ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Быкаў Васіль

Шрифт:

Шафёр не адразу адказаў ёй, спярша прыкруціў у маторы нейкую трубку, пасля выпрастаўся, узняў да яё немалады ўжо, не дужа часта голены, замурзаны твар, выцер ватнім рукавом успацелы лоб і спытаўся:

— Гэта куды? А, да дзвярэй. А што, некаму паправіць? А заўхоз дзе?

Ён казаў гэта грубавата, як чалавек, якому замінаюць, у якога безліч сваіх пільных спраў, і яна ўжо пашкадавала, што звярнулася да гэтага малазнаёмага шафёра. Але затым ён саскочыў з высокага буфера, узяў нешта ў кабіне і, упэўнена ступаючы шырокімі падэшвамі падшытых валёнак, накіраваўся ў будынак.

— Ану, дзе, паказвай.

Яна наказала тое месца, шафёр, усё нічога не гаворачы, нешта прыстукнуў, нешта прыціснуў, забіў цвік і напаследак грукнуў кулаком у счарнелыя філёнкі.

— Ну вось, парадак. Цяпер не прадзьме.

Яна стала дзякаваць яму, ды за адным разам паскардзілася, што пад акном падцякае батарэя, надакучыла ўжо выціраць анучай, што колькі ўжо прасіла заўхоза, але таму не даходзіць, усё болей швэндаецца па піўных, без ста грамаў не падступішся. Дастаючы закурку, шафёр слухаў, глядзеў на яе сур’ёзным няласкавым позіркам і, зацягнуўшыся разы два, паабяцаў:

— Ладна, паправім. Цяпер няма калі, а пасля абеду папраўлю. Напомніш, цётка.

Напаследак ён, здаецца, усміхнуўся ледзь-ледзь, аднымі толькі куточкамі вачэй і, пакінуўшы ў вестыбюлі моцны, непрывычны тут пах махоркі, выйшаў. Ёй чамусьці адразу зрабілася вельмі самотна адной і захацелася яшчэ зірнуць у акно, як ён, няспешна тупаючы па снезе, ішоў да сваёй машыны.

Батарэю ён адрамантаваў, праўда, не пасля абеду, а на другі дзень і зноў, закурваючы, спыніўся ля Фрузыны, пазіраючы, як спрытна мільгаюць у яе руках сталёвыя пруткі і ўвачавідкі даўжэе, расце рукавіца.

— Ладныя рукавіцы будуць, — сказаў ён і, злёгку ўсміхаючыся, з цыгаркай у руцэ, быццам ад сцюжы, пацёр свае шырокія парэпаныя далоні.

Фрузына вязала рукавіцы на рынак, дзе патроху прадавала ў нядзелю, і цяпер адчула, што за ягоны клопат нечым абавязана гэтаму чалавеку.

— А што, падабаюцца? — спытала яна і нясмела ўзняла вочы. — Можа, звязаць вам, калі не маеце?

— Не, дзякуй, — сказаў шафёр. — Што толку з іх — на адзін рэйс. Каб тут якія скураныя і то — на тыдзень, не болей.

Яны зноў разышліся, і зноў Фрузыне стала ніякавата адной — хацелася яшчэ пагаманіць з гэтым зважлівым чалавекам, але жанчына ведала, што яна нецікавая, дык ці будзе ён бавіцца з ёю?

Можа, праз тыдзень ці болей пасля гэтай размовы Фрузына ўжо ўпрыцемкі вярталася з працы дадому. Яна жыла на самым ускрайку горада, ля шашы, у цесным кутнім пакойчыку дашчанага, пракуранага вугальным дымам барака. Каб дабрацца сюды з цэнтра, ад яе ўстановы, трэба было, два разы перасаджваючыся, ехаць аж на трох аўтобусах, а пасля яшчэ з кіламетр абходзіць пустку. Зімой, праўда, можна было сцяжынкай перайсці цераз роў з замёрзлаю ручаінай і такім чынам зрэзаць добры крук дарогі.

Яна ўжо выбралася з рова, выйшла на агароды і набліжалася да шашы, цесна атуленай дамамі гэтай ускраіннай вуліцы.

Тым часам добра сцямнела, чорнае, без зорак неба мяккім змрочным полагам вісела ўгары, на снезе, у нясмелых паўзмроках чарнелі навокал будынкі, дрэвы, невыразныя плямы зямлі. Снег быў мяккі, мароз адпусціў нанач, бралася на адлігу, і было золка.

Жанчына зранку не была дома і цяпер спяшалася — на сконе дня прывычна вабіла хатняе цяпло, спакой і адпачынак. У кірзавай чорнай сумцы яна несла з сабою небагаты харч — хлеб, селядзец, кілаграм круп і ўсё гадала, каб як абысціся гэтым якіх два ці тры дні і зэканоміць на дровы.

На шашы яе асляпіла святлом фараў, абдало грукатам і лязгам імклівых аўтамабіляў. Якраз у тым месцы, дзе яна заўсёды зварочвала з дарогі на сцяжынку да свайго дома, нерухома стаяла машына. Фрузына не стала звяртаць на яе асаблівай увагі — ці мала машын спыняецца на шашы — пастаяць, шафёры зробяць што трэба і паедуць далей. Жанчына ўвайшла ў сенцы, намацала ў кішэні ватоўкі ключ, адамкнула дзверы. У пакойчыку было холадна — ужо два дні яна не паліла грубкі, пахла нечым неабжытым і пакінутым. Чагосьці тут не хапала ў гэтай кватэры, хоць і было ўсё прыбрана — і вузкі ложак з высока падбітай падушкай і лебедзямі на танным дыванку на сцяне, і вымытая падлога, засланая наўскасяк палавічком, і накрыты марляю посуд на невялічкім століку. Яна прыслухалася — суседзяў штось не чуваць было. Распрануўшыся, жанчына адчула холад і падумала, што трэба было б прапаліць у грубцы, каб былі насечаны дровы.

У гэты час у дзверы пастукалі.

Да яе рэдка калі хто заходзіў, і кожны раз на стук Фрузына насцярожвалася. Але не паспела яна што адказаць, як дзверы адчыніліся і ў пакой увайшоў апрануты ў паўшубак чалавек. Не зважаючы на зіму, ён быў увесь расхлістаны — і паўшубак, і кашуля, і шапка, ссунутая на патыліцу, з рота вырывалася бачная на холадзе пара. Яна адразу пазнала — гэта быў яе нядаўні знаёмец, іх шафер. Прыжмурыўшыся ад яркага святла, ён пераступіў з нагі на нагу і, відаць, не пазнаючы жанчыны, загаварыў:

— Добры вечар, гаспадыня. Ці не паможаце ў бядзе, так сказаць? Ліха на яе, машына занаравілася — аднаму не справіцца.

Фрузына ўжо развязала хусцінку, але зноў чамусьці пачала закручваць на шыі рагі, пазірала на чалавека, як ён не дужа ёмка таптаўся ля парога, і сэрца жанчыны ў нейкім недарэчным прадчуванні хутчэй затукала ў грудзях.

— А што здарылася? — як мага спакайней спыталася Фрузына.

— Э, — здзівіўся шафер, прыгледзеўшыся і толькі цяпер пазнаючы яе. — Гэта вы? Тут жывяце?

— Ды тут. Вось прыйшла толькі.

— А я гляджу — святло загарэлася, думаю, дай пастукаю, — казаў ён ужо больш упэўнена і з прыкметнай іскрынкай радасці ў голасе. Адталымі пляскатымі валёнкамі прагінаючы маснічыны, ён адышоў ад парога.

— Чорт бы яе ўзяў, шафёрскую долю. У Мінск ездзіў учора, праз ноч туды, цяпер адтуль і вось не дацягнуў — кандэнсатар прабіла. А тут адзін, машыну не кінеш і завесці нельга — хоць плач. Можа б, вы паглядзелі, каб не чапаў хто? Ці, можа, у гараж падскочылі б, там у хлопцаў ёсць запасныя. А то проста бяда…

Яна, усё яшчэ недарэчна хвалюючыся, запрашала шафёра прысесці, пагрэцца, казала нешта пра холад у пакоі — не паспела насекчы дроў, а сама тым часам апранала ватоўку, гатовая ўслужыць чалавеку.

— Што ж, калі трэба, дык трэба. Я хутка, аўтобусам. Але як яе, гэтую частку?

— Кандэнсатар, там у Змітрукова ці ў Цярэшчанкі спытаеш — дадуць, — казаў ён, выпраўляючыся за ёю. — Я і сам збегаў бы, ды груз у машыне, на шашы ўсё ж.

У яго голасе чулася вінаватасць за тое, што турбуе, ён збіраўся выйсці следам, але яна запрапанавала:

Поделиться с друзьями: