ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Быкаў Васіль

Шрифт:

Чарноў жа, паблажліва ўсміхаючыся, працягваў:

— Можаш называць Барысам. Мы ж бадай што равеснікі. Ты з якога года? — Не чакаючы адказу, ён зірнуў у пасведчанне на стале. — З дваццаць першага. Ну, а я — з дзевяцьсот семнаццатага. Так сказаць, равеснік Акцябра. Невялікая розніца.

Ён кінуў за печку цыгарэту і ўпершыню сеў, — відаць, на сваё пастаяннае месца за сталом, растапырыўшы пальцы, агледзеў пазногці і маленькім ножыкам пачаў падразаць іх. Клімчанка, напружана моршчачы пад тугой перавязкай лоб і чагосьці чакаючы, ваўкавата сачыў за лёгенькай ухмылачкай, якая прыемна блукала на бялявым, у меру сытым, свежа паголеным, дагледжаным твары. Здавалася, такі чалавек нікому і ніколі ў жыцці не зрабіў благога.

— Мяркую, што мы згаворымся. Ты, можа, думаў, што ў палоне адразу расстрэл? Глупства. Ты ж не камісар. Немцы, яны паважаюць дастойных праціўнікаў. Асабліва страявых камандзіраў. Трудзяг вайны. Спецыялістаў. Немцы да іх ставяцца, я б сказаў, па-рыцарску. Я думаю, ты ўжо сам пераканаўся ў гэтым. Праўда ж?

Клімчанка маўчаў.

— Ну, што зашчаміўся, — адарваўшы позірк ад пазногцяў, упершыню папракнуў Чарноў. — I што так глядзіш на мяне? Ачухацца яшчэ не можаш?

— Што вам ад мяне трэба? — мераючы яго недаверлівым поглядам, запытаў лейтэнант.

Чарноў адкінуўся на сваім нябачным за сталом сядзенні.

— Во гэта па-дзелавому, — прыкметна, але неяк не зусім натуральна ўзрадаваўся ён, выйшаў з-за стала і прыткнуўся на яго ражку. Выцягнуўшы ўперад нагу ў начышчаным зграбным боце, паварушыў наском, быццам збіраючыся паведаміць галоўнае.

— Вельмі нават нямнога, — адказаў чалавек, які назваўся Чарновым; цяпер ён нібы ўжо страціў цікавасць да свае асобы і глядзеў толькі на Клімчанку. — Я думаю, табе не менш за нас шкада сваіх салдатаў, якія засталіся там. Праз дзень, другі пагоняць у наступленне і — усім капут. А навошта? Ці не даволі Расіі ліць кроў? — запытаў ён. Здавалася, ён шчыра перажываў тое, што гаварыў, і Клімчанка з некаторай новай цікаўнасцю зірнуў на яго.

— Навошта гінуць? Недарэчныя ахвяры! Колькі іх прынесла Расія! Адным словам, вось што… Трэба выступіць праз дынамік і пагутарыць са сваімі. Не, не палохайся: выдумляць нічога не трэба. Мы дамо тэкст.

«Дык вось яно што! Цяпер усё ясна!» — У Клімчанкі адразу спала напружанне, якое дагэтуль усё ўзмацнялася, ён упершыню варухнуўся на зэдліку і ўздыхнуў. Чарноў злез са стала і падышоў бліжэй.

— Дык як? Рызыкаваць не прыйдзецца. Дынамік на перадавой, мы ў траншэі. Некалькі слоў да канкрэтных людзей. Гэта падзейнічае. Гэта заўсёды дзейнічае.

Клімчанка зразумеў усё, бо гэта не было для яго новым. Некалі ў дажджлівую беспрасветную ноч пад Вязьмай ён ужо чуў, як брахаў праз дынамік нейкі нягоднік, што, мабыць, яшчэ з месяц назад быў чырвонаармейцам і з нашага кацялка сёрбаў суп, аднак жа агітаваў пераходзіць на бок вялікай арміі фюрэра.

— Ах, вось вы пра што! — сказаў ён, глянуўшы ў загадкава спакойныя вочы Чарнова. — Нічога не выйдзе. Шукайце другога.

Абапёршыся локцямі аб калені, ён нізка сагнуўся на зэдліку і апусціў голаў, гатовы да ўсяго. Чарноў змоўк, зайшоў на той бок стала і сеў, загадкава пазіраючы на яго. У грубцы дагаралі дровы, гарачыня паменшала, і з дзвярэй пацягнула холадам, спіна Клімчанкі адразу адчула гэта. Лейтэнант зябка перасмыкнуў плячамі.

— Так, так. Не хочаш, значыць. Ну што ж, — напэўна, штосьці абдумваючы і расклаўшы на абрусе рукі, сказаў Чарноў.

У двары, чутно было, перагаворваліся салдаты, бразгалі дзверцы ў кабінах, недзе ахнулі два далёкія выбухі. Агеньчык у плошцы ціха, задуменна мігаў. Раптам ён рэзка хіснуўся, ледзьве не згасшы зусім, — ззаду стукнулі дзверы.

Чарноў зараз жа ўсхапіўся са свайго месца.

У зямлянку заявіўся той, доўгі, што прывёў яго сюды. Клімчанка, не паварочваючы, пазнаў яго па скураных брыджах — цяпер ён быў без шыняля — і марудліва падняў галаву. Чарноў нешта буркнуў, выскокваючы з-за стала, але Клімчанка не зразумеў ці недачуў; афіцэр перакінуўся некалькімі словамі з падначаленым і ўрэшце абыякавым позіркам бясстрасных вачэй працяў палоннага. Не зводзячы з Клімчанкі гэтага погляду, ён дастаў з кішэні партабак і шчоўкнуў ім перад самым ягоным тварам. Лейтэнанту вельмі хацелася закурыць, але гэтая бесцырымоннасць абражала, і ён адвярнуўся. Немец тады нешта коратка і строга заўважыў Чарнову, той у адну секунду падскочыў да Клімчанкі, і лейтэнант, перш чым зразумеў, што адбылося, паляцеў да сцяны. У левым вуху пры гэтым, здаецца, штось лопнула, і ў галаве загуў тугі хваравіты гул.

Калі ён, не спяшаючыся і чакаючы новых удараў, падняўся ля сцяны з падлогі, Чарноў адпусціў пальцы з кулака, якім толькі што садануў палоннага, і нягучна, скрозь зубы, вымавіў:

— Адмаўляцца ў немцаў не прынята.

Клімчанка ў думках вылаяўся і падумаў: «Вось дзе тваё нутро адкрываецца, гадзіна паўзучая». З хвіліну ён стаяў ля сцяны пад позіркамі дзвюх пар розных вачэй. Было крыўдна і балюча, аднак не хацелася верыць у тое, што тут адбылося: так звычайна глядзелі на яго тыя вочы. Пасля высокі, усё ў тых жа чорных пальчатках, марудна падняўшы цыгарэту, мезінцам ашчадна строс з яе попел. Ён таксама не меў ніякіх адзнак злосці і выглядаў звычайным разважным чалавекам, такім, што можна было падумаць, нібы яны абодва жартуюць.

— Ты будзет выконвайт нямецкі бефёль1? — без пагрозы, звычайна запытаў немец.

— Я не здраднік!

— О! — толькі і сказаў немец-афіцэр і амаль неўпрыкмет, адным вокам падміргнуў Чарнову.

Той падышоў і зноў, не размахваючыся, па-баксёрску коратка, але дужа і балюча ўдарыў Клімчанку ў сківіцу. Лейтэнант зноў адляцеў ад сцяны — падаючы, зачапіў печку, у трубках зашархацеў, пасыпаўшыся з даху, пясок. Немец працадзіў «гут» і, сцяўшы тонкімі вуснамі каней цыгарэты, выйшаў з зямлянкі.

5

Як толькі дзверы за афіцэрам зачыніліся, Чарноў спакойна, нібы нічога кепскага між імі і не сталася, падышоў да Клімчанкі.

— Ну як?

— Сволач ты, а не зямляк! У душу табе кол! — сказаў лейтэнант, выплёўваючы на падлогу крывавую сліну.

Чарноў амаль без увагі на яго словы хітравата ўсміхнуўся.

— Не сярдуй! Глупства. Гэта так, для парадку. Інакш, сам разумееш, — начальства.

Ён падхапіў Клімчанку пад рукі, рыўком паставіў на ногі, ботам падсунуў зэдлік — сядай! Лейтэнант на момант разгубіўся ад такога павароту ў іхніх адносінах, але сеў і скоса пазіраў на твар свайго ката. Шэрыя рухавыя вочы таго раз за разам засцярожліва лыпалі на дзверы зямлянкі.

— А ваабшчэ ты прабач. Сам разумееш. Даводзіцца. Інакш скамандуе, і ўсё: канец. Дык часам лепш ударыць. Праўда ж?

Гайдаючы на стале агеньчык, Чарноў пачаў хадзіць па зямлянцы, спыняючыся і разважна гамонячы да Клімчанкі. Здаецца, нішто не здольна было вывесці яго з душэўнай раўнавагі, такі ён быў нетаропка-ўпэўнены, размераны, акуратна, нават элегантна апрануты. На яго стрыжанай пад бокс бялявай патыліцы варушылася ружовая зморшчына.

— Між іншым, табе выпала, можна сказаць, удача. Не кожнаму даецца такая магчымасць рэабілітаваць сябе. Перад немцамі асабліва трудна. Але яны гэта цэняць — магу запэўніць. З уласнага вопыту. Я таксама калісьці чакаў кулі. Такіх яны звычайна ўраз да сцяны. Разам з камісарамі. Прыйшлося даказаць што-колечы. I вось бачыш: замест кулі — мундзір. — Ён з мінутным задавальненнем абмацаў свой кароценькі фрэнчык з невялічкімі срэбнымі пагонамі. — Праўда, пры Саветах чын паболей быў, — даверліва паведаміў ён.

«Што за намёкі? Хто ён такі? Былы палітрук? Камандзір? Штабіст які-небудзь?..» — думаў лейтэнант.

— Дарма стараешся, — ваўкавата сказаў ён. — Не на таго напаў.

Чарноў раптам спыніўся і крутнуўся да Клімчанкі. Выраз ягонага твару не перамяніўся, толькі левае вока неяк нядобра акруглілася, і ён прыцішана, быццам для таго, каб не пачуў вартавы знадворку, сказаў:

— А ты таго… не дужа. Між іншым, выбар у цябе не вельмі багаты. Або ты выступіш, або ў зямлю ляжаш. Сёння ж.

Клімчанку пасля ўсяго, што здарылася, пагрозы маглі толькі ўзарваць, і ён усхапіўся з зэдліка.

Поделиться с друзьями: