Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
Хлопец прыйшоў у хвост калоны, тут на самаробных з жэрдак насілках ляжалі чацвёра цяжка параненых. Адзін ўсё стагнаў вельмі, нехта шавяліўся над ім. Пятрусь ціха спытаў, дзе Нупрэеў.
— Тут я, сержант… — ціха азваўся баец.
Сержант падышоў да дрэва, нахіліўся над чалавекам.
— Ну, як вам, дзядзька Нупрэеў. Баліць вельмі?
— Так, ці ведаеш, душыць усё. Не так баліць, як душыць. I кашлянуць нельга, — шэптам казаў чалавек.
— Ну, нічога. Патрывайце як-небудзь. Цяпер ужо блізка, — ціха супакойваў камандзір.
— Блізка, то блізка… але і далёка. Вёрст нямнога, ды цяжкія… тыя вёрсты. Асцерагацца трэба….
Пятрусь маўчаў, прыдушаны цяжарам клопату. Нупрэеў, відаць, зразумеў яго перажыванні і ў сваю чаргу пачаў супакойваць хлопца.
— Не бядуй… нічога. Як-небудзь абыйдзецца…
— Ведаеце, дзядзька Нупрэеў, можа лепей было б дзе захавацца ў лесе, дачакацца відна ды разгледзець, разведаць усё. А так чорт яго ведае, дзе што.
— Не, чакаць не трэба, — ледзь чутна пярэчыў Нупрэеў. — Ля перадавой небяспечна чакаць. Усюды ў полі салдаты… То сувязісты, то пасыльныя. Артылерыі поўна… Адразу заўважаць.
— Ну, а так што ж рабіць? А калі тут убачаць?
— Навошта? Да золаку трэба выйсці, — спакойна даводзіў баец, і ад гэтага яго спакою і ўпэўненасці лягчэй стала і на хлапечай душы. Ён падсунуўся да старога і ціха сказаў яму тое, што зараз вельмі непакоіла самога:
— Скажыце, няўжо можна, каб пасля ўсяго, што мы стрывалі, магло здарыцца якое горшае ліха?
— Ну, як сказаць… — ціха разважаў паранены, — здарыцца ўсё можа. Хіба доўга… зноў напароцца дзе… Глядзець трэба… Думаць… Мала сілы — на хітрасць браць… як казаў той…
«Эх, няўжо не ўдасца, няўжо напорамся дзе і загубім усіх, — пакутаваў сержант. — I невядома тады, ці ўдасца зноў выратаваць сцяг!»
Калі вярнуліся разведчыкі, мабыць, было ўжо недалёка да раніцы. Сержант сам замест вартавога сустрэў іх над таполямі — яны моўчкі ішлі па ўзмежку. Перад хлопцам чамусьці спынілася чатыры постаці і, адчуваючы, як зноў трывожна забілася ў грудзях яго сэрца, Пятрусь знарок спакойна запытаў людзей:
— Ну як?
— А вось так, — зморана адказаў малодшы лейтэнант. — Справа швах. Трэба спяшацца.
— Трэба зараз жа ўзнімаць людзей і ісці. Вось чалавек дапаможа, — дадаў Мацейка.
— Ну вы расказвайце па-людску, — нецярпліва перабіў сержант і сеў на дол. Разведчыкі таксама селі. Мацейка і малодшы лейтэнант — бліжэй да камандзіра.
— Справа такая, — пачаў лейтэнант. — Недалёка Дняпро. Нашых да гэтай вёскі, як яе? — звярнуўся ён да невядомага.
— Да Клясціч, — адгукнуўся той.
— Да Клясціч, значыць, нашых на гэтым беразе няма. А каля Клясціч пераправа. З поўдня часці і грузы яшчэ перапраўляюцца на той бок, ну немцы і б’юць захапіць пераправу. Там ідзе люты бой ужо два дні. Сёння штось заціхла, але вось чалавек кажа, яны напёрлі новай сілы і заўтра, пэўна, удараць.
— Так, так, — ажывіўся сержант. — Значыць, заўтра ўдараць на пераправу? А дзе, далёка гэтыя Клясцічы?
— Ды якое далёка — блізка, вярсты з чатыры, — заварушыўся ў цемры незнаёмы.
— Слухай, вось мы яго ўзялі ў праваднікі, — растлумачыў малодшы лейтэнант.
— Так, так, разумею, — задуменна казаў сержант. — Ну што ж! Давай!
Мацейка ўзрадавана ўсхапіўся на ногі.
— Ну вось, я ж казаў. Ударым, лупянём, каб пух-пяро з іх пасыпалася. Яны ў нас пабачаць пераправу. Толькі б час такі выбраць: каб цюцелька ў цюцельку, не раней і не пазней…
Сержант падбег у цемры да Нупрэева і коратка паведаміў яму аб новай задуме. Баец з уласцівай яму стрыманасцю выслухаў Петруся, падумаў крыху і пагадзіўся.
— Толькі глядзі, хлопец, — дадаў ён з долу, — ты камандзір, табе і адказваць за ўсё.
Пятрусь ужо добра адчуваў тую адказнасць, але намер яго ад гэтага не змяніўся. Яны ўсе кінуліся ўзнімаць людзей, і ў сержантавай галаве ўжо несліся новыя думкі — новы запал барацьбы захапіў яго, і ад былых пакут і сумненняў не засталося і следу.
Раздзел трынаццаты
— Шырэй крок, шырэй крок, хлопчыкі, — лагодна і ўзрушана шаптаў у цемру сержант. Яны вельмі спяшаліся, дзядзька, відаць, добра ведаў шлях і жвава вёў атрад лагчынамі, раўкамі, хмызняком, а на ўсходзе ўжо святлела неба. «Хоць бы паспець, хоць бы паспець», — у такт стукам Петрусёвага сэрца мільгала ў галаве ўпартая думка. Трэба было да світання выйсці да гэтых Клясціч і там знянацку ўдарыць у спіну ворага, збянтэжыць яго і прарвацца на пераправу.
Пятрусь шпарка ішоў па сцяжынцы ўслед за начным правадніком, калі нехта ціха гукнуў ззаду. Хлопец азірнуўся — незнаёмы баец даганяў яго.
— Таварыш сержант, там паранены просіць…
Сержант здагадаўся, што гэта Нупрэеў, і, сышоўшы са сцежкі, па траве падаўся назад.
У рэдкім кустоўі яны напаткалі другога Нупрэевага насільшчыка — насілкі з чалавекам ляжалі ў доле.
— Што такое? Што? — тоячы трывогу, пытаўся сержант.
— Вось, памёр, — сказаў баец, высокі, худы і тонкі, як жардзіна, чалавек. — Усё нішто было, а потым рука звалілася. Я паправіў, кажа: сержанта пакліч, сказаць хачу. I ўжо ўсё.
Сумныя жалобныя адчуванні тугім камяком падкацілі да горла — такая гэта была балючая страта і ў такі цяжкі час. Не намнога ён перажыў свайго спадарожніка, таго трохі дзіваватага дзеда. Так і не збылася іхняя надзея выйсці з-пад немца. I так мала засталося ўжо ісці, і так патрэбны быў ён, светлай і мудрай душы чалавек…
Пятрусь выняў з Нупрэевай кішэні ягоныя дакументы, потым утрох яны аднеслі нябожчыка ад сцяжынкі і загарнулі цела шархоткай лубяной палаткай, што ўзялі з насілак.
Байцы кінуліся даганяць калону, а Пятрусь яшчэ пастаяў крыху, журботны і суровы.
Камяк усё душыў горла, але слёз не было, а быў толькі тупы зацяты боль… Потым хлопец пабег.
А ўсход усё болей і болей разбаўляў святлом сіняву ранішняга неба, туліўся, асядаў пад кустоўем змрок — паволі віднела. Вузкай сцяжынкай у хмызняку яны шпарка крочылі, абтрасаючы роснае вецце.
— Хутчэй, браточкі, хутчэй! — раз-пораз гучна прасіў сержант. Недзе ў душы ціхенька і настойліва тлеў страх не патрапіць на Клясцічы ці знянацку дзе нарвацца на ворагаў, чулася шмат небяспекі наперадзе, але перайначваць справу не было калі.
З хмызняку яны высыпалі ў рэдкі сасновы гаёк. Недзе за гэтым гайком грымелі выбухі, грукацелі кулямёты, і ва ўсіх баках калаціла лясныя прасторы галасістае рэха. Гаёк, аднак, цягнуўся доўга. Людзі рассыпаліся між рэдкіх соснаў і бязладнай гурбой беглі ў напрамку страляніны. Пасля, на ўзлеску, на іх шляху сустрэўся яшчэ алешнік, пераадолеўшы які, Пятрусь першы вырваўся ў поле.