Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
— Эх, гады, накрылі! Накрылі нашага Айбекава! — амаль залемантаваў у траншэі Сімакоў. — Упаў!.. Устае… Не, усё! Ляжыць!
Туды, у траншэю, у прадчуванні нядобрага падаліся капітан, малодшы лейтэнант; нават Бутэнка і той няспрытна ўзняўся з-пад сцяны і палез у дзверы. Утрох яны нейкі час тапталіся ў вузкай цеснаце траншэі і з прытоенай трывогай на спахмурнелых тварах усё ўзіраліся туды, дзе здарылася ліха з Айбекавым. Пятрашкіну таксама хацелася зірнуць на той здрадлівы пагорак, але зноў зазваніла «Волга», і тэлефаніст у трубцы спытаўся пра сувязь.
У той крытычны момант узрушаны нецярплівы Сімакоў вылаяўся, махнуў рукою, нібы з усяе сілы разбіваючы што аб зямлю, і коратка гукнуў начальніку сувязі:
— Дайце я!
Не чакаючы дазволу, ён хуценька скінуў дзягу, дрыжачымі рукамі здзёр з сябе цесны шынель і, як апантаны, ускочыў на бруствер.
— Сімакоў, глядзі ж! — крыкнуў наўздагон капітан. Ён, відаць, шкадаваў гэтага радыста і хоць якой-небудзь парадай хацеў засцерагчы сяржанта ад той небяспекі, што на ўзгорку чакала яго.
Зноў пацягнуліся марудныя хвіліны чакання. Пятрашкін усё падзьмухваў у трубку, спадзеючыся злавіць хоць якія-небудзь прыкметы сувязі, але нават мадуляцыі не было па — ранейшаму. За спіной, недзе ў зямной далечы, таўкліся і гудзелі выбухі, нешта калацілася і стагнала — здавалася, нейкі падземны асілак варочаецца там і злосна бурчыць, ніяк не знаходзячы сабе зручнага месца. Гукаў і нейкіх невыразных рухаў там стала болей, чуўся ўжо і грукат матораў, нейкі далёкі цягучы гул. Пясок з дзіркі ўжо сыпаўся няспынна — бы танюткі вадзяны струмень, цурчэў і цурчэў у саломе.
Пятрашкін так і не ўбачыў, што сталася з Сімаковым, толькі маўклівы і напружаны капітанаў твар балюча тузануўся, і афіцэр непрывычна злосна і роспачна вылаяўся. Далей ён, ужо не стрымліваючы свайго хвалявання, зычным, нейкім чужым голасам, ад якога аж здрыганулася ў Пятрашкіна трубка, скамандаваў яфрэйтару:
— Бутэнка — упярод!!!
Пятрашкін і здзівіўся, і спалохаўся — яшчэ ні разу не чуў ён такога камандзіравага вокрыку і поўнымі жаху вачыма глядзеў на капітана. Бутэнка нібы змярцвеў у сваёй флегматычнай нязрушнасці, толькі яшчэ вузей прыжмурыў заўсёды заспаныя вочы. Пасля некалькі разоў, часцей чым звычайна, ён цмыгнуў напаследак свой тоўсты недакурак, прыпасліва сунуў яго ў пілотку і, зняўшы з рэменя аўтамат, нібы на якую будзённую справу, нязграбна вылез з траншэі. На бліндажы пратупацелі яго цяжкія крокі; пэўна, скрануты імі, з кута на вечка камутатара ўпаў і рассыпаўся камячок усохлай зямлі.
У траншэі ля ўваходу засталіся двое. Капітан Полазаў, сутаргава ўчапіўшыся пальцамі ў бруствер, упіваўся вачыма ў далячынь, куды бег Бутэнка. Побач, плячо ў плячо, стаяў гэткі ж маўклівы малодшы лейтэнант — ён, відаць, хваляваўся і, ледзь стрымліваючыся, кусаў свае пабялелыя тонкія вусны.
Пятрашкін ужо не слухаў тэлефонных званкоў, ён быццам аглух да свайго камутатара, уся яго ўвага сыйшлася цяпер на твары яго камандзіра. У паветры тым часам усё большала грукату, угары нешта скавытала, мінныя выбухі траслі, калацілі зямлю, — там, на пагорку, Бутэнку, відаць, было вельмі нялёгка. Скамянелы капітан з высунутым наперад касцістым падбародкам, жылістай шыяй і імклівым разлётам валасатых броваў здаваўся чужым, інакшым, загадкавым чалавекам. Але вось раптам дрыганула тое яго брыво і ў вачах мільгануў знаёмы цень злосці. Пятрашкін ураз здагадаўся, што недзе там здарылася новая бяда, і аж прыўзняўся на каленях, чуючы сваю чаргу на страшную і немінучую справу. Бы спружына, туга сцяўшыся, баючыся таго і чакаючы, ён гатовы быў рынуцца туды, дзе ўжо зніклі трое яго таварышаў,— трэба было толькі першае камандзірава слова. Аднак капітан глуха і прыдушана, але па — ранейшаму няўмольна і сурова загадаў:
— Малодшы лейтэнант Полазаў! Даць сувязь!
Малады афіцэр зябка перасмыкнуў плячыма, неяк бокам зірнуў на капітана, бы хацеў што сказаць, але не сказаў нічога. Затое ў вачах яго занялася такая невыказная туга, што нават Пятрашкіну ў бліндажы чамусьці стала кепска. Аднак капітан, здаецца, не прыкмячаў таго, — строгі і зацяты, ён чакаў ад афіцэра выканання загаду і знарок не пазіраў на яго. І малодшы лейтэнант пасля нядоўгай маўклівай паўзы натрэніраваным спрытным рыўком ускочыў на бруствер. У вузкай шчыліне дзвярэй мільганулі і зніклі яго новыя кірзавыя боты з радамі нестаптаных шыпоў на гумавай падэшве.
Застаўшыся адзін у траншэі, капітан неяк размяк тварам, страціў сваю суровую зацятасць — няўтоеныя роспач і боль скрывілі яго пакутныя рысы. Нешта жаласнае авалодвала ім, у незразумелай Пятрашкіну знямозе ён усё болей схіляўся на бруствер, нібы імкнучыся за тым, каго толькі што паслаў на страшную справу.
— Правей, правей бяры! — крычаў ён услед малодшаму лейтэнанту.
Пятрашкін не ведаў, як бег той малады афіцэр, але, пэўна не так, як трэба было, бо капітан у пыл расціраючы пальцамі груды, толькі скрыпеў зубамі і шаптаў, ужо не маючы надзеі, што яго пачуюць:
— Аркадзь, правей! Правей, браточак!.. Эх!..
Учуўшы гэты роспачны шэпт, Пятрашкін раптам усвядоміў, што таго малодшага лейтэнанта капітан таксама назваў Полазавым. Маладога тэлефаніста гэта яшчэ болей уразіла — ён адчуваў ужо, што тут здарылася нешта драматычнае, якое цяжка было зразумець зараз, і толькі вельмі хацелася, каб хоць не напаткала гэтых людзей якое няшчасце. І напяўшыся ўвесь, з прыкладзенай да вуха трубкай, ён выцягнуўся, як і капітан, і, баючыся міргнуць, глядзеў на скрыўлены балючай грымасай твар камандзіра.
А там, недзе ў адкрытай восеньскай далечы, усё раўло і грымела. З шэлестам, шоргатам і віскам імчалі ў паднябессі снарады, вухала, ахала, стагнала зямля. Тэлефаніст з «Волгі» ўсё патрабаваў сувязь з «Клёнам», але Пятрашкін ужо не адказваў яму.
І тое, чаго так чакаў і баяўся Пятрашкін і ад чаго камянеў капітан, здарылася. Ад таго страшнага відовішча Полазаў раптам абхапіў твар рукамі, застагнаў і хіснуўся. Пятрашкін, мярцвеючы ад жаху, кінуў трубку і памкнуўся да камандзіра, але той зараз жа выпрастаўся і сустрэў тэлефаніста ўжо ўладарным суровым позіркам страшных, нейкіх ашклянелых вачэй.
— Назад! — крыкнуў ён. — Трымаць сувязь!
А сам, як і нядаўна Сімакоў, расшпіліў дзягу, скінуў сумку, шпурнуў у траншэю шынель і ў адной гімнасцёрцы з ордэнамі на грудзях кінуўся ў грымлівую прастору поля.
Застаўшыся адзін, Пятрашкін раптам адчуў, як у яго душу хлынуў страх. Прыкуты да сваіх абавязкаў, ён не бачыў, што адбываецца наверсе, не ведаў, дзе былі тыя танкі, што нарабілі бяды, ён адчуў сябе слабым і пакінутым. Але нядаўні прыклад яго таварышаў, яшчэ не ўсвядомлены і не зусім зразумелы ўчывак капітана прымушалі сувязіста пераборваць страх і трываць. Ён ужо не зважаў на дрынканне «Волгі», уключыў і не вымаў штэпселя з «Клёна» і слухаў, слухаў. І ад напружанага жадання пачуць яму часам нават здаваўся невыразны пошчак кантактаў, здавалася, вось — вось загамоніць адтуль далёкі голас, але ішоў час, і ўсё заставалася паранейшаму.
Урэшце, не могучы зносіць невядомасці і чакання, тэлефаніст паклаў на салому трубку і выскачыў з бліндажа. У якім кіламетры на ўзараным касагоры пыхкалі і пыхкалі зусім неяк нястрашныя здалёку кусцістыя выбухі мін. Увесь схіл пагорка быў падзёўбаны іх чорнымі, падобнымі адна на адну плямамі, і сярод іх Пятрашкін убачыў маленькага ўдалечыні, неяк дзіўна павольнага і мізэрнага капітана Полазава. Ён, відаць, знайшоў канцы перабітага кабеля і, схіліўшыся, з усяе сілы сцягваў іх з пагорка, далей ад гэтага няспыннага скоку смерці. Наперадзе, ззаду і з бакоў афіцэра ўсё пырскалі, бы прарываліся з-пад зямлі, выбухі мін, а ён, не зважаючы на гэта, рабіў сваю справу. Пятрашкін, гледзячы на яго ў той час, чамусьці не адчуваў ужо страху за сваё жыццё — яго апанавала прагнае, неспатольнае жаданне, каб хоць якнебудзь абмінула афіцэра бяда, дала зрабіць тое, што цяпер было важней за жыццё чалавека.