Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
4
Яго, аднак, не стралялі, а вялі і вялі ўсё глыбей у тыл, далей ад сваіх, ад роты, і Клімчанка ўсё выразней усведамляў, што гэта шлях назаўжды, што звароту яму ўжо не будзе.
Траншэя тым часам мялела і мялела, пакуль і зусім не скончылася ў лагчынцы дзвюма прыступкамі — яны вылезлі і апынуліся на сцяжынцы праз нейкі густаваты алешкавы хмызнячок. Клімчанка, дужа пакутуючы, стараўся ашчадней дыхаць, — ад глыбейшых уздыхаў калола ў баку і позірк заплываў туманам. Часам ён замаруджваў хаду, прыставаў, і тады задні штурхаў яго руляй аўтамата або рукой, прыгаворваючы пры гэтым: «Пшёль! Пшёль!» Але злосці ў ягоным голасе лейтэнант не адчуваў, хоць гэта цяпер і не мела значэння. Другі, ні разу не азірнуўшыся, роўным крокам ішоў наперадзе.
На сцяжынцы ім трапіліся чалавек шэсць салдат, — мабыць, сувязістаў. Абвешаныя шпулькамі з чырвоным кабелем, сумкамі, зброяй, яны насцярожана саступілі са сцежкі перад афіцэрам і, мінаючы палоннага, кожны з іх укалоў яго зацятым, злым позіркам. Адышоўшы, яны яшчэ азіраліся, але Клімчанка ўжо не адрываў ад зямлі свайго позірку. Усё, што было наўкола, яго амаль не датычыла.
Так яны выйшлі к дарозе. Гэта было ў шырокім раўчуку-разлозе, побач з мастком цераз замерзлы ручай. На невялікай прагаліне між кустоў збоч дарогі стаяла, абы-як загнаных, некалькі крытых брызентам машын. Дол між іх быў утаптаны і стракаты ад плямаў гаручага і змазкі, побач валялася некалькі бочак, і салдат у камбінезоне, адкінуўшы ўбок руку, валок да машыны цяжкую каністру. Два другія нахілялі бочку, з якой ліўся ў вядро бензін. Пярэдні канваір Клімчанкі нешта запытаў у салдата з каністрай, той, ляпнуўшы па сцягну рукой, коратка адказаў, і яны скіравалі ўбок, дзе пад узроўкам чарнелі дзверы зямлянак.
Спярша Клімчанку здалося, што тут штаб і, перш чым расстраляць, яму ўчыняць допыт. Але, агледзеўшыся, ён усумніўся ў той сваёй думцы. Зямлянак ва ўзмежку было ўсяго дзве; ні тэлефонаў, ні звычайнай штабной мітусні тут не заўважалася. Пярэдні немец адчыніў пафарбаваныя пад дуб — відаць, недзе знятыя ў доме — дзверы з шыбкай-акенцам у верхняй філёнцы і зайшоў у зямлянку. Следам, падштурхнуты канваірам, улез Клімчанка, і дзверы, рыпнуўшы, прыстукнуліся.
Ён ступіў на хісткія, негабляваныя дошкі, у твар ударыла гарачынёй напаленай жалезнай печкі, трошкі смярдзела дымам. На засланым коўдрай стале ляжалі паперы, гарэла нізенькая стэарынавая плошка, і нейкі маладжавы яшчэ афіцэр у кароценькім, з разрэзам, мундзірчыку, загойдаўшы агеньчык, кінуўся да ўвайшоўшага і стукнуў абцасамі. Пакуль яны гергеталі аб нечым, Клімчанка, паддаючыся расслабляючай сіле цяпла, агледзеўся. Ззаду праз шыбку ў філёнцы пранікала слабае святло хмарнага дня; разам з агеньчыкам у плошцы яно ўсё ж асвятляла пярэднюю сцяну, скрозь залепленую бясконцым паўторам аднаго і таго ж плаката: шыракатвары чырвонаармеец з плоскага кацялка еў нейкае хлёбава і зусім дурнавата ўсміхаўся немцу ў касцы, што паляпваў яго па плячы з такою ж ненатуральнай драўлянай ухмылкай на твары. Пад плакатам дзесятак разоў паўтараўся подпіс на рускай і нямецкай мовах. Плакат азадачыў Клімчанку і канчаткова пераканаў, што гэта не штаб. Але тады што? Гестапа? Які-небудзь прапагандысцкі аддзел?
Пакуль немец у мундзірчыку нешта дакладваў, доўгі ў шынялі, не знімаючы з рук чорных замшавых пальчатак, зняў толькі фуражку, пад якой аказалася выгаленая да бляску галава і, падышоўшы да стала, перабраў паперы. На двух аркушах трохі затрымаўся гюзіркам, але неўзабаве адклаў іх сваімі чорнымі пальцамі і нешта сказаў. Той, у цесным мундзірчыку, адразу зірнуў на Клімчанку, і лейтэнант здагадаўся, што гаворка ішла пра яго. Ён стрымана стаяў ля парога побач з канваірам; немцы перагаворваліся ўжо ўсе ўтрох, салдат-канваір зняў з сябе яго сумку, дастаў з-за пазухі і аддаў брытагаловаму пачак папер. Клімчанка пазнаў чырвоную вокладку свайго пасведчання, камсамольскі білет, пасведчанні аб узнагародах, разліковую кніжку, даведкі аб раненых. Тут было ўсё, што многія месяцы ляжала ў яго кішэнях, апроч хіба гадзінніка і кісета з тытунём, якія, відаць, засталіся ў канваіра. Афіцэр, грэбліва скрывіўшы тонкую губу, без асаблівай цікавасці перагартаў іх і кінуў на стол. Некалькі паперак, не даляцеўшы, заматляліся ў паветры, іх угодліва падабраў з падлогі другі, у цесным мундзірчыку.
Урэшце начальнік нешта загадаў, разы два пратупаў па хісткіх дошках падлогі і, не зірнуўшы на Клімчанку, выйшаў з зямлянкі. Канваір з аўтаматам таксама выйшаў і стаў за дзвярыма. Праз чыста працёртую шыбіну лейтэнант убачыў яго плячо з пагонам, казыркастую шапку, далей быў канец будкі-кузава з плямістым асеннім камуфляжам і літарамі «FW» у белым квадраце. Чакаючы, што будзе далей, Клімчанка зірнуў на таго, што застаўся з ім, і прыкмеціў, як пакорліва-паслушны выраз яго твару саступіў месца самазадаволенай упэўненасці.
— Ну, лейтэнант, пачнём размову, — на чысцейшай рускай мове сказаў ён, і ад нечаканасці Клімчанка аж страпянуўся. Немец, нібы і разлічваючы на тое, паблажліва заўсміхаўся, дастаў з кішэні блішчасты партабак, раскрыў і, стоячы пасярэдзіне зямлянкі, працягауў яго Клімчанку.
— Курыш?
Пачуўшы гэтыя, такія нечаканыя тут словы, лейтэнант, які ўвесь час быў у празмерным для яго напружанні, хіснуўся. Каб не ўпасці, ён ухапіўся рукою за абшалёваную сцяну зямлянкі, недарэчныя двое людзей на плакатах заскакалі ў вачах. Немец, убачыўшы тое, нерашуча прыкрыў партабак.
— Э, ды ты ж, здаецца, паранены! Што ж яны не сказалі? Ну, гэта драбяза: падлечым. Сядай вось! — Ён грукнуў на сярэдзіне падлогі выхапленым з кута зэдлікам, у дошцы якога была дзірка для рукі, і лейтэнант бяссільна апусціўся на яго.
Афіцэр расчыніў дзверы, нешта крыкнуў у падворак, там затупацелі боты, пачуліся галасы. Ад свежага паветра знадворку ў зямлянцы адразу пахаладзела, і Клімчанка трохі саўладаў са сваёю слабасцю. Квелы агеньчык трапятка біўся ў плошцы.
Неўзабаве паблізу застукалі боты і ў зямлянку ўваліўся камлюкаваты, немалады немец з нездаровым аплыўшым тварам. Ад яго патыхала дустам і вострым пахам нейкіх лякарстваў. Нягучна буркаючы, ён садраў з Клімчанкі перапэцканы і пашкумутаны ў бойцы паўшубак. Лейтэнант вяла падпарадкоўваўся яго настойлівым рухам, яму ўжо было ўсё роўна, хто і што зробіць з ім. Ён хацеў толькі спакою і невідушчым позіркам глядзеў, як па дошках вакол зэдліка тупалі растаптаныя, шырока расстаўленыя боты. Рукі немца, бесцырымонна паварочваючы яго галаву, паляз-галі ля вуха нажніцамі, і на падлогу ўпалі светлыя зблытаныя пасмы валасоў. Патыліца, відаць, была моцна разбіта і балела, але ён трываў усё, толькі аднаго разу здрыгануўся, калі ў ране запякло лякарства. Неўзабаве, аднак, немец спрытна абматаў галаву рудаватым папяровым бінтам, туга спавіў павязкаю і сабраў у сумку сваё начынне. Увесь гэты час той, у мундзірчыку, пускаючы пад столь дым, сядзеў на рагу стала і з ухмылкай назіраў за ім.
— Ну, так лепш? — проста і нават са спагадай запытаў гэты чалавек, калі санітар грукнуў дзвярыма і яны засталіся ўдвох. — Гэта вылечаць. У немцаў медыцына, як у нас кажуць, на вышыні. У нас, гэта значыць, — у рускіх. Не здзіўляйся. Я рускі. Як і ты. Масквіч. На Таганцы жыў.
Клімчанка ўжо адышоў ад першага здзіўлення і адзначыў сабе, што тут, відаць, да ўсяго трэба быць гатовым. Знарочыстая добразычлівасць і клопаты гэтага чалавека наводзілі лейтэнанта на думку, што чакае яго нялёгкае.
— Цікава, лейтэнант, а ты адкуль будзеш родам? — пытаўся гэты чалавек.
— Там напісана. Мусіць, граматны, — сказаў Клімчанка, зірнуўшы на стол з рассыпанымі на ім дакументамі.
Чалавек у мундзірчыку, усміхнуўшыся неадабральна, перасмыкнуў русым брывом.
— Ну, вядома, там усё напісана. У нас, то есць у вас, на гэты конт поўны парадак. Як кажуць: ажур. I дзе радзіўся, і дзе жаніўся, і дзе хрысціўся. I ці быў за мяжой, і ці меў хістанні. Я гэта ведаю, — зусім неяк проста і нават быццам дружалюбна сказаў ён і ўстаў з-за стала. — Сам быў такі.
Ён з ухмылкай спыніўся перад Клімчанкам і выпусціў над яго галавой струмень дыму.
«Што за тон? Дзеля чаго?» — думаў Клімчанка. Перамагаючы ў сабе абыякавасць да свайго лёсу, якая ўсчалася ў ім там, у траншэі, ён мерыўся цяпер вызначыць, што б уся гэта камедыя магла значыць. Распрануты, у адной гімнасцёрцы, з кубікамі на пятліцах, — пагоны толькі нядаўна ўвялі, і ён яшчэ не паспеў іх прыладзіць, — без дзягі, з абвязанай галавой, ён, нібы арыштант перад следчым, сядзеў на сярэдзіне зямлянкі і насцярожана слухаў. А той з задаволеным, амаль радасным выразам на хітраватым твары, нешта мяркуючы, аглядаў яго.
— Ардзянок даўно атрымаў? — кіўнуў ён на зорку над левай кішэняй.
— Увосень, — сказаў Клімчанка.
— За абарону, наступленне?
— За акружэнне.
— Ну што ж. Гэта нічога. Нават лепш. Заслужоны, баявы афіцэр, — маючы на ўвазе нешта сваё, сказаў чалавек і бадзёра прапанаваў: — Можа, аднак, пазнаёмімся? Я — Чарноў. На жаль, не Бялоў, але што зробіш, — засмяяўся ён, і ўнутры ў Клімчанкі нешта аж абарвалася, такая гэта была зусім таварыская ўсмешка, што аж хацелася паверыць, што ён свой, не немец. «А можа, ён тут па заданню нашых працуе? Мо разведчык? А раптам ён выручыць?» Ва ўсе вочы гледзячы на Чарнова, Клімчанка стараўся нешта зразумець у ім.