ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Быкаў Васіль

Шрифт:

Апоўдні адпачылі ў кустоўі. Змораныя за шмат гадзін хадзьбы, нерухома, як мерцвякі, ляжалі ў траве людзі. Паставіўшы ў сцюдзёную ваду натруджаныя босыя ногі, у маркоце сядзеў над ручаём Пятрусь. Нупрэеў мясціўся побач, курыў і думаў. Угары гулі нямецкія пікіроўшчыкі, па краі неба між воблакаў плылі яны на ўсход, цяжкія ад шматтоннага грузу бомб. Назад вярталіся, нізка апусціўшыся над зямлёй. Хлопцы спачатку ўсхопліваліся, задзіралі галовы, думаючы, што гэта нашы, а затым, расчараваўшыся ў надзеі, не вылязалі з кустоўя. Праз гадзіну-другую рушылі далей.

Надвячоркам калона моцна расцягнулася, вілася па лагчыне цераз вялізнае поле палёгшай пшаніцы. Збоку ад іхняга шляху ў зеляніне дрэў хаваліся стрэхі хутара — туды захінутая пшаніцай вяла ўтаптаная сцяжынка, наперадзе быў бачны малады сасоннік, за ім на ўзгорку сінеў хваёвы лес, у які здалёку яшчэ кіраваў сержант. Наўкола рассцілалася адкрытая мясцовасць, і Пятрусь здзівіўся, не ўбачыўшы дазору. Хлопец крыху пастаяў, спыніўшы людзей, але, разважыўшы, што старшына, пэўна, падаўся к лесу, памалу пайшоў уніз. Ісці наўпрасткі праз пшаніцу было цяжка, неадчэпна блыталіся ў нагах яе драцяныя сцяблы, і сержант выглядаў якую сцяжынку, каб скіраваць туды. Згорнуты сцяг хлопец трымаў падпахай, на спатнелай гарачай спіне муляў аўтамат. Нупрэеў ішоў следам.

Да лесу ўжо было зусім блізка, калі там, на ўзлеску, мільганулі нейкія постаці. Петрусю здалося, што гэта іхні дазор, і ён з асцярогай прадаўжаў хадзьбу. Аднак Нупрэеў заўважыў таксама нешта на тым узлеску і крануў сержанта за локаць. Яны спыніліся, за імі прыціхла калона, усе сталі і трывожна пазіралі ў сасоннік.

I тады лютая галасістая чарга ўдарыла з лесу. Недзе ў небе над галовамі людзей панесліся чароды куль; адна, пэўна з рыкашэта, жаласна віскнула і знікла ўдалечыні. Не ведаючы яшчэ, што адбылося, але згадаўшы смяртэльную небяспеку, сержант злосна скамандаваў людзям:

— Лажыся!!!

Усе дружна пападалі ў пшаніцу, Пятрусь прысеў і ўгледзеўся ў сасоннік, чакаючы ўбачыць там якую разгадку тае страляніны. Да яго падпоўз Нупрэеў і таксама пазіраў у бок лесу.

— А дзе ж дазор? — пытаўся ён, хвалюючыся за жыццё людзей.

Пятрусь нічога не адказаў яму. Ён адчуў толькі, што пад такім агнём яны не ўлежаць доўга, што так праз колькі хвілін іх усіх да аднаго пераб’юць у гэтай пшаніцы. Адзіным выйсцем было падацца назад, за ўзгорак, там яшчэ было выратаванне ад гэтага пякельнага шквальнага агню. Ахоплены трывогай за людзей, Пятрусь ускочыў з пшаніцы і, перамагаючы грукат стрэлаў, крыкнуў байцам:

— Кароткімі перабежкамі — за бугор!!!

Ён сам сігануў некалькі шпаркіх шырокіх крокаў і ўпаў у пшанічны гушчар, даючы гэтым прыклад, як бегчы іншым. А немцы ўжо добра прыкмецілі групу і досыць трапна лупілі ў пшаніцу. Нехта непадалёку, відаць паранены, клікаў нейкага Ваню, нехта лаяўся ўдалечыні. Пятрусь праз момант зноў ускочыў і таксама вылаяўся ад злосці і роспачы. Байцы, трапіўшы пад прыцэльны агонь, не хацелі трымацца вайсковых правіл, а, узняўшыся над збажыной, шыбавалі за пагорак усёй паўсоценнай грамадой. «Пераб’юць, пераб’юць усіх!» — жахнуўся сержант ад страшнай думкі. Напяўшыся сілай і злосцю, ён пабег і, не дбаючы ўжо пра ўласную бяспеку, люта закрычаў на байцоў:

— Лажыся!!! Лажыся — застрэлю!!! — крычаў ён, даганяючы задніх. Тыя баязліва азірнуліся на лес, на сержанта, і, пэўна, нешта рашучае было на камандзіравым твары, бо яны са страхам, але паслухмяна пападалі ў пшаніцу. Потым ён дагнаў іншых і таксама паклаў іх.

— Кароткімі перабежкамі наперад!!!

Наўкола ў шалёным лёце зыўкалі кулі, кулямёты на ўзлеску аж захліпаліся ад лютасці. Сержант азірнуўся назад— ніхто іх, аднак, не праследаваў, нізіна была пустая, толькі ў лёгкіх хвалях гойдаліся пшанічныя прасцягі.

Перабежкамі і паўзком людзі дасягалі пагорка і тады, па аднаму ўскокваючы, беглі да кусцістага алешніку, што непадалёку зелянеў у пшаніцы. Тут ужо кулі былі не страшныя. Затуленыя пагоркам байцы вышлі з-пад небяспекі.

Але тут здарылася такое, што здзівіла і збянтэжыла сержанта.

Па пшанічнаму полю з-пад хутара беглі трое яго дазорных і наперадзе ўсіх няроўным, нейкім знясіленым крокам сігаў Агальцоў. Сержант спыніўся, ніяк не цямячы, што адбылося. На момант ён адчуў радасць, што людзі жывыя, але затым нейкая балючая падазронасць ахапіла яго. Ён ужо не пайшоў, куды беглі людзі, а накіраваўся насустрач дазору.

У старшыны ад бегу скрывілася дзяга з кабурой, спаўзла на бок спражка, мундзір быў расшпілены, чуб растросся на проставалосай галаве і чорныя вочы гарэлі нялюдскім, вар’яцкім спалохам. Пятрусь угледзеўся ў гэтыя вочы, прыкмеціў няроўны крок чалавека і яго скаланула нечалавечая лютасць.

— Як… як ты адважыўся… зладзюга???

— Ах чорт… халера… на хвілінку толькі… ай-яй… — перацятым голасам выкрыкваў старшына і нябачачымі вачыма лыпаў па абшарах. Ён быў п’яны.

— Марш! — дзіка закрычаў сержант і з шалёнай сілай штурхануў яго ў каршэнь. — Марш ад нас, агіда, здраднік!!!

Агальцоў пахіснуўся, нядобра бліснуў вачыма, і, хістка крочачы, падаўся да кустоўя, дзе ўжо збіраліся людзі. За ім нясмела пайшлі двое дазорных.

Байцы, відаць, ужо зразумелі ўсё і, сабраўшыся ў гурт, сядзелі і стаялі — змораныя, злосныя і панылыя. Тут жа ў засені кустоўя ляжалі параненыя, двое бінтавалі трэцяму голую акрываўленую спіну. Пятрусь з болем у сэрцы акінуў позіркам людзей — сабраліся далёка не ўсе, відаць, многія ўжо ніколі не прыйдуць сюды.

— Што нарабілі, сволачы! — гэткім крыкам сустрэў іх малады хлапец з голым перавязаным ужо чым-колечы плячом. — Гады! Дзе былі?

Старшына спыніўся і няўцямнымі вачыма пазіраў на скрыўленыя ад злосці і нянавісці твары. Куды толькі зніклі яго зухаватасць, спрыт і гонар. Да яго падскочылі двое, ірванулі за аўтамат, за мундзір, ударылі, павалілі на зямлю. Сержант, папярэджваючы расправу, закрычаў на іх, людзі адступіліся, але іх трэсла злосць.

Паступова Пятрусь крыху суняў сябе і, памятаючы, што трэба рухацца далей, падаў каманду строіцца. Пакуль людзі як-колечы ладкавалі параненых, што не маглі ісці самі, пакуль збіраліся з поля, сержант падлічыў байцоў — не хапала 18 чалавек. Гэта было жахліва. Яшчэ не дасягнуўшы фронта, за некалькі хвілін страціць амаль адну трэць складу, а што будзе далей? I раптам яго думка перамяжылася іншай — чаму не відаць Нупрэева? Ён жа толькі быў нядаўна, бег у лагчыне за сержантам. Устрывожаны нядобрым прадчуваннем, Пятрусь ірвануўся з месца, зірнуў сюды-туды: Нупрэева і Жука нідзе не было.

— Хлопцы, дзе Нупрэеў?

Але ніхто не бачыў яго, усе азіраліся, шукалі позіркамі, ды дарма. Праўда, з пшанічнага поля яшчэ ішлі апошнія параненыя, прыйшоў нейкі баец з раздробленай сківіцай, хуцы твар яго крывіўся ад нясцерпнага болю, бліскалі гневам вочы, але ён нічога не мог сказаць, толькі мычэў па-звярынаму роспачна і страшна. I тады апошнім у пшаніцы з’явіўся Жук. Пятрусь убачыў яго, калі хлопец быў ужо зусім блізка — убачыў і ўсхапіўся ад жахлівай здагадкі. Так яно і было. Разведчык, схіліўшыся ледзь не да самай зямлі, цягнуў на сабе Нупрэева.

Поделиться с друзьями: