Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
Але паступова страляніна пачала сціхаць, недзе на дарозе яшчэ трашчалі чэргі, але куль ужо не чутна было. Хмызняк таксама радзеў, пэўна, збіраючыся скончыцца. Напаткаўшы вузенькую лесавую дарожку Пятрусь з Нупрэевым пайшлі па ёй, ззаду ішло некалькі байцоў, і хутка яны выбіліся на лугавіну. На ўсім прасцягу той лугавіны з узлеску выходзілі людзі, яны брылі, не ведаючы куды, толькі б далей ад ворага. Па зямлі ўжо слаўся вячэрні змрок, над сырымі мясцінамі шарэла пара, чырвонымі водбліскамі свяціліся хмаркі над лесам, а на ўсходзе запаліліся першыя зоркі. Каб сабраць людзей, Пятрусь спыніўся на лузе і крыкнуў:
— Ге-гей! Давай сюды!
Байцы павярнулі ў яго бок, а сержант з Нупрэевым стаялі на купіне і выглядалі сваіх. Балюча сціскалася сэрца ў абодвух ад думкі, што не ўсе выйдуць з таго лесу. Вядома, шкада было ўсіх тых, хто застаўся на дарозе, хто не дабег да свайго выратавання, але асабліва ныла ў грудзях за сваіх сяброў. Пятрусь так і мітусіўся позіркам па лузе, выглядаючы двух таварышаў, і здавалася хлопцу ў той час, што нікога у яго не было даражэйшага ў жыцці за старшыну і Жука. Людзі ўсё сыходзіліся да яго, ужо набралася чалавек з паўсотні, прыйшло двое пагранічнікаў, а разведчыкаў усё не было.
Яны, аднак, з’явіліся апошнімі ўжо ў гэтай паўсотні ўцалелых, узрушаных і ўзрадаваных людзей, якія з ажыўленай гамонкай тоўпіліся ля сцяга, утаймоўваючы сваё хваляванне і стому. Пятрусь здалёку яшчэ заўважыў хлопцаў — тыя нешта на сабе цягнулі. Людзі таксама звярнулі позіркі ў іх бок — бачна было, што яны неслі чалавека.
Калі хлопцы наблізіліся, байцы расступіліся, даючы ім дарогу да сцяга, які трымаў сержант. I двое былых разведчыкаў моўчкі паклалі ў траву перад ім маленькае нерухомае дзедава цела.
Змрочны і строгі ўзняўся з купіны Пятрусь, зняў пілотку Нупрэеў, у маўклівай суровасці паўсталі вакол незнаёмыя байцы. Боль і зацятая суровасць былі на тварах людзей. А дзед ціхенька ляжаў на траве, звярнуўшы да неба свой маленькі касмылявы тварык, і нешта добрае, спакойнае і светлае было ў выразе яго незаплюшчаных вачэй.
Пасля доўгага маўчання сержант сказаў людзям:
— Вось ён дапамог вам. Дзякуйце яму!
Петрусю было вельмі балюча і маркотна ад гэтай смерці блізкага чалавека, аднаго з тых, хто сваімі клопатамі вярнуў да жыцця яго самога. На момант у яго вярнулася сумненне ў правільнасці ўсяго, што ён з хлопцамі нарабіў сёння. Загінуў вось дзед, а колькі яшчэ жыццяў засталося там, на дарозе і ў лесе. Але ён успомніў тады пра свае нядаўнія пакуты, пра людскія беды і небяспеку, што навісла над краінай, і хлопец перастаў сумнявацца. Ён паглядзеў на тых, што выратаваліся ад ганьбы і здзеку палону, — гэта іхняе жыццё і волю абараніў дзед і многія тыя, што ўжо не ўзнімуцца з долу. Дарагая цана! Калі б толькі людзі доўга памяталі тое і былі ўдзячныя, думаў Пятрусь.
Старога пахавалі на ўзвышыстай імшарыне непадалёку. Стрэлаў не рабілі: шкадавалі патронаў. А калі закідалі неглыбокую магілку, Жук выразаў у кустоўі бярозавы калок, абстругаў яго і чарнільным алоўкам напісаў на вільготнай ад соку драўніне: «Тут пахаваны дзед-чырвонаармеец, які загінуў за Савецкую Радзіму». Ён утыркнуў палку ў дзярністы дол і, паскрэбшы заросшую патыліцу, падумаў, што трэба б напісаць яшчэ і прозвішча нябожчыка. Але як звалі дзеда, хлопец не ведаў. Тады ён уздыхнуў і пабег на лугавіну, дзе сержант строіў людзей, каб рушыць далей у цемру ночы, якая ўсё шчыльней ахінала прасторы.
Раздзел адзінаццаты
Шэсцьдзесят два чалавекі вёў сержант невядомымі дарогамі, праз палі і лугі, праз маўклівыя чорныя пералескі. Людзі, змораныя хадой і знясіленыя без харчавання, паслухмяна ішлі за ім, за згорнутым чырвоным сцягам на самаробным дрэўку, што хіліўся на сержантавым плячы, — ішлі і не пыталіся, куды ён вядзе іх. Зрэшты, пытацца і не было патрэбы: уперадзе на небасхіле ўсю ноч палалі палахлівыя водбліскі далёкага бою, — коратка пыхалі, гаслі, узгараліся з новым запалам, дрыжэлі хваравітым нервовым святлом, якое, здавалася, вось-вось загарыцца ва ўсю сілу і асвеціць ноч.
Зноў здарылася так, што, не аб’яўляючыся нікому, нічога ні ад каго не патрабуючы і не вытлумачваючы, сержант стаў камандзірам гэтых людзей. Хлопец разумеў, што прычынай таму — не ягоныя нейкія якасці — розум ці вайсковае ўмельства, не тое, што ён разам з іншымі ратаваў іх. Уся прычына ягонага старшынства была ў тым сцягу, з якім ён тады ўскалыхнуў натоўп, з якім збіраў да аднае грамады гэтых байцоў. I Пятрусь не схаваў яго ў Нупрэеў мяшэчак, а, прыладзіўшы дрэўка, узняў над сабой, думаючы, што цяпер небяспекі меней, бо іхняя сіла куды пабольшала. Вядома, што чалавеку са сцягам нельга было не верыць, і людзі верылі яму, ішлі за ім, і ён з усяе сілы імкнуўся не ашукаць іх давер’я.
Побач з Петрусём ішоў Нупрэеў. Старшыну сержант выправіў наперад, у якасці дазора, каб не трапіць у якую пастку. А ззаду за імі шавялілася ў змроку калона людзей, якія пазбеглі пагібелі і нечакана сталі байцамі. Палавіна гэтых байцоў не мела зброі. Тыя трыццаць аўтаматаў, што ў кароткай сутычцы адабралі ў гітлераўцаў, апынуліся ў самых смелых і самых дужых, — сержант меў вялікую надзею на іх. Астатнія былі слабыя, многія параненыя. Трэба было недзе спыніцца, накарміць галодных людзей, перавязаць раны, размеркаваць невялікую колькасць боепрыпасаў, што захаваліся ў іх. Трэба было падрыхтавацца: яны, здаецца, набліжаліся да фронта, а перайсці яго з гэткай грамадой без бойкі было, бадай, немагчыма.
Блытаныя палявыя сцяжынкі і лесавыя дарожкі за ноч завялі байцоў у нейкую бясконцую забалочаную глухамань. Ужо колькі часу ішлі яны, і ўсё цягнуліся па баках хмызнякі, ельнік, імшарыны. Гадзіны з дзве даўжэзнай вужакай вілася перад імі вузенькая сцяжынка. Людскія ногі ўвесь час грузлі ў мяккім доле, набіралі вады дзіравыя падэшвы. Часам зусім было небяспечна сунуцца ў заплыўшую ржавай муццю дрыгву, якая ледзь трымала чалавека. Але вяртацца не было куды, а ратунак быў толькі наперадзе.
На маўклівай лясной дарозе напаткала іх цёплая задумлівая раніца. Недзе за шэрымі хмарамі ціхенька ўзнялося на небасхіл нябачнае сонца. Трава і хмызняк з ночы стаялі сухія, без расы, нізка над дарогай мільгалі імклівыя ластаўкі. Усе прыкметы былі на дождж, але ён збіраўся неяк вельмі неахвотна. I раптам у чуйнай ранішняй цішы недзе далёка-далёка глуха грукнула нешта і глыбока аддалося ў зямлі. Яшчэ не закацілася ў лясах кароткае рэха гэтай грымоты, як за ёй раздалася другая і трэцяя. Неўзабаве далёкія гукі зліліся ў няроўны прыглушаны грукат.
— Недзе блізка, — сказаў Нупрэеў. — Кіламетраў з пяцьдзесят, не больш.
Нехта ў калоне азваўся ўзрушаным радасным голасам:
— Гэта ж нашы гаўбіцы б’юць. Далібог гаўбіцы. Ужо іхнія стрэлы я дзе хочаш пазнаю. Яны, яны шыбуюць. Родныя…
Чалавек плакаў ад радасці.
— Можа наступаюць?
— Ладна даюць фашызму… А-я-яй, глядзі ты!
Сержант меркаваў неўзабаве нагледзець дзе зручнае месца, каб адпачыць і падсілкавацца, але цяпер стала не да таго. Па сабе і па настрою людзей ён адчуў, што ні ў каго не стане сіл стрымацца і, пагарджаючы небяспекай, прыйдзецца ісці Далей. Дарога кіравала на паўднёвы ўсход, а гэтыя гукі несліся аднекуль збоку. Хлопец рашыў, што цяпер няма чаго трымацца дарогі, калі гэтак блізка жаданая мара іхняга паходу. Сержант, поўны імклівай прыўзнятасці, падаўся з дарогі ў блытаны шолах ільняной нівы. Наперадзе ў лён збочыў Агальцоў, які ішоў на чале дазору.
Але людское шчасце ніколі не спраўдзіцца так хутка, як гэта здаецца чалавеку. Неўзабаве развіднела, узнялося сонца, і зніклі, суцішыліся, нібы растварыліся ў святле новага дня, жаданыя гукі. Зноў летняя цішыня. Дзень выдаўся ветраны, на небе імкліва плылі рэдкія хмурынкі, пякло сонца і несліся над прасторамі духмяныя пахі даспелай збажыны, а людскому падарожжу не было канца. Людзі ішлі без дарог, наўпрасткі, цераз палі, лужкі, хмызнякі. Вось-вось, здавалася, з’явяцца з-за пагорка яўныя адзнакі блізкасці войска, ці грымнуць адкуль знаёмыя залпы франтавых батарэй, а там такая жаданая сустрэча… Зноў напружанае, неўтаймаванае чаканне, так добра зведанае ў дні адзіноты, усё больш захапляла сержанта. Услед за позіркам як мага хутчэй крочылі ногі, узнёслая ўпартасць волі падавіла стому — усё імкнулася наперад. Ззаду за хлопцам гэтак жа настырна, парушыўшы строй, з зацятай упартасцю на тварах лезлі праз пасевы маўклівыя групы байцоў.