Пляц Волі
Шрифт:
На нашым шляху
У адным з клясаў Віленскай беларускай гімназіі сталы расстаўлены ўкруга. Вокны расчынены ў ціхі дворык, але ў памяшканні горача — на горад наступала чэрвеньская спёка.
– Трэцім тостам прапаную ўганараваць усіх закаханых… Шчасця ім у вольнай Беларусі! — Луцкевіч адпіў з келіха віна і задуменна хітнуў галавой: — Горкае, падаецца…
– Запраўды горкае! — далучыліся госці: Гарэцкі (толькі пазаўчора вярнуўся з выгнання ў Вільню), Аляхновіч, некалькі настаўнікаў. Адно Жылка (ужо некалькі месяцаў таксама жыў у Вільні, працаваў у кнігарні, якая забяспечвала падручнікамі беларускія школы ў Літве і Латвіі; жыў небагата, харчаваўся ў бясплатнай сталоўцы для інтэлігентаў, адкрытай амерыканскім Чырвоным Крыжам) ціхмяна ўсміхаўся — да віна не дакрануўся.
Маладыя — Наталля Арсеннева і Францішак Кушаль — сціпла пацалаваліся.
Гарэцкі перагартаў здвоены нумар «Нашага Шляха» (за красавік - травень) [45] , вершам падпісаны яму Арсенневай, і ўрачыста мовіў:
– Віленскі шлях збяднее на двох хадакоў, затое на беларускай дарозе з'явілася новая сям'я.
Усе ўжо ведалі, што Наталля, перапыняючы настаўніцкую працу і вучобу ва універсітэце, ад'язджала за сваім мужам — Францішка, афіцэра польскага войска (штабс-капітанам беларускага прабыў ён да самай яго ліквідацыі), пераводзілі на захад Польшчы. Сёння ладзілі і вяселле, і развітанне…
45
У ім былі змешчаны творы Наталлі Арсенневай, Канстанцыі Буйло, Зоські Верас і іншых маладых літаратараў.
«Рознародны і багаты зьмест часопісі, – пісаў пра яго ў «Беларускім Сьцязе» (1922, № 2, с.53) Вацлаў Ластоўскі, – новыя імёны маладых працаўнікоў, а яшчэ болей новыя, сьвежыя, сьмелыя думкі акрыляюць чытача надзеяй і верай у нашу сьветлую будучыну. «Наш Шлях» загаварыў <...> дзе трэба здаровай прозай <...>, а дзе – чыстай паэзыяй і здаровым маладым рамантызмам .<...> Вершы Арсеньневае – гэта істотна кветкі паэзыі .<...> Зоська Верас годная ў гэтай маладой плеядзе таварышка. Адну мы прымушаны зрабіць увагу нашым маладым таварышам па пяру: зьвяртайце больш увагі на чыстату мовы».
Луцкевіч, Аляхновіч і Жылка пайшлі дамоў разам.
– Бачу, — першым не стрываў Аляхновіч, — што і Уладзя наш як на раздарожжы…
– Так. — Жылка здзівіўся, зірнуў на Аляхновіча. — І мне ў Вільні застацца не выпадае. І жандары наведваліся, і ў навабранцы ўпісаны…
– Я пра сямейную роздараж… Можа, дзе і ты паненку прыхаваў? — Аляхновіч паспрабаваў адагнаць ад Жылкі змрочнасць, але — бачыў — безвынікова.
– Дык што — вырашыў падацца ў Латвію? — Луцкевіч, пэўна, ведаў пра памкненні Жылкі. — Калі так, то правільна. Нам у Коўне і Дзвінску патрэбны парламенцёры. А галоўнае — там спакайней будзе…
У жніўні — каб не быць арыштаваным і не сесці ў Лукішкі — Жылка выехаў у Коўну. Ковенскі ўрад БНР дамогся яму месца ў санаторыі Бірштаны — каб падлячыцца. А восенню Жылка пешшу перайшоў літоўска-латвійскую мяжу і дабраўся да Дзвінска, дзе быў залічаны ў 10 клясу Дзвінскай беларускай гімназіі і атрымаў пакой у доме гімназічнага дырэктара, знаёмага па Вільні, - Івана Краскоўскага.
18 чэрвеня ў Лондане збіралася Вярхоўная Ліга Нацый, якая мусіла абмеркаваць найбольш важныя пытанні грамадска-палітычнага жыцця — сярод іх і пытанне аб нацыянальных меншасцях у Польшчы.
Беларускія палітыкі аднавілі звароты да эўрапейскага супольніцтва. Пётра Крэчэўскі адаслаў у Лондан дэкларацыю (у якой назваўся маршалкам Рады БНР):
«<…> Пытаньня аб меншасьцях як гэткага ў Польшчы німа. Усе нацыі, акром польскай, аднолькава прыгнечаны <…>.
Астаецца пытаньне аб акупаваных палякамі ня польскіх абшарах Беларусі, Украіны і Галічыны. <…>
Мы, беларусы, катэгарычна адкідаем усялякае супрацоўніцтва з палякамі ў форме меншасьці ў Польшчы. Абшары этнографічна беларускіх зямель павінны быць вернуты Беларусі ануляваньнем Рыжскага міру і нават лініі Кэрзона. Прызнаньне сувэрэнных правоў беларускага народу на гэтых землях будзе самай справядлівай разьвязкай беларускага пытаньня. <…>
Усё жывое і змагаючаеся за ідэю беларускага адраджэньня часьцю разстраляна, а ў большасьці морыцца дагэтуль у турмах і концэнтрацыйных лагерах Польшчы. <…>
Памалу, але плянова зьніштажаецца палякамі беларуская нацыя, ня толькі нацыянальна, але і прост фізічна. <…>
Вярхоўная Рада Лігі Нацый, прыймаючы пад увагу ўсе гэты гвалты над нацыянальнасьцямі, прылучанымі аружнай сілай да Польшчы, павінна сказаць сваё цьвёрдае і рашучае слова ў абарону паняволеных нацый. <…>»
Старшыня рады міністраў БНР Вацлаў Ластоўскі накіраваў на лонданскую канферэнцыю Лігі Нацый тэлеграму:
«Беларускае жыхарства акупаванай Польшчай Горадзеншчыны, Віленшчыны і часьці Меншчыны пазбаўлена ўсякіх нацыянальна-палітычных і чалавечых правоў. <…>
1. Карыстаньне беларускай мовай ва ўстановах і цэрквах забаронена;
2. Сыстэматычна зачыняюць беларускія школы: ва ўсёй Горадзеншчыне німа ўжо ніводнай беларускай школы;
3. Нешчадна прасьледуюцца беларускія грамадзка-палітычныя і культурныя арганізацыі;
4. 262 праваслаўных цэркві закрыты;
5. Разхічаецца ацалеўшае пасьля вайны беларускае нацыянальнае багацьце — у першы чарод лясы;
6. Землі беларускіх уцекачоў аддадзены польскай каланізацыі;
7. Усякая праява беларускай нацыянальнай самаістасьці і самаабароны нешчадна караецца <…>
Беларусы <…> ня хочуць, каб іхнімі сувэрэннымі і дзяржаўнымі правамі карысталіся іх гістарычныя і цяперашнія палачы. <…> Нараў і Буг гістарычная і этнографічная граніца Польшчы з Беларусьсю.
Ластоўскі <…>».
Працяг мартыралога
Крывавы мартыралог тым часам пашыраўся. Прэзідэнту Літоўскай Рэспублікі і ўсім прадстаўнікам эўрапейскіх дзяржаў і Амерыкі ў Літве 25 ліпеня 1922 года быў дасланы мемарыял з просьбай «паведаміць урады і грамадзянствы Эўропы і Амерыкі» аб гвалтах і здзеках польскіх улад з беларусаў Віленшчыны і Горадзеншчыны, якія не прызналі Віленскі Сойм і не схацелі ісці ў польскае войска, і прызначыць камісію Лігі Нацый. У мемарыяле падаваліся новыя страшныя факты:
«<…> Зьміцера Будзьку, старасту вёскі Бэршты Горадзенсканга павета білі дошкай датуль, пакуль з вушэй і носу не паказалася кроў, а затым кінулі на «растурзаньне» сабакам; Валадзімеру Васілевічу (тая ж вёска) за брата, які адмовіўся пайсьці ў польскае войска, парэзалі цела і, пасыпаўшы сольлю, цкавалі сабакамі; Язэпу Сяргейчыку (тая ж вёска) убілі ў ногі гарачыя шомпалы ад карабінаў; <…> цяжарную Марыю Шаставіцкую (тая ж вёска) за сына зьбілі так, што яна раней часу радзіла; Тумаша Шчаснулевіча (58 гадоў, вёска Марцінкавічы Троцкага павета) жандары зьбілі да паўсьмерці — за тое, што не дазволіў пасьвіць коні на сваёй пожні; <…> за тое, што Іван Брыкач (з вёскі Алішковічы Астрынскай воласьці) ня хоча ісьці ў польскае войска і хаваецца ў лесе, да сьмерці зьбілі яго бацькоў, а таксама ўсіх аднавяскоўцаў, маёмасьць разрабавалі <…>»
«Турмы перапоўнены грамадзянамі акупаванага краю, — пісалася ў мемарыяле. — Зусім разграблены жандарамі і салдатамі сялібы Троцкага павету: Марцінкавічы, Ліпіца, Шумы, Крокшлі, Кобелі, Даржэлі, Маргевічы, Канянішкі і інш., Лідзкага павету: Зенякі, Алішковічы, Новы Двор, Астрына, Абруч, Рыбакі і інш. Пералічаныя факты толькі часткова асьвятляюць польскія гвалты і вылічаюць самую нязначную частку таго, што вытвараюць палякі-акупанты над гаротным жыхарствам Віленшчыны і Горадзеншчыны»