

З лістом з Аляхновічаў да Аляхновіча прыйшло паведамленне з Латвіі ад Езавітава — аб тым, што ў Люцынскім павеце працуе ўжо 31 беларуская школа. Сябар перадаваў — для «Беларускага Звона» — падрабязныя статыстычныя дадзеныя за 1921 / 1922 навучальны год: лік беларускіх настаўнікаў - 72, лік вучняў: дашкольных клясаў - 739, І клясы - 772, ІІ - 541, ІІІ - 244, IV - 81, V - 13, VI - 0, разам - 2390, з іх беларусаў - 2094, каталікоў - 681, праваслаўных - 1390, хлопцаў - 1362, дзяўчат - 1028.

Езавітаў пісаў:

«Сялянства надта зруйнавана вайною і рэквізіцыямі бальшавіцкіх улад і да гэтага часу яшчэ не змагло ўмацавацца <…> многія сямейкі сядзелі ўсю зіму без ботаў і вопратак у хатах. Лютая зіма і вялікі сьнег ня мала перашкаджалі школьнай працы <…>.

Вестка аб адчыненьні Беларускай Гімназіі ў Дзвінску вельмі ўзрадавала люцынскіх беларусаў, і яны пастанавілі звярнуцца да Міністэрства Прасьветы Латвіі аб адчыненьні Беларускай Гімназіі і ў Люцыну. Люцынскі адзьдзел Таварыства «Бацькаўшчына» атрымаў ужо запэўненьне ў тым, што Беларуская Гімназія будзе адчынена ў Люцыну».

У жніўні 1922 года ў Люцыне закончацца курсы беларусазнаўства для настаўнікаў беларускіх школ, якія вяла Паўліна Мядзёлка. Адбылася ўрачыстая вечарына. Распачынаўся і рамонт будынка беларускай урадавай гімназіі ў Дзвінску. Беларускі адзьдзел міністэрства асветы Латвіі асігнаваў на гэта 300 000 рублёў.

Алтар незалежнасці

У Коўну да старшыні ўрада БНР Ластоўскага рознымі шляхамі прыходзіла з Горадзеншчыны і Віленшчыны інфармацыя пра здзекі польскіх уладаў з безабаронных жыхароў-беларусаў.

Поделиться с друзьями: