ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Уперад! Уперад! — крычаў лейтэнант, даганяючы рэдзенькі шэраг людзей, якія адолелі ўжо, мабыць, палову шляху.

Але шквал агню з вышыні рабіў сваю справу: байцы замаруджвалі бег, ніжэй прыгіналіся да зямлі, некаторыя ўжо ляжалі на ржэўніку, і некалі было даўмецца, забітыя гэта або тыя, што проста збаяліся. У нейкай секунднай паўзе скогату ён, аднак, улавіў слыхам слабенькі, боязны стук пэўна таго ж кацялка і кораценька, радасна падумаў — жывы! Але цяпер не да таго было, каб думаць, хто гэта. Клімчанка адчуваў, што першы такі добры імпэт змарнеў і што ўзвод вось-вось заляжа. Сэрца яго шалёна гоцала ў грудзях, гаркота ад стомы распірала лёгкія, у скронях з натужным звонам білася кроў. «Хутчэй! Хутчэй! Хутчэй!» — стукала ў галаве ўпартая думка. Ужо недалёка пралегла дарога, — вытаялы з-пад снегу, умерзлы і вузенькі палявы шлях з рэдкімі грыўкамі быльнёгу паабапал. Ад дарожкі да траншэі было сотня крокаў, ні ў якім разе нельга было даць узводу залегчы тут, — у што б там ні стала трэба было дарвацца да бруствера.

Аднак не паспелі яны дабегчы да тае дарогі, як аднекуль з вёскі ў фланг ім ударыла аўтаматычная гармата. Першыя яе дробнакаліберныя чэргі важна загрукалі ўдалечы, сінія трасёры мільганулі па чорнай зямлі, і калючыя клубкі разрываў рассыпаліся па ніве. Некалькі байцоў упалі і суконнымі камякамі застылі на ржэўніку, адзін упусціў аўтамат і, абхапіўшы далонямі твар, з крыкам кінуўся назад па схіле. У той жа момант хлёсткія, гарачыя трасы разанулі каля ўзводнага, ударылі па зямлі ззаду, матлянуліся далей уздоўж няроўнага ланцуга роты. Ад неспадзеўкі Клімчанка на момант разгубіўся, але тут жа з незвычайнай выразнасцю сцяміў, што трэба зрабіць, і рвануўся наперад. Ён абмінуў суседняга ў ланцугу байца з расшкуматаным на спіне рэчмяшком, з якога высунуліся анучы; вецер засцябаў па плячах канцом ручніка. Баец марудна, трацячы сілы, спрабаваў устаць на калені, але хістаўся, відаць, паранены, і ўрэшце зусім упаў тварам у ржэўнік. Вецер пругкаю хваляй біў у твар узводнаму, які, не азіраючыся, услухоўваўся толькі ў тупат трафейных Косцевых ботаў ззаду. Ён ужо не спрабаваў падганяць байцоў, перастаў падаваць каманды, адно бег, апераджаючы ўсіх, ведаючы, што толькі так можна не даць людзям залегчы. Ззаду і па баках умерзлую зямлю злосна лупцавалі пыльныя чэргі тае аўтаматычнай тарахцелкі.

Разбіўшы падэшвамі тонкі лядок у вымерзлай лужынцы, лейтэнант перабег дарогу, пераскочыў канаву з пыльнай сохлай травой і, хілячыся долу, пабег далей. Траншэя была ўжо зусім блізка, праз якіх дваццаць крокаў, калі агністыя калючыя клубкі разрываў сыпанулі амаль пад самыя яго ногі. Асколкі віскліва рванулі полы паўшубка, бы дубцом сцебанулі па кірзавых халявах ботаў. Клімчанка ўпаў — першы раз за гэтую атаку — з усяго маху, як бег. Але, здаецца, ён уцалеў. Яшчэ не ўпэўнены ў гэтым, лейтэнант ускінуў галаву, праз неаселы пыл ад чаргі згледзеў — у траншэі, прыгінаючыся за бруствер, беглі кудысьці зялёныя каскі. На брустверы калюча пырскаў агнём аўтамат, яго кулі высеклі ля рук лейтэнанта жарству. Клімчанка ўскінуў у выцягнутай руцэ пісталет і торапка стрэліў туды тры разы. Побач паспешліва застрыкаў аўтамат — Косця! Заскарузлым рукавом лейтэнант церануў з твару пот, азірнуўся. Чарга тым часам з гулкім трэскатам на ўмерзлым доле кацілася далей між тых, што беглі, ляжалі, падалі. Клімчанка рукамі і нагамі ўскінуў ад зямлі сваё цела, намогся на апошнія дваццаць шырокіх крокаў-скачкоў, узляцеў на глыжасты, абсыпаны гільзамі бруствер, угнуўся, стрэліў некалькі разоў у страшную прорву траншэі і следам кульнуўся сам.

Ён ледзьве на кагосьці не наскочыў, у доле спалохана матлянулася ўбок зялёная постаць у касцы, — здалося, без твару, на адной толькі худой кадыкастай шыі; нібы баронячыся, яна ўскінула насустрач локаць. Клімчанка, адчуваючы, што ў магазіне засталося некалькі апошніх патронаў,рукаяткай пісталета, змаху, урэзаў ворага ў тое месца пад каскай, дзе павінна быць скроня, і адразу выразна адчуў — насмерць. Затым са здзічэлай, амаль немагчымай сілаю скочыў цераз яго абвялае цела, прыгінаючыся, сігануў крокі два да завароткі траншэі. Ззаду ўдарылі ў зямлю выбухі — гранаты! Нехта закрычаў: «Братцы! Братцы! Бра…» Крык абарваўся, недзе побач узвіўся другі: «Носке!» і яшчэ: «О, Носке!..» Затым, зрушваючы камяні з бруствера, у траншэю грукнулася нейкае цела. Клімчанка не паспеў азірнуцца, толькі мільганула здагадка, — Косця, — як з траншэйных сцен абапал яго сыпанула зямлёй, нешта востра штурхнула ў плячо. Клімчанка, асеўшы, крутнуўся, і яго вочы на імгненне сустрэліся з замутнелым позіркам Косці. Выпусціўшы аўтамат, ардынарац падаў ніц са скрываўленай шчакой; у шынялі на грудзях чарнела мокрая, ірваная знутры дзірка. Хлопец яшчэ не асеў у дол, як з-за яго спіны на фоне хмарнага неба вынырнуў немец — малады, проставалосы, у расшпіленым мундзіры, са здзічэлым ад жаху позіркам. Клімчанка, адкінуўшыся да сцяны, аслабелай рукой узняў насустрач яму пісталет, але стрэліць, здаецца, не паспеў: штосьці агніста-чорнае нясцерпным болем у галаве пагасіла ягоную свядомасць.

3

Было вельмі сцюдзёна, асабліва мерзла спіна. Лейтэнант унутрана сцяўся, нібы ўтрымліваючы ў сабе рэшткі цяпла, і дробненька тросся ад холаду. Спакою не было, нешта штурхала ў плечы, церла патыліцу, затым стала зразумела, што ён кудысьці сунецца, вопратка на яго спіне загарнулася. Клімчанка расплюшчыў вочы, убачыў перад сабой зямлю; здавалася, ён быў у яме, але чаму тады задраліся ўгору ногі? Ён варухнуў галавой, павярнуўся, спрабуючы затрымацца рукамі ад гэтага няспыннага спаўзання, і ўбачыў нахіленую спіну чалавека, хлясцік з алавяным гузікам і чорны скураны рэмень. Другі гузік у хлясціку быў адарваны, засталося толькі драцянае, залепленае зямлёй вушка, ніжэй якога пацепвалася старэнькая кірзавая сумка. Клімчанка адразу пазнаў яе — гэта была яго сумка, атрыманая яшчэ пры выпуску з вучылішча. Боты лейтэнанта былі заціснуты пад пахамі гэтага чалавека, які, так недарэчна ўпрогшыся, валок яго кудысьці па траншэі.

Зразумеўшы, дзе ён, Клімчанка, трапятнуўся, дрыгнуў нагамі. Немец адразу спыніўся, азірнуўся, — на яго густа зашчаціненым немаладым твары адбілася амаль, што палахлівае здзіўленне; ніжняя засліненая губа адарвалася ад верхняй, і на ёй, коса прыліпшы, дыміў жоўты недакурак цыгарэты.

— Майн гот! — сказаў немец, сустрэўся з Клімчанкавым позіркам і выпусціў яго ногі, якія глуха бразнуліся ў дно траншэі. Затым ён цепнуў губою, варухнуў рэдкімі рудымі бровамі і, чамусьці азірнуўшыся, пачаў знімаць з грудзей аўтамат.

А Клімчанка ўжо зразумеў, што з ім сталася, і ў адно імгненне згадаў: канец!.. У яго не было сілы абараняцца, ён толькі паспрабаваў сесці, бо нечакана спалохаўся ад думкі, што будзе забіты лежачы. Аднак аўтамат у немца быў на кароткім рэмені, чапляўся за каўнер, і салдат, збычыўшы голаў, знімаў яго цераз зімовую казыркатую шапку. Уверсе над ім плылі азызлыя хмары, і калівы быльнёгу на брустверы трапятка ляскаталі ад ветру.

Клімчанка намогся, абапершыся на левую руку, сеў, правай неўпрыкмет для немца цопнуў сябе па баку — кабура была пустая, абарваны з канца раменьчк-почапка ляжаў на глеі. Лейтэнант прыхінуўся галавой да сцяны траншэі, аслабелае сэрца ледзьве варушылася ў грудзях. У галаве хмельна гудзела, і ў правым вуху стаяў востры нясціхны звон.

Немец тым часам сагнаў з твару здзіўленне і, спахапіўшыся, разы два цмыгнуў свой недакурак. Затым, трошкі крывячы ад дыму вока, тузануў рукаятку аўтамата. Аднак стрэльнуць ён памарудзіў, узняў голаў — ззаду пачуліся крокі, і неўзабаве цераз лейтэнантава плячо пераступіў запэцканы зямлёй бот з радам бліскучых шыпоў на падэшве. У наступны момант, крануўшыся яго шчакі, матлянуў падол доўгага, з махрамі ўнізе, шыняля, у прарэзе якога мільганулі абшытыя жоўтаю скурай брыджы. Немец апусціў зброю, пастараніўся, даючы камусьці дарогу, але той прыпыніўся, спаважна зірнуў у твар Клімчанку і нешта буркнуў. Немец, што знімаў аўтамат, з падкрэсленай гатоўнасцю адказаў, і лейтэнант зразумеў: з’явіўся начальнік.

Клімчанку нудзіла, мутнела ўваччу, абодва немцы расплываліся, нібы цені ў скаламучанай вадзе, ён схіліў голаў і, заплюшчыўшы вочы, чакаў стрэлу ўжо як збаўлення ад пакутаў. З гэтага стану яго раптам выбіў удар у сцягно; лейтэнант здрыгануўся, зірнуў — немцы стаялі над ім, і той, з аўтаматам, выплюнуўшы недакурак, схіліўся, заглядваючы яму ў твар.

— Ставаць, рус! Ставаць!

Ледзьве адольваючы ліпкую мутнасць у свядомасці, лейтэнант зразумеў, што пагібель яму адтэрміноўваецца. I ён, як за паратунак, ухапіўся за кароценькую магчымасць жыць, абапёрся рукой аб сцяну, вельмі няўпэўнена ўстаў і адразу ж прываліўся плячом да броўкі траншэі. Тады немец дужай рукой падхапіў яго пад паху. Клімчанка ад болю і слабасці скрыгануў зубамі, тузануў руку, але немец трымаў моцна і, бесцырымонна пхнучы наперад, павёў яго па траншэі.

Вецер курыў з бруствера пылам, ад нейкай сцюдзёнай макрэдзі ламала ў патыліцы, было дужа холадна. Клімчанка зноў дробненька затросся ў неадольнай ліхаманцы і, абыякавы ўжо да таго, куды яго вялі, аслабела перастаўляў ногі. Другі немец ішоў наперадзе, здавалася, зусім безуважны да іх абодвух. Свежы марозны вецер рассыпаў на Клімчанкавай галаве валасы, — шапка недзе засталася ў траншэі, — студзіў памарожаныя зімой вушы, але ў той жа час і асвяжаў, дадаваў сілы, і чалавек, глыбей уздыхнуўшы, адчуў сябе лепей. З’явіўся першы неспакой па ўзводзе, скрозь звон у вушах ён услухаўся — не, бою паблізу не было чутна, калатнеча ў прасторы сціхла, толькі дзесьці — відаць, у зямлянцы — нейкі фрыц паўтараў адно і тое ж слова. Мусіць, тэлефаніст выклікаў пазыўныя. Клімчанка, адчуўшы сілу, мацней тузануў у немца руку, той спыніўся; тады лейтэнант выдавіў на шчоках жаўлакі і, хапаючыся за сцены, як п’яны рушыў уперад. Немец нешта сказаў, засмяяўся дыхавічным смехам прастуджанага, закашляўся і пайшоў ззаду.

Лейтэнант зірнуў у адзін бок, у другі — траншэя вяла ў тыл, рова і палетка з іржышчам, дзе яны наступалі, адсюль не было відаць. Навакол было па-веснавому прывольна і прасторна — чакаючы свайго часу, бруяў вясновымі сокамі лес, вытаяўшы з-пад снегу, вось-вось гатова была ажыць для свае адвечнае справы зямля. Там-сям у раўчуках, разорах, на падлеску марнелі-датайвалі, бы наждак, хрусткія на марозе лапіны снегу, гуляў над прасторамі вецер, — сушыў зямлю. На змену бясконца доўгае сцюжы ішла вясна, і лейтэнант зразумеў: не для яго.

Поделиться с друзьями: