Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Яны зналіся яшчэ ад часу «Нашай Нівы». Ластоўскі рэдагаваў і спрыяў выданню першага зборніка апавяданняў Гарэцкага «Рунь». Былі і спрэчкі, і непаразуменні, ледзь не крыўды: калі рэдактар «Руні» спрабаваў «прапалоць» тэкст апавяданняў і замяніць некалькі слоўцаў з роднай аўтару Мсціслаўшчыны. Ды ўсё ж першай рэцэнзіяй — ухвальнай рэцэнзіяй — на выдадзены ў 1914 годзе зборнік «Рунь» была рэцэнзія Ластоўскага! Ластоўскі часта наведваў Гарэцкага, калі той пасля ранення на фронце лячыўся ў віленскім шпіталі — у тым жа, 1914-м. А пасля таго, як па прапанове Кнорына Гарэцкі пачаў супрацоўнічаць з бальшавіцкай «Звездой» (якая выдавалася ў Смаленску, а потым у Менску), паміж імі прабегла чорная котка. Гарэцкі пісаў артыкулы кшталту «Крах самостийности», а Ластоўскі гэтую самастойнасць высільваўся ўрэчаісніць.

Цяпер жа яны зноў былі па адзін бок барыкадаў…

На прыступках перад уваходам у гатэль Гарэцкі прыпыніўся, і калі Ластоўскі зноў запытальна азірнуўся, не стрымаўся:

— Жонка цяжарная ў Вільні засталася, і дачка, Галька, малая, толькі хадзіць пачала… У сакавіку год будзе…

Праз некалькі дзён «віленская троіца» накіруецца ў Дзвінск, дзе яе і сустрэне Езавітаў. Івану Краскоўскаму даручаць арганізацыю беларускай гімназіі, - да яго прыедзе жонка і дачка. Максім Гарэцкі з Дзвінска праз тры месяцы вернецца ў Вільню. 15 ліпеня ў яго народзіцца сын Леанід. Уладзімір Пракулевіч, займеўшы сабе надзейнага й імпэтнага памочніка — Васіля Муху, прадоўжыць стварэнне паўстанцкага «зялёнага» звяза…

Якраз перад тым Муха вернецца з Ліды, куды адкамандзіроўваў яго Езавітаў, і раскажа аб тым, што пасля трохмесячнай пярэрвы зноў пачала выходзіць «Вольная Літва» — газэта нацыянальных меншасцяў Літвы, якую — як і раней — рэдагаваў Язэп Варонка, раскажа і аб тым, што новы камандзір Першага беларускага палка ў Літве маёр Розманас загадам запатрабаваў, каб усе вайскоўцы палка па службе і ва ўсіх перапісках ужывалі толькі беларускую мову.

Зімой Мядзёлка пачала атрымліваць ліст за лістом ад Юзафа Дамброва, былога следчага акруговага суда ў Горадні («І адкуль толькі, - дзівілася, — расшукаў мой адрас?»), які колісь спрыяў ейнаму вызваленню з польскай турмы і быў закаханы ў яе. Юзаф зваў да сябе ў Горадню…

А Мядзёлка на Каляды ў лісце да свайго брата Зыгмуся, даючы парады наконт калекцыянавання марак, раіла напісаць Езавітаву — у Рыгу, на Нікалаеўскую вуліцу, 20 — і папрасіць у яго адраса якога-небудзь беларускага хлопца з Латвіі, які б хацеў весці перапіску і абменьвацца паштовымі маркамі.

«Толькі ня пішы, што я цябе навучыла! Скажы, што адрэс яго вычытаў у беларускай газэце. Падпішыся выразна…» — павучала Мядзёлка брата, хоць так імкнучыся… нагадаць Езавітаву пра сябе.

І хоць разумела, што найлепш ёй будзе ў Горадні з Юзафам, які меў там адвакацкую практыку, а сэрца прасілася ў Латвію. 18 ліпеня 1922 года ў ейным «Працоўным спісе» з'явіўся новы запіс:

«Прызначана выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры ў Беларускай дзяржаўнай гімназіі і на беларускіх курсах у Дзвінску»…

Супраць высылкі з Вільні беларусаў і літоўцаў запратэставалі не толькі беларусы і літоўцы, але і польскія левыя партыі. У перыёдыцы з'явіліся пратэсты розных арганізацый, адным з першых — пратэст агульнага схода габрэйскіх літаратараў і журналістаў ад 2 лютага.

Варшаўскі ўрад мусіў прызнаць дзеянні кіраўніцтва Сярэдняй Літвы недапушчальнымі. Польскі дэлегат у Вільні Тупальскі, дырэктар Дэпартамента ўнутраных спраў Сянкевіч і пракурор Пржылускі падалі ў адстаўку.

Але… прайшлі выбары ў Віленскі сойм, і 20 лютага яго дэлегаты выказаліся за далучэнне Сярэдняй Літвы да Польшчы. Не мог паўплываць на развіццё падзей і новы польскі міністр замежных спраў Скірмунт, які змяніў Сапегу.

Пра беларускія справы пачалі актыўна пісаць замежныя газэты. Чэшская «Tribuna» ад 5 сакавіка 1922 года (№ 55) паведамляла:

«Скірмунт, прыйшоўшы на змену Сапегу, быў таксама перакананы ў шкоднай польскай палітыцы, але не меў уплыву на развіццё падзей — выбары ў Віленскі сойм 8 студзеня 1922 г. Віленская ганьба саслужыла кепскую службу палякам за граніцай, і польскі ўрад імкнецца прыкрыць яе тым, што дае статут аб аўтаноміі… Ковенскі літоўскі ўрад пратэстуе… Англія і Францыя выказаліся супраць далучэння… Пілсудскі знаходзіцца ў цяжкім становішчы…»

Польскія і бальшавіцкія ж газэты «гарнулі» кожная ў свой бок. «Rzeczpospolita» ад 8 сакавіка 1922 года:

«…Беларусь, адарваная ад Польшчы, падпадзе пад Маскву і страціць сваю правінцыйную асобнасць, бо дух Масквы не ёсць духам, які шануе народныя асобнасці. Беларусь у звязку з Польшчай выдасць многа знакамітых палякаў, але застанецца Беларуссю і заўсёды будзе мець магчымасць самастойнага развіцця, калі толькі будзе мець духовыя сілы дзеля гэтага. Умацаванне польскага прадстаўніцтва на Беларусі важна не толькі для Польшчы, але і для Беларусаў, якія яшчэ аб гэтым не ведаюць…»

А бэсэсэраўская рускамоўная «Звезда» таго часу пераконвала ў іншым:

«…віленскія беларускія нацыяналісты, гэтыя балтуны і пустамолы, гэтыя людзі без стырна і без ветразей, што аніяк не могуць павярнуць сваёй калянай галавы на ўсход, якія даўно прадалі сваю «бацькаўшчыну», і яны палезуць у польскую арыентацыю, пабрыдуць за панам Алексюком, а тыя, хто не захоча гэтага зрабіць, а гэткіх будзе вельмі мала, — не па сваёй волі «пойдут искать по свете, где оскорбленному есть чувства уголок».

З агня — у полымя

Па календары яшчэ мусіла паўнапраўна панаваць зіма, але днём пачынала адліжыць, і каля вокнаў апошняга паверха Юбілейнага-Беларускага дома раслі аграмадныя ледзяшы. Пад абед яны ўжо не маглі стрымаць свой цяжар — адрываліся і з гохкатам біліся аб выступ падмурка.

У рэдакцыі на той час сабраліся амаль усе супрацоўнікі: Янка Купала, рэдактар літаратурна-мастацкага часопісу «Вольны Сьцяг», Язэп Лёсік, Змітрок Бядуля — сябры рэдкалегіі.

Чарговы нумар быў амаль падрыхтаваны. А палове першай дзверы расчыніліся і, колка бліснуўшы шкельцамі пенснэ, у пакой увайшоў Цішка Гартны, скупа прывітаўся, зняў паліто, шапку — паклаў на падаконне, сеў каля Купалы, падсунуўшы да ног партфель (свежыя матэрыялы газэты «Савецкая Беларусь», рэдакцыю якой узначальваў, заўсёды насіў з сабой), — і наструнена агледзеў прысутных.

Бядуля скрыпнуў услончыкам, на якім сядзеў, павярнуўся да госця і не без весялінкі пачаў з пытання:

–  Што, Зміцер, прынёс нам новага?

–  Новага? — Гартны нібыта абудзіўся. — Але, прынёс… — Зняў пенснэ, хацеў працерці запацелыя шкельцы, але не знайшоў у кішэні насоўкі і зноў паднёс да вачэй (так і глядзеў праз затуманеныя лінзы): — Навіна вось якая… — Голас выдаваў усхваляванасць. — На гэтыя часопісы, што вы друкуеце, больш грошай адпускаць не будуць…

Усе доўга маўчалі — ажно пакуль з паддашка зноў не адарваўся і з гохкатам не разбіўся лядзяш.

–  Друкарні яшчэ аплоцяць работу за апошнія нумары, а далейшае выданне іх спыняецца… — датлумачыў Гартны.

І зноў ніхто не прамовіў у адказ.

–  Пачнуць выдавацца іншыя часопісы, савецкія. — Гартны бубніў у нос. — А вам трэба пераключыцца на новы стыль работы… І яшчэ скажу: справы нашы пачынаюць ускладняцца…

–  Ты толкам раскажы, адкуль навіны прынёс, а не загадкі строй, — не стрымаўся Лёсік і адкінуў стары часопіс, які гэты час перагортваў.

–  Пастанавілі так у Агітпропе [40] . Заміж «Вольнага Сьцяга» будзе выдавацца часопіс «Полымя Рэвалюцыі»…

40

Адзьдзел агітацыі і прапаганды.

Поделиться с друзьями: