Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
З акна, па-сяброўску абдымаючыся, пазіралі на гародчык і вуліцу Сяргей з Вакулёнкам, і Сяргей сказаў:
— Дзе ж цяпер возьмеш немца? Вы ж яго перамаглі. А цяпер во хутка і жраць ня будзе чаго.
— Эх ты — перамаглі. Многа ты панімаеш, — з дакорам сказаў Яўген. — Можа, гэта ён нас перамог…
Карэспандэнт, між тым, то разгортваў, то складваў свій блакноцік. Чагось ён усё ня мог сьцяміць. На хлапечым твары яго ляжаў ранейшы клопат — трэба было вяртацца ў раён, а матэрыялу пра гераізм у яго — кот наплакаў. Не надрукуеш жа гэтыя Яўгенавы байкі. Значыцца, ёсьць адно выйсьце — ехаць да Грыгаровіча, былога парторга брыгады Селязьнёва. Гэты, праўда, ужо зусім аглух і, бадай, зьдзяцінеў, але наконт гераізму — артыст! Толькі папытайся пра гераізм, ён табе нагаворыць, хоць на паласу, хоць на дзьве. Кепска адно, што яго ўжо растыражыравалі — і ў раённай, і ў абласной, і ў менскіх газетах, на кожнае сьвята — Грыгаровіч. Але нічога ня зробіш — трэба ехаць да Грыгаровіча.
Карэспандэнт хуценька разьвітаўся з Яўгенам, які, дакурваючы «Мальбара», застаўся ў гародчыку.
Маладых у акне ўжо ня стала відаць…
Доўжык
Магілы, магілы…
Абапал вузкай, пасыпанай гравіем дарожкі цягнецца шматрадоўе гарадскіх могілак — на зямлі, якая яшчэ нядаўна была палеткамі прыгараднага саўгаса. Некалі тут вырошчвалі бульбу, капусту, розную гародніну. Але рос горад — расьлі і гарадскія могілкі. I во яны — цесна зьбітыя шэрагі помнікаў, магіл-загародак — з вугалка, дрэва, здабытага за бутэльку арматурнага жалеза. Амаль усе — з абавязковай бетонна-мармуровай стэлай, змайстраванай у форме марскога паруса, хаця і мала падобнай да яго. Крыжоў на пахаваньнях савецкай эпохі амаль не відно, хіба дзе-нідзе на вяршку каменнай стэлы выбіты і абведзены чорным тоненькія нраваслаўныя крыжыкі. Некаторыя помнікі ўпрыгожаны невялічкімі, з далонь, авальнымі фатаграфіямі на фарфоры, перазьнятымі з маладых здымкаў памерлых, усьмешыстыя твары якіх слаба дапасуюцца да самотных мясьцін іх бытаваньня.
Непадалёк ад цэнтральнага ўвахода ўздоўж дарожкі — недаўгі рад аднолькавых парусоў з чырвонымі зоркамі на вяршках і павялічанымі партрэтамі маладых дзецюкоў на фасадах стэл. Гэта — афганцы. Усе ў зухавата заламаных на вуха бярэтах, у паласатых цяльняшках на расхрыстаных грудзях. А два — нават з улюбёным сябрам баявой пары аўтаматам Калашнікава ва ўчэпіста сьцятых сьпецназаўскіх руках. Некаторыя з іх бесклапотна ўсьміхаюцца, мабыць, ня ведаючы яшчэ, што пройдзе небагата часу, і ім наканавана будзе пераўвасобіцца з бравых пераможцаў «духаў» у банальныя ахвяры канаючага інтэрнацыяналізму.
А цераз дарогу насупраць — другая група помнікаў, куды багацейшых ды болей імпазантных: грувасткія маналіты пераважна з чорнага паліраванага лабрадору, з вялікімі, да пояса, партрэтамі ў люстрана-зіхоткіх на камені скураных куртках, ды і надпісы пэўнага кшталту. «Твой посьпех абмылі без цябе, Бабок», «Касой, мы адпомсьцілі», «Чакай мяне, лапка, і я вярнуся. Твая Разяўка», — значыцца на гладкіх баках манументаў, абкружаных цяжкімі ланцугамі з меднымі круглякамі па кутах. Гэта ўжо трагічныя знакі бурнай эпохі пачатковага пераразьмеркаваньня капіталу.
Макарэвіч роздумна ішоў па дарожцы, няўцямна азіраючы матэрыяльны плён людской марнасьці, лена аддаючыся сумным развагам пра загадкавую сутнасьць зямнога. А таксама — пра ня меншую загадкавасьць тагасьветнага, калі цела застаецца на гэтым во нядаўнім саўгасным полі, а душа адлятае кудысь. Але куды? — пытаньне, на якое чалавецтва так і не здабыло адказу за ўсе стагоддзі свайго існаваньня. Мабыць, дужа строгае табу ляжыць на гэтай загадцы, адгадаць якую ня дадзена людзям. I Макарэвіч падумаў, што вельмі нават можа так стацца, што дагэтуль не адгаданага проста не існуе, і кожнае чалавечае жыцьцё банальным чынам заканчваецца на гэтых во могілках. Хіба пажыве ў памяці двух-трох пакаленьняў і пойдзе ў нябыт. Назаўжды і беззваротна. Дык ці варта дужа клапаціцца пра помнікі, загародкі, чысьціню магіл і пасьмяротную памяць? Зноў жа, паводде камунальных правілаў, могілкі праз пяцьдзясят гадоў ліквідуюцца, каб зноў ператварыцца ў тэрыторыю пад чарговую будоўлю або стадыён для футбалістаў, працягваў думаць Макарэвіч, усё далей заглыбляючыся ў магілкавы гушчар. Ён шукаў патрэбную яму магілу, месца якой памятаў кепска, ды і тапаграфія мясцовасьці надта зьмянілася за тыя паўтара дзясятка гадоў, якія ён тут ня быў. Памятае, хавалі зімой, магіла патанула ў глыбокім сьнезе, дзьмуў сьцюдзёны марозны вецер, яны ўсе азяблі, пакуль слухалі службовыя прамовы і, таропка закідаўшы магілу камякамі мёрзлай зямлі, пабеглі на дарогу ў аўтобус.
З той пары ён сюды не прыходзіў.
I, мабыць, дарма не прыходзіў. Усё ж пакуль жывы, на могілкі, як і ў царкву, трэба хадзіць часьцей і зусім ня дзеля нябожчыкаў ці Госпада Бога — дзеля сябе. Па сутнасьці, як і нябожчыкі, ты таксама ў значнай ступені належыш мінуламу, куды табе наканавана рана ці позна вярнуцца ад сваёй мітусьлівай, няўлоўнай сучаснасыді, якой, вельмі магчыма, і не існуе. Замест яе — суцэльныя ілюзіі, гэтыя імклівыя ластаўкі, што бясконца праносяцца ў змрочным патоку сьвядомасьці. Зусім іншая справа — тваё добрае ці кепскае мінулае, яно ляжыць у душы валуном, і ніхто ня ў стане зрушыць яго. Ні прырода, ні закон, ні начальства.
Азіраючы нагрувашчаньне магілаў ды помнікаў, Макарэвіч думаў: і тут цяснота, і тут няма волі. Мала яе было пры жыцьці, ня стала болей і пасьля сьмерці. А можа, людзям яе і ня трэба? Можа іх вабіць толькі адно — заўзяты працэс барацьбы за волю, дасягнуўшы якой, яны тут жа пачынаюць будаваць з яе клетку ў выглядзе дзяржавы, улады, турмы і арміі. Воля робіцца ўласнасьцю бамжоў, ад якой і тыя не заўжды ў захапленьні.
Макарэвіч мінуў дзясяткі два магільных радоў, задуменна азіраючы іх беглым няўцямным позіркам. Дзе-нідзе між магілаў відаць былі людзі, пераважна жанчыны — прыбіралі, парадкавалі, упрыгожвалі апошні прытулак блізкіх. Сумны але і высакародны клопат, без разьліку на ўдзячнасьць, ад чыстага сэрца. Таму, мабыць, некаторыя магілкі з тых, што бліжэй ад дарогі, выглядалі па-сьвяточнаму прыбранымі, чысьценькімі, з кветкамі за абгародкай, сьвежа пафарбаванай у які-небудзь невясёлы колер. Зрэдку на мармуры ўрачыста зіхацелі золатам аздобленыя надпісы — дарагому такому і такому — ад жонкі і дзяцей. Або ад мужа і дзяцей. Радзей — ад калектыву супрацоўнікаў. На высокім кутнім, трохі шырэйшым чым звычайна «парусе» сьвяціўся трайны партрэт пахаваных — дарослага і дзьве дзіцячыя галоўкі. Макарэвіч пакутліва адвёў позірк — ён ужо ведаў, што там можна ўбачыць, — хутчэй за ўсё трагічныя ахвяры дарог, гэтую непазьбежную даніну аўтамабільнаму молаху за спазьнелую аўтамабілізацыю, у якую кінуліся людзі, не забясьпечаныя ні дасканаласьцю тэхнікі, ні бясьпекай дарог. Бо чаму, калі ў нас ступень аўтамабілізацыі ў дзесяць разоў ніжэй, чым у Штатах, сьмяротнасьць на дарогах у два разы вышэй?
Дзякаваць Богу, ягоны нябожчык памёр на ўласным ложку, акружаны любай сям’ёй, адданымі супрацоўнікамі па інстытуце, якім ён кіраваў шмат гадоў. Не абыдзены таксама ўвагай улады, якая рэгулярна адзначала яго ўзнагародамі і паставіла хоць сьціплы, але ўвогуле прыстойны помнік з папулярнай мармуровай крошкі. Дальназоркі Макарэвіч яшчэ з дарогі ўбачыў яго шырокі, усьмешысты на помніку твар і, узрадаваны, нібы жывому, павярнуў на праходзе.
— Ну, здароў Аляксей Іванавіч, даўно ня бачыліся, — сказаў ён і спыніўся, паклаўшы рукі на запыленую парэнч агароджы.
Апошнюю з ім сустрэчу памятаў добра — сам ляжаў у бальніцы з трэцім інфарктам. У тыя гады інфаркты лячылі старанна і доўга, па тыднях не давалі ўставаць з пасьцелі, што ўвогуле было нялёгка. Напачатку бальнічную самоту трохі разьвявалі частыя адведкі родных і знаёмых. Але спакваля тыя адведкі радзелі, — бо колькі ж можна наведвацца, калі хворы не здаравее і не памірае. У адзін з такіх невясёлых дзён надвячоркам у палату, дзе ляжаў Макарэвіч, уваліўся жвавы, счырванелы ад марозу Аляксей Іванавіч. Доўга не марудзячы, паклаў на тумбачку пяток апельсінаў, кавалак каўбасы, азірнуўшыся, выцяг з цэлафанавага пакета запаветную бутэлечку з бацяном. «Ну, ты як? Нічога? Папраўляешся? Ну і добра. А як наконт гэтага? Не? Ну не, дык не, — вядомая справа. Тады я за тваё здароўечка. Каб хутчэй гэта самае… А то там студэнты сумуюць — залікі ўсё ж…» — ажыўлена гаварыў ён, ня надта чакаючы ягонага адказу.
Натрэніраванай за доўгае кіраўнічае жыцьцё рукой булыснуў у шклянку роўна сто грамаў і выпіў. А выпіўшы, быццам нават паспакайнеў, набыў звыклую важнасьць, пачаў расказваць пра інстытуцкія справы, праблемы з разьмяшчэньнем, завал фінансаваньня на трэці квартал. Макарэвіч расслаблена слухаў, з зайздрасьцю пранікаючыся ягонай валявой дзелавітасьцю і энергіяй, якіх даўно ўжо ня меў сам. Адкуль яму было ведаць, што роўна праз тыдзень, у дзень ягонай выпіскі з бальніцы, Аляксей Іванавіч сканае ад першага ў ягоным жыцьці інфаркту, і яму давядзецца хаваць чалавека на гэтым во засьнежаным пагорку.
Помнічак увогуле быў ня горшы за іншыя, але магіла выглядала страшэнна засьмечанай, відаць, з вясны ніхто ля яе не паяўляўся. Нейкія дробныя кветачкі ля бетонных беражкоў кветніка безнадзейна паніклі на ссохлай зямлі, з якой дружна мкнула ўгару пустазельле. Некалі чырвоныя гвазьдзікі ў брудным шкляным слоіку ператварыліся ў сухі калючы гербарый. Макарэвіч адагнуў на варотцах канцы іржавай драціны і ступіў у абгародку. Павесіўшы на кутні слупок пінжак, павыдзіраў пустазельле, выкінуў у кут сухія гвазьдзікі з разьбітага слоіка. Трэба было працерці каменны фасад стэлы, які ад пылу стаў матавы, паліць кветкі, можа б, тыя і ажывелі. Вада тут была ля ўвахода на могілкі, але ў яго не было пасудзіны, і ён пашукаў наўкола вачыма, каб каго-небудзь згледзець. Непадалёк, трохі ніжэй пагорка, каля трох аднолькавых абеліскаў завіхалася немаладая жанчына з дзяўчынкай — абедзьве, схіліўшыся над кветнікам, штосьці саджалі, — і ён скіраваў да іх.