Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
Стар. 155. З часоў коласаўскага Сцёпкі Баруты… — Герой аповесці Я. Коласа «На прасторах жыцця».
Стар. 155. …што селянін на сваёй зямлі павінен гаспадарыць, знаходзіць на ёй творчы пачатак і паэзію працы… — Словы «гаспадарыць», «творчы», «паэзію працы» ў машынапісе падрэслены.
Стар. 158. В. Бялінскі — Бялінскі Вісарыён (1811–1848) — рускі літаратурны крытык, публіцыст.
Друкуецца са скарачэннямі паводле газ. «Літ. і мастацтва», 1964, 9 кастр., дзе ўпершыню апублікавана пад назвай «Галоўнае — праўда…». Запісаў А. Вярцінскі.
Датуецца часам першай публікацыі.
Друкуецца паводле «Лит. газеты», 1965, 5 чэрв., дзе ўпершыню апублікавана ў рубрыцы «По страницам „Полымя“».
Датуецца часам першай публікацыі.
Друкуецца паводле: Быкаў В. Зб. тв.: у 6 т. Мінск, 1994. Т. 6. Аповесць, апавяданні, драма, публіцыстыка. Упершыню ў кн.: Пра час і пра сябе. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў / склад. і падрыхт. тэкстаў Я. Казекі. Мінск, 1966, дзе апублікавана пад назвай «Тры абзацы аўтабіяграфіі». Друкавалася таксама ў кн. «Праўдай адзінай» пад назвай «Тры абзацы аўтабіяграфіі».
Датуецца паводле пазнакі ў кн. «Пра час і пра сябе» — 18 чэрвеня 1965 г.
Стар. 164. Майн Рыд (1818–1883) — англійскі пісьменнік, аўтар прыгодніцкіх раманаў.
Стар. 164. Джэк Лондан (1876–1916) — амерыканскі пісьменнік, найперш вядомы як аўтар прыгодніцкіх апавяданняў і раманаў.
Стар. 164. Гайдар Аркадзій (сапр. Голікаў; 1904–1941) — расійскі дзіцячы пісьменнік, удзельнік Грамадзянскай і Другой сусветнай войнаў.
Стар. 165. Быў два разы паранены, ляжаў у шпіталях… — У сапраўднасці Быкаў быў паранены тройчы, але ў шпіталях ляжаў двойчы (у студзені — красавіку 1944 г., у снежні 1944-га — лютым 1945 г.), трэці раз, па словах Быкава, рана была лёгкая, адзін асколак выцягнулі, але яго абломак застаўся ў правай руцэ на ўсё жыццё.
Стар. 165. Сталінград для краіны быў аднойчы ў вайну… — Маецца на ўвазе Сталінградская бітва (17 ліпеня 1942 г. — 2 лютага 1943 г.) — баявыя дзеянні савецкіх войскаў па абароне г. Сталінграда і разгрому вялікай стратэгічнай нямецкай групоўкі. Сталінградская бітва, разам з бітвай на Курскай дузе, стала пераломным момантам у ходзе ваенных дзеянняў падчас Другой сусветнай вайны.
Стар. 166. Генрых Бёль (1917–1985) — нямецкі пісьменнік; лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1972).
Друкуецца паводле газ. «Літ. і мастацтва», 1965, 27 жн., дзе ўпершыню апублікавана ў рубрыцы «Надрукавана ў „Полымі“»
Датуецца часам першай публікацыі.
Рэцэнзія на раман «Мост» Івана Шамякіна (1921–2004), беларускага пісьменніка, драматурга, грамадскага дзеяча; народнага пісьменніка БССР (1972) (апублікавана ў часоп. «Полымя», 1965, № 6, 7).
У сувязі з гэтай рэцэнзіяй В. Быкаў пісаў у лісце да Я. Брыля:
«Сапраўды, мы вельмі чэрствыя адзін да аднаго, нават аднадумцы, у большасці падвержаны сальераўскаму пароку і не кожны здольны пераступіць цераз сябе, каб парадавацца чужой удачы. У гэтым сэнсе „Мост“ для мяне — радасць, у тым ліку і мастацкая (як для чытача), але найбольш за аўтара, які, даволі пакружыўшы, вяртаецца на „кругі свая“, да сваёй, чалавечай, хоць і абскубанай, але праўды. Вось гэты аўтарскі кірунак і змусіў мяне падтрымаць аповесць, я сам напісаў рэцэнзію і „ЛіМ“, трохі яе папатрашыўшы, надрукаваў».
Стар. 170. Прыгадваючы тут нядаўняе меркаванне крытыка Б. Бур’яна, выказанае ім у «ЛіМе»… — Бур’ян Б. На арбіту эпохі! // Літ. і мастацтва, 1962, 30 кастр.
Друкуецца паводле газ. «Літ. і мастацтва», 1965, 5 лістап., дзе ўпершыню апублікавана.
Датуецца часам першай публікацыі.
Артыкул надрукаваны з наступным уступным словам: «Не так даўно ў Рыме адбыўся чарговы кангрэс Еўрапейскага таварыства пісьменнікаў. У складзе савецкай дэлегацыі ў рабоце кангрэсу прыняў удзел празаік Васіль Быкаў. Ніжэй друкуюцца яго нататкі».
Стар. 172. …з яго лідэрам Ісідорам Ісу… — Ісідор Ісу (1925–2007) — французскі паэт румынскага паходжання.
Стар. 172. Бекет Сэмюэл (1906–1989) — ірландскі празаік, паэт, драматург; лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1969); прадстаўнік мадэрнізму ў літаратуры.
Стар. 172. Жане — Дакладней: Жэне Жан (1910–1986) — французскі празаік, паэт, драматург.
Стар. 172. Оруэл Джордж (сапр. Блэр Эрык Артур; 1903–1950) — англійскі пісьменнік.
Стар. 172. Олбі Эдвард (нар. у 1928) — амерыканскі драматург.
Стар. 172. Хакслі Олдас (1894–1963) — англійскі пісьменнік.
Стар. 172. …аж да Камю, Сартра і Іянеска… — Камю Альбер (1913–1960) — французскі філосаф-экзістэнцыяліст, празаік, драматург; лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1957). Сартр Жан Поль (1905–1980) — французскі пісьменнік, філосаф-экзістэнцыяліст. Іянэска Эжэн (1909–1994) — французскі драматург румынскага паходжання; адзін з заснавальніку эстэтычнай плыні абсурдызму (тэатра абсурду).
Стар. 173. Джойс Джэймс (1882–1941) — ірландскі пісьменнік, прадстаўнік мадэрнізму.
Стар. 173. Кафка Франц (1883–1924) — нямецкамоўны пісьменнік чэшскага паходжання (нарадзіўся ў г. Празе, у той час — частка Аўстра-Венгерскай імперыі).
Стар. 174. Ботэз Демастэнэ (1893–1973) — румынскі паэт.
Стар. 174. Б. Сучкоў — Сучкоў Барыс (1917–1974) — расійскі літаратуразнавец; у 1967–1974 гг. дырэктар Інстытута сусветнай літаратуры.