Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

З Менска выехаў разам з Беларускай вайсковай камісіяй. Бачачы, што надзеі на падтрымку з боку Польшчы не спраўджваюцца, ён вёў перамовы з латвійскімі беларускімі арганізацыямі, каб разам ратаваць нацыянальную справу. Восень 1920-га — на Случчыне, удзельнік слуцкага антыбальшавіцкага змагання. З гонарам і шчасцем пісаў Цярэшчанка з фронта Езавітаву аб першым народным беларускім войску, якое давялося ўбачыць: аб першай брыгадзе слуцкіх стральцоў, якая некалькі тыдняў змагалася на адваяванай тэрыторыі Слуцкага павета. Але летуценні былі разбіты, брыгада знішчана, надзея на дапамогу Польшчы — растала…

Кузьма Цярэшчанка пакінуў палітыку, арганізаваў беларускую сельскагаспадарчую школу, пашыраў дзейнасць Саюза сельскай гаспадаркі на Віленшчыне, але мала што атрымлівалася. І ён пачаў ідэалізаваць Савецкую Беларусь, перабраўся ў Менск…

І вось — скрушная навіна пра смерць, як паведамлялі — на паседжанні «нейкага з'езда».

Змагарна наперад

Ці можа што-небудзь стрымаць вясну, сцішыць яе сакавітыя подыхі, перапыніць яе пракаветны поступ?

1922-ая вясна ад Нараджэння Хрыстовага абудзіла ў Ластоўскім-палітыку барацьбіта-паэта. Угодкі абвяшчэння незалежнасці БНР ён вітаў вершам-поклічам — сваім паэтычным дэбютам:

Наперад, змагарна наперад! Да волі цярэбячы троп, — Штодзённа ўскіпаем мы гневам І помсту шлюбуем па гроб! …Праметну заборчасьць, падзелы І зьдзекі, і крыўды, і пот — Бярэсьце і Рыгу ў дзень судны, Ў дзень помсты спамяне народ! Наездчык, — крыўдзіцель-грабіцель, — Спакойны стурбуем твой сон: Пасокаю чорнай тваёю Наш родны угноім загон!

На імя Ластоўскага ў Коўна прыйшло пісьмо ад Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Ціхана, у якім старшыні Рады міністраў БНР паведамлялася аб тым, што Вышэйшае царкоўнае ўпраўленне пастанавіла дазволіць Беларускім Епархіям карыстацца беларускай мовай.

«Прызываю бласлаўленне Божае і на Вашу працу і на працу ўсяго Урада Беларускай Народнай Рэспублікі», — пісаў Ластоўскаму праваслаўны патрыярх.

У сакавіку Ластоўскі падпісаў «Дэкларацыю ўрада БНР на чацвёртую гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларусі»:

«Доўгія сталецьці зьдзекаваліся і гнятлі нас чужынцы — рабавалі, абдзіралі, запрагалі ў ярмо. Крывёй нашай прасякла беларуская зямля, сьлязьмі прагорклі нашы воды. І ўбачылі, зразумелі і пераканаліся лепшыя сыны нашай многапакутнай бацькаўшчыны, што ня будзе жыць лепей беларускі гаротны народ да таго часу, пакуль ён ня стане гаспадаром у сваёй роднай старонцы, ня будзе жыць лепей датуль, пакуль ён будзе хадзіць у ярме, а чужынцы будуць панаваць над ім <…>.

…найбольш яскрава выявілася імкненьне беларускага народу да волі і незалежнасьці пад час паўстаньня ў Случчыне ў лістападзе і сьнежні 1920 году.

Слуцкае паўстаньне — гэта быў пратэст народу супраць Рыжскага міру паміж Савецкай Расіяй і Польшчай, каторыя выходзячы з прызнаньня права народаў на самаазначэньне, прызналі, у пункце першым таго ж Рыжскага дагавору, незалежнасьць Беларусі, а пасьля — незалежную Беларусь паміж сябе падзялілі, разарвалі на часьці жывы народны арганізм.

Ня гледзячы на тое, што Слуцкае паўстаньне было задушана з двох бакоў, гэта ё — маскоўскімі і варшаўскімі імпэрыялістамі — яно застаецца пуцяводнай зоркай у гісторыі беларускага вызвабадзіцельна-адраджэнчага і дзяржаўна-незалежнага руху. <…>

Ніхай жыве вольная, незалежная і непадзельная Беларусь!

Урад Беларускай Народнай Рэспублікі.

25 сакавіка 1922 году».

Вясна крочыла і па вуліцах Менска, і таксама — з вершамі і з непакорай.

22 сакавіка на ўрачыстым паседжанні ў гонар Янкі Купалы ва універсітэце ў будынку медыцынскага факультэта (былой габрэйскай рэальнай вучэльні) на Магазіннай вуліцы [42] ў халоднай зале, дзе лунала прадчуванне ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР, прамаўлялі напачатку рэктар Уладзімір Пічэта, Аляксандр Вазнясенскі. Далі слова Купалу, і ён — у заношанай бекешы няпэўнага колера з жаўтавата-шэрым каўняром — ціха, амаль без жэстыкуляцыі пачаў чытаць свой верш-споведзь «Перад будучыняй»:

42

Цяпер вуліца Кірава.

Стаім мы перад будучыняй нашай І ўсё варожым, сочым ейны ход… Ці ўскрэсьнем мы з душой, упаўшай, зьвяўшай, Каб выйсьці ў сьвет, як нейкі здольны род…

Напісаў гэты верш Купала 24 студзеня, адразу, як даведаўся пра арышты віленскіх беларусаў — і як у пастцы ўяўлялася яму краіна і народ: і тут, і там чаўрэлі надзеі…

Заціснуты, задушаны, як мышы Пад жорсткім венікам, з усіх бакоў, Шукаем, як сьляпыя, не згубіўшы Таго свайго, што наша ад вякоў. …Цябе чакаем, будучыні нейкай, Што прыйдзеш, недзе ўсіх нас павядзеш, І гінем марна пад чужой апекай, Адбіўшыся ад родных вехаў, меж.

І зноў, як і два гады таму, бачыў Купала ў сваім краі хцівых паганцаў, бачыў за сваім сталом «блізкіх» і «далёкіх» чужынцаў:

А хтось далёкі ці хтось, можа, блізкі Засеў за наш бяседны, сытны стол І кідае, як з ласкі, нам агрызкі, А мы к зямлі з падзякай гнёмся ўпол. Аграбленыя з гонару й кашулі, З свайго прыпыну выгнаныя вон, Мы дзякуем, што торбы апранулі На нас ды з нашых нітак-валакон…

А тых, хто не схацеў чапляць на шыю торбу, ламалі і ў Вільні, і ў Менску…

Цішка Гартны ўсё ж дамогся ў Агітпропе выхаду новага літаратурнага часопіса «Адраджэньне». Летам 1922 года ён і з'явіўся — але яшчэ ў друкарні загадалі павыразаць з яго некаторыя старонкі: верш Купалы «Перад будучыняй» і рэцэнзію Лёсіка. А затым зліквідавалі і ўвесь тыраж.

Праз тыдзень пасля гэтага на Захараўскай — цяпер ужо Савецкай — Купала нечакана сустрэў Гартнага, спыніў і не прывітаўшыся агаломшыў:

–  Ну то з якім полымем цябе наноў чакаць?!

–  Ты, Янка, не наскоквай… — Гартны выглядаў стомленым. — Гэта з Масквы прыйшоў ліст аб тым, што «Адраджэнне» — назоў буржуазны і антырэвалюцыйны. Я ж дамогся быў назваць так!.. Дзень у Агітпропе праседзеў!

Купала змуліў вусны — і не стрымаўся:

–  Ды ты хоць у іхняй жопе сядзі, а не ў Агітпропе! Помніш, як у Смаленску скакаў перад абвяшчэннем Бэсэсэрыі? Ты ж на гэтае адраджэнне яшчэ тады яму выкапаў! Сагналі з паўсотні салдат-беларусаў, камісарамі — ад латышоў да палякаў — разбавілі: і БССР абвесцілі! Хто з Беларусі вас тады пасылаў?! А тым, хто пярэчыць пачынаў, рот закрывалі!

Поделиться с друзьями: