Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Мухава карова

Аціхлі ў краі і партызанскія выступленні. Перамагчы рэгулярнае войска, вядома ж, не ставала сілаў. Кіраўнікі паўстанняў разумелі гэта. Урэшце, разумелі і тое, што трэба захоўваць жыцці, жыцці лепшых беларусаў. А да ўсяго — у беларускую партызанку з БССР пачала ўглыбляцца бальшавіцкая выведка, і ўзнікала пагроза перарастання нацыянальна-вызвольнага збройнага руху ў бальшавіцка-антыпольскі.

Але не ўсе партызаны восеню пакінулі лясы. Па краі пайшоў погалас пра атрад Мухі.

«Хоць ужо скора маразы, але нашая Муха яшчэ жывучая, — на кірмашах пераказвалі адзін аднаму, пыхкаючы самакруткамі, мужыкі. — Чутно, на днях напаў на станцыю Лунінец і забраў з касы тры мульёны марак. І панам-абшарнікам пуду задае…»

А яшчэ праз тыдзень пайшоў новы погалас… Васіль Муха, чыё прозвішча лічылі атаманскім псеўданімам, сустрэў у лесе бабульку, якая ішла на торг купляць карову.

–  Вось толькі, добры чалавеча, баюся, што грошы не хопіць, — бяззуба прашамкала старая.

–  А ці здароўя за каровай хадзіць хопіць? — усміхнуўся Муха і заліхвацка пакруціў «мікалаеўскі» вус.

–  А як жа! Трэ ж унукаў гадаваць. Асірацелі… Летам дзед з сенам расстараўся.

–  Вунь як, — цмокнуў Муха, дастаў з кішэні пакунак — тысяч з дзвесце марак — і даў старой: — Гэтага яшчэ і на быка хопіць…

А купіўшы добрую кароўку, старая вазьмі ды пахваліся пра свайго ляснога дабрадзея… І вось ужо месяц не мае спакою: паліцыя, як толькі затрымае падазронага, валоча ейныя старыя косці ў пастарунак — каб пазнавала Муху. Кляне цяпер старая і Муху, і ягоныя грошы…

Марш адраджэнца

Цяжка даваліся прыродзе вёсны 1923-га, 1924-га і 1925-га. Адна за адной — як у падбор — абуджаліся марудна, стомлена. Раскатурхае днём павышэлае сонца сонную зямлю, размякчыць, падсушыць і адагрэе нават, — а за ноч яе зноў мароз скуе, нават аснежыць можа. І зноў… І так — амаль да пачатку траўня…

А да ўсяго — і навіны не сагравалі. Праўду ўсё ж кажуць: дзе коратка, там і…

Ластоўскага змусілі пайсці ў адстаўку. 23 жніўня адбылася «рэарганізацыя» ўрада БНР. Міністрам асветы стаў Варонка, міністрам фінансаў Захарка, дзяржаўным кантралёрам — Заяц, дзяржаўным пісарам — Пракулевіч. Прэм'ерам і міністрам замежных спраў стаў «прыгрэты» Ластоўскім Цвікевіч. У лістападзе 1923 года Рада і ўрад БНР пераехалі ў Прагу. Цвікевіч нечакана пачаў гнуцца да зліквідавання ўрада БНР. І ўлады БССР актывізавалі сваю дзейнасць. Беларушчыне ж — па ўсім — аніадкуль палёгкі не чакалася…

Вось і прарвалася ў душы Езавітава штось няўлоўнае, апякло — і наперад паклікала… У дваццаць восьмы дзень траўня 1923 года сеў было адпісаць ліст сябрам — а подумкі нечакана ў верш выліліся, подумкі няроўныя, нястрымныя — толькі верлібрам і ўлоўленыя; і ўнутры як завіравала штось, як штось ад стала адштурхнула… І сэрца болесна застукала…

Ведаем мы, пральецца ў нас кроў, ведаем — многа сыноў Беларусь на Аўтар Незалежнасьці ўзложа! Але ж будзем мы зноў меці волю дзядоў, але ж шлях да Свабоды старонка праложа! <…> Без крыві і ахвяр ніхто долі ня ўзяў, ніхто праўды нідзе не дамогся, і калі наш народ меч для помсты падняў, - Бог даруе! — бо вякі ён цярпеў, і прасіў, і маліўся.

Ён жа — Кастусь Езавітаў — ужо колькі гадоў змагаўся на ніве асветы. Але й тут не абыходзілася без ахвяраў: летам 1924 года латвійскія ўлады арыштавалі восем беларускіх настаўнікаў, сярод іх — і Івана Краскоўскага, і Андрэя Якубецкага, і Паўліну Мядзёлку, і яго — Езавітава, — і абвінавацілі ў «актыўным удзеле ў злачынным таварыстве Латгаліі, якое ставіла сабе за мэту адарваць ад Латвійскай дзяржавы тэрыторыю Дзвінскага, Рэжыцкага, Люцынскага і часткова Ілукштанскага паветаў і далучыць іх да Беларускай дзяржавы»…

Следства доўжылася некалькі месяцаў, і калі на судзе 2 красавіка 1925 года Езавітаву прад'явілі «доказы»: этнаграфічную карту Беларусі, знойдзеную падчас вобыску ў ягонай кватэры ў Люцынцы на Латгальскай вуліцы ў доме № 64, а таксама падручнік Аркадзя Смоліча «Геаграфія Беларусі» (які выкарыстоўваўся ў беларускіх школах Латвіі) і змешчаную ў ім карту «Палітычны падзел Беларусі ў 1920 годзе», — ён усміхнуўся, чым здзівіў не толькі суддзяў, але й абвінаваўцаў.

Беларусаў на судзе абаранялі лепшыя адвакаты Латвіі — Шмідт і Гольцман, і — з прычыны неабгрунтаванасці абвінавачванняў — 4 красавіка ўсе былі апраўданы.

— Гэты працэс, — сказаў у сваёй прамове Езавітаў, - шмат што высвеціў у нашым жыцці. Па-першае, мне сорамна за тых, хто фармуляваў наша абвінавачванне: «далучэнне Дзвінскага й іншых паветаў да Беларускай дзяржавы»… Да якой дзяржавы?! Захопленай бальшавікамі Беларусі, ператворанай у БССР? Заходняй Беларусі, у якой пануе польскі жаўнер? Сорамна, панове… Па-другое ж, мы сведкі перамогі дэмакратычнай Латвіі, якая знайшла ў сабе сілы ва ўсім справядліва разабрацца. І сёння, насамрэч, судзілі не нас, беларусаў Латвіі. Сёння асудзілі латвійскіх шавіністаў, па даносах якіх і распачалася гэтая справа. Прозвішча аднаго з іх я хачу, каб прагучала ў гэтай зале — прозвішча латвійскага амбасадара Вяржбіцкага. Няхай і іншыя з гэтай «гвардыі» задумаюцца…

Праз некалькі дзён Езавітаў нечакана атрымаў лісты-віншаванні з вызваленнем і перамогай — ад Рамуальда Зямкевіча і Вацлава Ластоўскага.

«Дык наперад жа, браце! — пісаў Ластоўскі. — Сядай, як і я, манахам да ціхае творчае культурнае працы…» (Ластоўскі на той час — адышоўшы ад палітыкі — выдаваў культурна-мастацкі штомесячны часопіс «Крывіч» і быў самым актыўным яго аўтарам.)

Але перамога на судзе была толькі сімвалічнай. Мядзёлка і Краскоўскі, якія не мелі латвійскага грамадзянства, мусілі пакінуць краіну. Быў зліквідаваны беларускі адзьдзел пры міністэрстве асветы — і Сяргей Сахараў застаўся без працы. Замарозіла дзейнасць таварыства «Бацькаўшчына».

У 1925 годзе Люцынскую гімназію далучылі да Дзвінскай, а Езавітава звольнілі з працы. Прыгнечаны апошнімі здарэннямі, ён пераехаў у Рыгу, дзе падчас следства адседзеў доўгіх адзінаццаць месяцаў…

На новую рыжскую кватэру да Езавітава завітаў незнаёмы госць — мужчына гадоў сарака, жоўтавалосы, даўгавязы. Прывітаўся па-беларуску, назваўся і па-беларуску — хоць крыху і з вымогай — гаварыў далей:

–  Прабачце, што без папярэджанняў… - Учэпіста зірнуў на стол — увесь закладзены выразкамі, дакумэнтамі, газэтамі, кнігамі (Езавітаў яшчэ не паспеў пасля пераезда ўпарадкаваць свой архіў). — Я да вас з Варшавы, ад беларускага амбасадара Ульянава… Ведаем пра вашы няшчасці. На жаль, у падобным бяспраўі і беларусы Заходняй Беларусі… - старанна гаварыў пра неабходнасць аб'яднання высілкаў пры выданні беларускіх кніг і часопісаў і ўрэшце падагульніў: — Словам, я накіраваны з добрым даручэннем — мы можам дапамагчы фінансава ў вашых пачынаннях, асветніцтве й выдавецкай рабоце.

Езавітаў быў агаломшаны… Прапанаваў госцю кавы, а затым толькі спытаў:

–  А хто гэтыя «мы», хто вызваўся на дапамогу?

–  Калі сама высока — урад БССР. Сёння ён выдаткоўвае вялікія сумы не толькі на беларускую справу ўнутры рэспублікі, але й за яе… граніцамі. Грошы ідуць да савецкага амбасадара ў Польшчы Ульянава. А дапамога ж патрэбна беларусам не толькі Польшчы!..

Езавітаў адглынуў кавы, уважліва зірнуў на савецкага пасланца і вырашыў праверыць «напрамкі»:

–  А што хочуць урад і амбасадар наўзамен?

Поделиться с друзьями: