ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Быкаў Васіль

Шрифт:

Ды стрэлаў не было. Ніводнага. Аніадкуль. Вышыня замерла, стаілася, сціхла. Тады яго працяў раптоўны, не ўсвядомлены яшчэ ў свае прычыннасці жах — ён хіснуўся, аслабелыя ногі не адразу стрымалі яго. Няўцямным вар’яцкім позіркам лейтэнант глянуў уніз, дзе ўжо так блізка быў паратунак, і спыніўся.

Па ўсім беразе рова, з усіх рытвін і акопчыкаў-ровікаў тырчалі каскі, шапкі, натапыраныя каўняры аўтаматчыкаў. Ён яшчэ не ўбачыў ні іх твараў, ні позіркаў, — было яшчэ задалёка, — але нешта страшнае падсвядомаю сілай раптам перадалося яму. Ён раптам і вельмі выразна, як можа быць толькі за секунду да смерці, зразумеў, што ўсім тут ён — вораг.

Гэтае адкрыццё перуном ударыла яго, нешта ў ім ураз спарахнела, ногі самі кінуліся ўбок, ён, не ведаючы і не разумеючы, як і што здарылася і што рабіць, аббег па ржышчы крывуліну — безвыходную замкнёную пятлю, яшчэ раз убачыў маўклівую вышыню і тады канчаткова зразумеў, што з ім сталася.

Зразумеўшы, апусціў рукі, галава яго сама апала на грудзі, і ён, хістаючыся ад ветру, паціху пабрыў у роў.

Клімчанка ні разу не ўзняў галавы, каб зірнуць, дзе сысці на абрыў, але нейкае бескантрольнае адчуванне вывела яго да прамыіны-раўчука ў беразе рова. Там ён убачыў чыесьці рукі на свежанакапанай зямлі, пустыя закапцелыя гільзы, рассыпаныя ў сухой траве, шматок газеты, прыбіты ветрам у быльнёг. Дайшоўшы да абрыву, ён бокам, каб не зваліцца, ступіў у яго, стрымліваючы сябе на нагах, сышоў уніз. Побач былі людзі, але ён не бачыў іх. Яны ўсе маўчалі; з-пад яго ботаў сыпалася і незвычайна шумна шархацела жарства. Незнарок неяк яго позірк натрапіў на валёнкі з рудымі старымі падпалінамі, і ён узняў голаў: насупраць стаяў Арлавец.

Страшны, чорны ад шчаціння твар ротнага, на якім, сцятыя бровамі, нядобра гарэлі вочы, не здзівіў яго і не спалохаў — лейтэнант знямела і абыякава зірнуў у іх гнеўную глыбіню. Ён не здзівіўся таксама, калі ў наступнае імгненне з балючым звонам у вуху паляцеў на зямлю — ён толькі захліпнуўся ад крыўды і, нібы затраўлены, загнаны воўк, зараз жа ўскочыў і выцяў па вуху ротнага.

Затым у яго ўсё адразу прапала — і крыўда, і злосць, засталося толькі ранейшае адчуванне бяды, якая так несправядліва абрушылася на яго і скінуць якую ўжо не было магчымасці. Ён моўчкі чакаў за гэтым ударам другога — больш дужага — або, можа, стрэлу ў спіну, грудзі. Ззаду і па баках стаялі байцы. Нехта з іх крыкнуў штосьці абразлівае, і іншыя падхапілі:

— Здраднік!

— Запраданец нямецкі!

— Прыйшоў за астатнімі!

Клімчанка чакаў гэтыя крыкі і разумеў іх; апраўдвацца, аднак, не было слоў, штосьці назаўжды зацялася ў яго душы і не было сілы саўладаць з найвялікшаю такой несправядлівасцю. Упершыню ў кароткім прасвятленні свядомасці мільгануў зразумелы цяпер да дробязей намер Шварца-Чарнова, і лейтэнант з новаю сілай адчуў, што, сапраўды, смерць цяпер для яго — раскоша.

Але чаму маўчыць, не б’е і не страляе ў яго Арлавец, чаго ён чакае, скамянела ўставіўшыся ў яго?

Лейтэнант узняў вочы і, сустрэўшыся з яго позіркам, раптам нечакана для сябе ўбачыў у ім амаль што разгубленасць. Здалося, ротны пра ўсё ўжо здагадаўся, прачытаў на скрываўленым твары лейтэнанта яго страшэнную бяду. У душу Клімчанкі адразу хлынула крыўда; на момант ён адчуў сябе такім вартым жалю няўдакам, што не ўтрымаўся і на момант згубіў усе сілы. Ён аслабела асеў на дол, зашчаміў між каленяў твар і выдавіў з сябе нечалавечы роспачны енк. Наўкола гнеўна гудзелі байцы.

— Ціха! — пакрываючы гаману, раптам закрычаў Арлавец. — Маўчаць! Калі ні д’ябла не разумееце!..

Тады людзі, нібы штосьці адчуўшы, хутка прыціхлі. Клімчанка пачуў лаянку і пагрозы, але ўжо скіраваныя немцам. Ад роспачы ён затаіў дыханне і зблізку ад сябе ўчуў знаёмы, такі па-добраму разважлівы голас Галаногі:

— Што ж цяпер зробіш! Стрывай як-небудзь…

Гэтыя памяркоўныя, разважныя словы сталага чалавека, з якім у лейтэнанта было столькі рознага — і благога і добрага, — неяк нечакана нібы паставілі ў ім штось зрушанае, збітае на месца. Можа, у іх адбіўся той заўсёдашні трудны Галанога, з якім нямала пазмагаўся Клімчанка, — непераборлівы, цярплівы, падаткі. Лейтэнант унутрана рвануўся ў пратэсце супраць гэтага «як-небудзь». Ён не хацеў «як-небудзь», — ён хацеў быць або ранейшым для іх, або ніякім. Пратэст гэты ахапіў яго, перамог усе іншыя пачуцці, лейтэнант з новаю сілай, нададзенай яму злосцю, ускінуў галаву. Прага дасведчыць сваю невіноўнасць справаю ўраз успыхнула ў ім — гэта было выйсце.

Клімчанка вёртка ўскочыў, сігануў да згорбленага, у пакамечаным шынялі, Галаногі і тузануў за рулю яго аўтамат.

— Дай!

Галанога цяпнуў плячом, няўцямна міргнуў запалымі немаладымі вачмі, але праз момант апусціў руку і аддаў з пляча аўтамат. Клімчанка, схапіўшы яго, кінуўся на схіл. Раптам страціўшы вагу і, здаецца, розум, ён на карачках вылез з рова і па ніве рынуўся туды, угару, да вышыні.

Ззаду зрабілася ціха-ціха. Ён не азіраўся і не чуў нічога. Усе на абрыве нібы анямелі, і ніхто не затрымаў яго, не стрэліў, толькі праз момант хтосьці вылаяўся і затым над ровам узвіўся зычны малады голас тэлефаніста Капусціна:

— Сволачы! Гэта ўсё яны, сволачы!..

Неяк падспудна Клімчанка ўсё ж чакаў спачування, нават прагнуў яго, сам сабе не прызнаючыся ў тым. Гарачая расслабляючая хваля акаціла лейтэнанта з галавы да ног — і ён раптам адчуў, што ажыў, што ўваскрэс. А ззаду па ўмерзлай зямлі ўжо затупацелі ногі, — значыць, яго не пакінулі, паверылі; гэта вяртала яго да жыцця. Цяпер былі толькі немцы, быў пракляты Шварц-Чарноў, і ўсё ў Клімчанку разгоніста імкнулася туды, да помсты або смерці.

Толькі гэтак жа раптам усё і перайначылася.

— Адставіць! Усе стой! Назад! — раўнуў ззаду голас Арлаўца, і ўжо амаль што выстраены на бягу ланцуг здрыгануўся.

— Клімчанка, назад! Усе назад! Бягом!

«Што гэта? Што гэта? Чаму так? Навошта?» — раптам зноў з усёй сілаю запратэставала ў ім. Але за некалькі апошніх секунд ён паспеў ужо стаць часткай цэлага, як і ўсе, і мусіў слухацца гэтай каманды. I ён упаў. Немцы яшчэ не стралялі, рота — таксама, але зладны бег дзесятка людзей, што кінуліся за ім, ужо спыніўся, некаторыя пападалі, а некаторыя папляліся назад у роў, з берага якога крычаў Арлавец.

Тады, зноў аддаўшыся шчымліва-трывожнаму ў душы, Клімчанка ўстаў і, валочачы за почапку аўтамат, пайшоў па палетку ўніз.

8

Аўтаматчыкі дабягалі да рова і па адным знікалі за абрывам. Клімчанка, зноў абяссілены і панылы, з апалым сэрцам дайшоў да берага, дзе быў ротны, і адразу ўбачыў яго ўжо ўнізе, ля ручая, і з ім яшчэ некага ў белым паўшубку, з пісталетам у апушчанай руцэ. Абодва яны насцярожана глядзелі ўгару, на лейтэнанта.

Амаль фізічна адчуваючы варожасць іхняе маўклівасці, Клімчанка марудна пайшоў з абрыву. Знясілены, растрывожаны, у непадпяразанай гімнасцёрцы, без шапкі, са зблытанымі ветрам валасамі, ён тут асабліва востра адчуў сваю прыніжанасць і сваю бяду. I ўсё ж гэта было яшчэ не самае горшае. Самае горшае сталася, бадай, калі на сярэдзіне абрыву ён пазнаў у чалавеку з пісталетам капітана Петухова, афіцэра са штаба палка. Быццам укопаны, разрыўшы абцасамі глей, лейтэнант спыніўся.

— Пойдзеш у трыбунал! — змрочна сказаў Петухоў.

Поделиться с друзьями: