Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
Тады ён ураз аціх. На дварэ быў задуменны вільготны ранак, стыла ў тумане голае вецце алешын, кудысьці на корм пранеслася стайка вераб’ёў. У дзвярах стаялі і глядзелі на яго два немцы — адзін у касцы і з аўтаматам упоперак грудзей, другі проставалосы, у мундзірчыку, без шыняля. За імі перад гэтай жа машынай тоўпіліся і яшчэ па-рознаму апранутыя і розныя па ўзросту немцы, якія, аднолькава прыціхшы, з цікаўнасцю на тварах, як на якое дзіва, глядзелі на яго. Але ён не бачыў нікога — яго позірк толькі матлянуўся па гэтай варожай людской мешаніне і спыніўся на прыціхлай постаці Чарнова. Трохі непадобны на ўчарашняга, халодны і стрыманы, у высокай афіцэрскай фуражцы і падпяразаным шынялі, ён стаяў зводдаль, ля ўвахода ў зямлянку і, зябка засунуўшы рукі ў кішэні, пазіраў на яго. Ля яго пераступалі з нагі на нагу яшчэ два афіцэры — той, учарашні, высокі, у абшытых скураю брыджах, і нізенькі, вяртлявы чалавечак з чорным каўняром шыняля і ў пілотцы.
Клімчанка ўсё гэта ўхапіў адным позіркам, маўклівая паўза працягвалася не болей як дзве-тры секунды — зараз жа ён скочыў з дзвярэй і кінуўся да Чарнова.
Вядома, яго схапілі за рукі, скруцілі, заламалі іх за спіну, тузанулі. Ён спрабаваў ірвануцца, выкруціцца, толькі намаганні яго не здолелі процістаяць учэпістай сіле дваіх. Тады ён зноў закрычаў:
— Звяр’ё! Пусціце! Свалата фашысцкая! I ты — гітлераўскі прыхваст. Сволач! Ублюдак!
Чарноў неяк шматзначна выцягнуў з кішэняў рукі і спаважна ступіў да машыны. Бліжнія салдаты расступіліся, а ён, несучы ў сваіх ужо проста сцюдзёных вачах нейкі намер, падышоў да Клімчанкі і два разы выцяў яго — па правай і левай шчацэ. Лейтэнант ірвануўся, закрычаў, але яго моцна трымалі. Тады з замутнелым ад бяссілля розумам ён ускінуў нагою і ледзьве не выцяў у жывот гэтага чалавека. Той, аднак, ухіліўся.
— Абшнайдэн кнопфе! [8] — кінуў ён некаму з салдат і адышоў на тры крокі назад.
Двое з тых, што з нядобрай цікаўнасцю глядзелі на ўсё гэта, падскочылі да яго. Адзін — рыжы ў сінім камбінезоне, пстрыкнуў вялікім раскладным нажом і збоку, каб засцерагчыся ад ног, тузануў яго за штаны. Другі аберуч абхапіў яго ногі. Клімчанка спачатку не зразумеў, што яны ўздумалі, тузаўся, толькі дарма. Той, у камбінезоне, разануў брызентавую папружку яго штаноў, пасля на зямлю адзін за адным пасыпаліся гузікі, адляцеў вырваны з ніткамі кручок.
8
Зрэзаць гузікі. (ням.)
— Сволачы! Гады! Што вы робіце? Забіце адразу. Ты, свалата! — закрычаў ён Чарнову— Страляй! Хутчэй, ну!
Чарноў кісла ўсміхнуўся, скоса лыпнуў на афіцэраў, што стаялі ля ўвахода ў зямлянку, і сказаў скрозь зубы — так, што пачуць і зразумець яго мог, відаць, адзін толькі палонны:
— Гэта для цябе задужа вялікая раскоша. Ты яшчэ папомніш мяне.
I, вярнуўшыся назад, да зямлянкі, нешта загаварыў з афіцэрамі. Высокі фанабэрліва варухнуў густымі белымі бровамі, нізенькі ж, яўна заінтрыгаваны, падышоў бліжэй, і некалькі часу Чарноў штосьці тлумачыў ім. Салдаты здаля ўслухоўваліся ў іх гамонку. Урэшце высокі сказаў «яволь», а нізкі зларадна зарагатаў.
— О, зэр гут, гер Шварц! Рускі капут!
Па нейкай камандзе тыя, што трымалі яго, пусцілі, — бяссільна скрыгануўшы зубамі, Клімчанка змушаны быў аберуч ухапіць сваю вопратку і трымаць так, каб пазбегнуць сораму. Наўкола рагаталі і ржалі дзесятка паўтара немцаў.
Урэшце Чарноў адышоўся ад афіцэраў, бліжэй да спражкі перасунуў на рамяні цвёрды кабур армейскага «валыэра» і рыўком расшпіліў яго. Збоку да Клімчанкі падступіў салдат, той, што трымаў за рукі, другі, распрануты, бягом кінуўся некуды. Праз паўхвіліны, на хаду апранаючы шынель, ён вярнуўся з вінтоўкаю. Клімчанку штурханулі ў спіну і кудысьці пагналі.
Канец.
Каторы ўжо раз за гэтыя суткі ўсёабдымнай тугою ахоплівала яго гэтая панылая думка, і каторы раз яна ўсё не праўдзілася. Але вось, здаецца, заб’юць. Ён падумаў тады, што яны зробяць гэта дзе ў раўчуку, далей ад людзей і гэтых машын, аднак трое ворагаў вывелі яго на ўчарашнюю сцежку і пайшлі туды, адкуль учора яго прывялі. Чарноў ішоў у пяці кроках наперадзе, увесь час маўчаў і не азіраўся. Ззаду, нешта перагаворваючыся і па чарзе цмыгаючы адзін недакурак, тупалі канваіры. З акрываўленай галавой, у адной гімнасцёрцы, клыпаў палонны, трымаючы рукамі штаны.
«Ну і зрабілі, сволачы! Не ўцячэш і не ўдарыш. Відаць вывучка!» — думаў лейтэнант пра Чарнова. У галаве яго хмельна кружылася, бінт зусім споўз з ілба і трымаўся толькі за вухам, гімнасцёрка на плячах была ўся запырскана крывёю. Ордэна на грудзях ужо не было, — відаць, учора выкруцілі ў зямлянцы.
Па схілах рова паўзло клочча туману, нізка навісла матава-шэрае неба, было золка. Да разгарачанага цела зноў пачала чапляцца дрыготка, і Клімчанка жадаў толькі хутчэйшага, хоць якога-небудзь канца.
7
Усё тым жа ўчарашнім шляхам яго павялі на перадавую.
«Што ім яшчэ трэба? Што яны ўздумалі, сволачы?!» — мацней за боль і за сцюжу дапякала пытанне. З роспачнаю нянавісцю ён сказаў на хаду Чарнову:
— Ты, сволач прадажная, хопіць вясці. Страляй ужо.
Чарноў павярнуўся і, прытрымліваючы рукою ліхтарык, скураным вушкам прышпілены на грудзях, зірнуў на яго з-пад нізкага, вільготнага казырка фуражкі.
— Страляць? Не, страляць я пачакаю. Я спачатку арганізую невялічкі спектакль. Ведаеш, як гэта ў нас, то есць у вас, кажуць: канцэрт самадзейнасці.
Так яны выйшлі з раўка ў нізіну. Трава вільгаціла боты. Навокал у шэрым туманістым мроіве ляжала золкая веснавая зямля — чорныя палосы ворыва, шэрыя паніклыя палеткі; светлымі ў падпалінах лапінкамі свінухі стракацелі пожні ля балацявін.
Не спыняючыся, перайшлі і нізіну. Чарноў маўчаў, толькі зыркаў з-пад казырка па баках; чуваць сталі блізкія стрэлы — аўтаматныя і вінтовачныя, але яны хутчэй сведчылі пра зацішша на перадавой, чым нагадвалі бой. Бою не было. Няпэўная цішыня панылаю невядомасцю прыгнятала лейтэнанта, але ад таго, што ён ішоў бліжэй да сваіх, трохі лягчэла на душы і чамусьці думалася: чым бліжэй, тым болей сілы надасца яму, хоць, ведаў ён, дапамагчы тут яму ніхто ўжо не здолее.
Учарашняй сцяжынкай яны дайшлі да пачатку траншэі, што, круцячыся па схіле, вяла на вышыню. Чарноў саскочыў у яе невялікую тут глыбіню і хутка пайшоў, па-ранейшаму цікуючы па баках. Наперадзе бухала ўсё бліжэй. Угары з тугім бзынканнем, заміраючы ўдалечыні, праносіліся кулі. Але гэта былі нашыя стрэлы і нашыя кулі, і яны нечаканаю лагодай аддаваліся ў сэрцы палоннага. Неўзабаве Чарноў дагнаў групу салдат — з узнятымі каўнярамі і нацягненымі на вушы шапкамі, яны зважліва прыціснуліся спінамі да сцяны, прапускаючы наперад афіцэра. У руках ва ўсіх былі плоскія алюмініевыя кацялкі, відаць, са сняданкам — на Клімчанку дыхнула пахам кавы, — даўні, паўзабыты пах, — і ад раптоўнага адчування голаду аж памутнела ў вачах.
Пад зацятымі поглядамі прыціхлых салдат ён пахіснуўся. Рукі яго па-ранейшаму трымалі штаны — цёмна-сінія дыяганалевыя галіфэ, што дасталіся яму пасля іх апошняга ротнага.
Траншэя вілася па схіле і ўсё далей і далей лезла на вышыню. Чарноў, прытрымліваючы за казырок фуражку, пачаў патроху прыгінацца — недзе ўжо зусім блізка быў пярэдні край. Клімчанка гнуць галавы не хацеў, разы два выглянуў па-над брустверам, але хтосьці з канваіраў ззаду прыкрыкнуў, і Чарноў азірнуўся.
— Ану ніжэй! — строга сказаў ён, і Клімчанка пазлараднічаў у душы з гэтых клопатаў аб яго бяспецы.